«Я токсік». Айцішнікі падзяліліся, чаму «токсікі — самыя патрэбныя людзі ў камандзе»

Мы ўжо пісалі, як распазнаць і абясшкодзіць таксічны менеджмент. Гэтым разам спыталі ў айцішнікаў, што рабіць, калі «токсік» — гэта вы. І ў якіх выпадках слова можа станавіцца інструментам падмены паняццяў і маніпуляцый.

46 каментарыяў

«Замест таго, каб адкрыта абмяркоўваць праблемы і памылкі, эйчары ўсё спісваюць на таксічнасць»

Яўген, спецыяльнасці папрасіў не называць, у ІТ з 2010 года:

— На мой погляд, «токсікі» і «таксічнасць», прынамсі ў беларускім ІТ, — гэта вынік непісьменнасці эйчараў і менеджараў. Замест таго, каб адкрыта абмяркоўваць праблемы і памылкі, эйчары ўсё спісваюць на таксічнасць супрацоўніка. Гэта жудасна!

Слова «таксічны» нічога агульнага не мае з тым, што ўкладаюць у гэтае паняцце адукаваныя калегі. Цяпер гэта таўро, якое лёгка павесіць на любога супрацоўніка — і спісаць пад гэта любыя рэчы. 

Ці здаралася, каб мяне асабіста або маіх знаёмых называлі токсікамі — так, было:

  • адзін раз асабіста са мной. Запрошаны коўч назваў мяне таксічным, калі я ў перапісцы пацікавіўся ў менеджараў, чаму інструменты, пра якія раней казаў коўч на званку, не супадаюць з кнігай па тэме. Тэма — Pretotyping. Праз тое, што я пачаў паведамленне з пытання (пасля прывітання), мяне палічылі таксічным
  • адзін раз пры мне гэтым словам называлі былога супрацоўніка. На мой погляд, незаслужана.
  • і асобны кейс: калегі казалі пра таксічную атмасферу ў камандзе па адным з праектаў. Зноў-такі, на мой погляд, неапраўдана. Што было там: стары PM сышоў, прызначылі новага, але з вельмі абмежаванымі і невыразнымі паўнамоцтвамі. Супрацоўнікі не заўсёды разумелі, да каго ісці, каб абмеркаваць павышэнне зарплаты, рэлакацыю і г. д. Кліент казаў адное, кампанія праз PM і эйчара — іншае. А ў выніку — «таксічная» атмасфера.

Я не раз сустракаў наступнае: як толькі супрацоўнікі пачынаюць задаваць нязручныя пытанні (напрыклад, «чаму абяцалі тое і тое, але не выканалі?» або «а вось вы кажаце, што будзе вось так, а чаму?») — эйчары і менеджары выкарыстоўваюць паняцце «таксічны».

Або, калі ў камандзе шмат нявырашаных праблем, замест пошуку рашэння абмяркоўваюць «таксічную» атмасферу і якія плюшкі ўсім даць, каб стала лепш.

«Гэта не я рэалізаваў неаптымальнае рашэнне для гэтага выпадку, гэта калега таксічыць»

Ян, распрацоўшчык:

— На маю думку, гэта такое добрае і «хайповае» слова, каб пазначыць кагосьці і закрыць дзесьці сваю некампетэнтнасць і непрафесіяналізм (як прыклад: «гэта не я не ўмею знайсці падыход да кагосьці, гэта чалавек-токсік» або «гэта не я рэалізаваў неаптымальнае рашэнне для гэтага выпадку, гэта калега таксічыць»).

Топ маіх знаёмых, каго лічылі «таксічнымі» на працы, былі прафесіяналамі сваёй справы, у якіх (і, на жаль, у шэрагу выпадкаў толькі ў іх) можна было навучыцца чамусьці і вырасці.

Так, добрыя менеджары ўмелі прыгожа казаць і нешта паказваць і тлумачыць, але добрыя менеджары — гэта не заўсёды такія ж добрыя тэхнары. Частка астатніх людзей, напэўна, настолькі баялася сказаць нешта, што магло б падацца глупствам, што лічыла за лепшае маўчаць.

Як вынік: на ўсіх мітынгах гаворыць адзін «токсік» і менеджар, усе нюансы і немагчымасць рэалізацыі нейкіх рашэнняў абмяркоўвае «токсік», спрачаецца, як лепш рэалізаваць нешта, а нечага наогул не рабіць, — таксама толькі «токсік». То-бок абурэнне заўсёды выказвае адзін і той жа чалавек — ён відавочна «токсік».

Хтосьці прыраўноўвае словы «таксічнасць» і «пасіўная агрэсія». Пасіўная агрэсія — таксама хайповае слова. Яго быццам бы прыдумалі ў войску для абазначэння ўжо існага дзеяння — «сабатаж» (новыя словы для ўжо існых рэчаў — гэта дзіўная практыка, часцяком людзі спрабуюць паказаць, што яны ведаюць больш, ніж насамрэч). Толькі вось хто ў папярэднім прыкладзе «сабатуе» працу, а хто працуе ў адзін твар?

Unsplash

Напэўна, яшчэ я хацеў бы дадаць пра ўменне рэагаваць на паступаючую інфармацыю. Пры спакойнай і разумнай рэакцыі можна абгрунтаваць любыя дзеянні. Як прыклад: калі твой мёрдж/пул рэквест разнеслі ў пух і прах, то гэта хутчэй за ўсё не «токсік» вырашыў цябе зняважыць, а, магчыма, калега не хацеў бы дапусціць у рэпазіторый код, які будзе шкодзіць і літаральна атручваць жыццё іншым праграмістам (і так, гэта азначэнне таксічнасці, толькі для кода, а не для чалавека).

А вось калі чалавек проста грубіян, то ён — грубіян, і няма сэнсу навешваць на яго ярлык «токсік». Развітайцеся з ім. Галоўнае, каб потым не было як у адным матэрыяле: «Толькі яны і працавалі»: ІТ-кампанія звольніла ўсіх «таксічных» супрацоўнікаў і збанкрутавала праз 12 хвілін».

Што да мяне, так — мяне таксама называлі «токсікам». Але на самай справе хлопцы проста не выконвалі дамоўных камітментаў аб якасці кода і працэсаў. І калі я ўздымаў на рэтра пытанне, што мэта спрынту не дасягнутая, задачы не закрытыя, і прасіў прааналізаваць, чаму так адбылося і як гэтага не дапусціць, аказвалася, што я іх «душу». Хоць у цэлым гэта — проста патрабавальнасць да тых рэчаў, на якія каманда закаміцелася.

Яшчэ б я адзначыў, што інжынеры не падбіраюць прыгожых слоў. Можна сказаць, што яны працуюць «на іншай частаце», кажуць прама, як ёсць, не разжоўваючы.

У мяне калісьці быў такі дыялог:

  • А што так груба?
  • А што ў маім адказе грубага?
  • Ну… Ну (маўчанне) гэта было рэзка.
  • Рэзка — гэта хутка? Ці як? Як ты хацеў атрымаць адказ?
  • Ну, неяк па-іншаму…

Якую выснову я магу зрабіць з гэтай размовы? Ну, трэба было неяк па-іншаму, але як — незразумела.

Павел Вейнік: «Калі гэта геніяльны токсік, ён усё роўна токсік»

Спыталі меркаванне вядомага распрацоўшчыка, ментара і выкладчыка. Павел Вейнік падкрэслівае, што спачатку важна разабрацца з тэрмінамі.

— Для пачатку вызначымся з тэрмінамі — каго мы называем «токсікам». Гэта чалавек, які парушае базавыя нормы зносін.

Для мяне гэта фармулёўка не з прадметнай вобласці. Яна кажа пра спосабы камунікацыі: чалавек не паважае іншых людзей, не лічыцца з іх інтарэсамі і пачуццямі, парушае іх межы.

Калі мы вызначым «токсіка» такім чынам, то будзе зразумела, што ў камандзе токсікі шкодныя — яны парушаюць камандны дух.

А калі гэта геніяльны «токсік»?

Гэта не робіць яго не токсікам.

Больш за 10 гадоў таму мне сустракаўся такі чалавек. Кампанія нават прыставіла да яго спецыяльнага менеджара, каб той служыў проксі паміж «токсікам» і астатнімі (гэтая практыка здаецца мне заганнай, але калі на гэта ёсць грошы і спецыяліст вельмі каштоўны — акей). Але прадукты робяць не адзіночкі, а каманды — і камунікацыя ў камандзе з’яўляецца адным з ключавых фактараў поспеху распрацоўкі. Наяўнасць у камандзе токсіка гэтую камунікацыю вельмі сур’ёзна пагаршае, што, безумоўна, зніжае вынікі ўсёй каманды.

Што, калі той, каго ў камандзе клічуць «токсікам», — на самай справе «карысны назола», патрабавальны да сябе і да іншых?

Дапусцім, так і ёсць: уске вакол гультаі, а ён — малайчына, выкладваецца на 102%, не дае расслабіцца нікому (пры гэтым не токсік, паважае калегаў, адказвае нармальна на пытанні). Але тады ў калектыву да яго будзе пытанне: «Табе што, больш за ўсіх трэба?» Гэта цалкам рэальны кейс: калі хтосьці хоча працаваць сур’ёзна, але трапіў не ў тое месца. У такім выпадку таксічным можа выявіцца калектыў — калегі, якія прывыклі адседжвацца, пачнуць выжываць яго, каб не павялічваць сабе нагрузкі. І так, у ход можа пайсці любая хлусня, у тым ліку, што ён — «токсік».

А вось іншая сітуацыя: чалавек добры як спецыяліст, але не ўмее данесці сваю думку так, каб не закрануць каго-небудзь з калег, — магчыма, ён выйшаў з іншага асяроддзя і не ведае/не разумее, што яго рэзкія фармулёўкі могуць кагосьці пакрыўдзіць. У такім выпадку з ім варта пагаварыць, данесці да яго: «У нас так не прынята». 

Калі я сам быў маладым і дурным, мяне цалкам у некаторых сітуацыях можна было назваць словам «токсік», бо я мог занадта рэзка выказацца, не ўлічыць нейкіх дэталяў або эмоцый суразмоўцы. У некаторых кампаніях на гэта акуратна звярталі маю ўвагу, б супрацоўнікам я заўсёды быў каштоўным. Да кожнага чалавека можна знайсці падыход.

Некаторыя нашыя чытачы лічаць, што словы «токсік» і «таксічнасць» выкарыстоўваюцца як «таўро, пад якое лёгка пісаць любыя рэчы».

— Хутчэй за ўсё, так, выкарыстоўваюцца.

І я сам не раз сустракаўся з тым, што адпаведнасць т. зв. cultural fit выкарыстоўвалася на шкоду бізнэсу. На некаторых інтэрв’ю, у якіх я ўдзельнічаў у якасці інтэрв’юера, добрых з тэхнічнага пункта гледжання людзей не прапускалі ў кампанію проста таму, што яны не адпавядалі нейкім невыяўленым і вельмі суб’ектыўным крытэрам рэкруцёра і менеджара.

У адной з кампаній склалася парадаксальная сітуацыя: людзей не прапускалі ў кампанію, таму што яны былі «недастаткова камунікабельнымі». Хоць у той жа самы час у кампаніі ўжо працавалі значна больш закрытыя і замкнёныя людзі. Прытым нармальна працавалі, рабілі агульную справу, вялі распрацоўку — усё было выдатна. Але калі б такія ж людзі прыйшлі ў той момант у кампанію, — іх бы не ўзялі «праз праблемы з камунікацыяй».

Ці сустракаліся вы самі з «токсікамі» на гутарках? 

Я сустракаўся з пагардлівымі людзьмі, стваралася ўражанне, што яны прыходзілі на сумоўе нават не за оферамі або дзеля таго, каб увайсці ў кампанію, а каб даказаць інтэрв’юеру (а ў выніку сабе), што яны — круцейшыя. І так, інтэрв’юераў такіх за маё жыццё таксама хапала.

Аляксей Нямковіч: «Карыснага назолу» ад «токсіка» адрознівае форма данясення сваёй «праўды»

Хэдхантар і кар’ерны кансультант, кіраўнік партнёр ARTITERA Аляксей Нямковіч таксама падзяліўся з devby.io сваім меркаваннем, як адрозніць карыснага «назолу» ад «токсіка». 

— Дысфункцыянальныя (або таксічныя) паводзіны супрацоўнікаў «выносяць» іх калег з прадуктыўнай працы, шкодзяць арганізацыйнай культуры і эфектыўнасці ўсёй каманды. 

Таксічнасць прымае самыя мудрагелістыя формы, ад маніпулятыўнага негатывізму да відавочнай дыскрэдытацыі калег і ўхілення ад прафесійнай адказнасці за вынік уласнай працы. Гэтыя паводзінныя мадэлі ствараюць забойную рабочую атмасферу і прыводзяць да зніжэння маральнага клімату ў калектыве, што мае назапашвальны эфект і прыносіць праблемы.

Самыя распаўсюджаныя віды таксічнасці:

  1. Харасмент і дыскрымінацыя: выяўляецца ў выглядзе з’едлівых заўваг з нагоды полу, узросту, расы, сэксуальнай арыентацыі або рэлігійных перакананняў; брыдкіх жартаў або адкрытага сэксуальнага падтэксту ў зносінах. Такія паводзіны стварае варожае і таксічнае рабочае асяроддзе, якое прыводзіць да хуткага эмацыйнага знясілення і прафесійнага выгарання аб’екта цкавання. І дэструктар выбірае новую ахвяру.
  2. Маніпуляцыі і інтрыгі: таксічныя супрацоўнікі выкарыстоўваюць маніпуляцыі, каб прасунуць свае інтарэсы ў барацьбе за рэсурсы або абараніць «свой акоп» на шкоду іншым. Яны распаўсюджваюць чуткі, плодзяць інтрыгі, хлусяць або ўтойваюць праўду, каб дыскрэдытаваць калег перад кіраўніцтвам. Звычайна гэта класічныя сацыяпаты, якія навучыліся мімікрыраваць пад асяроддзе і дэманстраваць сацыяльна ўхваляныя паводзіны на сумоўях або ў камунікацыях з кіраўніцтвам.
  3. Крадзеж ідэй: у асяроддзі, дзе паміж таленавітымі людзьмі канкурэнцыя за прасоўванне і прызнанне высокая, таксічныя супрацоўнікі лёгка прысвойваюць чужыя ідэі і вынікі працы, выдаючы іх за свае ўласныя. Гэта заўсёды падрывае давер у камандзе і правакуе канфлікты. На жаль, «хто першы ўстаў, таго і тапкі» — гэта дэвіз падобных людзей.
  4. Сабатаж: таксічныя людзі наўмысна сабатуюць праекты, каб падарваць поспехі калег або ўсёй каманды. Гэта ўключае ў сябе ігнараванне важных лістоў і меседжаў, наўмыснае зацягванне тэрмінаў выканання работ або прадастаўленне недакладнай інфармацыі аб тэрмінах і стадыі праектаў, якія рэалізуюцца. Многія лічаць, што сабатаж —  гэта выдатны інструмент для ціску на кіраўніцтва, і выкарыстоўваюць яго для атрымання дадатковых рэсурсаў, не лічачыся са спадарожнымі стратамі.
  5. Агрэсіўныя паводзіны: таксічныя супрацоўнікі праяўляюць агрэсію, крычаць на калег і пастаянна парушаюць асабістыя межы, лёгка ўрываючыся ў вашае прыватнае жыццё. Такія паводзіны ствараюць атмасферу страху і напружання, што прыводзіць да зніжэння прадукцыйнасці ўсёй каманды. Нам здаецца, што гэтыя людзі папросту недастаткова выхаваныя і пазбаўленыя пачуцця такту, аднак часцей гэта ўсвядомленая стратэгія, каб прадэманстраваць уласную дамінантнасць у барацьбе за рэсурсы кампаніі.

У той жа час, прысутнасць у калектыве своеасаблівага індывіда з нестандартным мысленнем і спецыфічным светапоглядам можа быць карысным. Гэты «канструктыўны дысідэнт» часта выступае ў ролі адваката д’ябла, задае складаныя, нязручныя пытанні, звяртае ўвагу на невідавочныя для іншых рэчы і змушае кіраўніцтва і каманду ў цэлым да больш глыбокага аналізу праблем. 

Такія людзі стымулююць інавацыі і дапамагаюць прадухіліць «групавое мысленне», у якім каманда лёгка прыходзіць да адзінага меркавання. Бо часцяком кіраўнікі або нефармальныя лідары навязваюць уласнае меркаванне ўсёй камандзе, без дастатковага крытычнага асэнсавання вырашаных задач. Часам гэта пагібельна і прыводзіць да стагнацыі.

Для таго каб адрозніць «карыснага назолу» ад таксічнага супрацоўніка, важна звяртаць увагу на форму данясення сваёй «праўды»:

Канструктыўнасць зваротнай сувязі. Карысны «назола» генеруе канструктыўную крытыку і імкнецца да паляпшэння працы каманды, заўсёды прапаноўваючы альтэрнатыўныя варыянты дзеянняў, у той час як таксічны супрацоўнік схільны да бессэнсоўнай і бязлітаснай крытыцы без імкнення да пошуку рашэнняў.

Матывацыйныя дэтэрмінанты. Карысны «назола» дзейнічае з жадання дапамагчы камандзе дасягнуць лепшых вынікаў, тады як таксічны чалавек матываваны выключна асабістымі інтарэсамі, зайздрасцю, спробай самасцвярджэння або імкненнем падарваць аўтарытэт калег.

Уплыў на карпаратыўны дух. Хоць крытычна настроены супрацоўнік можа часова выклікаць дыскамфорт, яго ўздзеянне не носіць хранічна негатыўнага характару і не прыгнятае маральнай атмасферы калектыву. Таксічны супрацоўнік пастаянна падрывае існыя рэгламенты, працэдуры, упэўненасць і супрацоўніцтва ўнутры групы.

Адкрытасць да зваротнай сувязі. Карысны «назола» гатовы прыняць зваротную сувязь і працаваць над сабой, а таксічны супрацоўнік звычайна ігнаруе крытыку ў свой адрас і не імкнецца да самаўдасканалення. Таксічны супрацоўнік ігнаруе любыя спробы зваротнай сувязі і не праяўляе цікавасці да самаўдасканалення.

Здольнасць да супрацоўніцтва. Нават будучы крытычным і ўедлівым, карысны супрацоўнік здольны да эфектыўнага супрацоўніцтва і падтрымкі калег. Таксічны — ізалюецца ад прыняцця або прынятых рашэнняў і/або правакуе канфлікты. Самы любімы спосаб — непрыманне праз пасіўную агрэсію, у якой таксічны супрацоўнік яшчэ і выбірае для сябе ролю вечнай ахвяры.

Некалькі дзесяцігоддзяў нас вучаць узаемадзейнічаць з такімі супрацоўнікамі, ствараючы ўмовы для прадукцыйнай працы ў любым асяроддзі. Адная з задач сістэмнага менеджменту — навучыцца ствараць устойлівы баланс паміж рознымі якасцямі і ролямі людзей, у тым ліку праз уменне кіраваць непазбежным канфліктам. Таму важна знаходзіць людзей, якія стануць карысным «назолам» і дапамогуць камандзе рухацца наперад. І, не менш важна своечасова распазнаваць і купіраваць таксічных дэструктараў, не дазваляючы ім разбураць зладжаную працу каманды, — кажа Аляксей.


Чытачы, што для вас dev.by? 

  • Месца сустрэчы з супольнасцю? 
  • Крыніца навін пра ІТ Беларусі?
  • Крыніца любых навін?
  • Месца для дыскусіі?
  • Пляцоўка для адукацыі і абмену досведам?
  • Кар’ерны кансультант?
  • Можа, усё пералічанае вышэй? А, можа, нешта іншае?

А хто вы для dev.by?

Супольнасць людзей, якая развівае беларускую ІТ-індустрыю і робіць яе поўнай таленавітых праектаў, цікавых дыскусій і навін. Мы тут, каб трымаць вас у курсе гэтых прыгод. dev.by для нас — гэта ўсё пералічанае вышэй, а яшчэ — праца. Падтрымайце нашую рэдакцыю!

Вашыя грошы даюць нам магчымасць выплачваць заробкі журналістам, менеджарам, распрацоўшчыкам, прадзюсарам — усім тым, хто робіць dev.by. Засапорціць нас можна: 

— Праз Patreon

— Праз Donorbox (калі вы ў Беларусі)

— Крыптой, тут гаманцы

Дзякуй!

Токсичный менеджмент: как распознать, обезвредить и вынести ценный опыт
По теме
Токсичный менеджмент: как распознать, обезвредить и вынести ценный опыт
Вымыла інавацыі, затое і «токсікаў» таксама? Што з ІТ-кадрамі ў Беларусі і свеце
Па тэме
Вымыла інавацыі, затое і «токсікаў» таксама? Што з ІТ-кадрамі ў Беларусі і свеце
«Команда сначала должна подраться». Трудности разработчиков, которые подались в тимлиды
По теме
«Команда сначала должна подраться». Трудности разработчиков, которые подались в тимлиды

Читать на dev.by