«Сумовілі, як быццам я з вуліцы». Нашто айцішнікі вяртаюцца ў кампаніі, адкуль сышлі

CEO падняў у лінкедзіне тэму вяртання «блудных» супрацоўнікаў і задаў амаль гамлетаўскае пытанне: «Браць ці не браць?» devby.io пагутарыў з чытачамі, што сыходзілі са сваіх кампаній, а потым зноўку ўладкоўваліся туды ж, — як так выйшла, і ці быў прыём цёплым. 

9 каментарыяў

«Здраднікамі не лічым»: што думае супольнасць

Топікстартар назваў экс-супрацоўнікаў «вяртанцамі» (дзякуй, што не «беглымі») і сфармуляваў сваё пытанне так: маўляў, сышлі яны ў пошуках «лепшай працы, а вярнуліся са словамі: „Не меў рацыі!“» — ці трэба такіх браць? 

У цэлым супольнасць лічыць, што сыходзіць — нармальна: свет паглядзець, сябе паказаць, новаму навучыцца. І вяртацца — таксама нармальна: «у вечнай адданасці кампаніі ніхто не кляўся ж», а лепшае пазнаецца ў параўнанні. 

СЕО і менеджары таксама згаджаюцца: «калі рассталіся па-добраму», то няма чаго супрацоўнікаў, якія вярнуліся, у «здраднікі» запісваць. Наадварот, «такія працаўнікі — самыя лаяльныя» — трэба браць. А яшчэ супрацоўнік, што папрацаваў на канкурэнта, можа быць вельмі карысным.

Аднак ёсць тыя, хто не згодны: яшчэ чаго, няма такому супрацоўніку прабачэння — «ён кінуў кампанію, здрадзіў клану». «Сышоў раз — сыдзе і другі», «раз быў з чымсьці не згодны, то не змірыцца — і будзе калектыў расхістваць».

devby.io вырашыў сабраць сваю выбарку — і спытаў у чытачоў, што сыходзілі са сваіх кампаній, а потым зноўку ўладкоўваліся туды ж, як так выйшла і ці быў прыём цёплым. 

Хочаш увайсці ў ІТ? Сачы за актуальнымі вакансіямі ад ІТ-кампаній на jobs.dev.by

«Гэта была памылка: лепей даўжэй шукаць працу, але знайсці «тую самую“»

— Працавала ў Itexus вярстальшчыцай — амаль тры гады. У кампаніі не было тады франтэнд-распрацоўшчыкаў, усе астатнія займаліся бэкэнд- і мабільнай распрацоўкай.

Ад першага дня я працавала самастойна — ментара не мела, ніхто не дапамагаў. Вырасці ў франтэнд было нельга, як і вырасці па заробку: прыйшла на $500, калі сыходзіла — атрымлівала $700. 

Сышоўшы, я стала франтэнд-распрацоўшчыцай: праграмавала, працавала з React.

А праз 2 гады, страціўшы працу, папрасілася ў Itexus назад. Не ведаю, чаму — пэўна, хацела хутчэй знайсці працу ў няпросты час.

Мяне запрасілі на сумоўе. Яго праводзілі 2 чалавекі — вярстальшчыцы, што вярстаюць кампаненты пад Angular. Сумовілі даволі жорстка, задавалі няпростыя пытанні — а ў выніку праз пару дзён я даведалася, што сумоўя не прайшла.

Фідбэк: я, маўляў, «недастаткова моцная» — ці штосьці ў гэтым родзе.

Мне было смешна: на працягу трох гадоў ніхто не цікавіўся, чым я там займаюся, не вучыў мяне, а тут раптам дзве старэйшыя вярстальшчыцы зрабілі з мяне «джуна». Яны не «помсцілі» мне — наадварот, сумовілі, як быццам я з вуліцы і ў кампаніі не працавала ні дня. І гэта няправільна, мне здаецца.

Калі шчыра, я лічу, мне проста не трэба было туды ісці — гэта была мая памылка: так, лепей даўжэй шукаць працу, але знайсці «тую самую», ніж чапляцца за першае-лепшае месца.

«Калі што — вяртайся», — гэтая фраза засела ў мяне ў галаве»

— Прапрацаваў у прадуктовай кампаніі 4 гады. Сышоў у студзені 2022 года, каб паспрабаваць штосьці новае — напрыклад, больш папрацаваць з бэкэндам. Але спачатку хацеў адпачыць месяц-другі. 

У выніку працу я шукаў больш за паўгода. Тры месяцы папрацаваў на геймблінг — не спадабалася, сышоў пад новы год. Месяц без працы — і я вярнуўся назад у кампанію, дзе пачынаў. 

Сышоў я адтуль мірна — кантракта не зрываў, пра сыход папярэдзіў за паўгода — і ў якасці наказу атрымаў: «Ну калі што — вяртайся». Гэтая фраза засела ў мяне ў галаве — і калі за студзень не з’явілася ніводнага варыянту, які мне пасаваў бы, я вырашыў: а і сапраўды вярнуся. 

Так як у кампаніі цякучка невялікая, «касцяк», з якім я працаваў, амаль увесь застаўся — яны прынялі мяне добра: як быццам гэтага года і не было. Бо я знаходзіўся ў такой сітуацыі, калі праца была вельмі патрэбная, гаворкі пра паляпшэнне ўмоў не было — вярнуўся на ранейшыя.

«Досвед атрымаў — магу рухацца далей. Нічога лепшага па прапановах не было»

Сышоў з кампаніі, бо ў іншай прапанавалі магчымасць кар’ернага росту, дый па заробку на $800 больш плаціць абяцалі, плюс бонусы — ад $1000 да $1200, разам каля $2000 зверху (а на старым месцы прапаноўвалі максімум +$500). Але я вярнуўся праз 3 або 4 месяцы.

Яшчэ на сумоўі я адчуў лёгкі ўкол — не спрацуемся з цімлідам у новай кампаніі. А праз тыдзень працы пераканаўся ў гэтым канчаткова. Ён ледзь не кожныя 1-2 гадзіны ўдакладняў: «што там па задачах»; пытаўся, чаму я раблю Pull Request раніцай, а не ўвечары — выказаў здагадку, што, можа быць, я пішу код «не сам, а хтосьці іншы робіць гэта вечарамі» за мяне. 

Мы рабілі апісанне кожнай задачы ў Jira, мне пастаянна пісалі людзі з іншых каманд: дзякуй за падрабязнае апісанне. А цімлід толькі лаяўся: незразумела апісана! 

Праз 1,5 месяца працы эйчар паведаміла, што ў мяне добрыя фідбэкі ад каманды і ад CTO, адзін толькі цімлід быў мною незадаволены. Чаму я не сышоў адразу, калі зразумеў, што не змагу працаваць з гэтым чалавекам, — мне было цікава: новы бізнэс-дамен, дый каманда моцная.

Але потым я вырашыў: досвед атрымаў — магу рухацца далей. Нічога лепшага па прапановах не было, таму вярнуўся ў старую кампанію. Як мы рассталіся на пазітыўнай ноце, то праблем з вяртаннем не ўзнікла. Адпрацаваў яшчэ год на ранейшым месцы — потым сышоў назаўсёды.

«Упісваўся ў праекты без будучыні, і прасцей за ўсё было вярнуцца назад»

Двойчы вяртаўся ў кампаніі, у якіх працаваў раней — па разу ў кожную. Нічога асаблівага: я ўпісваўся ў праекты без будучыні, і прасцей за ўсё было вярнуцца назад. Пішаш менеджару, дамаўляешся, пазначаеш дату выхаду — усё. 

Як так атрымлівалася, растлумачу: на сумоўі табе часта малююць адную карціну — дзе ўсе чыстыя, ахайныя і свежыя, — а атрымліваеш акаўнты, і выяўляецца, што паўгода працуе каманда без дакументацыі.

А менеджар бавіць паўдня на сустрэчах з кліентамі — а потым адную прапанову дае як самары. І шмат яшчэ чаго.

Абодва праекты, з якіх я вяртаўся на старое месца, закрыліся, калі каманды патрацілі пару інвестарскіх мільёнаў. А абодва гэтыя выпадкі моцна павысілі маю лаяльнасць праектам і камандам, з якімі я ўжо працаваў. 

«Усё было лямпава. На інтэрв’ю расказваў, чаму новаму навучыўся»

— Звальняўся калісьці з кампаніі, калі рэлакейціўся «па сямейных абставінах». Але сышоў крыху пазней за планаванае, бо папрасілі затрымацца, пакуль шукаюць замену — то-бок разышліся па-сяброўску. 

Два гады я жыў у іншай краіне — а потым вярнуўся назад у Беларусь. І так было лянота шукаць штосьці новае, калі ўжо і кампанію знаеш, і людзі ўсё тыя ж там працуюць. Да майго вяртання паставіліся добра, пытанняў і «прад’яў» не было — усё вельмі лямпава. Нават на інтэрв’ю я большаю часткаю расказваў, чым займаўся 2 гады і чаму новаму навучыўся.

Па заробку, вядома ж, папрасіў больш, бо досведу ў мяне таксама пабольш стала. Ды і ў цэлым у 2021 годзе дыяпазоны выраслі, здаецца, адносна 2019 года — так што нават пытанняў не задавалі адносна чаканняў.


Вы дачыталі гэты матэрыял да канца. Калі вы тут апынуліся, значыць, хутчэй за ўсё, вас штосьці зачапіла. Выдаткуйце яшчэ 30 секунд, калі ласка.  

Беларускае ІТ нельга ўявіць без dev.by.

Мы ўжо амаль 15 гадоў робім важныя і сумленныя матэрыялы, дапамагаем кожнаму з вас дзяліцца прафесійным досведам і думкамі, робім беларускую версію. Мы радаваліся поспехам індустрыі разам, звярталі ўвагу на несправядлівасць, даем слова кожнаму.

Сёння рэдакцыя dev.by — каманда аддаленых беларусаў з 10 чалавек. Яшчэ ў нас ёсць менеджмент, бэкофіс і, вядома, тэхнічныя спецыялісты. У нас 600+ тысяч чытачоў штомесяц і дзясяткі тысяч у тэлеграм-каналах і сацыяльных сетках. Мы выпускаем 300+ навін і вялікіх тэкстаў, накшталт таго, што вы толькі што чыталі. Усе беларускія медыя цытуюць dev.by.

Ва ўсіх цёмныя часы. І мы ідзем праз ідэальны шторм разам з кам’юніці. Нашыя рэкламныя даходы, якія былі крыніцай фінансавання рэдакцыі, скараціліся ў некалькі разоў.

Пры гэтым мы ўпэўненыя, што тым больш важна працягваць заставацца месцам сустрэчы беларускай ІТ-супольнасці — усіх, хто застаецца і з’язджае.

Вы можаце нам дапамагчы. Пры канцы мінулага года мы запусцілі падпісную кампанію — пачалі збіраць данаты ад чытачоў. Мы хочам у 2023 сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў. Цяпер іх 170.

Дапамагчы нам можна праз Patreon. 

З Беларусі — праз Donorbox.

І яшчэ крыптой, тут гаманцы.

Цяпер сярэдні чэк — каля 10$, але мы радыя любой суме. Штомесячныя плацяжы робяць нашыя планы больш прадказальнымі, але вы самі глядзіце, як вам зручна :)

Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.

Ці нармальна, што супрацоўнікі «ходзяць па сумоўях»? Дыскусія ў лінкедзіне
Па тэме
Ці нармальна, што супрацоўнікі «ходзяць па сумоўях»? Дыскусія ў лінкедзіне

Читать на dev.by