«Старым варта быць гнутчэйшымі». Айцішнікі пацвярджаюць і абвяргаюць міфы пра зумераў
Гультаяватыя і неабавязковыя, пазбягаюць адказнасці, не прыходзяць на сустрэчы і званкі, а прыняўшы офер, не з’яўляюцца потым на працы, не авертаймяць, нават калі «вельмі-вельмі трэба», прама кажуць, што ім не падабаецца і вельмі высока сябе цэняць («нават пераацэньваюць») — такія прэтэнзіі выстаўляюць зумерам прадстаўнікі іншых пакаленняў.
Але, можа, насамрэч прадстаўнікі гэтага пакалення — усё ж неблагія працаўнікі, а іх крытыка — гэта проста бурчанне старэйшых людзей? Спыталіся ў чытачоў і экспертаў, што паказвае іх вопыт.
Хто такія зумеры
Зумеры, або «пакаленне Z» — адное з пакаленняў, апісаных у кнізе Ніла Хоўва і Уільяма Штрауса «Пакаленні: гісторыя будучыні Амерыкі ад 1584 да 2060 года». Даследчыкі залічаюць да зумераў людзей, якія нарадзіліся прыкладна ад сярэдзіны 1990-х і да сярэдзіны 2010-х (або нават да пачатку 2000-х).
Зумеры выраслі і сфармаваліся ў эпоху бурнага развіцця інтэрнэту і лічбавых тэхналогій. З гэтай прычыны прадстаўнікі пакалення часта не ўяўляюць свайго жыцця без гаджатаў. Але могуць і спецыяльна адмаўляцца ад іх, каб «не бавіць жыцця за маніторам». Напрыклад, у ЗША прыкметная тэндэнцыя, калі 20-гадовыя адукаваныя амерыканцы аддаюць перавагу простым працоўным прафесіям (сантэхнік, электрык, зваршчык, цясляр) перад офісам або аддаленай працай.
Звычайна даследчыкі паказваюць на наступныя рысы, характэрныя для пакалення: адукаванасць, нядрэннае выхаванне, схільнасць да стрэсу і дэпрэсіі (вышэйшая, чым у папярэдняга пакалення), устаноўка на персанальныя камфорт і свабоду (у адрозненне ад устаноўкі на кар’ерызм, характэрны для пакалення іх бацькоў).
Варта памятаць, што межы пакаленняў нельга вызначыць з поўнай дакладнасцю. Акрамя таго, тэорыя пакаленняў не можа быць універсальнай — у розных рэгіёнах і краінах свая ўнікальная грамадска-палітычная, эканамічная і культурная сітуацыя.
LinkedIn: «Ніякіх істэрык і звальненняў нават пад прэсінгам»
Пра зумераў шмат пішуць у LinkedIn. Напрыклад, сарамацяць за тое, што тыя ў апошні момант скасоўваюць сустрэчы. «Ад вячэры з сябрамі да працоўных зумаў — адным тэкставым паведамленнем».
— Прычыны часцяком простыя: стомленасць, стрэс ці проста жаданне пабыць сам-насам з сабой. Прычым я бачу, як зумеры нармалізуюць такія эгаістычныя паводзіны, калі клопат аб уласным камфорце ставіцца вышэй за інтарэсы іншых.
Асабліва цікава, што мы жывем у эпоху, дзе размовы пра барацьбу з адзінотай гучаць усё часцей. Але пры гэтым сілу набірае flanking, які, як на мяне, абсалютна супярэчыць спробам пазбаўлення гэтай самай адзіноты, — піша карыстальніца сеціва.
Але ёсць і тыя, хто ўстае на бок гэтага пакалення:
— Я наймала зумераў у каманду, і ў чымсьці яны былі вельмі добрыя, у чымсьці — не, былі працавітыя і клапатлівыя крэатыўшчыкі з фантанам ідэй, былі ціхоні, якія імкнуліся прыкінуцца рыззём і пераседзець выпрабавальны тэрмін, ані разу не трапіўшыся мне на вочы. Былі нахабныя і эгацэнтрычныя, вядома, але гэта выкрывалася яшчэ на сумоўі. Упэўненая, што сярод тых, хто не прайшоў адбору, мог апынуцца той самы зумер з анекдотаў, але я пакуль не размаўляла з такімі.
Многія, з якімі я працавала, былі класнымі, крэатыўнымі і з зыркімі вачыма. Мы змаглі сабраць рознаўзроставую каманду мары, і гэта было сапраўды крута — крэатыў і незамылены погляд з аднаго боку, вопыт і паглыбленыя веды з другога. Ніякіх істэрык і звальненняў нават пад прэсінгам з гарачымі дэдлайнамі не было.
Затое ведаю, што праз час пасля майго сыходу на маё месца ўзялі 40-гадовага дзядзьку, і ён спрачаўся, істэрыў і крыўдзіўся. Выпрабавальнага тэрміну не прайшоў шмат у чым праз свае паводзіны, якія чамусьці цяпер прынята прыпісваць зумерам.
Гэта я да чаго… Адчапіцеся ад зумераў: яны пачынаюць сваё самастойнае жыццё ў вельмі складаны час. Яно іх і без таго пысай па асфальце засоўгае, прам як вас, не дадавайце яшчэ і сваёй пагарды.
Чытачы devby: «Тых, хто стаіць вышэй, у нішто не ставяць»
Марыя і Барыс — чытачы dev.by — у іхнім падначаленні ёсць малодшыя супрацоўнікі-зумеры, і яны падзяліліся сваім вопытам узаемадзеяння з імі.
Марыя, праектная менеджэр, вопыт у ІТ — 2 гады, яе спецыялізацыя — кіраванне камандамі:
— Працую ў буйной ІТ-кампаніі ў Беларусі, у маёй камандзе сярэдні ўзрост падначаленых — 20 гадоў (праз спецыфіку). І я бачу, што зумеры сапраўды саступаюць іншым пакаленням у кампетэнцыях і адказнасці.
З плюсоў магу адзначыць, што яны добра адаптуюцца і сацыялізуюцца ўнутры каманды. Але і тут ёсць свае недахопы: тых, хто стаіць вышэй, у нішто не ставяць.
Мы з імі спачатку прыціраліся нават у досыць банальных і простых, як мне здавалася, рэчах — я марнавала шмат часу на тлумачэнні, напрыклад:
- што няможна скроліць стужку сацсетак і перапісвацца, калі праводзіцца агульны міт з хэдам дэпартамента і ён стаіць прама перад табой;
- няможна закідваць ногі ў абутку на стол — асабліва, калі бізнэс-партнёры прыехалі на сустрэчу ў офіс;
- што трэба адказваць на лісты/паведамленні, а не ігнараваць іх, — асабліва ад кіраўніка;
- а пасля заканчэння працоўнага дня маюць быць нейкія артэфакты тваёй працы, бо калі ты быў толькі на кухні, курылцы і на абедзе, — гэта нават не дацягвае да італьянскага страйку;
- калі твой кіраўнік напісаў, што трэба прачытаць дакументацыю ў Confluence, яе трэба прачытаць для выканання задачы.
І такіх прыкладаў шмат, я прывяла толькі самыя яскравыя.
Яшчэ я б адзначыла, што зумеры сапраўды высокай думкі пра сябе, яны вельмі самадастатковыя, і мяккія фармулёўкі памылак іх не матывуюць штосьці дапрацаваць, а хутчэй успрымаюцца як персанальнае няпрошанае меркаванне. І нягледзячы на гэта я рэгулярна дапамагаю ім з самапрэзентацыяй і карэктнымі фармулёўкамі іх думак.
Барыс, senior test automation у кампаніі з беларускімі каранямі (у Польшчы), вопыт у ІТ — 5 гадоў:
— Да нас у каманду ў снежні перайшоў маладзён — дык вось у яго вельмі цікавыя ўяўленні пра загады.
Пішу ў агульны чат, а 17:30, разумеючы, што сёння ён ужо нічога рабіць не будзе: «Заўтра зранку займіся задачай Х — яна top priority». Задача нескладаная, але важная, працы на гадзіну ці паўтары.
Наступнага дня бліжэй да абеду адкрываю дакумент, бачу — там зроблена нуль. Пішу яму: «Прывітанне! Што там з задачай?» Ён адказвае: «Мне яна падалася няважнай, я ўзяўся за іншае — важнейшае, як мне здаецца». Ну, а чаму б не папярэдзіць ці не прыйсці з пытаннем/прапановай?! І так бывае досыць часта…
Я пакуль спрабую вырашыць праблему без эскалацыі — паўтарэннем таскі пры любой зручнай нагодзе. Але думаю, што варта дадаць: чалавек у нашай кампаніі ўжо 2 гады працуе, не стажор пасля ВНУ, як мінімум.
Зумер: «Баючыся штосьці парушыць у кодзе, спачатку адцягваў выкананне задачы»
Арсень (імя змененае) хацеў бы развеяць міф пра зумераў. На ягоную думку, чаго сапраўды пакуль ім не хапае — гэта вопыту.
Арсень, junior-распрацоўшчык у гульнявой індустрыі:
— Цяпер я працую на адзін VR-стартап у Нідэрландах, калі коратка — гэта праграма для паралізаваных людзей, каб тыя маглі пісаць музыку.
Я працую над праектам ужо паўгода, але праз месяц пакіну яго, каб завяршыць вучобу. За гэты час я не раз лавіў сябе на наступным: калі мне трэба было «залезці» ў тую вобласць, у якой у мяне альбо было мала вопыту, альбо наогул не было, — баючыся штосьці парушыць у кодзе або выклікаць гнеў ліда, я спачатку адцягваў выкананне задачы. Але далей стаў заўважаць, што раблю гэта ўсё радзей.
Мае кіраўнікі праз паўгода, здаецца, задаволеныя маёй працай. Пару разоў у нас былі спрэчкі — у асноўным, калі мне не была зразумелая задача, якую ставіў перада мной мой лід. Але яны адносна хутка і спакойна развязваліся.
«Хто жахаецца паводзінамі зумераў, проста старэе (так-так, спадарства, вы старыя!)»
Яшчэ мы пагутарылі з экспертамі, якія маюць шматгадовы вопыт наймання спецыялістаў розных узростаў.
— Пра «праблему зумераў» не чуў, напэўна, толькі лянівы. У LinkedIn сустракаецца мноства пастоў і артыкулаў на тэму ляноты і неабавязковасці зумераў у спалучэнні з іх завышанымі чаканнямі ад працадаўцаў — маўляў, і зарплату яны адразу хочуць высокую, і ўмовы працы камфортныя, але пры гэтым не гатовыя перапрацоўваць і наогул прыкладаць значныя намаганні ў працы.
У адказ з’яўляюцца пасты зумераў, якія кажуць, што яны не гатовыя выкладвацца за тыя капейкі, якія працадаўцы гатовыя плаціць маладым суіскальнікаў.
Калі шчыра, мне здаецца, што праблема зумераў — гэта класічная праява агульнай праблемы ўзаемаразумення паміж людзьмі розных пакаленняў. Прасцей кажучы (і тут мяне закідаюць тапкамі), тыя, хто жахаецца паводзінамі зумераў, проста старэюць (так-так, спадарства, вы старыя!).
Я пачынала сваю кар’еру ў сярэдзіне 2000х і я яшчэ памятаю, што нашае пакаленне таксама лаялі, абвінавачвалі ў некампетэнтнасці і праракалі развал усяго і ўся.
І што? За пару гадоў мы навучыліся працаваць, зразумелі, як выбудоўваць адносіны з працадаўцамі і цяпер 35-45-гадовыя з’яўляюцца выдатнымі прафесіяналамі — працаўнікамі і прадпрымальнікамі. І я больш чым упэўненая, што так будзе і з зумерамі.
Усё сказанае вышэй не азначае, што ў зумераў (маладзёнаў, якія цяпер выходзяць на рынак працы) няма сваіх асаблівасцяў. Ёсць — і пазітыўныя, і негатыўныя, як ва ўсіх.
Але, строга кажучы, гаворка ідзе проста пра змены. Зразумела, што маладыя — іншыя. Як і ў любую іншую эпоху, яны імкнуцца быць максімальна непадобнымі да пакалення сваіх бацькоў і бабуль з дзядулямі. Яны імкнуцца па-іншаму апранацца, у іх свой слэнг, яны спяваюць іншыя песні і, зразумела, яны пераглядаюць каштоўнасці і перакананні старэйшых. У тым ліку, шукаюць свой уласны шлях у кар’еры. І гэта не добра і не дрэнна — гэта проста ёсць.
І тут пытанне: а што з гэтым рабіць? Можна абурацца тым, які няправільны стаў свет, моладзь не паважае старэйшых і наогул не ўмее працаваць, а раней было лепш. Або шукаць стратэгію, як у гэтых умовах працаваць і павышаць сваю эфектыўнасць. І паверце, такія стратэгіі ёсць.
На мой погляд, зумеры цудоўныя. Я брала сабе ў каманды рэкруцёраў-зумераў, набірала маладзёнаў на стажыроўкі і пазіцыі стартавага ўзроўню. Яны выдатна навучаюцца; іншая рэч, што іхні падыход да навучання адрозніваецца ад звыклага нам, яны імкнуцца ўнікаць у сэнсы, а не ў форму. Яны творчыя. Яны ўмеюць выдаваць выдатны вынік, калі ім цікава. І яны разумеюць канцэпцыю будучыні, дзеля якой трэба ахвяраваць чымсьці цяпер, хоць прымаць яе ў бягучай сітуацыі становіцца ўсё складаней не толькі ім.
Карацей, асабіста я не разумею, у чым праблема з зумерамі. Мне здаецца, гэта нам, старым (прабачце, не ўтрымалася), варта быць гнутчэйшымі і больш адкрытымі да змен, а не скрыгатаць: «А мы ў вашыя гады…»
«Зумеры не „не хочуць працаваць“ — проста яны працуюць па-іншаму»
Зумеры, а дакладней іх паводзіны, выклікаюць гнеў, неразуменне і раздражненне многіх наймальнікаў, — іх лічаць інфантыльнымі і ненадзейнымі.
Калі казаць у цэлым пра пакаленні, прытрымліваючыся моднай тэорыі, то ў кожнага ёсць свае плюсы і мінусы — яны фармуюцца з асяроддзя і ўмоў, у якіх людзі выраслі. Тое, што некаторыя мадэлі паводзін могуць негатыўнае ўздзейнічаць на нашае ўражанне пра людзей, азначае, што варта змяніць сваё стаўленне і перагледзець межы ўласнай нормы.
Перад тым, як разабраць, чаму пра зумераў склалася не самае добрае ўражанне, я б хацеў адзначыць іх асаблівасці і моцныя бакі.
- Першае, зумеры сфармаваліся ў эпоху лічбавых тэхналогій і сацыяльных сетак, а значыць, яны больш адаптыўныя да новых інструментаў і платформаў. Калі іх папрасіць асвоіць нейкую праграму або сацыяльную сетку, то ў іх гэта атрымаецца даволі хутка. Таксама гэта сведчыць пра іх высокую адаптыўнасць і гнуткасць у цэлым.
- Другое, яны праяўляюць крэатыўнасць і імкнуцца выконваць пастаўленыя задачы найбольш эфектыўна і найменш энергазатратна. З дапамогай таго ж AI яны спрабуюць спрасціць сабе выкананне задач па максімуме.
- Трэцяе, паводле даных LinkedIn, 76% прадстаўнікоў гэтага пакалення лічаць, што навучанне — гэта ключ да паспяховай кар’еры.
А што тычыцца таго, што яны нібыта нічога не ўмеюць і адмаўляюцца працаваць, то гэта ўсяго толькі нашыя стэрэатыпы. Мы жывем у свеце, дзе бурчэць па-старыкоўску навучыліся нават 30-гадовыя.
Але стэрэатыпы ж не могуць узнікнуць з ніадкуль, скажуць мне. Я думаю, што некаторыя асаблівасці дэманстраваных зумерамі паводзін раздулі да жаху і добра ўвыдатнілі. Так, зумеры, якія ніколі не галадалі, маюць неапраўдана высокія чаканні ад жыцця — дык навакольны інфармацыйны фон на ўсе застаўкі напоўнены паспяховым поспехам, і яны спрабуюць яму адпавядаць.
Як бы банальна гэта ні гучала, але зумеры хочуць, каб зарплата адпавядала таму, што і колькі яны робяць, паводле ўласнай ацэнкі. Калі за невысокі заробак іх абавяжуць выконваць усё тое, што выконваюць тры розныя спецыялісты, — вядома, яны будуць абурацца.
Часцей за ўсё зумераў не разумеюць праз іх псіхалагічныя чаканні: калі бумеры цярплівыя, міленіялы яшчэ неяк пабойваюцца дарослых, якія маюць у іх аўтарытэт, — то зумеры ўжо іншыя. Гэтыя людзі маюць выразныя межы, і яны паказваюць усім, што яны ёсць і іх трэба прытрымлівацца — «гэта ж простая павага», у рэшце рэшт.
У адрозненне ад старэйшых пакаленняў, зумеры не будуць перапрацоўваць, калі ім за гэта не даплачваюць. Пры канцы працоўнага дня працы для іх не існуе. І так, многія зумеры праяўляюць нежаданне працаваць ва ўмовах строгай іерархіі або традыцыйных офісных фарматаў. Каля 24% з іх аддаюць перавагу аддаленай працы.
Аднак гэта больш кажа пра іх імкненне да гнуткасці і балансу паміж працай і асабістым жыццём, чым пра ляноту і адсутнасць матывацыі.
Так што зумеры не «не хочуць працаваць» — проста яны працуюць па-іншаму. Ім нашмат лягчэй зрабіць штуку баксаў на ціктоку, чым, дапусцім, працаваць ад 9:00 да 18:00, як гэта прывыклі рабіць бумеры або міленіялы. Калі яны сапраўды захацелі штосьці зрабіць, яны паспрабуюць выканаць гэта як мага хутчэй, каб дамагчыся вынікаў.
Працадаўцы часта пытаюцца: як іх наймаць і ўтрымліваць? Апісвайце вакансію празрыста і коратка, пішыце пра рэальныя задачы без завышаных патрабаванняў. Будзьце сумленныя і гнуткія ў фармаце і графіку працы. Раскажыце пра тэхналогіі і інавацыі ў кампаніі. Пакажыце сучасны офіс і каманду.
На сумоўі сфармуйце нефармальную і давяральную атмасферу. Больш слухайце, задавайце разгорнутыя пытанні і пазбягайце ацэначных выказванняў. Пытайцеся пра планы, мэты і каштоўнасці, аддавайце перавагу софт-скілам. Кароткі фідбэк пры канцы — абавязковы элемент паспяховага інтэрв’ю.
Дайце настаўніка і адаптуйце ад першых дзён. Зумеры цэняць увагу. Прыслухоўвайцеся да іх меркавання, дапамажыце разабрацца ў тым, што вы робіце, пакажыце важнасць. Абавязкова раскажыце, як гэта паўплывае на іх асабістую паспяховасць.
Практыкуйце камандную працу. Стварыце атмасферу супрацоўніцтва і абмену ідэямі: брэйнстормінг, майстармайнды, метадалогія Agile, рэтра-сесіі, абмен ведамі.
Хваліце — гэта ўмоўна бясплатны інструмент, які выдатна працуе, асабліва там, дзе малады супрацоўнік пакуль яшчэ не здольны ацаніць свой унёсак і поспехі. Рэгулярна размаўляйце аб прафесійных і кар’ерных магчымасцях.
У 2025 годзе прадстаўнікі гэтага пакалення складуць 24% працоўнай сілы. Магчыма, гэта тое самае пакаленне, якое «навядзе шуму» і зменіць некаторыя ўяўленні пра працу, што прымусіць рынак працы кардынальна змяніцца.
Читать на dev.by