Айцішнікі разважаюць, ці добра знаць заробкі калег

Рэкруцёрка спыталася ў лінкедзіне, як не дапусціць, каб супрацоўнікі абмяркоўвалі адно з адным заробкі, а калі ўжо абмеркавалі — то што з гэтым рабіць.

Большасць каментатараў не бачыць у гэтым праблемы — гэта як (асцярожна, уразлівы кантэнт!) «хаваць, што Дзеда Мароза не існуе».

43 каментарыя

Рэкруцёрка задала пытанне калегам. Але адгукнуліся і іншыя карыстальнікі. Яны посцяць мемы з Уілам Смітам з «Людзей у чорным» — той самы момант, калі яго герой сцірае камусьці памяць. І мяркуюць, што быць у курсе — гэта нармальна.

Спыталіся ў чытачоў, ці павінная інфармацыя пра зп унутры кампаніі быць адкрытай. Калі коратка:

  • Гэтая інфармацыя павінная быць адкрытай. — 5 галасоў.
  • Гэтая інфармацыя павінная быць закрытай. — 0 галасоў.
  • Галоўнае, кампанія мела выразную пазіцыю, ці гэтая інфармацыя адкрытая, ці закрытая. — 1 голас.
  • Заробкі адкрываць няможна, але сярэдняя зп па пазіцыях/узроўнях павінная быць у адкрытым доступе. — 2 галасы.
  • Усё не так адназначна/Не ведаю (але гэтую інфармацыю варта так ці інакш атрымаць). — 2 галасы.

Вось іх гісторыі.

«Так і думала, што мала папрасіла»

— На гэты момант я не ведаю, колькі атрымліваюць мае калегі. Пры найманні не было агучанае правіла хаваць заробак, але яно як быццам бы тайнае. 

На папярэднім месцы працы проста ў оферы было прапісана, што дзяліцца памерам заробку забаронена. Я мела добрыя зносіны з парачкай калег і дазналася іх зп — яны былі крыху вышэйшыя, чым у мяне. Але я так і думала, што мала запрасіла пры працаўладкаванні. 

Пасля звальнення даведалася, якія заробкі ў іншых калег, — і яны былі ў 3-4 разы большыя. Я радая, што мае калегі атрымалі добрыя ўмовы, і гэта заматывавала мяне перагледзець свой досвед і навыкі.

Лічу, што невыдаванне заробку шмат у чым выгаднае працадаўцу, а не супрацоўнікам.

«Калі ўсё выявілася, больш кваліфікаванаму супрацоўніку зп так і не паднялі»

— Я мяркую, у кампаніі мае быць выразная пазіцыя, ці з’яўляецца інфармацыя [пра заробкі] адкрытай, ці не. У маёй цяперашняй кампаніі гэтыя даныя пад NDA. Калі хтосьці заводзіць размову на тэму заробкаў, яму дружна нагадваюць, што нам няможна гэтага знаць.

А вось на мінулай працы ўзнікалі пытанні, бо выразнай пазіцыі кампанія не пазначыла. Пра заробкі паміж сабой размаўлялі, і праз гэта ўзнікалі пытанні.

  • Мне асабіста кіраўніцтва так і не адказала, чаму ў калегі на той жа пасадзе заробак вышэйшы. Спаслаліся на тое, што такое «наогул няможна абмяркоўваць паміж сабой», хоць у дакументах нічога з нагоды забароны на разгалашэнне не было.
  • Другі кейс быў, калі высветлілася, што менш кваліфікаваны супрацоўнік (прыпусцім, у яго быў не самы высокі ўзровень англійскай) атрымліваў заробак вышэйшы, чым у калег. 

У нейкі момант трэба было тэрмінова закрыць пазіцыю, на якую ён прэтэндаваў, вось і пайшлі насустрач кандыдату, зрабіўшы выгадны офер.

Калі гэта выявілася, больш кваліфікаванаму супрацоўніку заробак так і не паднялі.

«Ваня і Пеця атрымліваюць розныя сумы, бо ў іх розныя менеджары»

— З майго досведу, у аўтсорс-кампаніях заробак часта залежыць ад менеджара: валодаючы адным і тым жа ўзроўнем ведаў, Ваня і Пеця атрымліваюць розныя сумы, бо ў іх розныя менеджары.

Я ведаю, колькі атрымліваюць некаторыя калегі, — з нефармальных гутарак па-за межамі працоўнай прасторы. І я лічу, што інфармацыя пра заробкі мае быць адкрытай. Але відавочна, што гэта паставіць працадаўцу ў нявыгаднае становішча — ён не зможа выкарыстоўваць сабе на карысць тое, што некаторыя супрацоўнікі не ўмеюць «прадаць» сябе даражэй. 

Дарэчы, шмат у якіх кампаніях вельмі часта ёсць шаблон росту заробку, але менеджары не ацэньваюць рэальных ведаў і навыкаў супрацоўнікаў. Супрацоўнік з трыма гадамі досведу атрымлівае больш, чым той, што адпрацаваў год (але прыпусцім, гэты другі скончыў універ па спецыяльнасці, а першы — не). Але ж гэта значыць, што ён больш каштоўны як працаўнік.

«Дазнаўся зп калег — здолеў атрымаць прыбаўку 2Х»

— Цяпер я не ведаю, колькі зарабляюць калегі, але на ранейшай працы неяк даведаўся — і гэта дапамагло мне першы раз падняць заробак на x2. 

Як так выйшла: я прыйшоў на новы падпраект — а там чалавек, з якім разам вучыліся ў лабе. Ён спытаўся, колькі я атрымліваю. Я назваў лічбу. Ён у адказ сказаў, што атрымлівае ў 3 разы больш.

Я вырашыў, што мне варта папрасіць менеджара павысіць мне заробак. Але спачатку пахадзіў на сумоўі ў іншыя аўтсорс-кампаніі, усвядоміў, што і сапраўды каштую даражэй. Ісці на размову было трохі трывожна, але ў мяне на руках быў добры офер. А ў выніку мне зрабілі контр-офер.

Праз год я зноў паспрабаваў падвысіць заробак удвая, але мне сказалі: звальняйся, гэта занадта дорага для нас.  

Наогул жа я лічу, што працаўніку добра, калі ён знае заробкі калег, а вось для беларускіх аўтсорсаў гэта страты, бо яны пабудаваныя на недаплатах супрацоўнікам.

«Адчувала, што мой заробак ніжэйшы, чым у людзей, якія ўвогуле не парацца»

— Сваю гісторыю падзялю на 2 часткі: да таго, як я дазналася заробкаў калег, і пасля — калі ўжо была ў курсе.

Істотная заўвага: я вельмі добрая супрацоўніца. У нейкім сэнсе ў мяне сіндром выдатніцы: я згаджаюся на ўсе задачы, выконваю іх хутка і якасна, да мяне звяртаюцца па дапамогу, я ўдзельнічаю ў жыцці кампаніі. Калі казаць пра тэхстэк, — у чымсьці ў мяне высокі ўзровень, у чымсьці — сярэдні, але агулам карціна добрая.

Такім чынам, да: у нас на праекце ёсць пара чалавек, якія не асабліва парацца з нагоды таскаў: 

  • задача ў 5 сторы пойнтаў можа расцягвацца на 2-3 спрынты; 
  • код на рэв’ю будзе альбо дрэнным, альбо добрым, але будзе ламаць функцыянальнасць, ствараючы пару новых багаў;
  • яны не ўдзельнічаюць у рэв’ю, не пішуць тэстаў і г. д.

Я адчувала, што, хоць і выконваю ўсё ў тэрмін, пераправяраю па некалькі разоў і далей па спісе, мой заробак ніжэйшы, чым у гэтых людзей. Ці хвалявала гэта мяне? Не асабліва. Я нібыта спадзявалася, што мае старанні заўважаць і ацэняць.

Пасля я выпадкова дазналася (хоць і не хацела) заробку аднаго з супрацоўнікаў, — і я ў курсе яго ўзроўню ведаў/абавязкаў. І тут я расхвалявалася. З’явілася пачуццё несправядлівасці. Не магу сказаць, што гэта выклікала канфлікт. Але, выглядае, кампанія не асабліва жадае мне дапамагчы — неўзабаве даведаюся, ці так гэта.

Я агучыла свайму рэсурснаму менеджару, што хачу датэрмінова перагледзець зп. Оферу проста цяпер няма, але я працую над гэтым. Як мінімум каб можна было адчуваць сябе больш упэўнена або проста змяніць працу.

Я думаю, што пытанне грошай не мае быць табуяваным. Мне здаецца, профіт ад утойвання сум даходу супрацоўнікаў выгадны толькі кампаніям — яны могуць лёгка спекуляваць, пакуль ты не ведаеш, і пачынаюць рабіць штосьці, калі прыходзіш з оферам з іншай кампаніі. Але ўжо позна вырашаць праблему.

UPD: Кампанія адмовілася перагледзець заробак. Аргумент — пазачарговых пераглядаў не прадугледжана, + трэба займацца чымсьці дадаткова, удзельнічаць у актыўнасцях.

«На рэв’ю змог прывесці довады, прычым ані разу не згадаў калегу» 

— У мяне дваякае стаўленне да таго, ці варта ведаць, колькі плацяць калегам. Гэтым веданнем трэба правільна распараджацца і, больш за тое, разумець, чаму ў некампетэнтнага калегі 300К на нанасекунду, а ў цябе $1500 на месяц да вылікаў.

Уся рэч ва ўменні прадаваць сябе. І я не кажу, што можна быць тупым валёнкам, — лепш так не рабіць: усё рана ці позна выкрыецца.

Тры прыклады.

На світанку кар’еры я даведаўся, колькі зарабляе мой калега на аналагічнай пазіцыі — і гэта было адчувальна вышэй за маю зп. У прынцыпе ён сам мне пра гэта расказаў. Спачатку мяне накрыла пачуццё несправядлівасці, бо гэты калега адкрыта пляваў у столь, у той час як я вашаваў за нас дваіх. Але на рэв’ю я змог прывесці довады, чаму мне мусяць падняць заробак, прычым ані разу не згадаў калегу — і спрацавала. А калега праз пару гадоў звольніўся: у рамках адной кампаніі ўсе яго абагналі, у тым ліку ў кар’ерным плане.

Іншы выпадак быў праз пару гадоў. Тут ужо пра мой заробак даведаўся іншы калега — і даў мне штурхяля за тое, што не іду прасіць павышэння па-за чаргой. На яго думку, мой заробак быў моцна заніжаны з улікам таго, якія фічы я раблю. Калега меў рацыю: заробак паднялі амаль у 2 разы, што праўда, у парадку чаргі.

Ну і трэці раз я выпадкова даведаўся пра заробак адной супрацоўніцы, якая ўвесь час прасіла дапамогі і баялася браць у работу складаныя задачы. Шчыра, я думаў, ёй плацяць умоўныя $500, але па факце было амаль у 3 разы вышэй. Усё, што я мог зрабіць, — здзівіцца, бо працавалі мы з ёй на розных праектах. Аднак справядлівасць нагнала і яе: замест рэйзу яна атрымала прапанову напісаць з уласнага.

«Ix 1С глюкануў — і я атрымаў не толькі сваю справаздачу, але і калег»

— Калісьці на пачатку сваёй кар’еры працаваў у адной кампаніі, дзе кожны месяц на імэйл прыходзіў згенераваны Excel-файл са справаздачай па заробку ад бухгалтэрыі. I нешта іх 1С, ці чым яны там карысталіся, аднойчы глюкануў — і я атрымаў не толькі сваю справаздачу, але і сваіх калег. Паглядзеў заробкі галоўных і вядучых праграмістаў, i сумы мяне зусім не ўразілі. Неўзабаве я вырашыў звольніцца.

Я працую B2B ужо больш за 10 гадоў і заўжды абмяркоўваю з іншымі людзьмі іх заробкі, каб разумець, што адбываецца на рынку і сваю вартасць — ці не пара свой рэйт падымаць.

Таму лiчу, што такая інфармацыя цалкам карысная для саміх працаўнікоў, але, вядома, не для кампаній.

«Добрай практыкай для кампаній было б трымаць у адкрытым доступе інфармацыю пра сярэдняю зп па грэйдах/пасадах»

— Працую ў ІТ не так даўно, але адразу трапіла на пазіцыю з вялікім аб’ёмам задач і адказнасці, — аплата працы ўсяму гэтаму адпавядае. Са мной працуе адзін хлопец. Не ведаю, якая ў яго жыццёвая сітуацыя, і не магу судзіць, але здаецца, што чалавек наогул забівае на працу — не адказвае на паведамленні тыднямі, не выконвае абяцанняў, не бывае на мітынгах, не абнаўляе свае цікеты, часам ставіць каманду ў складаныя сітуацыі. Калі ён завяршае сваю частку працы, менеджары і ўся каманда літаральна кажуць: дзякуй богу! 

Дык вось да сутнасці: мой заробак перавышае сярэдні для маёй пазіцыі ў 3-5 разоў. Які заробак у мідла ў нашай кампаніі (а той хлопец як мінімум мідл, калі не сеньёр), я не ведаю — і выдатна, бо было б яшчэ больш балюча глядзець на такое стаўленне да праекта і людзей, знаючы гэтую лічбу.

Я не думаю, што заробак асабіста кожнага мае быць адкрытым. Мне здаецца, добрай практыкай для кампаній было б трымаць у адкрытым доступе інфармацыю пра сярэдняю зп па грэйдах/пасадах.

«Даведаўся, што ў мяне адная з самых высокіх зп — і зразумеў, што мне тут лепш не затрымлівацца»

— Неяк я працаваў у беларускай кампаніі-аўтсорсеры. Праз некаторы час пасля пачатку працы мне выпадкова трапілася на вочы зарплатная ведамасць. Мяне вельмі здзівіла, што ў мяне, высвятляецца, адная з самых высокіх зп сярод маіх калег. 

Тады я зразумеў, што мне тут лепш не затрымлівацца. Чаму — я аб’ектыўна не цягнуў на сеньёра, таму не разумеў, як мой прафесійны рост будзе суправаджацца ростам заробку. 

Наогул, я лічу, што інфармацыя пра заробкі супрацоўнікаў мае быць закрытай. Але пры гэтым у працаўніка мае быць разуменне, на якім узроўні ён знаходзіцца, чаму атрымлівае столькі і што трэба зрабіць, каб атрымліваць больш. 

«Знаю зп 20% калег — гэта дазваляе прасцей пачувацца на асэсментах»

Ведаю, колькі зарабляе прыкладна 20% калег, — і гэта дазваляе мне прасцей пачувацца на асэсментах.

А даведацца не так ужо і складана: галоўнае — плаўна да гэтага падысці. Пачынаеце размову здаля, і лепш за ўсё з тым, хто ў кампаніі працуе нашмат даўжэй за вас і ў каго неўзабаве будзе перагляд зп. У часе гутаркі можна плаўна падвесці да таго, колькі ён запытае і колькі мае цяпер.


Цікавы факт: 5+ гадоў таму большасць супрацоўнікаў беларускай (на той момант) кампаніі Targetprocess прагаласавалі супраць адкрытай інфармацыі пра заробкі, пачытайце чаму.

«Интересно, как осведомлённость влияет на сон?» Targetprocess — о том, что надо и что не надо знать сотрудникам
По теме
«Интересно, как осведомлённость влияет на сон?» Targetprocess — о том, что надо и что не надо знать сотрудникам
Параўналі заробкі ў аўтсорсе для розных пазіцый і лакацый
Па тэме
Параўналі заробкі ў аўтсорсе для розных пазіцый і лакацый
Карта кампаній з беларускімі каранямі ў Польшчы. Вакансіі і заробкі
Па тэме
Карта кампаній з беларускімі каранямі ў Польшчы. Вакансіі і заробкі

Читать на dev.by