Duolingo скарачае 10% падрадчыкаў — іх працу можа рабіць АІ
Платформа для вывучэння замежных моў Duolingo ўсё шырэй укараняе генератыўны АІ для стварэння кантэнту. На гэтым фоне кампанія «заафбордзіла» прыкладна дзясятую частку падрадчыкаў, паведаміў яе прадстаўнік Bloomberg.
Паводле яго слоў, кампаніі проста больш не трэба столькі людзей, каб рабіць тую працу, якую робяць падрадчыкі. Часткова яе можа выконваць АІ.
Сузаснавальнік і гендырэктар Duolingo Луіс Фон Ан яшчэ ў лістападзе ў лісце да акцыянераў казаў, што АІ дазваляе платформе «значна хутчэй» генераваць новы кантэнт, напрыклад, скрыпты да навучальных відэаролікаў. Таксама Duolingo прымяняе АІ для сінтэзу голасу ў дадатку, а на прэміяльным тарыфе Duolingo Max АІ генеруе фідбэк і размаўляе з карыстальнікамі на замежных мовах. У 2023 годзе каціроўкі Duolingo выраслі больш як у тры разы.
Прадстаўнік кампаніі дадаў, што АІ не замяняе скарочаных работнікаў беспасярэдне — акрамя таго, тэхналогію выкарыстоўваюць у працы многія супрацоўнікі і падрадчыкі Duolingo. Станам на канец 2022 года ў яе штаце налічвалася 600 чалавек. Штатных супрацоўнікаў скарачэнні не закранулі.
Читать на dev.by