Як (і нашто) атрымліваць дазвол на жыхарства ў Грузіі?

Гайд склаў канал «Ты таксама ў Грузіі?».

1 каментарый

Расказваюць Амір Аль-Хайдар, кіраўнічы партнёр IT Legal (кампанія практыкуе ў Грузіі ад жніўня 2022-га), і юрыстка Дар’я Рудзь.

Нашто наогул патрэбны дазвол на жыхарства ў Грузіі?

Грамадзянам многіх краін, у тым ліку Беларусі, Украіны, Казахстана і Расіі, можна знаходзіцца ў Грузіі да 1 года без віз ды іншых дазволаў на пражыванне.

👉Аднак часовы дазвол на жыхарства дае шэраг пераваг, а менавіта:

  • магчымасць адкрываць мультывалютны рахунак у любым банку Грузіі
  • дазвол на пражыванне ў краіне без неабходнасці «візарану» (не трэба выязджаць раз на год за мяжу)
  • магчымасць падаваць дакументы на шэнген і звяртацца ў консульскія ўстановы замежных дзяржаў нароўні з грамадзянамі Грузіі
  • атрымліваць медыцынскую страхоўку на больш ільготных умовах (напрыклад, яе можна аплачваць штомесяц, а не за год)
  • магчымасць выдаваць даверанасць дыстанцыйна, па відэазванку з натарыусам
  • магчымасць карыстацца электроннымі дзяржаўнымі сэрвісамі (некаторымі — са зніжкай)
  • права зрабіць вакцыну ад COVID-19 без чакання
  • магчымасць выехаць на аўто з грузінскімі нумарамі ў некаторыя краіны

Якія ёсць падставы для атрымання грузінскага дазволу на жыхарства?

У агульным парадку часовы дазвол на жыхарства можа выдавацца замежнікам на тэрмін ад 6 месяцаў да 1 года. 

Падставы для дазволу могуць быць наступнымі:

  • Праца на грузінскую кампанію (на аднаго працаўладкаванага замежнага супрацоўніка мае прыходзіцца не менш за 50 000 лары абароту кампаніі, гэта прыкладна 18,6 тысячы долараў). Альбо вядзенне ІП — з гадавым абаротам зноў жа не меншым за 50 тысяч лары.

👉 Фраза «гадавы абарот» не азначае, што да падачы абавязкова мусіць прайсці цэлы каляндарны год. Калі парог у 50 тысяч лары перавышаны раней, можна падавацца на дазвол на жыхарства і не чакаючы 12-месячнага тэрміну. 

  • Навучанне — але толькі ў акрэдытаваных Міністэрствам адукацыі ўстановах (у дзяржаўных універсітэтах, школах, каледжах). Неакрэдытаваныя Мінадукацыі прыватныя школы/універсітэты не пасуюць. Дазвол на жыхарства выдаецца на ўвесь тэрмін навучання.

👉 Практыка паказвае, што бацькі-экспаты часта звяртаюцца да такой схемы, аддаючы дзяцей у дзяржаўныя грузінскія школы. Тады дзіця атрымлівае дазвол на жыхарства з мэтай навучання, а бацькі — дазвол з мэтай уз’яднання сям'і. 

  • Уз’яднанне сям'і — тут могуць падавацца сямейнікі нерэзідэнта, які ўжо атрымаў дазвол на жыхарства. Важна: нерэзідэнт мае падаць дакумент пра даходы. Гэта можа быць даведка пра заробак (штомесяц — не менш за 410 лары, крыху больш за $150) альбо выпіска, што на банкаўскім рахунку замежніка ляжыць больш за 4920 лары (гэта прыкладна $1860).
  • Купля нерухомасці рынкавым коштам ад 100 тысяч долараў (акрамя зямель сельскагаспадарчага прызначэння). У такім выпадку заяўніку, а таксама яго жонцы і дзецям мусяць выдаць кароткатэрміновы дазвол на жыхарства на год. Аднак апошнім часам з гэтай падставай ідзе шмат адмоў.
  • Дазвол для былога грамадзяніна Грузіі — на 6 гадоў.
  • Дазвол, выдадзены асобе без грамадзянства — на тэрмін ад 6 месяцаў да 1 года.

Калі можна атрымаць сталы дазвол на жыхарства?

ПМЖ могуць выдаць жонцы грамадзяніна Грузіі, непаўналетняму дзіцяці і бацьку непаўналетняга грамадзяніна Грузіі.

Іншаземец таксама можа прэтэндаваць на ПМЖ, калі ён пражыў апошнія 10 гадоў у краіне на падставе дазволу на часовае пражыванне. Сюды не ўключаецца перыяд пражывання ў Грузіі з мэтай вучобы або лячэння, або працы ў дыпламатычных прадстаўніцтвах.

Яшчэ ёсць варыянт атрымаць ПМЖ усяго праз 5 гадоў. А менавіта, інвеставаць 300 тысяч долараў у эканоміку краіны. Але трэба будзе штогод пацвярджаць гадавы абарот ад бізнэсу ў Грузіі:

  • 1 год — не менш за 50 тысяч долараў;
  • 2 гады — не менш за 100 тысяч долараў;
  • 3-5 гадоў — не менш за 120 тысяч долараў.

Альбо ж можна купіць нерухомасць (за выключэннем зямель сельскагаспадарчага прызначэння), чый рынкавы кошт перавышае 300 тысяч долараў — паводле ацэнкі сертыфікаванага ацэначнага органа.

У выніку заяўніку і яго бліжэйшым сваякам/утрыманцам мусяць выдаць часовы дазвол на жыхарства адразу на пяцігадовы тэрмін, пасля якога можна падавацца на ПМЖ.

Калі можна прэтэндаваць на грузінскае грамадзянства?

Пасля бесперапыннага пражывання ў Грузіі на законных падставах на працягу 10 гадоў. 

👉 Да 21 ліпеня 2018 года тэрмін бесперапыннага пражывання ў Грузіі складаў усяго 5 гадоў. То-бок міграцыйнае заканадаўства Грузіі мае тэндэнцыю да пастражэння.  

Прычым ПМЖ або дазвол на жыхарства не з’яўляюцца абавязковай прыступкай — дастаткова мець візу або пашпарт і не парушаць міграцыйных правіл. Але заяўніку трэба будзе здаць экзамен на веданне грузінскай мовы, гісторыі Грузіі і асноў права.

Якія дакументы патрэбныя для атрымання дазволу на жыхарства?

Спіс дакументаў для атрымання дазволу на жыхарства на падставе працоўнай альбо прадпрымальніцкай дзейнасці наступны:

🔹Ад працаўніка патрабуюцца:

  1. Заява
  2. Арыгінал працоўнай дамовы, аформленай адпаведна працоўнаму заканадаўству Грузіі, дзе пазначаная штомесячная аплата працы (мусіць быць вышэйшай за пяціразовы памер пражытачнага мінімуму — каля 1250-1300 лары). Працоўная дамова мусіць быць складзеная і на грузінскай мове. Звычайна кампаніі складаюць двухмоўныя працоўныя дамовы (грузінска-англійскія/ грузінска-рускія), каб супрацоўнік разумеў сутнасць дамовы.
  3. Даведка з банка пра стан балансу на рахунку. Тут трэба абавязкова параўнаць напісанне сваіх імя і прозвішча на грузінскай у банкаўскай даведцы з тым, што пазначана ў працоўнай дамовы (праз асаблівасці мовы іх могуць запісаць па-рознаму).
  4. Фота — робіцца на месцы ў Доме Юстыцыі. Затым заяўнік атрымае чэк са штрых-кодам, які нясе ўжо рэгістратару з усімі астатнімі дакументамі. Фота аплачваецца пасля падачы пакета дакументаў на дазвол на жыхарства.

🔹Ад кампаніі/арганізацыі: 

  1. Даведка са Службы даходаў Міністэрства фінансаў Грузіі, якая пацвярджае гадавы абарот кампаніі (на аднаго замежніка — 50 тысяч лары).
  2. Даведка пра колькасць замежных супрацоўнікаў, якія працуюць паводле працоўнай дамовы ў кампаніі. Прычым аднойчы ў практыцы нашых суразмоўцаў быў выпадак, калі рэгістратар у Доме Юстыцыі дадаткова запатрабаваў укладыш са спісам пасад, прозвішчаў, імёнаў і нумароў пашпартоў усіх замежных супрацоўнікаў кампаніі. 
  3. Даведка, якая пацвярджае штомесячны заробак і пасаду супрацоўніка ў кампаніі.

🔹Для ІПшнікаў:

  1. Усё тое ж самае, што і для працаўнікоў, акрамя працоўнай дамовы. 
  2. Даведка са Службы даходаў, якая пацвярджае гадавы абарот ІП звыш 50 тысяч лары. Запытваецца самастойна альбо паводле даверанасці ў падатковай. 
  3. Пасведчанне рэгістрацыі ІП. Гэты дакумент можна раздрукаваць у Доме Юстыцыі на стойцы рэгістрацыі, і там жа аперацыяніст паставіць пячатку адпаведнасці

👆 Для атрымання бінадробы (ID Card для замежнікаў) патрабуецца часовая рэгістрацыя. Для гэтага трэба атрымаць згоду ўладальніка нерухомасці.

Тут некалькі варыянтаў:

  • Уладальнік нерухомасці сам прыходзіць у Дом юстыцыі і запаўняе форму згоды вызначанага ўзору на месцы
  • Уласнік жытла афармляе даверанасць на іншага чалавека, і той ужо падпісвае згоду
  • Уладальнік запаўняе заяву дома, пазначае ў ёй кадастравы нумар сваёй маёмасці ды іншыя даныя, ставіць подпіс. І іншаземец самастойна нясе гэты дакумент у Дом Юстыцыі

👆 Важна: некаторыя лічаць, быццам бы пражыванне ў кватэры могуць пацвердзіць два сведкі-грамадзяніны Грузіі. Гэта не так. Толькі сам уладальнік жытла альбо яго давераная асоба могуць даць дабро на выдачу рэгістрацыі ва ўласным доме.

У якім горадзе лепш (і хутчэй за ўсё) падавацца?

Гэта неістотна, тэрмін залежыць ад абранага кошту разгляду заявы на дазвол на жыхарства.

То-бок дакументы разглядаюцца 10 дзён, калі вы заплацілі 600 лары. 20 дзён — калі 450.  І 30 дзён — калі 300.

У канчатковы кошт падачы заяўкі таксама будзе ўключаная камісія (1 лары) і фота (5 лары).

Чаму могуць адмовіць у выдачы дазволу на жыхарства?

Апошнім часам у чатах экспатаў часта пішуць пра адмовы ў дазволах. Прычым усё роўна: ці то купіў чалавек нерухомасць, ці то працуе як ІП або паводле працоўнай дамовы.

Як кажуць юрысты, падставы для адмовы могуць быць наступнымі:

  • Калі заяўнік падаў падробленыя дакументы або такія, што не маюць юрыдычнай сілы
  • Калі знікла падстава для атрымання дазволу на жыхарства
  • Калі заяўнік здзейсніў крымінальнае злачынства на працягу апошніх 5 гадоў да падачы заявы
  • Калі ўпаўнаважаны орган прыйшоў да высновы аб немэтазгоднасці пражывання замежніка ў Грузіі «з меркаванняў забеспячэння абароны дзяржаўных інтарэсаў або (і) інтарэсаў грамадскай бяспекі». 
  • Калі іншаземец ажыццяўляе дзейнасць, якая «стварае пагрозу дзяржаўнай бяспецы або (і) грамадскаму парадку ў Грузіі»

Зыходзячы з практыкі IT Legal, часцей за ўсё адмаўляюць менавіта па апошніх двух пунктах.  Аб праўдзівых прычынах можна толькі здагадвацца. Напэўна мы ведаем толькі пра два факты: што, пачынаючы ад лютага 2022 года, грамадзянам Беларусі і Расіі адмаўляюць шмат і часта і што ўлады матывуюць гэта пагрозай нацыянальнай бяспецы краіны.

«Пры адмове ў атрыманні дазволу на жыхарства можна паспрабаваць падаць судовую апеляцыю на працягу 1 месяца. Суд прымае рашэнне незалежна ад Дома Юстыцыі, таму ёсць верагоднасць змяніць рашэнне ў гэтым пытанні, — падкрэслівае Амір Аль-Хайдар. — Таксама можна паспрабаваць звярнуцца за дазволам паўторна, у тым ліку і на іншай падставе. Але не раней, чым праз месяц ад моманту прыняцця мінулага рашэння. А яшчэ лепш — праз некалькі месяцаў».

👉Кейс. Беларуска, якая займае кіруючую пасаду ў ІТ-кампаніі ў Грузіі, расказала, што падалася на дазвол на жыхарства на падставе працы ў грузінскай кампаніі і ў яе ад падачы дакументаў да атрымання ID-карты мінула ўсяго 2-3 тыдні. На яе думку, закладам поспеху стала тое, што яна прыехала ў краіну яшчэ да 24 лютага 2022-га і ў цэлым прабыла ў Грузіі 2 гады. 

А вось іншым супрацоўнікам гэтай жа кампаніі, якія прыехалі ў Грузію пасля сакавіка 2022-га, прыйшла адмова. 

Як падоўжыць грузінскі дазвол на жыхарства?

Заяву на падаўжэнне падаюць не пазней за 40 дзён да заканчэння дазволу. У адрозненне ад першаснай падачы, заяўніку неабавязкова знаходзіцца гэты час на тэрыторыі Грузіі. 

Парадак такі ж, як і пры першай падачы. Адмовіць могуць у выпадку страты прычыны/мэты выдачы дазволу. Напрыклад, калі скончыўся тэрмін дзеяння працоўнай дамовы або не пацвердзіўся гадавы абарот ІП і г. д.

Ці ўзнікае рызыка адмовы, калі заяўнік прабыў больш за паўгода па-за межамі Грузіі? Як кажуць юрысты, не. У грузінскім заканадаўстве не прапісаныя абавязковыя тэрміны. Галоўнае, каб вашыя асабістыя або эканамічныя інтарэсы, своеасаблівы «цэнтр прыцягнення», размяшчаліся менавіта ў Грузіі.

Открыл ИП в Грузии, вернулся в Беларусь — что с налогами?
По теме
Открыл ИП в Грузии, вернулся в Беларусь — что с налогами?
Подписывайтесь на новый телеграм-канал для айтишников в Грузии
По теме
Подписывайтесь на новый телеграм-канал для айтишников в Грузии

Читать на dev.by