Як айцішнікаў шукаюць праз данаты. «Былы дырэктар прапанаваў прыехаць у Беларусь»

ІТ-кампаніі працягваюць атрымліваць спісы супрацоўнікаў, якія рабілі данаты ў пратэсныя фонды.

Пры гэтым на гутарку ў КДБ і «выплату штрафаў» настойліва клічуць у тым ліку тых, хто ўжо не ў краіне і не працуе ў кампаніях з данат-спісаў. 

152 каментарыя
Змест

Свежыя гісторыі рэлакантаў

«З’ехаў, звольніўся, а цяпер мяне шукаюць»

— У аўтсорс-кампанію (асноўны заказчык з Расіі), з якой я звольніўся яшчэ паўгода таму, нядаўна прыйшоў данат-спіс. У ім апынулася і маё прозвішча. Пра гэта мне паведаміў былы калега і сказаў, што мяне шукаюць.

Колькі чалавек трапіла ў спіс, я не ведаю. Кампанія ўсім прапанавала схадзіць у КДБ, як яны просяць, пакаяцца — і тады «выдадуць даведку аб незавядзенні крымінальнай справы». Але так як я ўжо не ў Беларусі, проста прыняў інфармацыю да ведама. З’ехаў яшчэ да звальнення з кампаніі — адразу пасля выхаду з СІЗА. Таму мне не важна, ці дадуць, ці не ход справе ў дачыненні да мяне датычна данатаў.

Ведаю, што былыя калегі схадзілі на сустрэчу ў КДБ адразу невялікай кампаніяй. Расказалі, што пагутарылі спакойна і ненапружна. Усім далі чэкі на аплату (пра сумы мне не распавядалі) і адпусцілі. Цяпер яны чакаюць «даведку аб незавядзенні крымінальнай справы». Але ж калі ты ідзеш з павіннай — па факце прызнаеш віну і можна адкрываць справу. З апавяданняў сяброў ведаю, што іх калегі хадзілі, плацілі, а потым яшчэ месяц-два чакалі рашэння з нагоды крымінальнай справы.

Знаёмая, якая ўжо больш за год таму звольнілася з беларускага офіса сваёй кампаніі, распавяла, што таксама апынулася ў аналагічным спісе. У кампаніі быў агульны сход з усімі са спісу. Яе былыя калегі потым пералічылі па 1000 долараў на рахунак арганізацыі аховы здароўя. 

«Калі не прыедзем, крымінальнай справе дадуць ход»

— Летась я звольнілася з невялікай аўтсорсінгавай кампаніі (штат да 100 чалавек). А цяпер апынулася ў данат-спісе, які прыйшоў у кампанію. Пра гэта я даведалася ад былога дырэктара. Ён патэлефанаваў у Польшчу, прапанаваў прыехаць, схадзіць у КДБ і заплаціць штраф мінімум 1000 долараў.

Я данаціла праз фэйсбук сяброўцы на рэабілітацыю сваяка. Былая калега данаціла ўсякім коткам-сабакам, але ёй таксама патэлефанавалі, як і іншым, хто пераехаў у Польшчу, і перадалі інфармацыю з КДБ. Сказалі, што ўсё будзе культурна і цывілізавана і што па інцыдэнце з данатамі не будзе крымінальнай справы. А вось калі мы не прыедзем, то справе дадуць ход. Чула, што калегі, якія засталіся ў Мінску, хадзілі на гутарку ў КДБ.

+1 кейс ад айцішніка ў Беларусі

У КДБ выклікалі другі раз»

— Нашая кампанія апынулася сярод тых, хто атрымаў данат-спіс. Супрацоўнікаў сабралі, патлумачылі сітуацыю і сказалі, што тых, хто ў спісе, выклікаюць у КДБ. Кожны дзень у КДБ мае прыходзіць па 2-3 супрацоўнікі са спісу.

Маё прозвішча таксама апынулася ў спісе, але ў мяне іншая сітуацыя. За 2 месяцы да паўторнага выкліку я ўжо пабываў у КДБ з нагоды данатаў і «аплаціў штраф».

Інфармацыю (пра данаты — заўв.) перадаў банк. Мне патэлефанавалі з КДБ па месцы прапіскі і запрасілі на гутарку. Прычыны яўкі не называлі, але мне было зразумела, у чым рэч. Я зрабіў выпіску ў банку і прыйшоў да іх. Уся працэдура заняла каля дзвюх гадзін, уключаючы дагляд тэлефона. Мой данат быў на суму 37 долараў, але «штраф», які я заплаціў, быў не ў 10-кратным памеры (такую кампенсацыю раней патрабавалі сілавікі), а большым — 500 долараў.

Мне прапанавалі 3-5 варыянтаў, куды я магу зрабіць пераказ, але так як я не ведаю, што гэта за арганізацыі, папрасіў зрабіць выбар за мяне. Мне паказалі пэўны разліковы рахунак дабрачыннага фонду, і я пераказаў 500 долараў.

Калі данат-спіс прыйшоў ужо ў кампанію і калег сталі выклікаць на гутаркі, я таксама пайшоў у КДБ, але ўжо ў Мінску. Патлумачыў сітуацыю супрацоўніку і перадаў копію аплаты. На ўсё сышло каля 15 хвілін.

Сваім калегам я распавёў пра досвед візіту ў КДБ, як праходзіць гутарка. Ведаю, што ўсе, хто ўжо схадзіў, плацілі мінімум 1000 долараў. Адзін чалавек пасля з’яўлення ў кампаніі спісу адразу ж з’ехаў.

Мне пасля першага візіту ў КДБ абяцалі праз два тыдні выдаць паперу аб незавядзенні крымінальнай справы. У выніку атрымаў яе амаль праз 2 месяцы. 

Як выглядае папера аб адмове ў завядзенні крымінальнай справы

Адзін з суразмоўцаў паказаў дакумент.

Пастанова аб адмове ў завядзенні крымінальнай справы — гэта нейкая гарантыя? 

Выпіскі-пацверджанні аб данатах на дабрачынныя мэты — не падстава для спынення крымінальнай справы. Падстава — адсутнасць складу злачынства, патлумачылі devby.io юрысты.

Пастанова аб адмове ў завядзенні крымінальнай справы мае быць узгодненая з пракуратурай. Але і яна не гарантыя: пастанова можа быць скасаваная.

Ёсць верагоднасць, што да гутаркі і дачы прызнальных паказанняў у людзей няма ніякага статусу ў крымінальнай справе. Выпіскі-пацверджанні з фэйсбука і інтэрнэт-банкінгу, выплата кампенсацыі — фактычна прызнанне віны.

Перадгісторыя

Першыя данат-спісы ІТ-кампаніі атрымалі на пачатку 2023. Крыніцы dev.by сцвярджалі, што такія спісы нібыта рассылала адміністрацыя ПВТ. У поле зроку сілавікоў трапілі ў тым ліку EPAM і Wargaming/Lesta. У спісах у залежнасці ад кампаній налічвалася ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх соцень чалавек. 

Тых, хто данаціў, прасілі прыйсці ў КДБ. Пазней высветлілася, што ў КДБ выклікаюць не толькі айцішнікаў, але і работнікаў банкаў і іншых кампаній. 

У поле зроку сілавікоў трапілі, у прыватнасці, тыя, хто рабіў данаты праз Facebook Pay пры канцы лета-восенню 2020 года. Інфармацыю аб транзакцыях сілавікі атрымалі з беларускіх банкаў. На думку заснавальніка аднаго з фондаў Андрэя Стрыжака, у сілавікоў таксама была магчымасць атрымліваць інфармацыю аб данатах праз беларускія крыптабіржы, бо ўсе яны знаходзяцца пад кантролем уладаў.

Пасля пацверджання факту данату супрацоўнікі КДБ просяць зрабіць новы данат у дзяржарганізацыі (дзіцячыя дамы, бальніцы, хоспісы) або дабрачынныя фонды. Часцей за ўсё гаворка вялася пра суму ў 10 разоў большую за суму данату. Пазней айцішнікі, якія пабывалі ў КДБ, распавядалі, што мінімальная сума ахвяраванняў, у прыватнасці ў Мінску, складае 1000 долараў.

Пасля выплаты «кампенсацыі» сілавікі абяцаюць даслаць пастанову аб адмове ў завядзенні крымінальнай справы. 

Каго затрымалі за данаты

Не ўсім айцішнікам (і не толькі), якія данацілі ў фонды, удалося пазбегнуць крымінальнага пераследу. Невядома, ці звязана гэта са «спісамі» з ПВТ і адмовай/згодай пагутарыць з КДБ і зрабіць «пакаяльны» данат у дзяржфонды. 

  • У студзені гэтага года сілавікі затрымалі праграміста кампаніі Netcracker Руслана Завадзіча. Яго абвінавацілі ў фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання (за данаты ў памеры 50 долараў) і прысудзілі да 3 гадоў калоніі агульнага рэжыму
  • У сакавіку праваабаронцы паведамілі пра суд над айцішнікам з Ліды Віталём Чарнавусавым. Яго затрымалі яшчэ летам 2022 года. За данаты айцішніка прысудзілі да 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафу ў 16 тысяч рублёў
  • У сакавіку ў Мінску затрымалі экс-супрацоўніцу Wargaming Ксенію Алькенаву за данаты. Паводле даных праваабаронцаў, суд над дзяўчынай адбыўся яшчэ 10 ліпеня, але яго вынік невядомы. Пры гэтым на 29 верасня прызначаны разгляд апеляцыі Ксеніі ў Вярхоўным судзе.
  • Таксама ў сакавіку стала вядома пра арышт праз данаты супрацоўніка EPAM Андрэя Баранава. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, пры канцы мая крымінальную справу супраць айцішніка закрылі праз адсутнасць доказаў, а яго вызвалілі з СІЗА. 

Гэта не ўсе вядомыя выпадкі. Інфармацыя пра шматлікія такія выпадкі, верагодна, не патрапіла ў публічную прастору.

Ці праўда, што данат 10Х дапаможа? А можа, гэта прызнанне віны? Разбор
Па тэме
Ці праўда, што данат 10Х дапаможа? А можа, гэта прызнанне віны? Разбор
Мінімум чатырох айцішнікаў ужо арыштавалі за данаты. Што пра гэта вядома
Па тэме
Мінімум чатырох айцішнікаў ужо арыштавалі за данаты. Што пра гэта вядома

Читать на dev.by