1,5 тысячы супрацоўнікаў Google запатрабавалі гарантаваць ім працу — баяцца новых звальненняў
Выданне лічыць петыцыю чарговай праявай нізкага маральнага духу ў Google, па якім ударыла чарада няўдалых рэлізаў і пратэстаў супрацоўнікаў праз неадназначныя кантракты летась, а таксама звальненні, якія цягнуцца ад 2023-га і, верагодна, працягнуцца.
Падпісанты працуюць у офісах Google у ЗША і Канадзе. «Мы занепакоеныя нестабільнасцю ў Google, якая перашкаджае нам рабіць якасную, значную працу. Бясконцыя раўнды звальненняў ствараюць у нас пачуццё няўпэўненасці за нашыя працоўныя месцы. Кампанія, відавочна, знаходзіцца ў трывалым фінансавым становішчы, праз што страта шматлікіх каштоўных калег без тлумачэнняў яшчэ больш балючая», — напісалі яны.
У мінулым кастрычніку новая фіндырэктарка Google Анат Ашкеназі адзначала, што адным з ейных прыярытэтаў будзе далейшае зніжэнне выдаткаў у Google па меры павелічэння выдаткаў кампаніі на АІ у 2025 годзе. Гуглеры спрабавалі дазнацца ў кіраўніцтва тлумачэння слоў Ашкеназі, але ніякай канкрэтыкі не дамагліся.
Падпісанты петыцыі просяць перад скарачэннямі дазволіць супрацоўнікам сысці самім, забяспечыць ім выходную дапамогу ўзроўню студзеня 2023 года і не выкарыстоўваць нізкіх ацэнак на перфоманс-рэв’ю як інструмент для скарачэнняў. У студзені 2023-га кампанія агулам звольніла 12 тысяч чалавек. Тады яна выплачвала аклад за 16 тыдняў плюс двухтыднёвы аклад за кожны год працы. Звальненні працягнуліся, яны закраналі розныя аддзелы. Выходныя дапамогі розніліся.
Читать на dev.by