Беларусы не лічаць ШІ пагрозай працоўным месцам, ІТ — самая хуткарастучая сфера. Эксперты распавялі, што адбываецца на рынку працы
Дырэктар сэрвіса rabota.by Святлана Шапарава распавяла парталу myfin.by пра тое, што адбываецца на беларускім рынку працы зараз і чаго чакаць у 2026 годзе. Напрыклад, працадаўцы будуць хацець ад саіскальнікаў усё больш, а больш плаціць — не будуць хацець.
Дырэктар сэрвіса rabota.by Святлана Шапарава распавяла парталу myfin.by пра тое, што адбываецца на беларускім рынку працы зараз і чаго чакаць у 2026 годзе. Напрыклад, працадаўцы будуць хацець ад саіскальнікаў усё больш, а больш плаціць — не будуць хацець.
Па словах Святланы, 2025 год быў актыўным і зменлівым. З восені 2024-га і да гэтага часу ўзмацняецца канкурэнцыя сярод саіскальнікаў: да канца 2025-га колькасць рэзюмэ павялічылася на 72,3%, а колькасць вакансій знізілася на 3,8%. У сярэднім па рынку на 1 вакансію на сайце прыходзіцца 11 рэзюмэ — нормай лічыцца 6-8 рэзюмэ. Пры гэтым у некаторых галінах кандыдатаў наадварот не хапае.
Зарплаты ў 2025-м раслі павольней, чым у 2024-м. За 11 месяцаў 2024 года прапанаваныя зарплаты, па дадзеных сайта rabota.by, выраслі на 19% адносна таго ж перыяду ў 2023-м. За студзень–лістапад 2025-га прырост год да года склаў 17%. Эксперт мяркуе, што ў 2026 годзе трэнд на запавольванне захаваецца.
У пачатку 2025 года чаканні саіскальнікаў раслі актыўней прапаноў працадаўцаў. Але па выніках снежаньскага апытання rabota.by тых, хто гатовы знізіць патрабаванні дзеля новай працы, за год стала значна больш — на 19 п. п. у параўнанні з вынікамі аналагічнага апытання 2024 года.
Сітуацыя залежыць ад сферы: у ІТ каля 40% кандыдатаў адмаўляюцца ад офера з-за маленькай узнагароды. Але працадаўца дазваляе выбіраць канкурэнцыя ў галіне — 19 рэзюмэ на 1 вакансію.
У структуры вакансій сфера ІТ займае толькі 9 месца па колькасці прапаноў, хоць раней была ў лідарах. Але менавіта яна стала самай хуткарастучай за апошнія 12 месяцаў. Найбольш запатрабаваны праграмісты, распрацоўшчыкі, дызайнеры-мастакі. Зарплаты ў ІТ растуць павольней, чым у сярэднім па рынку.
За 2025 год змяніўся топ-5 самых запатрабаваных прафесій. Раней у яго ўваходзілі менеджар па продажах, прадавец, рабочы, кіроўца і ІТ-распрацоўшчык, а цяпер пяцёрку замыкае ўпакоўшчык-камплектоўшчык. Гэта звязана з імклівым развіццём маркетплэйсаў.
Таксама на рынак працы пачалі выходзіць прадстаўнікі пакалення Альфа — у 2025-м на сайце rabota.by упершыню зарэгістраваўся 14-гадовы саіскальнік. Альфаў і зумераў там сумарна больш, чым міленіялаў.
Па апытаннях сайта, каля паловы рэспандэнтаў станоўча ставяцца да ШІ. Людзі перасталі бачыць у ім пагрозу працоўным месцам і разглядаюць як інструмент. У лістападаўскім апытанні сярод 2,2 тысяч рэспандэнтаў:
48% ставяцца да ШІ станоўча;
8% — актыўныя прыхільнікі («евангелісты»);
29% — нейтральна;
8% — адмоўна.
Сярод іншых трэндаў 2025 года:
змяненне стаўлення да фармальнай адукацыі. Толькі 29% работадаўцаў лічаць важным, каб у кандыдата былі дакументы аб прафільнай адукацыі. А 74% не прынцыпова, дзе чалавек атрымаў патрэбныя навыкі — у навучальнай установе ці самастойна.
Паступова вяртаецца каштоўнасць офіса. Усяго 19% рэспандэнтаў хочуць цалкам аддалены фармат.
Рост «кошту поспеху». Наймальнікі ўсё часцей хочуць універсальных супрацоўнікаў з прафнавыкамі, уменнем працаваць з ШІ, камунікатыўнымі і лічбавымі кампетэнцыямі. Святлана адзначае, што такая нагрузка паскарае выгаранне, а самі «універсальныя» працаўнікі часта лічаць, што ім плацяць занадта мала.
Па прагнозе эксперткі, гэтыя трэнды перамесцяцца на 2026 год. Рынак працы застанецца працадаўчым, канкурэнцыя сярод саіскальнікаў працягне ўзмацняцца — як і патрабаванні да ўніверсальнасці і адаптыўнасці працаўнікоў.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.