«Усё яшчэ мужчынская пясочніца». Фемпраект Women in Tech год расказваў жанчынам пра ІТ — вось вынікі
Год таму стартаваў адукацыйны курс для беларусак, якія хацелі б паспрабаваць сябе ў ІТ. З тых часоў, паводле слоў арганізатараў Women in Tech, праз праект прайшлі 1500 дзяўчат, ментарскую дапамогу атрымалі 250 чалавек, некаторым даслалі офер — напрыклад, у Netflix. Праект таксама адзначае, што за год правёў 6 тэматычных даследаванняў індустрыі.
dev.by пагутарыў з 35-гадовай project team lead праекта Ганнай Самарскай пра вынікі праекта.
З якімі цяжкасцямі сутыкнуліся за гэты час? Чаму чытаць каментары — «асобнае сада-маза задавальненне»? Як ставяцца да крытыкі з боку мужчын? Навошта ў праекце вялікая колькасць эйчарак? Чым праект адрозніваецца ад дзясяткаў іншых адукацыйных курсаў? Зараз даведаемся!
«Ідэя была ў падтрымцы беларусак, якія пасля 2020 года апынуліся ў складанай сітуацыі». Ці атрымалася?
— Калі з’явіўся праект Women in Tech? Хто яго прыдумаў і навошта?
— Праекту роўна год, яго запусціў «Цэнтр гендарных даследаванняў» (у прыватнасці, Альміра Усманава, прафесарка і дырэктарка) разам з нашай калегай Антанінай Сцебур.
Ідэя была ў падтрымцы беларусак, якія пасля 2020 года апынуліся, мякка кажучы, у складанай сітуацыі. Мы працуем і з тымі, каму давялося з’ехаць з Беларусі (нашае кам’юніці на сёння — як мінімум 14 краін), і з тымі, хто жыве ў Беларусі, але страціў працу. Важна было даць гэтым жанчынам магчымасць будаваць кар’еру — праз адукацыю, стварэнне супольнасці і асяроддзя ўзаемападтрымкі.
Нам удалося стварыць адукацыйную праграму — курс відэалекцый Login To Tech — для тых, хто толькі пачынае шлях у ІТ. Мы выпусцілі некалькі патокаў — не менш за 1500 беларусак. І потым запусцілі ментарскую праграму, дзе ўжо ў бліжэйшым кантакце дапамаглі 250+ беларускам пабудаваць кар’еру ў ІТ.
— Ці значыць гэта, што 250 чалавек атрымалі офер?
— У ментарскую праграму прыходзяць жанчыны з рознымі запытамі, яны не заўсёды пра офер, хоць гэта адзін з самых частых матываў. У нас ёсць прыклады офераў па выніках ментарскай часткі праграмы: напрыклад, дзяўчына QA з Вільні, менці нашай праграмы — яна атрымала офер ад Netflix і з’ехала ў Скандынавію. Але, на жаль, у цэлым такой статыстыкі мы не вялі.
Прыклады іншых папулярных запытаў: павысіць заробак, выйсці на працу ў іншы дэпартамент, часам проста раздзяліць псіхалагічны груз, звязаны з сённяшняй сітуацыяй.
Што дакладна магу сказаць: каля 98% удзельніц кажуць, што праца з ментаркай пазітыўна паўплывала на іх і іх кар’еру. Будаўніцтва кар’еры — гэта і ёсць ключавы запыт, з якім прыходзяць жанчыны ў наш праект.
— Ці ўсе ўдзельніцы ў выніку хочуць будаваць кар’еру менавіта ў ІТ?
— У Login to Tech удзельнічаюць тыя, хто яшчэ толькі прыглядаецца да ІТ. Парадку 12% з іх кажуць: «Усё, я паслухала пра ІТ, я дакладна зразумела, што мне не туды». Я лічу, што ў гэтых адносінах мы робім шыкоўную працу для ІТ-кампаній — як бы адсейваем тых, хто разумее, што гэтая індустрыя не для іх.
— Ці ўсе ахвотныя змаглі паўдзельнічаць у праекце?
— Ахвотных было значна больш. Калі аб’яднаць усе адукацыйныя праграмы праекта, то імі зацікавіліся плюс-мінус 3600 чалавек. На жаль, магчымасці праекта абмежаваныя.
— Колькі ментарак прайшло праз праект? Як вы іх знаходзілі? Як зацікавілі людзей з досведам падключыцца да праекта?
— Гэта была дзіўная гісторыя. Мы напачатку страшна перажывалі, што не атрымаецца і 50 чалавек знайсці на гэтую працу. Сітуацыя выявілася зусім іншай у рэальнасці. Пайшло сарафаннае радыё, і, шчыра кажучы, з другога патоку праграмы запытаў ад патэнцыйных ментараў было больш, ніж мы маглі апрацаваць.
Я шчыра натхнёная гэтым — нашая ініцыятыва мае жывы сапраўдны водгук у прафесіяналаў, бо яны бачаць каштоўнасць падтрымкі і выбудоўвання нэтворкінгу. У сітуацыі масавага рэлакейту ёсць такая тэндэнцыя — беларусы губляюць сацыяльныя сувязі, і ініцыятыва, дзе яны могуць збірацца разам і карысна бавіць час, выявілася запатрабаванай.
— Ці бясплатна працуюць ментаркі?
— Безумоўна. Гэта pro bono.
— Чым Women in Tech адрозніваецца ад дзясяткаў іншых ІТ-курсаў?
— У нас ёсць прынцыповае адрозненне. Акрамя адукацыі, самая галоўная каштоўнасць — гэта супольнасць. Гэты праект па-сапраўднаму ствараецца намаганнямі беларусак і беларусаў. Ментарская праграма не магла б існаваць як такая, калі б не было тых экспертаў, якія pro bono былі ментаркамі. І гэта нас шмат у чым адрознівае ад адукацыйных курсаў.
«Патрыярхальныя патэрны» і іншыя цяжкасці, з якімі давялося мець справу
— Акрамя адукацыйных праектаў, мы акцэнтуем увагу на вывучэнні індустрыі ІТ — правялі 6 даследаванняў.
У тым ліку адная з нашых даследчыц звярнулася да пытання прэзентацыі і рэпрэзентацыі беларусак у СМІ, у прыватнасці прысвечаных ІТ. Яна распрацавала спецыяльную праграму на Python і прааналізавала публікацыі на dev.by. І ўбачыла, што, на жаль, хоць dev.by робіць такую вялікую колькасць публікацый пра жанчын, на адзін тэкст пра жанчын прыходзіцца 29 тэкстаў пра мужчын. Гэта, вядома ж, мала.
— З вашага пункта гледжання, якія суадносіны будуць дастатковымі?
— Вядома ж, напрыклад, 50% на 50%. Чаму б і не? І мы імкнемся нашым праектам будаваць публічныя прыклады, даваць ролевыя мадэлі, таму на канферэнцыі (7 кастрычніка ў Вільні Women in Tech правялі канферэнцыю-рэзюмэ. — Заўв.) выступала так шмат беларусак, якія пабудавалі сваю кар’еру ў ІТ.
Мы разумеем, што пытанні жаночага лідарства ў ІТ і дыскрымінацыя, з якой жанчыны сутыкаюцца ў тым ліку ў беларускай ІТ-індустрыі, у поўнай меры не прааналізаваныя. Пра гэта так мала гавораць, бо не бачаць. А не бачаць, бо ў тым ліку не сфакусаваныя на гэтым.
— Назавіце топ-3 выклікаў, з якімі праект сутыкнуўся за гэты год.
— Найперш — абставіны, у якіх пачыналі працаваць. Праект існуе ў няпросты час. Калі на старце ІТ-індустрыя была адной, то пасля стала іншай.
Напрыклад, многія кампаніі рэлакаваліся з Беларусі ў іншыя краіны. PR і бізнэс-стратэгія змяніліся, многія з іх не гатовыя напрамую супрацоўнічаць з праектамі, якія падтрымліваюць беларусак, што мне вельмі крыўдна. Гэта не перашкаджае супрацоўніцам і супрацоўнікам гэтых кампаній удзельнічаць у нашым праекце.
Другое — нам даводзіцца тлумачыць, што мы не прыйшлі на вайну. Сама ІТ-індустрыя, як выказалася адная з рэспандэнтак нашага даследавання, усё яшчэ з’яўляецца пераважна мужчынскай пясочніцай. Мы рэальна сутыкаемся з вялікім супрацівам, калі робім публікацыі, дзе-небудзь выступаем. У нас ёсць такое архаічнае ўяўленне, што мы хочам паламаць індустрыю.
Акрамя таго, мы разумеем, што не толькі правы жанчын дыскрымінуюцца ў ІТ. Але мы факусуемся сваім праектам на жанчынах, бо аб’ектыўна, паводле фактаграфіі, яны знаходзяцца ў найгоршай пазіцыі. Жанчын у ІТ, паводле статыстыкі dev.by, парадку 20-26% (паводле апытання 2022 года, лічба складае 26,2%. — dev.by), што зусім няшмат.
— Некаторыя пасты ў блогу Women in Tech на dev.by збіраюць даволі шмат негатыўных каментароў — у асноўным, верагодна, мужчынскіх. Ці спрабуеце вы неяк узаемадзейнічаць з мужчынамі, каб змяніць іх меркаванне?
— Каментары пад нашымі публікацыямі — гэта асаблівае сада-маза задавальненне. Калі сур’ёзна, то каментары добра паказваюць стаўленне да праблемы ўнутры ІТ. Мы факусуемся на ІТ, але гэтая дыскрымінацыя ёсць, безумоўна, усюды і паўсюль — у школах, універсітэтах і не толькі. Такая гісторыя будзе адбывацца датуль, пакуль патрыярхальныя патэрны будуць прайгравацца. Думаю, у тым ліку наш праект будзе гэта мяняць.
Мы ўжо ўзаемадзейнічаем з мужчынскай аўдыторыяй, калі выходзім у медыя, калі камунікуем. Яшчэ важна адзначыць, што ў нашым кам’юніці даволі шмат мужчын-ментараў і лектараў. Адная з удзельніц канферэнцыі прапанавала наступны раз сфакусавацца на запрашэнні мужчын-АПР (асоба, якая прымае рашэнне. — Заўв.) з ІТ-кампаній, пазнаёміць іх з ідэямі. Можа, у нейкім сэнсе зрабіць іх амбасадарамі гэтай гісторыі.
— У даследаванні, якое вы апублікавалі ў красавіку 2022, была такая фраза: «Мы не можам змяніць грамадства, якое транслюе стэрэатыпы, аднак можам аказаць дастатковую падтрымку таленавітым жанчынам […]». Як вы ўсё ж такі плануеце змяніць патэрны, пра якія казалі, не змяняючы пры гэтым грамадства?
— Я, па-першае, думаю, што грамадства — гэта мы. Я, вы, наш праект, dev.by і ўсе іншыя арганізацыі. Я шчыра веру, што калі чалавек пранікаецца гэтай тэмай, ён становіцца яе амбасадарам. У ІТ-кампаніях працуюць людзі. Гэта сапраўды такія ж людзі, як я або вы. І ад іх светапогляду, майндсэту залежыць тое, якія рашэнні яны будуць прымаць. Таму лічу, што трансфармацыя пачынаецца ад прыватнага да агульнага.
Яшчэ раз хачу падкрэсліць, што мы актыўна працуем адразу ў некалькіх кірунках, у тым ліку шмат даследуем і аналізуем. Праблема ніколі не будзе вырашацца, калі яна не будзе вывучаная. Паступова гэтая праца, актыўнасць, механізмы, якія мы абралі, могуць прывесці да нечага каштоўнага.
— Паводле таго ж даследавання, 74% рэспандэнтак бачаць канкурэнцыю як бар’ер на шляху ў ІТ-сферу. Як праект дапамагае з гэтым у эпоху крызісу індустрыі: скарачэнняў, звальненняў, года эфектыўнасці? Ці матывуеце іх неяк?
— Мы не даем ілжывых чаканняў, гэта самае галоўнае. Як праект мы бачым яшчэ большую неабходнасць працаваць у такі час. На міжнародным рынку, калі паглядзець на статыстыку, у першую чаргу скарачаюць жанчын. Каля 65% скарочаных супрацоўнікаў у Amazon, Meta, Facebook і іншых кампаніях — гэта жанчыны.
Як казаў адзін з маіх былых начальнікаў: «У першую чаргу скарачаюць маркетынг, эйчараў і адміністрацыйных супрацоўнікаў». А там працуюць жанчыны. Рэаліі рынку ўладкаваныя такім чынам, што жанчыны заўсёды аказваюцца ў больш уразлівай сітуацыі. Шмат гісторый было, калі ў рэлакаваных кампаніях беларусак неправамерна скарачалі або звальнялі.
На жаль, мы не можам вырашыць усіх пытанняў, але можам падсвятляць і даваць дзяўчатам падтрымку, інструментарый, разуменне, што можна рабіць у такой сітуацыі, доступ да кам’юніці з досведам у вырашэнні падобных праблем.
І ў нас няма задачы матываваць жанчын уваходзіць у ІТ. Мы, хутчэй, расказваем тым, хто хоча гэта зрабіць, якія тут ёсць магчымасці і эфектыўныя спосабы.
Што далей
— Праект заканчваецца. Ці ёсць планы на будучыню?
— На жаль, нашы адукацыйныя праграмы заканчваюцца. На сёння гэта пакуль усё. Я не ведаю, ці будзе працяг у праекта далей у такім фармаце. Але дакладна ведаю, што кам’юніці, сфармаванае гэтымі праграмамі і на канферэнцыі, дзяўчаты, якія ўсталявалі паміж сабой сувязі, будуць працягваць камунікацыю, падтрымліваць адна адну, абменьвацца вакансіямі. Праект дакладна працягнецца ў такім чалавечым фармаце.
— Чаму канкрэтна вы навучыліся за гэты год?
— Не ведала, што ёсць такая колькасць ачмурэнных беларусак у ІТ. Кажу пра гэта абсалютна сумленна. З пункта гледжання кар’ерных трэкаў, гісторый, кампаній, праектаў, якія робяць беларускі, — гэта проста фантастыка. Напрыклад, на ментарскую праграму прыходзілі CV ад жанчыны з 10-гадовым досведам кіравання ў IBM, былі CV з Google або іншых вялікіх кампаній, але мы, блін, гэтых імёнаў не ведаем чамусьці. Для мяне адкрыццё, якая колькасць беларусак у глабальным ІТ-свеце паспяховыя.
Другое — асяроддзе, якое стварыў праект, стала для мяне падтрымкай. На працягу гэтага года ў мяне самой выявіўся голас, і гэта вельмі класна. Быў нейкі перыяд, калі сышлі ўсе ў ракушку і не хацелася нікуды выходзіць і нічога казаць. А тут выявілася, што нас так шмат і мы аднолькавыя складанасці адчуваем у гэты, мякка кажучы, няпросты час. Шарыць гэты досвед і дзяліцца класнымі кейсамі было вельмі класна. Дзякую ўсім і кожнаму за тое, што так натхнілі.
Трэцяе — прыемна было бачыць сярод ментараў знакамітых мужчын, якія кіруюць вялікімі ІТ-кампаніямі. Я думаю, нягледзячы на паток публічных негатыўных водгукаў, ёсць шалёна вялікая колькасць мужчын, хлопцаў, якія падзяляюць каштоўнасці інклюзіі, разнастайнасці, у тым ліку ў ІТ, і разумеюць важнасць гэтай актыўнасці і праекта. Яны рэальна ёсць — гэтыя феміністы.
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам, увагай і данатамі.
І яшчэ крыптой, тут кашалькі.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by