Amazon вырашыла замяніць 600 000 супрацоўнікаў робатамі
Кампанія плануе маштабную аўтаматызацыю складоў і лагістычных цэнтраў, якая можа прывесці да скарачэння больш паўмільёна працоўных месцаў у ЗША.
Па дадзеных The New York Times, Amazon мае намер аўтаматызаваць да 75% сваіх аперацый, уключаючы ўпакоўку, сартаванне і дастаўку тавараў. У дакументах гаворыцца, што кампанія ўжо спыніла наём каля 160 000 работнікаў дзякуючы ўкараненню рабатызаваных сістэм і да 2027 года разлічвае працягнуць гэты працэс, эканомячы каля 30 цэнтаў на кожнай апрацаванай замове.
Сёння штат Amazon у ЗША перавышае 1,2 мільёна чалавек — гэта другі па колькасці працадаўца ў краіне пасля Walmart. Але топ-менеджары кампаніі заявілі савету дырэктараў, што хочуць «падвоіць аб’ёмы продажаў да 2033 года, не павялічваючы колькасць персаналу». Такім чынам, гаворка ідзе пра прыкладна 600 000 працоўных месцаў, якія кампанія не будзе ствараць.
Amazon актыўна інвестуе ў распрацоўкі свайго падраздзялення Amazon Robotics. На складах новага пакалення ўжо тэстуецца цалкам аўтаматызаваныя лініі, дзе ўдзел чалавека зведзены да мінімуму. У прыярытэтных праектах — робаты-пагрузчыкі, сартавальнікі і аўтаномныя транспартныя платформы, якія змогуць замяніць большую частку персаналу ў цэнтрах апрацоўкі замоў.
Кампанія, паводле інфармацыі выдання, усведамляе магчымыя сацыяльныя наступствы маштабнай аўтаматызацыі. У дакументах узгадваюцца планы па «змякчэнні наступстваў» для мясцовых супольнасцяў, дзе Amazon з’яўляецца найбуйнейшым працадаўцам. Сярод прапаноў — удзел у дабрачынных ініцыятывах, грамадскіх мерапрыемствах і праграмах дапамогі дзецям, каб «захаваць імідж адказнай карпарацыі».
Читать на dev.by