Xiaomi скарачае 15%
У некалькіх падраздзяленнях кітайскага тэхнагіганта Xiaomi пачаліся скарачэнні. Пра гэта піша South China Morning Post са спасылкай на мясцовае выданне Jiemian і пасты ў сацсетках ад супрацоўнікаў, якіх ужо закранула «аптымізацыя».
Гаворка вядзецца пра падраздзяленні па вытворчасці смартфонаў і інтэрнэт-паслуг. Звольненым выплачваюць выхадную дапамогу. Штат Xiaomi ў выніку можа паменшыцца прыкладна на 15%.
Як адзначае SCMP, у Кітаі пра скарачэнне большае за 20 чалавек кампаніі абавязаныя апавяшчаць улады. Каб не прыцягваць іх увагі, такія мерапрыемствы тут звычайна ладзяцца як «аптымізацыя бізнэсу».
Прадстаўнікі Xiaomi пацвердзілі, што кампанія ладзіць «руцінную аптымізацыю персаналу і арганізацыйныя пераўтварэнні». Там дадалі, што новая мера закране не больш за 10% штату.
Станам на канец верасня Xiaomi налічвала больш за 35 тысяч супрацоўнікаў, у тым ліку 32 тысячы на мацерыковым Кітаі. То-бок пад скарачэнне могуць патрапіць тысячы чалавек.
У лістападзе Xiaomi дала справаздачу пра падзенне выручкі па выніках 3 квартала на 9,7% у выніку жорсткіх каранавірусных абмежаванняў і паслаблення спажывецкага попыту. Даход ад смартфонаў, на якія прыпадае каля 60% усіх продажаў кампаніі, упаў на 11% год у год.
Читать на dev.by