«Часам кандыдаты патрабуюць зашмат». Як айцішнікі выбіралі з 5+ офераў
Пагутарылі з айцішнікамі, якія за апошнія паўтара года шукалі працу і змаглі атрымаць не менш за пяць офераў (у Беларусі і не толькі).
«Вырашыў адмовіцца ад пераезду ў Мюнхен, выбраў Варшаву»
Андрэй (імёны герояў змененыя), распрацоўшчык, спецыялізацыя — С++, Linux/Unix і бэкэнд, досвед — 23+ гады, лакацыя — Польшча:
— Летась выбіраў з 5 офераў, атрыманых на працягу месяца. Чатыры — ад прадуктовых кампаній у Германіі, адзін — у Польшчы, яго і абраў у выніку.
Было ўсё так: на пачатку 2023 года мы з сям’ёй тэрмінова з’ехалі з Беларусі. У мяне там быў свой бізнэс — я займаўся распрацоўкай, а ў Польшчы пачаў шукаць працу па найме.
Мае крыніцы пошуку — у асноўным LinkedIn і pracuj.pl, яшчэ зусім няшмат я шукаў на амерыканскім Dice.
У студзені не было ніякага руху — я нават некалькі разоў мяняў сваё рэзюмэ. Вельмі дапамагла адная рэкруцёрка: яна сказала, што рэзюмэ для майго дваццацігадовага досведу выглядае не вельмі ўражальна — і парэкамендавала павялічыць аб’ём хоць бы да дзвюх старонак.
Я зрабіў, як яна параіла, — і мне сталі пісаць іншыя рэкруцёры. У выніку я шукаў працу 3 месяцы (калі лічыць ад самага пачатку да прыняцця оферу).
Першы офер мне прапанавалі на пачатку лютага-буйная кампанія з офісам у Мюнхене, зарплата па тарыфах прафсаюзаў — 77 тысяч еўра на год (кампанія была ў адным з нямецкіх прафсаюзаў, у якога існуюць зарплатныя тарыфы). Характэрна, што пра гэтае рашэнне мне паведамілі адразу пасля першага ж інтэрв’ю: я свабодна размаўляю па-нямецку, а гэта вельмі добрае траплянне ў патрабаванні.
Шчасцю не было мяжы! Але я вывучыў цэны на жытло і сітуацыю з арэндай у Мюнхене — і энтузіязм неяк паменшыўся. Вырашыў, што прыму гэты офер, калі нічога іншага не будзе. А пакуль трэба было дачакацца — бо яго адправілі поштай.
Далей у мяне было яшчэ два інтэрв’ю — таксама ў кампаніі з Мюнхена. Прапанавалі мне 80 тысяч еўра на год. Канчатковы офер меўся прыйсці на пошту — так што я паралельна працягнуў хадзіць на сумоўі.
Наступнае маё інтэрв’ю было з кампаніяй у Франкфурце, якая прапанавала 78 тысяч еўра.
І раптам я даведваюся, што адная з мюнхенскіх кампаній адправіла маё рэзюмэ ў галаўны офіс у Кёльн — і там мне прапанавалі ўмовы яшчэ лепшыя: месца цімліда, а не проста распрацоўшчыка на C++, 84 тысячы еўра на год плюс амаль гарантаваны перформанс-бонус у памеры месячнай зарплаты.
Ух! Я меркаваў прыняць гэты варыянт.
Але ў той жа час мне патэлефанавалі з вельмі вялікай кампаніі ў Варшаве — туды я адпраўляў яшчэ стары варыянт рэзюмэ. Я сказаў, што ў мяне і так ужо шмат офераў на руках. Але яны заўважылі, што ў іх хуткія працэсы — і сапраўды праз тыдзень прапанавалі мне працу за 25 тысяч злотых на месяц (прыкладна 5850 еўра па бягучым курсе — заўв. рэд.).
На той час я ўжо вырашыў адмовіцца ад пераезду ў Мюнхен. Паспрабаваў вытаргаваць хоць які-небудзь рэлакацыйны пакет у кампаніі ў Франкфурце (зарплата там была самай нізкай, але праца, як мне здаецца, — самая цікавая). На жаль, яны не змаглі нічога мне прапанаваць.
Заставаліся Кёльн і Варшава. Я схіляўся да першага варыянта, але дні міналі — а канчатковага оферу ўсё не было. Пры канцы сакавіка падыходзіў мой час падачы на нямецкую візу — а ў немцаў конь не валяўся, бо эйчар хварэў (а я яшчэ папрасіў памяняць адную фармулёўку — так што ўсё вельмі моцна зацягнулася). Спойлер: ліст з оферам прыйшоў пры канцы красавіка.
У выніку я прыняў прапанову ад кампаніі ў Варшаве. Тым больш па грошах выйшла нават лепш — бо кошт жыцця ў Польшчы ніжэйшы, чым у Германіі. Кампанія паказала сябе вельмі добра — за шэсць тыдняў зрабілі дазвол на працу.
Што яшчэ варта дадаць: так, калі мы прыехалі ў Польшчу, у мяне была «падушка» бяспекі, але не вельмі вялікая — так што магчымасці доўга выбіраць не было.
«Мая дзяўчына была катэгарычна супраць Сербіі»
Алесь, .NET-распрацоўшчык, 11 гадоў досведу, лакацыя — Грузія:
— Мяняў працу гэтай зімой. У моманце было сем прапаноў, а да гэтага — пакуль павольна вывучаў рынак — яшчэ тры, ад якіх я адмовіўся.
Але пра ўсё па парадку. Я сіньёр .NET. Яшчэ зімой працаваў у Грузіі на аўтсорс з беларускімі каранямі, уласна, з гэтым працадаўцам і пераехаў з Беларусі. У снежні мінулага года ў мяне заканчваўся праект. Так, быў варыянт застацца і пачакаць на бэнчы, але я прасядзеў два аплачваныя месяцы — і на гарызонце нічога не было (хоць выганяць мяне не планавалі).
Яшчэ ў лістападзе мне абяцалі, што праект знойдзецца неўзабаве — я адмовіў па трох оферах, паверыўшы, што ў менеджменту сапраўды ёсць, што мне прапанаваць. Тады я прайшоў сумоўі ў некалькі кампаніях, якія прапаноўвалі рэлакацыю з поўным афармленнем дакументаў і добрым бонусам. Варыянты былі такія:
- Першы — у Заходняй Еўропе. Прапанавалі быццам бы прыстойную зарплату, але прыйшлося б паўгода сядзець без працы ў чаканні, пакуль аформяць дакументы. Дый сума, якая здавалася буйной на паперы, хутка растала б пасля падаткаў і аплаты жытла.
- Другі варыянт — ва Усходняй Еўропе. Буйная кампанія, брэнд, знаёмы ўсім з дзяцінства, абяцалі таксама зрабіць усе дакументы, а сума нават пасля падаткаў атрымлівалася большай, чым у мяне было ў Грузіі з іх 5%.
- Трэці варыянт — з рэлакацыяй у Сербію. Там у нас з інтэрв’юерамі здарылася каханне з першага позірку. Яны выкацілі офер на суму адчувальна вышэйшую за запытаную (а прасіў я чыстымі столькі ж, колькі атрымліваў раней). Дакументы, паводле іх слоў, афармляюцца на месцы — і гэта запатрабавала б мінімум намаганняў з майго боку. Але, на жаль, мая дзяўчына была катэгарычна супраць Сербіі. Яна была ўпэўненая, што там любяць Пуціна, і пераканаць яе не атрымалася. Да таго ж на старым месцы на гарызонце замаячыў новы праект.
На жаль, ён у выніку сарваўся. І ў студзені, у самы, здавалася б, мёртвы сезон, я пачаў шукаць працу. Разглядаў у тым ліку вяртанне ў Беларусь. Рэзюмэ нікуды не выкладваў, статусу Open To Work не ставіў — проста актыўна гартаў LinkedIn і адгукаўся на адпаведныя вакансіі. Таксама я напісаў усім рэкруцёрам, якія стукаліся ў лічку апошнія некалькі месяцаў, — і выявілася, што адная з вакансій усё яшчэ актуальная.
У выніку 11 сумоўяў, 7 — паспяховых. Два варыянты мелі на ўвазе працу ў офісе ў Мінску, тры — поўнасцю «аддаленыя», і яшчэ два — у офісе ў Тбілісі. Акрамя таго, яшчэ дзве кампаніі прапанавалі перайсці на наступны этап сумоўяў, але я адмовіўся — і так варыянтаў ужо хапала.
Цікава, што там, дзе інтэрв’ю праходзіла па-англійску, поспех быў 100%, хоць не сказаў бы, што пытанні былі прасцейшымі. Можа, канкурэнцыя ніжэйшая.
Грошай я ўсюды прасіў столькі ж, колькі атрымліваў на старым месцы, — а пайшоў у тое месца, дзе мне са сваёй ініцыятывы прапанавалі плюс 800 долараў да запыту. Гэта прадуктовы фінтэх з офісам у Тбілісі. Астатнія даслалі оферы роўна на тую суму, якую прасіў.
На сумоўях у некалькіх месцах, калі пачынаў адказваць на пытанні, чытаў непадробную радасць на тварах інтэрв’юераў. Яны прызнаваліся, што ўжо паглядзелі больш за дзясятак чалавек, і я першы, хто пачаў выразна адказваць на пытанні. Хоць, здавалася б, нічога асабліва складанага: напрыклад, я яшчэ ва ўніверсітэце рабіў даклад пра індэксы ў базах даных, і ўжо гадоў дзесяць яго ж практычна без змен пераказваю на інтэрв’ю. Але серб, напрыклад, проста заззяў, калі я пачаў сваю прамову.
Трэба сказаць, што мне больш за ўсё прыйшоўся па душы варыянт з вельмі незвычайным і цікавым даменам. Але калі ўжо пасля оферу я напісаў менеджару, што ў іншым месцы мне прапанавалі больш, ён без слоў дадаў мяне ў чорны спіс і выдаліў з усіх чатаў.
Такія паводзіны кажуць, што туды не варта было ісці. Хоць калі б ён карэктна адказаў, што не можа прапанаваць мне больш, — я б спыніўся на іх.
Варта патлумачыць пра працадаўцаў з Мінска: расійскія кампаніі, як, напрыклад, «Тинькофф», які на той момант рэкламаваўся з кожнага праса, я б разглядаў толькі ў самым крайнім выпадку. У абодвух варыянтах, якія мне прапаноўвалі, беларускія кампаніі выступалі выключна ў якасці праслойкі для пераводу заробку — фактычна мне прапаноўвалі інтэграцыю ў каманду заказчыка.
Я ўжо так працаваў, і ў рэзюмэ даўно паказваю інфармацыю толькі пра канчатковага заказчыка — элементарна для эканоміі месца. І пакуль што наогул ніхто не цікавіўся, як я на іх працаваў і з якой лакацыі. У тым ліку, дарэчы, некалькі буйных міжнародных кампаній, у якія я сумовіўся зімой, у тым ліку тую, на якую працую цяпер.
Хоць, дарэчы, калі на адную з вакансій, ад якой я адмовіўся, падаваўся па маёй рэкамендацыі былы калега з Масквы, у якога ў рэзюмэ быў у тым ліку расійскі дзяржбанк, яму прыляцела адмова ў запрашэнні на сумоўе без тлумачэння прычын. Магчыма, таму што рэкруцёрка — украінка, або гэты радок у рэзюмэ адыграў сваю ролю.
«У другім оферы ад EPAM сума паменшылася прыкладна на 10%»
Сяргей, мабільны распрацоўшчык, 13 гадоў досведу, лакацыя — Беларусь:
— Ад студзеня 2023 года і да бягучага моманту атрымаў парадку 8 офераў (адразу два з іх — у EPAM, бо тэрмін першага скончыўся, і трэба было звяртацца за другім). Амаль усе кампаніі прадуктовыя, выключэнне — EPAM і яшчэ адна. Лакацыя — Беларусь.
Ад пачатку 2023 года я вырашыў змяніць працу, бо ўбачыў выразна і ясна, што каштоўнасці кампаніі разыходзяцца з маімі, — я больш не мог прадуктыўна і з камфортам працаваць. У «фонавым рэжыме» пачаў пошук новай працы.
Шукаў у асноўным на rabota.by, але некалькі вакансій — у LinkedIn (нешта — сам, нешта сябры заўважылі і скінулі). Уласна тая, якую я ў выніку абраў, — была ў LinkedIn.
У кожнай кампаніі я праходзіў да трох сумоўяў, дзесьці даводзілася чакаць па 2-3 тыдні паміж этапамі. EPAM прапанаваў мне conditional offer — гэта значыць, што яны вас бяруць, але ім трэба яшчэ знайсці праект. Таму пакуль вы можаце заставацца на старой працы.
Офер у іх валідны каля 6-8 месяцаў, таму, пакуль мне шукалі праект у Мінску (а з такімі было напружна — прапаноўвалі ў асноўным працу ў Грузіі) тэрмін па ім скончыўся. Праз нейкі час мне напісаў ужо іншы іх рэкруцёр і сказаў, што трэба было б паўтарыць, каб яны зноў пачалі падбіраць мне праект. Цікава, што ў другім оферы сума паменшылася прыкладна на 10%.
Тую самую прапанову з офераў я выбіраў зыходзячы з магчымасцяў па рэлакейце або аддаленай працы, па адчуванні ад сумоўя (навошта ісці туды, дзе сумоўе праходзіла максімальна стрэсава і непрыязна?) — ну і ў цэлым глядзеў, як праца ў кампаніі дапаможа мне далей рухаць кар’еру і навыкі.
Ад оферу EPAM я адмовіўся: хачу знайсці сябе ў вялікім класным прадукце. Пачну працаваць у Беларусі — каб прайсці выпрабавальны тэрмін і прыцерціся, а потым буду глядзець у бок Кіпра або Польшчы (або іншых краін Еўропы).
Не скажу, што ў новым месцы мой заробак вырасце ў параўнанні з мінулым — але ў мяне ён і так каля «столі». І вышэйшы, чым да 2022 года.
Што магу сказаць пра рынак — варыянты ёсць, але іх трэба маніторыць, лавіць. Шанцы выпадаюць нячаста. І так, трэба разумець, што цяпер кампаніі патрабуюць ад цябе яшчэ больш.
«Мяркую, што такую колькасць офераў атрымала, бо занізіла свой кошт»
Марына, middle+ QA Manual; 3,5 гады досведу, лакацыя — Беларусь:
— У маі я сабралася сысці з буйнога аўтсорсу і выбірала з 5 офераў.
Тыдзень дзесьці я рассылала рэзюмэ і адгукалася на вакансіі на rabota.by і ў LinkedIn, яшчэ тыдзень праходзіла сумоўі — яны ішлі кожны дзень, а часам і па два на дзень. Было няпроста сумяшчаць працу з падрыхтоўкай да сумоўя і выкананнем тэставых. Перыяд быў стрэсавы, але яно таго было варта.
Усяго ў мяне было 7 варыянтаў:
- Прадуктовая (гэмблінг) кампанія ў Беларусі (70+ чалавек у штаце) — паклікалі на «пазнаёміцца з эйчарам», а па факце было тэхнічнае сумоўе, пра якое не папярэдзілі. Адказу ад іх не было.
- Прадуктовая (гэмблінг) кампанія ў Беларусі (250+ чалавек у штаце) — 2 этапы сумоўяў, вынік — офер.
- Аўтсорс (гэмблінг) у Беларусі (30+ чалавек у штаце) — 3 этапы інтэрв’ю і офер.
- Прадукт з Расіі, ёсць каманда ў Беларусі (50+ чалавек у штаце) — 3 этапы інтэрв’ю, апошні этап — паліграф. Я сама адмовілася.
- Прадукт (фінтэх) у Расіі, ёсць каманда ў Беларусі (па-мойму, 150 чалавек у штаце) — 2 этапы інтэрв’ю і офер.
- Аўтсорс (гэмблінг праект) з Грузіі, але ёсць штат у Беларусі (каля 60 чалавек) — два этапы інтэрв’ю, офер.
- Прадукт у Беларусі (50+ чалавек у штаце) — 3 этапы інтэрв’ю, офер
Мяркую, што такую колькасць офераў я атрымала праз тое, што занізіла свой кошт адносна да досведу. Рост у параўнанні з мінулым заробкам, вядома, ёсць, але, мяркую, я магла прасіць і больш.
Пры выбары оферу я арыентавалася на дзейнасць кампаніі, колькасць супрацоўнікаў і будучых калег, з кім прыйдзецца працаваць. На сумоўях старалася ўсё прыкмячаць — і заносіла ў табліцу з патэнцыйнымі працадаўцамі.
Разглядала толькі працу ў Беларусі — з асабістых абставін. На прыкладзе іншых айцішнікаў я бачу, што добры спецыяліст будзе шанавацца незалежна ад месцаў яго працы ў мінулым.
Што магу сказаць пра рынак і сумоўі, прайшоўшы гэты шлях і пагутарыўшы з інтэрв’юерамі:
- Часам кандыдаты патрабуюць занадта шмат грошай, якія не адпавядаюць досведу або сітуацыі на рынку. Ну не можа джун каштаваць $1000 (а такі прыклад мне прыводзілі).
- Людзі не згодныя на працу з офіса, а такіх вакансій пераважная большасць.
- Інтэрв’юеры казалі, што патэнцыйныя кандыдаты дрэнна выконваюць альбо наогул адмаўляюцца ад тэставых заданняў.
- Рынак насычаны вакансіямі ў гэмблінгу, і ў большасці гэта выклікае маральныя пакуты, для кагосьці праца ў гэтай сферы наогул непрымальная.
- Мне таксама казалі, што некаторыя безадказна падыходзяць да падрыхтоўкі — і не рыхтуюцца. Між тым кожнае сумоўе патрабуе дбайнай падрыхтоўкі: ад тэорыі па сферы дзейнасці і практыкі да падрабязнага вывучэння кампаніі, яе вакансіі.
Читать на dev.by