Зумеры сталі часцей браць па дзве спецыялізацыі, каб выратавацца ад ШІ
У дзяржаўных і прыватных ВНУ ЗША ўзляцела папулярнасць падвойных спецыялізацый. Так амерыканскія студэнты спрабуюць стаць больш запатрабаванымі.
У Дрэксельскім універсітэце колькасць такіх студэнтаў падскочыла на 591% паміж 2014 годам і 2024-м. У Гарвардзе падвойныя спецыялізацыі сталі сустракацца часцей на 334%, у Каліфарнійскім універсітэце ў Сан-Дыега — на 169%.
Як піша Fortune, такі крок можа абараніць студэнтаў на фоне эканамічнай нестабільнасці. Паводле дадзеных Нацыянальнага бюро эканамічных даследаванняў ЗША, студэнты з падвойнай спецыялізацыяй на 56% менш схільныя да зніжэння зарплаты і страты працы ў параўнанні з тымі, у каго адна спецыялізацыя.
Эксперты з Універсітэта штата Агаё падкрэсліваюць, што падвойная спецыялізацыя забяспечвае не столькі больш высокі даход, колькі надзейнасць таго, які ёсць. А гэта вельмі важна зараз, калі многія кампаніі звальняюць або проста не наймаюць нядаўніх выпускнікоў ВНУ, таму што звычайна выконваемыя імі задачы ўжо пад сілу ШІ.
У Вісконсінскім універсітэце ў Мэдысане ў 2023-2024 навучальным годзе доля студэнтаў з падвойнай спецыялізацыяй складала каля 30%, у 201 выпадку гэта была камбінацыя камп’ютарных навук і дата-сайенс — яна была больш чым удвая папулярней за астатнія. Па некаторых прагнозах, попыт на дата-сайентыстаў на працягу дзесяці гадоў вырасце на 34%.
Але згодна з даследаваннем Cambridge University Press (выдавецтва Кембрыджскага універсітэта), мэтазгодней браць не блізкія спецыялізацыі, а наадварот розныя, напрыклад спалучаць IT-дысцыпліны і бізнес-дысцыпліны з біялогіяй, інжынерыяй, гуманітарнымі навукамі кшталту літаратуры ці гісторыі.
Стыў Джобс таксама лічыў наяўнасць адначасова тэхнічнай дасведчанасці, валоданне гуманітарнымі навукамі і вольнымі мастацтвамі залогам поспеху.
Читать на dev.by