Дзе будзе офіс VK у Мінску і каго хочуць наняць? Даведаліся
Расійскі холдынг VK адкрыў прадстаўніцтва ў Беларусі. Даведаліся, дзе з’явіўся першы офіс кампаніі, каго і колькі VK плануе наняць у найбліжэйшыя паўгода і ці збіраецца ў ПВТ.
Офіс
Як расказалі dev.by у VK, офіс плошчай 400 кв. метраў адкрыўся ў мінскім бізнэс-цэнтры на вуліцы Смалячкова.
Гэта вядомы бізнэс-цэнтр (увялі ў эксплуатацыю ў другім квартале 2021 года), які будавалі на фоне скандалаў і інтрыг. У прыватнасці, супраць яго выступалі жыхары раёна, а былы галоўны архітэктар Мінска быў асуджаны за хабар ад прадстаўніка забудоўшчыка. Першапачаткова заказчыкам бізнэс-цэнтра была ІТ-кампанія, але назвы забудоўшчыкі так і не агучылі.
Бізнэс-цэнтр працягвае пазіцыянаваць сябе як офіс класа «A» для ІТ-кампаній. На галоўнай старонцы ёсць слоган «Смалячкова 14А — месца, дзе вашая каманда забудзе пра аддаленую працу».
На сайце бізнэс-цэнтра няма інфармацыі аб кошце арэнды. Мяркуючы з інфармацыі агенцтва нерухомасці «Сільван — Інвест», пры канцы лістапада цана складала каля 19 долараў за адзін кв. метр.
Штат і найманне
У офісе VK плануецца размясціць 50 распрацоўшчыкаў з каманд «УКантакце», «Дзэна» і VK Tech. 15 працоўных месцаў адведзена пад каворкінг, дзе змогуць працаваць супрацоўнікі VK або госці офіса, якія прыязджаюць з іншых гарадоў.
— У мінскі офіс мы наймаем лакальна беларускіх распрацоўшчыкаў: частка з іх ужо ў камандзе, і мы плануем пашыраць найманне ў Беларусі ў далейшым. Таксама ёсць унутраныя рэлакацыйныя палітыкі, яны будуць распаўсюджвацца і на Беларусь. План наймання на найбліжэйшыя паўгода — да 50 распрацоўшчыкаў дадаткова, таму ў тым ліку разглядаем пашырэнне офіса, — паведамілі dev.by ў прэс-службе кампаніі.
Наймаць у мінскі офіс VK плануе ў асноўным распрацоўшчыкаў і тэсціроўшчыкаў. «Вакансіі датычацца вялікага спісу нашых прадуктаў, таму і стэк тэхналогій таксама вельмі шырокі: ад frontend і backend да mobile і ML», — удакладнілі ў прэс-службе VK. Назваць заробкавыя дыяпазоны для спецыялістаў у кампаніі адмовіліся.
ПВТ
Таксама спыталі, ці збіраецца VK у ПВТ.
— VK знаходзіцца ў працэсе падачы заяўкі на ўступленне ў ПВТ, — адказалі ў кампаніі.
Можна меркаваць, што ў VK не будзе праблем з уступленнем у ПВТ і кампанія папоўніць спіс рэзідэнтаў Парка з расійскімі каранямі. Яны былі і сярод набораў гэтага года.
У лістападзе гэтага года ўжо другі офіс у Беларусі адкрыла расійская кампанія Tinkoff — цяпер у Брэсце. Офіс у Мінску з’явіўся 2 гады таму і пры канцы 2023 вырас да 500 чалавек.
Пытанне, як беларускі ІТ-рынак змяніла поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну, мы разбіралі з экспертамі. Нашыя апытанні паказваюць, што амаль чвэрць ІТ-спецыялістаў, якія цяпер застаюцца ў Беларусі, разглядаюць расійскія праекты як альтэрнатыву заходнім. У дыскусіі пра этычны бок гэтых працэсаў можна паўдзельнічаць тут.
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам, увагай і данатамі.
І яшчэ крыптой, тут кашалькі.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by