«Я забавіўся». Айцішнікі (не) хочуць з'язджаць з Літвы

Пагутарылі з беларусамі, якія «завязлі» ў Літве: яны вельмі хацелі б памяняць лакацыю, але пакуль не выходзіць.

У процівагу — тыя, каго ў Літве ўсё задавальняе, ва ўсялякім разе пакуль што.

113 каментарыяў
Змест

У Літве на сёння зарэгістравана 850 актыўных кампаній з беларускім капіталам, якія вядуць дзейнасць. З іх 656 (77%) — таварыствы з абмежаванай адказнасцю. Каля 80% зарэгістравана ў Вільні. 

У топ-10 ІТ-кампаній з беларускімі каранямі ў Літве ўваходзяць EPAM Sistemos, Wargaming Vilnius, Melsoft LT, Flo Health LTU, Vention Development, Gurtam, Coherent Solutions, Softeq Development, Godel Technologies Europe, Belka Games. 

Найбуйнейшымі падаткаплацельшчыкамі ў літоўскім ІТ былі і застаюцца EPAM і Wargaming — летась яны прынеслі бюджэту Літвы амаль 28 мільёнаў еўра падаткаў, гэта ў 2,5 разы больш, ніж годам раней. 

У топ-50 падаткаплацельшчыкаў у сектары «інфармацыя і сувязь» таксама Andersen (5,5 мільёнаў еўра выплачаных падаткаў), Gurtam (3,6 мільёна еўра), Melsoft (3,1 мільёна еўра, Flo (2,26 мільёна еўра). 

І тым не менш агульная колькасць беларускіх кампаній у Літве зменшылася за апошні год больш як на траціну — ад 1345 да 850. Таксама нязначна скараціліся сукупныя даходы бізнэсу. 

Супрацоўнікі кампаній сутыкаюцца з праблемамі з легалізацыяй у Літве. На працягу года прыходзілі паведамленні аб ануляванні ДНЖ беларусам, у тым ліку айцішнікам. Улетку на выхад папрасілі тых, хто служыў па кантракце ў войску РБ, быў звязаны з ваенпрамам або сілавымі структурамі (тут яшчэ + некалькі кейсаў). Пазней улады Літвы ўбачылі пагрозу ў спецыялістах, якія раней працавалі ў атамнай галіне. 

Улетку прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа прапаноўваў ужыць абмежавальныя меры да грамадзян Беларусі, у прыватнасці — абмежаваць прыём заяў на літоўскае грамадзянства, змяніць парадак выдачы ДНЖ для іх і забараніць куплю нерухомасці ў Літве. Дэпутаты Сейма не падтрымалі прапановы, аднак прыхільнікі такога рашэння на розных узроўнях працягваюць «перацягваць коўдру».

А што экспаты? Выглядае, па-ранейшаму задаволеныя — у асноўным тыя, хто добраахвотна адмовіўся ад доўгатэрміновага планавання за непатрэбнасцю.

Літва не задавальняе

Мала вакансій, не падабаецца антыбеларуская рыторыка асобных палітыкаў

Андрэй, бэкэнд-распрацоўшчык, піша на Java, 35 гадоў, пераехаў з дзяўчынай:

— Пераехаў у Літву з EPAM пасля пачатку поўнамаштабнай вайны. Цяпер хачу з’ехаць, бо тут працы амаль няма (хіба што ў кампаній з беларускімі каранямі — EPAM, Godel).

Але рэлакавацца ў Польшчу, на жаль, не атрымліваецца:

  • польскія кампаніі не хочуць разглядаць кандыдатаў, не легалізаваных у Польшчы, адфільтроўваюць іх яшчэ на этапе падачы рэзюмэ;
  • з легалізацыяй дапамагаць наогул ніхто не хоча;
  • а ўнутры EPAM рэлакейты скасаваныя на нявызначаны тэрмін (тэарэтычна можна, але патрэбны асабісты апруў ад топ-менеджара).

У выніку я забавіўся. Пакуль рыхтуюся да пераезду ў Заходнюю Еўропу — падцягваю мовы і алгарытмы на літкодзе, што, вядома, зойме месяцы.

Што яшчэ не падабаецца ў Літве — антыбеларуская рыторыка асобных уплывовых палітыкаў: прэзідэнта, міністра ўнутраных спраў, спецслужбаў. Але таксама я думаю, што, на жаль, прыбалтыйскія краіны рызыкуюць стаць мішэнню для Расіі ў выпадку магчымага развіцця канфлікту.

«Літоўскай лакацыі ніхто не выбірае, вось і атрымліваецца, што сяджу ў «адзіноце».

Мікалай, senior software developer, 26 гадоў, пераехаў адзін:

— Заказчык запатрабаваў, каб распрацоўшчыкі на праекце пакінулі Беларусь. Нейкі час я жыў у Грузіі. А ў 2022 годзе пераехаў у Літву, бо тут можна было хутка легалізавацца. 

Пасля Грузіі гэта быў глыток свежага паветра. Аднак праз час я пачаў заўважаць, што Літва зусім не тая лакацыя, дзе я б хацеў жыць. Аднак па кантракце я меўся адпрацаваць тут год. 

Што не так у Літве: 

  • «шалёныя» падаткі ў 40%, што шмат насамрэч, а разумення, куды ідуць гэтыя падаткі ў краіне, няма. Калі ёсць прыклад Польшчы з B2B і падаткам у 12%, то 40% здаюцца крадзяжом;
  • дарогі тут не самыя лепшыя, многія будынкі маюць патрэбу ў рамонце. У Вільні асабліва адчуваецца, што гораду цяжка даецца мадэрнізацыя, бо куча старых будынкаў, толькі невялікі раён шматпавярховікаў каля ракі, а ў астатнім — усё. Па адчуваннях, быццам жывеш у Брэсце, пасля таго, як доўга жыў у Мінску, але цэны пры гэтым — як у Мінску або нават вышэйшыя;
  • самалёты часцей за ўсё лётаюць з перасадкамі, і ў нейкія папулярныя лакацыі наўпрост не даляціш;
  • сітуацыя з нерухомасцю быццам бы стала прасцейшай, але цэны ніжэйшымі не сталі;
  • агіднае надвор’е, мінімум сонечных дзён;
  • бенефітаў ад дзяржавы, такіх як страхоўка, я не выкарыстоўваю, так як набываў сваю;
  • працэс рэлакацыі беларусаў працягваецца, але літоўскую лакацыю ніхто са знаёмых не выбірае, вось і атрымліваецца, што сяджу ў Літве ў «адзіноце». Сябры з’ехалі ў Польшчу. Мінулай вясной праз гэта я сышоў у дзікую дэпрэсію.

Я хачу пераехаць у Польшчу, каб знізіць адсотак падаткаў і ўз’яднацца са сваімі блізкімі. Аднак гэта няпроста. Я спрабаваў знайсці такую магчымасць унутры сваёй кампаніі, але ў польскай лакацыі шмат людзей сядзіць на бэнчы, плюс правілы рэлакацыі ў кампаніі памяняліся.

Шукаю, як працаўладкавацца ў Польшчы праз бізнэс-інкубатар або па найманні. Аднак гэта цяпер складана. Выходзіць у сярэднім па 3 сумоўі на тыдзень, а ў выніку выбіраюць не па скілах, а па суме, якую агучвае кандыдат, — чым менш, тым лепш.

У цэлым задавальняе

Unsplash

«Для такіх як я, без планаў далей ніж на год, асаблівай праблемы няма»

Ян, Python-распрацоўшчык, 29 гадоў, пераехаў адзін: 

— Нашая кампанія перавозіла супрацоўнікаў у Літву, Польшчу, Грузію, Балгарыю або Узбекістан. Я выбраў першы варыянт.

Краіна мяне ў цэлым задавальняе: у Вільні суб’ектыўна камфортней, ніж у іншых гарадах, куды мая кампанія рэлакавала калег — тут летам не занадта горача, шмат зеляніны ў горадзе і вакол яго, і балцкая ментальнасць мне ў цэлым падабаецца.

Але я разумею, чаму хочуць пераехаць адсюль іншыя — тыя, хто не збіраецца вяртацца ў Беларусь і ўкараняецца ў новай краіне: актыўна вучаць мясцовую мову, аддаюць дзяцей у мясцовыя школы, купляюць нерухомасць і г. д. Некаторыя мясцовыя палітыкі ўпарта спрабуюць прасунуць жорсткія абмежаванні для беларусаў. І хоць цяпер Сейм іх адхіляе, няма ніякіх гарантый, што яны не будуць прынятыя ў будучыні. 

Да таго ж ужо цяпер ёсць выпадкі адмоў у ДНЖ па выключна фармальных прыкметах — то-бок існуе рызыка, што праз некалькі гадоў прыйдзецца зноў пераязджаць. Людзі не могуць спакойна планаваць сваю будучыню. 

Для такіх як я, без планаў далей ніж на год, — гэта невялікая праблема. Літва можа быць не апошняй краінай, дзе я буду жыць.

«Пераязджаў з мінімальнымі чаканнямі, таму і расчаравання нiякага не было, наадварот»

Вадзiм, full-stack распрацоўчшык, 28 гадоў, пераехаў з дзяўчынай: 

— Жыву ў Літве каля года. Пераязджаў з мінімальнымі чаканнямі, таму і расчаравання нiякага не было, наадварот — шмат прыемных сюрпрызаў.   

Збольшага мне ўсё ў Літве падабаецца, i я не бачу для сябе сэнсу пакуль мяняць краіну (мо толькi на вольную Беларусь). Што дакладна падабаецца:

  • адсутнасць моўнага бар’ера — на RU/ENG у Вільні можна вырашыць любыя пытанні; 
  • блізкасць да Беларусі;
  • цэны на арэнду тут адэкватнейшыя, ніж у Варшаве і буйных польскіх гарадах;
  • вялікая беларуская дыяспара ў Вільнi;
  • менталітэт літоўцаў вельмі падобны да нашага.

У мяне ёсць знаёмыя на працы і не толькі, якія расчараваліся ў Літве. Збольшага гэта звязана з завышанымі чаканнямі і тым, што ў Беларусі яны на айцішныя грошы адчувалі сябе элітай, а ў Літве сталі звычайным сярэднім класам. Але я лічу, што гэта нармальная тэма для краін ЕС, асабліва развітых. Тым больш, што на сярэдні айцішны заробак у Літве можна жыць дастаткова камфортна.

Калi я пераязджаў на новае месца, запрасіў такі офер, каб пасля падаткаў у мяне добра яшчэ заставалася грошай. Кампанія дапамагла зрабіць Blue card. Далі прэмію на пераезд. Праз 6 месяцаў я скарыстаўся літоўскай дзяржаўнай праграмай для маладых спецыялістаў — i атрымаў ад дзяржавы 3400 еўра. 

Мая Blue card дзейнічае яшчэ два гады, краiну можна змянiць праз 1,5 года. За такi тэрмiн шмат чаго ў свеце можа змяніцца.

Я думаў, што будзе, калi страчу Blue card, i вырашыў: у такiм выпадку на нейкі час паеду ў бязвізавую краіну — напрыклад, у Грузію.


Чытачы, што для вас dev.by? 

  • Месца сустрэчы з супольнасцю? 
  • Крыніца навін пра ІТ Беларусі?
  • Крыніца любых навін?
  • Месца для дыскусіі?
  • Пляцоўка для адукацыі і абмену досведам?
  • Кар’ерны кансультант?
  • Можа, усё пералічанае вышэй? А, можа, нешта іншае?

А хто вы для dev.by?

Супольнасць людзей, якая развівае беларускую ІТ-індустрыю і робіць яе поўнай таленавітых праектаў, цікавых дыскусій і навін. Мы тут, каб трымаць вас у курсе гэтых прыгод. dev.by для нас — гэта ўсё пералічанае вышэй, а яшчэ — праца. Падтрымайце нашую рэдакцыю!

Вашыя грошы даюць нам магчымасць выплачваць заробкі журналістам, менеджарам, распрацоўшчыкам, прадзюсарам — усім тым, хто робіць dev.by. Засапорціць нас можна: 

— Праз Patreon

— Праз Donorbox (калі вы ў Беларусі)

— Крыптой, тут гаманцы

Дзякуй!

Каго шукаюць і якую зарплату прапануюць EPAM, Wargaming і іншыя ў Літве на пачатку 2024
Па тэме
Каго шукаюць і якую зарплату прапануюць EPAM, Wargaming і іншыя ў Літве на пачатку 2024
«Без панікі!» Што думаюць айцішнікі ў Літве пра магчымыя забароны для беларусаў
Па тэме
«Без панікі!» Што думаюць айцішнікі ў Літве пра магчымыя забароны для беларусаў
«Часам літоўцы дзівяцца нашаму выбару». Экспаты пра жыццё ў Літве
Па тэме
«Часам літоўцы дзівяцца нашаму выбару». Экспаты пра жыццё ў Літве
+4 кейсы пра тое, як беларусам анулявалі дазволы на жыхарства ў Літве
Па тэме
+4 кейсы пра тое, як беларусам анулявалі дазволы на жыхарства ў Літве

Читать на dev.by