«Наступныя 15 гадоў — час рэнесансу». Нарэшце аптымістычны прагноз — ад Zubr Capital (верыце?)

Канстанцін Запалянскі, старэйшы інвестыцыйны дырэктар Zubr Capital, распавёў пра вынікі апытання ІТ-камьюніці за мяжой і падзяліўся некалькімі думкамі «на падумаць і абмеркаваць». 

2 каментарыя

Пераказваем самае важнае з выступу на BelTech 3.0.

«Узялі на сябе ўсе рызыкі, перажылі цяжкія гады рэлакацыі і змаглі зноў прыйсці да поспеху»

У некалькіх слайдах Канстанцін паказаў, што беларускія стартаперы, прадпрымальнікі, інвестары, бізнес-анёлы і заснавальнікі кампаній думаюць пра ІT-камьюніці і экасістэму, якія склаліся за мяжой. 

Колькасць рэлакаваных спецыялістаў: 

  • каля 40 000 спецыялістаў ICT пакінулі Беларусь,
  • сярод іх — 20 000–25 000 інжынераў (Крыніца лічбаў не агучана — Заўв.),
  • палова удзельнікаў апытання Zubr Capital зараз жыве ў Польшчы, 18% — на Кіпры, 7% — у краінах Балтыі і Партугаліі, яшчэ 14% — у іншых краінах Еўропы.

— Многія задаюцца пытаннем, ці можна назваць такое камьюніці моцным, — дадае Запалянскі. — Я лічу, што яно мацнейшае, чым калі-небудзь. Паглядзіце на Эстонію: важны не памер супольнасці, а яе прадуктыўнасць і інавацыйнасць. 

Людзі, якія з’ехалі, — цягавітыя, смелыя. Яны ўзялі на сябе ўсе рызыкі, перажылі цяжкія гады рэлакацыі і змаглі зноў прыйсці да поспеху. 

Сфера:

  • 2/3 працуюць на В2В-сегмент,
  • 1/3 — на В2С.

— Мы цешымся, што напрамак B2C па-ранейшаму застаецца ў цэнтры ўвагі заснавальнікаў стартапаў, бо менавіта ў гэтай сферы нарадзілася мноства паспяховых ІТ-гісторый у Беларусі. 

Роля ШІ:

  • 60% стартапаў базуюцца на ШІ,
  • 40% — не.

— Следам у топ-3 напрамкаў увайшлі: health tech, інструменты для падвышэння прадуктыўнасці і фінтэх — што цалкам лагічна. Гэта сектары з велізарным патэнцыялам, якія ўсё яшчэ маюць патрэбу ў глыбокай лічбавай трансфармацыі і ўкараненні AI-рашэнняў.

Мэтавая аўдыторыя: 

  • палова арыентуюцца на рынак Еўропы,
  • 1/3 — на рынак ЗША.

— Для нас гэта стала невялікім сюрпрызам, бо гістарычна беларускія фаўндары часцей арыентаваліся менавіта на амерыканскі рынак. Зараз толькі траціна стартапаў працягваюць працаваць на рынак ЗША, 50% — на Еўропу.

Недахоп спецыялістаў:

  • 55% сказалі, што не могуць знайсці добрых спецыялістаў у галіне ШІ,
  • 50% адзначылі дэфіцыт кадраў у сферы продажаў і маркетынгу,
  • 1/3 згадалі продакт і менеджмент,
  • каля 20% не знаходзяць інжынераў. 

Таксама Канстанцін распавёў, што 80% фаўндараў бачаць беларускую экасістэму як бурбалку, адасобленую ад іншых інавацыйных хабаў — амерыканскіх і нават еўрапейскіх. 51% апытаных лічаць сітуацыю крытычнай. 

«Нам патрэбны ўласны „эфект Медычы"»

У канцы свайго кароткага выступу Канстанцін падзяліўся некалькімі думкамі і прапанаваў абмеркаваць іх падчас перапынку. 

1. Рэнесанс беларускага белтэху 

Запалянскі лічыць, што беларуская экасістэма праходзіць традыцыйны цыкл, які ўласцівы многім бізнесам, арганізацыям і нават цэлым цывілізацыям:

  • перыяд фарміравання: 2000—2010,
  • перыяд росту, ці «залатая эпоха», калі было створана і вырасла шмат паспяховых кампаній: 2011—2019,
  • час рэлакацыі і трансфармацыі: 2020—2025,
  • рэнесанс белтэху: 2026—2030.

— Мы верым, што наступныя 15 гадоў могуць стаць гадамі беларускага тэхналагічнага рэнесансу. І толькі нам выбіраць: ці будзе гэта выжыванне або сапраўды новы старт. 

2. Наша ідэнтычнасць

«Мы — частка беларускай тэхналагічнай мафіі = адзінай, моцнай, радыкальна калабаратыўнага камьюніці, незалежна ад краіны знаходжання». 

3. Пабудова моцнага альянсу

Наша камьюніці павінна будаваць шчыльныя сувязі з вядучымі інавацыйнымі хабамі: Bay Area, New York, London. Але і не забываць пра лакальныя стартап-сістэмы, асабліва польскія ў галіне кібербяспекі.

4. Нам патрэбны ўласны Moonshot-праект

— Ёсць шмат ідэй, якім ён можа быць, але мы прапануем вымяраць яго колькасцю новых стартапаў, якія могуць з’явіцца ў бліжэйшыя 24 месяцы: высакаякасных, глабальных, з фокусам на ШІ. 

З боку Zubr Capital мы гатовыя працаваць над тым, каб зрабіць гэтую ідэю рэалізаванай, адсочванай, празрыстай для камьюніці і, вядома, інвестыцыйна прывабнай, працуючы сумесна з іншымі фондамі і інвестарамі.

Мы знаходзімся ў моманце, калі свет трансфармуецца, змяняецца тое, як працуюць бізнесы. Магчымасці для стварэння новых рашэнняў вялізныя — і гэтага цалкам дастаткова, каб рэалізаваць праект.

Нам трэба стварыць уласны «эфект Медычы» ў беларускай тэхсупольнасці: аб’ядноўваючы экспертаў з розных галін і вертыкаляў, фарміруючы асяроддзе для генерацыі і абмену ідэямі і ствараючы культуру інавацый. 

Эфект Медычы

Эфект Медычы — гэта ўсплёск інавацый, які ўзнікае на стыку розных дысцыплін, культур і досведу. Тэрмін папулярызаваў Франс Ёхансан у кнізе The Medici Effect (2004), праводзячы паралель з эпохай Адраджэння ў Фларэнцыі: сям’я Медычы фінансавала мастакоў, навукоўцаў, інжынераў і філосафаў, і іх узаемадзеянне дало сапраўдны прарыў. 

Сутнасць эфекту Медычы — у перасячэнні галін, разнастайнасці каманд і стварэнні асяроддзя для эксперыментаў. Напрыклад, калі «скрыжаваць» геймдэў і фінансы, на выхадзе атрымліваем геймфікацыю ў фінтэх-аплікацыях. 


А вы што думаеце пра гэта? 

«Flo перавезла сотні сем’яў, гэта дорага і траўматычна». Як адчуваюць сябе бізнесы з Беларусі пасля 2022 — цытуем Гурскага
Па тэме
«Flo перавезла сотні сем’яў, гэта дорага і траўматычна». Як адчуваюць сябе бізнесы з Беларусі пасля 2022 — цытуем Гурскага

Читать на dev.by