Больш за палову супрацоўнікаў паўправадніковай сферы ў ЗША гатовыя сысці з працы
Больш за палову спецыялістаў на вытворчасці паўправаднікоў і электронікі ў ЗША ў 2023 годзе былі ў той ці іншай меры схільныя да звальнення на працягу 3-6 месяцаў. Даследаванне McKinsey з такімі вынікамі цытуе Bloomberg. Між тым ЗША адчуваюць вялікі недахоп кваліфікаваных кадраў у гэтай сферы і актыўна займаюцца іх прыцягненнем.
Для параўнання: у 2021 годзе рэспандэнтаў, якія далі такі адказ, было прыкладна 40%. Галоўнымі прычынамі жадання сысці сталі адсутнасць кар’ернага росту і нягнуткія ўмовы працы.
У McKinsey адзначаюць, што ў плане попыту паўправадніковая галіна перажывае ўзлёт. Але каля траціны занятых у ёй людзей — старэйшыя за 55 гадоў, і сярод некаторых расце незадаволенасць працай.
Гэта трывожны знак для Intel і TSMC, якія цяпер будуюць новыя паўправадніковыя заводы ў ЗША. Развіццё сферы пад пагрозай праз магчымыя складанасці з укамплектаваннем заводаў дастатковай колькасцю спецыялістаў.
Каб вырашыць праблему, кампаніі, ВНУ і ўлады на месцах распрацоўваюць навучальныя праграмы для падрыхтоўкі патрэбных кадраў. Але ў McKinsey кажуць, што нават калі спраўдзяцца самыя аптымістычныя прагнозы па колькасці іх выпускнікоў, гэта ўсё роўна не пакрые велізарнага дэфіцыту людзей. Паводле некаторых падлікаў, да канца дзесяцігоддзя ён можа дасягнуць 70 тысяч работнікаў, уключаючы спецыялізаваных будаўнікоў, а таксама інжынераў і тэхнікаў для пуска-наладачных работ і забеспячэння эксплуатацыі абсталявання на заводах па выпуску чыпаў.
Читать на dev.by