Вакансіі ў РБ цяпер трэба публікаваць па-новаму. Правілы не вельмі ясныя, а сайт Банка вакансій глючны

1 студзеня запрацаваў новы закон па пытаннях занятасці насельніцтва, згодна з якім усе вакансіі трэба публікаваць спачатку ў дзяржаўнай базе. У тэорыі ўсё проста — на практыцы не так.

5 каментарыяў

Новы закон абавязаў наймальнікаў размяшчаць усе вакансіі спачатку ў агульнарэспубліканскім банку вакансій (далей — Банк) на сайце gsz.gov.by і толькі потым на іншых інфармацыйных рэсурсах, прычым аб’явы там павінны ўтрымліваць гіперспасылку на першасную публікацыю. За парушэнне могуць аштрафаваць на 5-15 БВ (210-630 BYN).

Дзе вакансіі можна публікаваць без спасылкі, а дзе не

У Мінпрацы 6 студзеня апублікавалі тлумачэнне, згодна з якім пад інфармацыйнымі рэсурсамі разумеецца любая база даных, якая вядзецца ў электронным фармаце, а таксама інтэрнэт-сайты, акаўнты ў сацыяльных сетках і інш.

Сайт наймальніка, яго старонкі ў сацсетках і месенджарах — таксама інфармацыйныя рэсурсы, а вось асабістыя акаўнты супрацоўнікаў у сацсетках — не. То-бок дырэктару або рэкруцёру кампаніі не забараняецца публікаваць аб’явы пра найманне на асабістай старонцы ў LinkedIn без прывязкі да gsz.gov.by.

Пад патрабаванні закона не падпадаюць вакансіі на замежных парталах, у тым ліку расійскіх. Мінпрацы так прама і піша: пры размяшчэнні вакансіі на расійскім hh.ru спасылка на агульнарэспубліканскі банк вакансій не патрабуецца. Ва ўсіх іншых выпадках патрэбная працоўная гіперспасылка, каб грамадзяне маглі «хутка і якасна звярнуцца да актуальнай інфармацыі ў першакрыніцы».

Як выконваюць новае правіла

У байнэце пакуль не відаць, каб новыя правілы спраўна выконваліся. На папулярным джаббордзе rabota.by аб’явы наконт працы выглядаюць як звычайна. У самім Банку вакансій значыцца больш за 1700 вакансій, іх колькасць расце, аднак свежых ІТ-вакансій там няшмат.

Хоць па ключавым слове «праграміст» сістэма выдае 9-дзённай даўнасці аб’яву ад кампаніі «Вайбер Медыя»: ёй патрэбны інжынер-праграміст на зп 10 000 — 20 000 BYN. Ёсць яшчэ некалькі вакансій з зп 4000—9600 BYN (год таму мы знаходзілі ў асноўным аб’явы ад дзяржарганізацый і прадпрыемстваў з нізкімі зп), але нармальна адфільтраваць ІТ-вакансіі не атрымліваецца. Па датах размяшчэння самай свежай сістэма чамусьці выдае вакансію вядучага інжынера-праграміста ў РУП «Брэстэнерга» ад 29 лістапада.

У тым жа часе LinkedIn пад рэпостам тлумачэння Мінпрацы рэкруцёры абмяркоўваюць, што сайт gsz.gov.by ляжыць: 

  • «Толькі сайт службы занятасці лежма ляжыць, на жаль. Немагчыма там зарэгістравацца».
  • «Засталося толькі дачакацца публікацыі на іх сайце, гэты працэс вельмі дооооўгі…»
  • «Сайт лёг ад колькасці законапаслухмяных наймальнікаў».
  • «Гэта адмыслова так задумана, каб было за што пакараць».

Праз нейкі час сайт стаў зноў грузіцца, аднак рэкруцёры і эйчары сцвярджаюць, што сістэма глючыць і апублікаваць вакансіі не ўдаецца.

Адная спецыялістка па кадрах расказала dev.by, што ніхто са знаёмых кадравых агенцтваў пакуль не змог размясціць вакансіі ў Банку. Для падстрахоўкі ў кампаніі вырашылі часова схаваць апублікаваныя на сайце вакансіі (на момант публікацыі вакансіі ўсё ж адкрылі). Там чакаюць больш празрыстых тлумачэнняў ад дзяржорганаў і працуюць пакуль шляхам прамога пошуку.

У іншым кадравым агенцтве плануюць наняць юрыста, каб разабрацца з патрабаваннямі закона. І яшчэ ў адным кажуць, што новыя правілы іх не хвалююць, бо яны наогул не публікуюць вакансій, а шукаюць спецыялістаў напрамую.

Тыя, каму ўдалося адправіць аб’явы на публікацыю, кажуць, што зрабіць гэта нескладана, аднак трэба дачакацца іх мадэрацыі. І калі да Новага года яна займала да сутак, то цяпер — некалькі дзён. Відаць, сайт не быў гатовы да вялікага наплыву вакансій.

«Вакансіі на перспектыву». Плюс адное тлумачэнне ад Мінпрацы

Між тым, 9 студзеня Мінпрацы апублікавала яшчэ адное тлумачэнне, якое змяшчае як бы паслабленні да новых правілаў.

Па-першае, ведамства ўдакладніла, што «банеры, дошкі аб’яў у памяшканнях наймальніка, карткі ў пунктах выдачы заказаў, рэклама ў метро» не з’яўляюцца інфармацыйнымі рэсурсамі ў мэтах закона, і значыць, вакансіі там не патрабуюць спасылак на Банк.   

А па-другое, без спасылкі на gsz.gov.by можна публікаваць «звесткі аб працоўных месцах, якія плануюцца да стварэння і замяшчэння», на іншых інфармацыйных рэсурсах (сайт наймальніка, «работныя» сайты) за выключэннем gsz.gov.by.

«Размяшчэнне на партале звестак пра ажыццяўленне дзейнасці па грамадзянска-прававых дамовах і вакансій на перспектыву не з’яўляецца абавязкам наймальніка, — гаворыцца ў каментары Мінпрацы. — Адпаведна размяшчэнне звестак пра такія працоўныя месцы магчымае на іншых інфармацыйных рэсурсах без размяшчэння на партале. Пры гэтым неабходна пазначаць, што яны з’яўляюцца планаванымі да стварэння і замяшчэння (перспектыўнымі)».

Што такое «працоўныя месцы, планаваныя да стварэння і замяшчэння», не зусім ясна.

Кадравікі, да якіх мы звярнуліся, дрэнна зразумелі, пра што вядзецца гаворка (яны кажуць, што з «вакансіямі на перспектыву» раней не працавалі), аднак гэтаму каментару ўзрадаваліся, пачуўшы ў ім спосаб пазбегнуць пакарання за несвоечасовую публікацыю вакансій у Банку.

— Відаць, у ведамстве зразумелі, што «злёгку» пераацанілі магчымасці сістэмы, — выказалі здагадку яны. 

А што з зп? Ці павінен офер адпавядаць дыяпазону ў аб’яве?

У Мінпрацы пракаментавалі і пытанне з зп у аб’яве. Ці можна па выніках сумоўя прапанаваць зарплату, адрозную ад заяўленай у вакансіі? Простага «так» ці «не» адказ не ўтрымлівае. Але, здаецца, лепш паставіць большы дыяпазон.

— Пры размяшчэнні вакансіі на інфармацыйных рэсурсах узровень аплаты працы варта пазначаць у адпаведнасці са штатным раскладам з улікам стымулюючых выплат, — гаворыцца ў тлумачэнні Мінпрацы.

Як пазначаць дыяпазон памераў аплаты працы 

«ад» — сума памераў тарыфнай стаўкі (тарыфнага акладу, акладу, службовага акладу), яе (яго) павышэнняў, надбавак, але не меншая за памер месячнай мінімальнай заработнай платы;

«да» — сума памераў тарыфнай стаўкі (тарыфнага акладу, акладу, службовага акладу), яе (яго) павышэнняў, надбавак і іншых стымулюючых выплат (прэмій, бонусаў, узнагароджанняў) у разліку на месяц.

Усіх хочуць прымусіць размяшчаць вакансіі ў дзяржбазе. Навошта? А як жа LinkedIn?
Па тэме
Усіх хочуць прымусіць размяшчаць вакансіі ў дзяржбазе. Навошта? А як жа LinkedIn?

Читать на dev.by