Чаму ў Беларусі раптам стала больш «багатых» айцішнікаў? Спыталі ў наймальнікаў

У Беларусі, паводле афіцыйных звестак, сёлета павялічылася колькасць «багатых» айцішнікаў — з заробкам 10 000+ рублёў.

Пацікавіліся ў экспертаў, як гэта магло адбыцца ва ўмовах крызісу ў ІТ. Ці ёсць тут «спекуляцыі» Белстата, ці дасведчаныя спецыялісты дамагаюцца павышэння заробкаў на фоне адтоку кваліфікаваных кадраў?

42 каментарыяў

Даныя аб колькасці работнікаў розных відаў дзейнасці па ўзроўні заробкаў Белстат публікуе два разы на год — за май і лістапад. Улічваецца заробак спецыялістаў у буйных і сярэдніх кампаніях, якія працуюць у Беларусі (ад 100 чалавек). Даныя па заробках паказваюцца да выплаты падаткаў і сацыяльных унёскаў.

У маі гэтага года Белстат знайшоў у кампаніях ІКТ 6,6+ тысячы работнікаў з зп 10 000 + рублёў. У лістападзе 2022 — 5,5 тысячы, або на 20% менш. 

Гэта адзіная катэгорыя спецыялістаў ІКТ-кампаній за апошнія паўгода, якая расце.

У маі 2023 колькасць спецыялістаў выявілася мінімальнай за апошнія тры гады — 61+ тысяча чалавек. Гэта на 15% менш, ніж у маі 2020 года, і на 20% менш, ніж у маі 2021 і 2022. На піку (у маі 2022) было 76 тысяч.

Топ-менеджар буйной аўтсорсінгавай кампаніі: адток запаволіўся, долар расце

— Я бачу чатыры фактары, якія паўплывалі на статыстыку заробкаў у ІТ.

  1. Адток спецыялістаў усіх узроўняў у названы перыяд (лістапад 2022 — май 2023. — Заўв.) запаволіўся.
  2. Перагляд заробкаў у доларавым эквіваленце, безумоўна, запаволіўся, але ўсё ж такі адбываецца.
  3. Некаторыя кампаніі выплацілі гадавыя бонусы. Звычайна гэта сума ў памеры аднаго заробку. Але бонусы плацяць не ўсе кампаніі.
  4. Самы галоўны фактар — рост курса долара да беларускага рубля ў названы перыяд. Ён зрушыў у катэгорыю супрацоўнікаў з заробкам 10+ тысяч рублёў значную частку ІТ-спецыялістаў.

CEO буйной ІТ-кампаніі: яшчэ расце «сярэдняя сеньёрнасць»

— Ва ўмовах спаду на рынку і прыпыненага наймання джуніяр-спецыялістаў у кампаніях расце сярэдняя сеньёрнасць. Кампаніі імкнуцца захаваць «ДНК», усімі сіламі ўтрымліваючы дасведчаных супрацоўнікаў, пакуль рынак не адновіцца.

Як правіла, няма нейкага адзінага падыходу адносна ўтрымання супрацоўнікаў. З кожным чалавекам вядзецца індывідуальная праца. Тут мае ролю сукупнасць фактараў — магчымасць або немагчымасць для гэтых спецыялістаў знайсці альтэрнатыўнае месца за вялікія грошы, іх бягучая запатрабаванасць на праектах і г. д.

То-бок наймання параўнальна нізкааплатных спецыялістаў не адбываецца, адток высокааплатных стрымліваецца самімі кампаніямі. Пры гэтым спецыялісты, працаўладкаваныя ў кампаніях, працягваюць расці і развівацца і, адпаведна, становяцца даражэйшымі. Адсюль эфект павышэння заробкаў.

Хэдхантар і кар’ерны кансультант: акрамя курса, ёсць яшчэ фактар банкаў + Расія

Курсавыя розніцы

Аляксей Нямковіч, кіраўнічы партнёр ARTITERA 
— Фактар, які адназначна паўплываў на дынаміку заробкаў у ІТ — гэта рост курса долара адносна беларускага рубля. Заробкі многіх айцішнікаў прывязаныя да валюты. Спецыяліст, які ўмоўна зарабляе 3 тысячы долараў, пры курсе 2,5 BYN/USD атрымліваў 7,5 тысячы рублёў, а пры цяперашнім курсе больш за 9 тысяч рублёў нета. А з улікам таго, што Белстат публікуе заробак брута, то фактычна заробак гэтага спецыяліста ў афіцыйнай статыстыцы будзе большым за 10 тысяч рублёў.

Паводле звестак Белстата, за паўгода на 15% — амаль на тысячу чалавек — скарацілася колькасць спецыялістаў, якія зарабляюць ад 7 да 10 тысяч рублёў (з 5648 да 4845 чалавек).

Частка такіх спецыялістаў магла «аўтаматычна» перайсці ў катэгорыю 10+К праз курсавыя розніцы.

На прыкладзе ўмоўнай зп у 3,5+К долараў нета:

  • Лістапад 2022: гэта ад 8540 рублёў нета (сярэдні курс долара, паводле звестак Нацбанка, — 2,44 рубля).
  • Май 2023: гэта ўжо ад 10 000 рублёў нета (курс вырас у лістападзе амаль на 20% — да 2,89 рубля). З улікам падаходнага падатку ў 13% і ФСАН заробак брута будзе яшчэ вышэйшы. 

Банкі

— Банкі, якія раней аддавалі ўсё на аўтсорс, цяпер зацікаўленыя ствараць і нарошчваць айцішную экспертызу ўнутры сябе. Яны разумеюць, што мусяць прайсці лічбавую трансфармацыю і ператварыцца ў паўнавартасныя фінтэх-кампаніі. Гэта дазваляе ім скарачаць колькасць кліенцкіх менеджараў, спецыялістаў, якія працуюць з фізічнымі асобамі ў ЦБП і аддзяленнях, і ўводзіць лічбавыя праграмы.

Але каб распрацоўваць такія праграмы, трэба наймаць распрацоўшчыкаў, бізнэс-аналітыкаў, product owner. І ўзнікае попыт ад банкаў на такіх спецыялістаў, якіх айцішнікі не вельмі любілі, і не вельмі ахвотна ішлі туды працаваць. А што такое банкі? Гэта ў тым ліку высокія заробкі. Як, напрыклад, банкі могуць кампенсаваць сваю ўмоўную непрывабнасць як працадаўцы ў параўнанні з ІТ-кампаніяй або сваю нягнуткасць (патрабаванне да супрацоўнікаў хадзіць у офіс)? Грашыма. Пры гэтым акрамя грошай у банкаў з’яўляюцца цікавыя праекты ўнутры.

Расія

— З Расіі пасля лютага 2022 года з’ехала шмат ІТ-спецыялістаў. Таму ІТ-кампаніі прыходзяць на беларускі рынак і наймаюць распрацоўшчыкаў тут. А ў расійскіх кампанія заўсёды былі грошы на тое, каб плаціць добрыя заробкі.

Перамовы 

— Найманне — гэта перамоўны працэс. І ў рамках гэтага працэсу ёсць попыт і прапанова. Спецыялісты, якія здзяйсняюць кар’ерныя пераходы і разумеюць, што яны запатрабаваныя на рынку, пачынаюць весці перамовы правільна. Яны не прымаюць першы-лепшы офер, ходзяць па сумоўях, і гэта таксама адбіваецца на дынаміцы заробкаў, прычым і не толькі ў ІТ.


dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 210 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі.

У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў. 

Дапамагчы нам можна праз Patreon. 

З Беларусі — праз Donorbox.

І яшчэ крыптой, тут гаманцы.

Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.

Кампанія вырашыла плаціць 80% ад заробкаў, а ў 2023 вярнуць доўг. Пакуль не выйшла
Па тэме
Кампанія вырашыла плаціць 80% ад заробкаў, а ў 2023 вярнуць доўг. Пакуль не выйшла
Сярэдні заробак айцішнікаў ніжэйшы, ніж год таму
Па тэме
Сярэдні заробак айцішнікаў ніжэйшы, ніж год таму
«Паднялі адразу на 50%». Некаторыя кампаніі ўжо размарожваюць заробкі
Па тэме
«Паднялі адразу на 50%». Некаторыя кампаніі ўжо размарожваюць заробкі
«Не хлусіў, але часам блефаваў». Як айцішнікі ходзяць за контроферамі
Па тэме
«Не хлусіў, але часам блефаваў». Як айцішнікі ходзяць за контроферамі
Нават на Балтыку не хапае. «Сеньёр-памідор» паскардзіўся на Польшчу і крызіс
Па тэме
Нават на Балтыку не хапае. «Сеньёр-памідор» паскардзіўся на Польшчу і крызіс

Читать на dev.by