Apple выдаліла WhatsApp і Threads з кітайскага App Store
Кампанія выдаліла з мясцовай крамы праграм месенджар і сацсетку на патрабаванне кітайскіх уладаў. Рэгулятар не патлумачыў свайго рашэння.
Паводле даных Reuters, іншыя платформы кампаніі Meta (Facebook, Instagram і Messenger) застаюцца даступнымі для спампоўкі. «Рэгулятар кіберпрасторы Кітая распарадзіўся выдаліць гэтыя праграмы з кітайскай крамы з меркаванняў нацыянальнай бяспекі», — заявіла Apple.
У кампаніі адзначылі, што яна «абавязаная прытрымлівацца законаў краіны, дзе працуе, нават калі не згодная з імі». Рэгулятар не патлумачыў, якім чынам месенджар і сацсетка могуць паўплываць на бяспеку Кітая.
Эксперты мяркуюць, што выдаленне праграм можа быць звязанае з правілам, якое набыло моц у Кітаі 1 красавіка. Згодна з патрабаваннямі ўладаў, усе праграмы, даступныя ў Кітаі, маюць быць унесеныя ў спецыяльны дзяржаўны рэестр.
Раней WhatsApp ужо блакавалі ў Кітаі ў 2017 годзе: тады кітайскія карыстальнікі распаўсюджвалі выяву Віні-Пуха для абазначэння Сі Цзіньпіна. Таксама была заблакаваная праграма Тhe New York Times і некалькі сэрвісаў, якія выкарыстоўвалі тэхналогію штучнага інтэлекту.
Читать на dev.by