«Абмяняю файлы на працоўную». Як айцішнікі шантажуюць, каб звольніцца (не рабіце так!)
Warning! Падобныя дзеянні супрацоўнікаў могуць утрымліваць склад крымінальнага злачынства (тады як наймальнік, якога яны хацелі пакараць, у найгоршым выпадку прэтэндаваў на адміністрацыйнае). Не рабіце так!
Змест
Спампавала файлы, каб аддалі працоўную і заробак
— Гэта было на пачатку нулявых. Я толькі выпусцілася з ВНУ, збіралася месяц-другі адпачыць, а потым шукаць працу. І тут тэлефануе знаёмая: ейны дырэктар адкрывае новую кантору — і набірае людзей.
Сумоўе з дырэктарам было ў «Журавінцы». Ён мяне амаль ні пра што не пытаўся: сказаў, што ўжо схадзіў у дэканат майго факультэта — і там яму пра мяне «ўсё расказалі», я яму пасую. Потым распісаў, якая крутая будзе ў яго кампанія, якія партнёры — «у ЗША ў камандзіроўку паляціш».
Акей, чаму б не паспрабаваць — я працаўладкавалася ў гэтую кантору (і за сабой прывяла яшчэ аднаго чалавека). Працавалася там нармальна, калі б не адное «але»: дырэктар меў вельмі раўнівую жонку, якая прыходзіла і ўчыняла скандалы і сцэны ў офісе. А аднаго разу запусціла ў маю калегу шкляным слоікам — той праляцеў над вухам дзяўчыны і разбіўся аб сцяну.
Дырэктар толькі мыкаў: «Ну-у-у, а што я магу зрабі-і-іць?» Выявілася, паводле дакументаў жонка была заснавальніцай той самай канторы, і ён баяўся слова лішняе раўнівіцы сказаць.
Месяц у канторы скончыўся — і мы з калегай вырашылі, што не хочам надалей працаваць у такой нервовай абстаноўцы. Сказалі дырэктару, што ён і ягоная жонка не прайшлі выпрабавальны тэрмін (жартую, проста напісалі заяву: «прашу звольніць ад…» — і пазначылі дату). Мы чакалі, што нас папросяць адпрацаваць яшчэ нейкі тэрмін, які спатрэбіцца для пошуку новых супрацоўніц, — і адпусцяць. Але ж дзе там.
Дырэктар стаў абурацца: ён нас, зялёных, на працу ўзяў — і не адпусціць. А вось ягоная жонка перадала праз калег, што сама нас звольніць — па артыкуле. І заробку не выплаціць.
Я скапіявала ўсе файлы з камп’ютара, за якім працавала, на дыскі — і сказала, што аддам іх, калі нам выплацяць заробленыя грошы і вернуць працоўныя кніжкі. Праз некалькі дзён адбыўся абмен.
Кантора прапрацавала яшчэ колькі месяцаў — і закрылася, і ўвесь час яе існавання там была цякучка.
Спампавала файлы, каб далі размеркавацца ў іншую кампанію
1,5 года таму працавала па размеркаванні ў невялікай кампаніі — менш за 10 чалавек у штаце. Яна займалася продажамі абсталявання, а я была там менеджаркай.
Працаваць было некамфортна:
- начальнік да хвіліны адсочваў, ці ўсе на працоўным месцы. Адпрасіцца сысці крыху раней — толькі з суперуважнай прычыны;
- не раз бывала: каб перадаць дакументы заказчыку на іншы канец горада, трэба было ў любое надвор’е ехаць да яго самой — і за свой кошт. Хочаш зэканоміць — едзь на тралейбусе, казаў начальнік;
- а яшчэ ён мог патэлефанаваць у непрацоўны час, і ты быў абавязаны зняць трубку. Не зняў — тады на наступны дзень цябе чакае «размова» пра тое, што ягоныя званкі няможна ігнараваць, бо ён — бос;
- а апафеозам сталася ўсталяванне камер сачэння ў офісе — нібыта, каб у нас нічога не знікала. Калі начальнік з’язджаў у камандзіроўкі, ён забаўляўся тым, што сачыў, чым мы там занятыя. Час ад часу з дынамікаў даносіўся ягоны голас: «Як маемся? Працуем?»
У выніку я вырашыла пераразмеркавацца на іншае месца. Калі сказала начальніку, што звальняюся, ён змяніўся ў твары. Буркнуў: неадкладна здай флэшку і ключы ад офіса і заўтра нават не думай з’яўляцца ў офісе — атрымаеш выходны за свой кошт. Хоць раней я сказала, што гатовая завяршыць усе праекты і падрыхтаваць новага чалавека.
Назаўтра ён напісаў, што наступнага дня мяне зноў у офісе «не чакаюць», і паслязаўтра — і так штодня. Наеўшыся «сняданкамі», я спыталася, што адбываецца. І ў адказ атрымала, што я здрадніца і не заслугоўваю даверу, але ён «не ведае, што са мной рабіць». А наогул я «абавязаная адпрацаваць 2 гады» ў яго — і ў мяне няма права перадумаць.
Паколькі я не абнадзейвала сябе думкай, што развітанне будзе адэкватным, то за дзень да размовы пра звальненне я спампавала ўсе працоўныя файлы на сваю асабістую флэшку, а ў дзень, калі са мной так рэзка развіталіся, зайшла на пошту і як звычайна забрала па даверанасці лісты. Сярод іх, дарэчы, апынулася і накладная пра адгрузку.
Аднаго дня я прыйшла ў офіс і паведаміла начальніку, што вярну ўсе файлы, калі мы разыдземся спакойна і без нерваў. У выніку ён усё роўна пазбавіў мяне прэміі, не пералічыў адпускных і не выплаціў працэнта ад прададзенага абсталявання, пра які дамаўляліся раней.
У КК як мінімум тры артыкулы для такіх кейсаў. «Калі наймальнік паводзіць сябе няслушна, трэба звяртацца ў суд»
devby.io спытаўся ў юрыста, якія наступствы.
— Вядома, працаўнікі маюць «сваю праўду», але ў большасці выпадкаў — так, як яны апісаныя чытачамі, — працаўнікі перавысілі дапушчальныя заканадаўствам межы і паспрабавалі вырашыць свае пытанні неправавымі сродкамі.
На жаль, гэта тоіць у сабе небяспеку. Неабходна разумець, што правы на ўсё, што працаўнік стварае ў рамках працоўнай дзейнасці (прэзюмуем, што заканадаўча ўсё правільна аформлена — і ў службовыя абавязкі ўваходзіць выкананне названых работ, яны афармляюцца і перадаюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам), належаць наймальніку. Гэта азначае, што працаўнік не мае права «захапіць» з сабой з работы вынікі сваёй працы або нейкія нематэрыяльныя актывы, каштоўнасці, дакументы.
У выпадку, калі наймальнік паводзіцца няслушна — не звальняе, не рэагуе на пададзеныя заявы, не выплачвае заработнай платы — трэба звяртацца ў суд.
Праблема яшчэ і ў тым, што дзеянні наймальніка ў дадзеных выпадках у большасці сваёй носяць характар адміністрацыйнага правапарушэння, а ў названых дзеяннях працаўнікоў якраз вельмі часта ўтрымліваюцца прыкметы крымінальных злачынстваў.
- Так, выдаленне з сервераў «вынікаў сваёй працы», за якую нават не заплацілі заработнай платы, можа быць кваліфікаванае як знішчэнне, блакаванне або мадыфікацыя камп’ютарнай інфармацыі (арт. 350 КК РБ), за што прадугледжаная адказнасць у выглядзе пазбаўлення волі да 3 гадоў.
- У некаторых выпадках дзеянні працаўнікоў могуць кваліфікавацца як вымаганне (арт. 208 КК РБ), за што прадугледжаная адказнасць да 5 гадоў пазбаўлення волі.
- А для агульнейшых выпадкаў, калі няма знішчэння або блакавання інфармацыі, ёсць агульнейшы артыкул — арт. 384 КК РБ. Ён прадугледжвае адказнасць за прымус да выканання забавязанняў, менавіта законных, але незаконнымі спосабамі — шляхам пагрозы прымянення гвалту, знішчэння або пашкоджання маёмасці альбо распаўсюджвання звестак, здольных прычыніць істотную шкоду правам і законным інтарэсам пацярпелага або яго блізкіх. Адказнасць па дадзеным артыкуле — да 3 гадоў пазбаўлення волі. (Эксперт дадае, што тэрмін даўнасці па такіх злачынствах, а яны залічваюцца да менш цяжкіх, абмежаваны 5 гадамі ад дня здзяйснення злачынства. — Заўв. рэд.)
Ну і трэба разумець, што, як правіла, наймальнік пачынае злоўжываць якраз тады, калі мае такую магчымасць. Напрыклад, калі працоўная дамова не падпісаная або 2 асобнікі падпісанай дамовы захоўваюцца ў наймальніка, заработная плата ў дамове не адпавядае фактычнай заработнай плаце, працаўнік паводле акта атрымаў больш маёмасці, ніж фактычна і г. д.
Таму тут рэкамендацыя — ад старту правільна афармляць усе адносіны, каб у наймальніка было менш магчымасцей і жадання для злоўжывання.
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 210 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі.
У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў.
Дапамагчы нам можна праз Patreon.
І яшчэ крыптой, тут гаманцы.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by