Нашто прыдумалі цэнтралізаваныя экзамены ў школе? Спыталіся эксперта
Сёння з’явіліся падрабязнасці пра тое, што пасля 11 класа школы выпускнікі будуць здаваць цэнтралізаваныя экзамены — адзін па рускай або беларускай мове, другі — на выбар. Гэтыя экзамены спатрэбяцца для паступлення ў ВНУ.
Запыталіся ў эксперта ў адукацыі, выкладчыка і аўтара праекта «Народны падручнік» Сяргея Альшэўскага, нашто патрэбныя ўсе гэтыя новаўвядзенні.
— Ні для кога не сакрэт, што з беларускай адукацыяй — бяда: якасць школьнай адукацыі зніжаецца з кожным годам. Але ў мяне складваецца ўражанне, што вырашаць гэтую праблему ніхто не хоча, — і таму чыноўнікі займаюцца іншымі рэчамі.
Днямі я прыводзіў у фэйсбуку даследаванне Нацыянальнага інстытута адукацыі. Яно паказвае жахліва нізкі ўзровень матэматычнай кампетэнтнасці беларускіх дзевяцікласнікаў. 68% не дацягваюць нават да першага (гэты ўзровень патрабуе выканання паслядоўных дзеянняў у адпаведнасці з прамымі ўказаннямі ў заданні, а таксама рашэння задач у 2-3 дзеянні з абгрунтаваннямі — заўв. рэд.), і таму для іх увялі яшчэ адзін — парогавы. Спытаеце: нашто — а каб не было катастрофы ў справаздачах, я мяркую.
І ў гэты момант гучыць: мы памяняем сістэму школьных экзаменаў, а адпаведна — і сістэму паступлення ў ВНУ. Ды колькі заўгодна! Але хіба гэта паўплывае на якасць падрыхтоўкі?
Калі ў 10-х гадах я працаваў ва ўніверсітэце, прарэктар па вучэбнай працы казаў: «Будзьце гатовыя, што вам прыйдзецца працаваць з абітурыентамі, чый узровень будзе няўхільна падаць». Ужо тады на матфаку ўводзілі дадатковыя гадзіны, каб падцягнуць студэнтаў — інакш яны не маглі прыступіць да вывучэння матаналізу і іншых прадметаў.
Думаю, усё, што цяпер адбываецца, вядзе да таго, каб ЦЭ былі лягчэйшымі за ЦТ. Ну вы ўявіце, што будзе, калі ЦЭ пакажа, што школьнікі не ведаюць матэматыкі альбо іншага прадмета, які яны выберуць, — скандал: 10 гадоў атрымлівалі 8-9-10, а тут 5-6-7…
Калі памятаеце, ужо было такое: дзеці на ЦТ не пацвярджалі школьных адзнак (хоць у ЦТ іншая задача — ранжыраваць школьнікаў паводле ўзроўняў ведаў). Тут жа бацькі паднялі шум: «Ну як жа так?!» Праблема. І як жа яе вырашалі — памянялі сістэму ЦТ. Балы выраслі, але што змянілася: нічога! ВНУ як былі незадаволеныя якасцю ведаў абітурыентаў, так і застаюцца. Адпаведна, трэба яшчэ штосьці памяняць… Ну вось гэта яно.
Хоць насамрэч мяняць трэба не верхні ўзровень — сістэму кантролю ацэньвання, — а папярэдні.
Яшчэ адная праблема, якая прагучала сёння: дзеці здавалі па 4 ЦТ — і маглі выбіраць ВНУ і спецыяльнасць пад свае адзнакі, што называецца, куды пройдуць. Ну, а што тут дрэннага з пункту гледжання бізнэс-логікі? Давайце спытаем у адзінаццацікласніка, чаму так — і з вялікай доляй верагоднасці ён адкажа: бо ён не можа заплаціць за сваю адукацыю і ідзе на «бюджэт», куды можа.
Я лічу так: давайце вырашаць сапраўдныя праблемы, а не выдуманыя. І не спараджаць новыя. Зараз ужо снежань. Да заканчэння навучальнага года засталося 5 месяцаў. Дагэтуль няма канчатковага бачання, як будзе праходзіць уступная кампанія, як дзеці будуць здаваць ЭЦ — банальна, ці трэба будзе кудысьці везці іх у аўтобусах. Вылезе ж яшчэ 100500 праблем — і гэта ўсё лішні стрэс і для школьнікаў, і для іх бацькоў, і для настаўнікаў.
Читать на dev.by