Беларускі праект шукае распрацоўшчыкаў, каму б было цікава працаваць з інжынерам Google

Праект audiobooks.by, дзе сабраная найбуйнейшая база аўдыякніжак на беларускай, зрабіў свой код адкрытым. І цяпер стваральнікі шукаюць валанцёраў, каму будзе цікава дапамагчы з сайтам — і заадно папрацаваць разам з інжынерам Google. Расказваем пра гэты праект і каго туды шукаюць.

8 комментариев

Што за audiobooks.by?

Праект audiobooks.by — гэта навігатар па аўдыякнігах на беларускай мове і ад беларускіх аўтараў (гэта не адное і тое ж, бо, напрыклад, кнігі беларуса Сашы Філіпенкі — на рускай). 

Як гаворыцца ў апісанні, сайт не змяшчае саміх кніг, а дае спасылкі на пляцоўкі, дзе іх можна паслухаць альбо набыць. На дадзены момант сабраныя спасылкі на 521 кнігу з такіх крыніц, як Кніжны Воз, Беларуская палічка, Камунікат, Беларускі ПЭН-цэнтр (цяпер ліквідаваны), Мінінфарм РБ ды іншых. 

Яшчэ адзін напрамак працы праекта — самастойны запіс аўдыякніг па-беларуску. Напрыклад, так былі запісаныя «Mercks Graz!» Уладзіслава Гарбацкага, «Аўтаспынам па галактыцы» ды іншае — агулам 25 штук за амаль 2 гады (вядома, са згоды аўтараў або праваўладальнікаў). Гэтай працай займаюцца прафесійныя акцёры агучкі, якім плацяць з уласных сродкаў і данатаў. 

Цяпер у камандзе — 6 чалавек. Кіраўнік — Мікіта Белаглазаў, які працуе як Software Engineer у Google у ЗША.

— У красавіку сайту audiobooks.by споўніўся год, — расказвае ён. — Праект пачаўся з таго, што мы заўважылі — аўдыякніг сучаснай беларускай прозы вельмі мала. Таму мы пачалі запісваць іх самі і збіраць базу даных.

Мікіта падкрэслівае, што гэта не палітычны праект. І хоць цяпер сайт заблакаваны ў Беларусі, але сам праект не занесены ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. «Чаму так, мы не пыталіся, — дадае ён. — Найгоршае, што могуць зрабіць, гэта адабраць дамен by, але мы тады проста пяройдзем на іншы».

За апошні месяц на сайце былі паўтары тысячы карыстальнікаў. За апошнія 90 дзён — 8К юзераў. Паводле слоў Мікіты, «усплёскі» інтарэсу аўдыторыі здараюцца, калі выходзяць новыя цікавыя рэлізы. 

— Напрыклад, з апошняга — калі мы запісалі «Мову 404» на Дзень беларускай мовы, і калі выдалі «Маю школу» Ганны Севярынец. Яна даволі знакамітая, у яе багата падпісантаў, і таксама прыйшло шмат людзей.

Чаму адкрылі код і каго шукаюць?

Спачатку код праекта быў закрыты. Але, кажа Мікіта, ён заўсёды разумеў, што сам сайт не з’яўляецца нечым «прапрыетарным» і мусіць быць адкрытым.

Да таго ж адное з галоўных дасягненняў — сама база даных спасылак. Каманда назбірала яе з адкрытых крыніц, таму яна і мусіць быць адкрытай. Яе можна выкарыстаць, напрыклад, пры стварэнні мабільнай праграмы альбо інтэграваць у свой сайт.

Прыкладна месяц таму код зрабілі адкрытым. І цяпер Мікіта запрашае ўсіх ахвотных далучыцца да праекта.

— Каму гэта можа быць цікава? Тым, каму цікавая агулам беларуская тэматыка і развіццё беларускай культуры. А таксама распрацоўшчыкам, якія хочуць паўдзельнічаць у добрым праекце.

У нас даволі просты, на мой густ, сайт, таму ён падыдзе нават пачаткоўцам, якія хочуць практыкі і каму цікава папрацаваць разам з інжынерам «гугла» (я буду рабіць код-рэв’ю) і атрымаць досвед.

Хто нам патрэбны? Чалавек, знаёмы з распрацоўкай, вэбам. Наконт стэку — у нас Python і Django. Джаваскрыпта на дадзены момант мінімум. Але досвед не важны, бо, паўтаруся, сайт пакуль што не вельмі складаны. І мне здаецца, што любы, хто здольны прачытаць за 1-3 гадзіны мануал, можа з ім працаваць. 

Варта падкрэсліць, што сайт — гэта валанцёрскі праект. У нас пакуль няма рэсурсаў, каб плаціць.

Калі зацікавіліся — паглядзіце спіс адкрытых задач. Можна пачаць з «good first issue» і проста адкрыць PR. Альбо напішыце на contact@audiobooks.by, і абмяркуем, над чым хацелі б працаваць.

Што можна паслухаць на сайце?

Мікіта раіць ад сябе паслухаць «Аўтаспынам па галактыцы». Бо, па-першае, там выдатны пераклад, адаптаваны пад сучасныя рэаліі. Па-другое, добрая праца дыктара: спачатку дзяўчына запісвала пераклад саматужкі, але потым на яе выйшла каманда праекта, якая набыла правы на аўдыяверсію і дапамагла скончыць і выкласці працу.

З нядаўніх рэлізаў можна паслухаць «І ўзыходзіць сонца» Хэмінгуэя. І для аматараў класікі ёсць  «Дзікае паляванне караля Стаха», якое запісалі шчэ год таму.

З сучаснай літаратуры — «Радзіва Прудок», якую паўгода таму запісалі купалаўцы. 

Ад навукі да блогаў і тэхналогій: што пачытаць і паглядзець айцішніку на беларускай мове
По теме
Ад навукі да блогаў і тэхналогій: што пачытаць і паглядзець айцішніку на беларускай мове




Читать на dev.by