«Ненавіджу». Чаму айцішнікаў прыводзіць у шаленства іх праца
Сярод тых, хто салідарна працуе, знайшліся два чалавекі (або астатнія проста не гатовыя да споведзі перад кам’юніці), якія прызналіся ў нянавісці да працы.
І так, «забойца» жадання працаваць — заказчык.
«Глядзіш на новыя фічы ў профільных блогераў і параўноўваеш з „заапаркам“ у сябе на працы»
Пётра — fullstack-праграміст, сеньёр:
— Шукалі таго, хто ненавідзіць сваю працу, — гэта якраз я! Я — fullstack-праграміст на адным не тое каб вялікім, але дарагім праекце. Сеньёр.
Мы ўжо два гады спрабуем разабраць векавы маналіт на мікрасэрвісы, але заказчык амаль не бачыць у гэтым профіту, — хоць пасля пераходу на мікрасэрвісы ў самых крытычных месцах стала разоў у 100 менш адмоў. Але, на жаль, замарозкі распрацоўкі ў маналіце няма — і вельмі часта ўзнікаюць сітуацыі, калі невялікая каманда сёння перапісвае літаральна тое, што ўчора выйшла ў прадакшан ад іншай каманды.
А часам праз пастаянныя накладкі і змены планаў гэта адбываецца паралельна.
Учора я быў вельмі злы, бо дзве гадзіны працаваў бізнэс-аналітыкам. Рэч у тым, што новенькаму на праекце выдалі таску і ён прыйшоў да мяне за парадай.
А я паглядзеў — і пайшоў у фарбах апісваць РМу, а адпаведна і заказчыкам, што гэта не можа быць зроблена ў тым выглядзе, які прадугледжвае заданне.
У нас у два разы менш тэсціроўшчыкаў, чым тэставых сервераў. Таму 2/3 часу пры распрацоўцы чагосьці новага сыходзіць на поўнае пакрыццё юніт-тэстамі. Не, гэта нядрэнна, многія б пра такое марылі, — але гэта неверагодна моцна тармозіць працу.
Дэвопсаў як такіх у нас няма, таму зробце ласку знаць Kubernetes\докер\CI\CD\bash\powershell — і наогул усё, што можа спатрэбіцца, калі нешта пойдзе не так. Як вы зразумелі, ВА асобных таксама няма, таму часам даводзіцца разбіраць пажаданні ўдваіх, утраіх, учацвярых разам з PM і іншымі праграмістамі, а таксама QA.
Яшчэ ў нас заапарк франтэндавых фрэймворкаў… Я проста ненавіджу гэты праект! І даўно — але раней пытанне іміграцыі было важнейшым за мой псіхалагічны стан.
Якое выйсце з сітуацыі — памяняць працу. Я ў працэсе — паўгода ўжо штодня наведваю LeetCode, рыхтуюся да сумоўя. Рэзюмэ рассылаю. Але пошук ідзе няхутка, а вось так сысці «ў нікуды» я не магу таму, што я — адзіны карміцель у сям'і.
Не, праграмістам працаваць мне падабаецца — ад самага дзяцінства (неяк на ўроку інфарматыкі, пакуль усе давалі рады ўкладзеным цыклам, я намаляваў аналагавы гадзіннік на TurboPascal).
Але ты глядзіш на новыя бліскучыя фічы ва ўсялякіх профільных блогераў на ютубе і параўноўваеш з «заапаркам» у сябе на працы з усіх запар фрэймворкаў, пачынаючы ад караля Гароха. І разумееш, што ніколі іх не ўжывеш з гэткім стаўленнем заказчыка да тваёй працы. А на пет-праект вечарамі сіл ужо ніякіх няма.
Я вельмі старанна выбіраю новае месца працы — калі бачу састарэлыя рэчы ў патрабаваннях, то захоўваю ў закладкі, але пасоўваю такія вакансіі ў канец чаргі.
Хацеў бы знайсці працу ў Германіі — і асесці там. Але мяне таксама задаволіла б праца на аддаленым праекце для амерыканцаў (і абавязкова на прадукце, ніякага больш аўтсорсу!) — тады б я выбраў Іспанію і Digital Nomad Visa. Думаю, што да канца лета ўсё ж знайду, а можа нават пераеду (я не ў Беларусі, дзе — не хацеў бы казаць).
Што параіў бы іншым, каб не патрапілі ў такую ж «пастку». Сачыце, хлопцы, за тым, што робіць заказчык. Наведвайце мітынгі, нават калі не хочацца. А калі бачыце неадэкватныя рашэнні — адразу бяжыце. Бо часам выяўляецца, што на цябе «грошай няма». Ёсць на інтэграцыі з сумніўнымі стартапамі, на яшчэ 2-3 новыя маркетынгавыя сэрвісы, а на цябе і на новы сервер для баз даных — не.
«Кафаўндараў трое, кожны кажа сваё, таскі кідаюць у РМ»
Віктар — Senior Node.js-распрацоўшчык:
— Я ўжо ненавіджу сваю працу — адчуваю апатыю і адначасова злуюся, нават дробязі абураюць.
Я працую на амерыканскага заказчыка, з якім цяжка камунікаваць — ён знікае надоўга. Я на праекце сола, акрамя мяне — кафаўндары, якія раней яго і пісалі.
Менеджменту нуль, што, вядома, прыводзіць у шаленства: іх трое, і кожны гаворыць сваё, таскі не наразаюць у Kanban, а кідаюць у РМ. З кодам складана працаваць — гэта проста міннае поле. За год з лішкам я прывёў трохі да ладу кодбазу, але сам за гэты час ператварыўся ў нейкага неадэквата.
Пакуль я не магу сысці з гэтай працы: яна дае магчымасць карміць сям’ю. Так што я спрабую адцягвацца — гуляю ў відэагульні (але калі прайграю, то зноў злуюся). Яшчэ мне дапамагаюць трымацца прагулкі з жонкай і дочкамі, а таксама размовы з іншымі распрацоўшчыкамі пра тое, як іх таксама даняла жудасная праца.
Трэба сказаць, што стрэс у мяне яшчэ пасля працы ў папярэдняй кампаніі. Ад сакавіка я пачаў шукаць іншую працу, але пакуль не вельмі актыўна. Аднавіў рэзюмэ, закінуў пасты ў лінкедзін.
Я разумею, што, вядома, яшчэ мне патрэбны адпачынак.
Дый наогул вельмі важна мець стабільны адпачынак (ні ў якім разе не прапускайце яго!), гаварыць аб праблемах на праекце, а калі гэтыя праблемы не вырашаюцца — сыходзіць.
А яшчэ практыкаваць дні без працы — не думаць пра яе, не размаўляць (хоць бы адзін дзень). Не чапаць гаджатаў. І не трымаць працоўныя чаты на тэлефоне. Гэта мая парада і сабе, і іншым — каб не апынуцца ў такой жа сітуацыі, як я цяпер.
А з вамі бывае?
Читать на dev.by