Завяршылася першая сімуляцыя экспедыцыі на Марс — яна доўжылася больш за год
Чацвёра даследчыкаў пражылі больш за адзін год у рэалістычным макеце касмічнага карабля, які імітаваў палёт да Марса.
У рамках місіі Crew Health and Performance Exploration Analog (CHAPEA) даследчыкі правялі 378 дзён амаль у поўнай ізаляцыі ў мадэляваным марсіянскім асяроддзі. Місія распачалася 25 чэрвеня 2023 года: чатыры валанцёры ўвайшлі ў «базу» Mars Dune Alpha плошчай 158 квадратных метраў. Макет карабля раздрукавалі на 3D-прынтары ў Касмічным цэнтры NASA ў Х’юстане.
У часе эксперыменту даследчыкі вырошчвалі гародніну для замены кансерваў ва ўмовах абмежаваных рэсурсаў і затрымкі сувязі. Дзякуючы місіі ім удалося атрымаць вялікі аб’ём даных пра розныя аспекты жыцця экіпажа на працягу такога доўгага палёту, у тым ліку інфармацыю пра здароўе і працаздольнасць.
Камандзірка экіпажа Кэлі Хастан назвала місію «ўнікальным досведам з вялізнымі праблемамі, радасцямі і смуткам». Яна адзначыла, што жыццё ў капсуле было звязанае з вялікай колькасцю цяжкай працы і «ладнай доляй весялосці». NASA запланавала яшчэ дзве місіі CHAPEA ў найбліжэйшыя некалькі гадоў. У лютым гэтага года пачаўся пошук валанцёраў для наступнай місіі.
Читать на dev.by