Meta скарачае 4 тысячы супрацоўнікаў
Meta плануе скараціць каля 5% штату — гэта прыкладна 4 тысячы чалавек. Пра гэта пішуць Business Insider і Reuters са спасылкай на карпаратыўную нататку, якую разаслала супрацоўнікам віцэ-прэзідэнтка па персанале Джанель Гейл у пятніцу.
Паведамленні пра звальненні разам з інфармацыяй пра выходныя дапамогі закранутым супрацоўнікам у ЗША пачнуць рассылаць сёння. На працягу гадзіны пасля атрымання паведамлення ім закрыюць доступ да ўнутраных сістэм. Супрацоўнікаў у Германіі, Францыі, Італіі і Нідэрландах у сувязі з мясцовым заканадаўствам звальненні не закрануць — да іх будуць прымяняцца ўстаноўленыя тут працэдуры кіравання прадукцыйнасцю. Звольненым супрацоўнікам больш як у дзесяці іншых краінах Еўропы, Азіі і Афрыкі будуць рассылаць паведамленні ў перыяд 11-18 лютага. Паўночная і Лацінская Амерыка таксама трапляюць пад звальненні. Частку гэтых пазіцый кампанія плануе запоўніць нанова.
«Пад нож» пойдуць супрацоўнікі, якія атрымалі два самыя нізкія рэйтынгі па выніках перфоманс-рэв’ю — то-бок зусім не апраўдалі чаканняў або апраўдалі вельмі мала. Раней менеджарам было загадана вызначыць 12-15% кадраў, якім можна даць гэтыя ацэнкі. У цэлым Meta хоча давесці да 10% паказчык адтоку супрацоўнікаў, якіх ёй не шкада — так званы non-regrettable attrition. Напрыклад, у 2024 годзе ён склаў 5%.
У студзені гендырэктар Марк Цукерберг у сваёй нататцы паведаміў падначаленым, што кампанія хоча пазбавіцца непрадукцыйных працаўнікоў. Рэсурсы патрэбныя ёй у тым ліку для ўкладання ў АІ-гонку. А яшчэ ў Meta ад пачатку 2023-га працягваецца «год эфектыўнасці», што вельмі падабаецца інвестарам — за гэты час ейная рынкавая капіталізацыя вырасла больш чым на $1 трлн. Акрамя яе тысячамі людзей збіраюцца звальняць Microsoft, Amazon і Salesforce.
Прадстаўнік Meta адмовіўся ад каментароў выданням.
Супрацоўнікі кампаніі баяцца не толькі за свае месцы, але і наогул казаць пра тое, што адбываецца. Адзін з іх расказаў Business Insider, што Цукерберг стварае атмасферу «страху» і «культуру, у якой трэба быць верным яму» або сыходзіць. Другі параўнаў цяперашнія ўмовы працы ў Meta з «жыццём у рамане Джорджа Оруэла». Паводле іх слоў, увесь год знікаюць нават тыя, у каго з прадукцыйнасцю ўсё добра, а на пытанне, куды яны падзеліся, кіраўніцтва проста кажа, што яны тут больш не працуюць. Таксама ў кампаніі — якая па сваёй сутнасці пра зносіны людзей, іранізуюць суразмоўцы BI, — пастрожваецца самацэнзура, знікае чалавечы кампанент і «ўсе паводзяцца як робаты». Таксама яны супраць таго, каб звальненні пазначаліся як «скарачэнне на аснове нізкай прадукцыйнасці», бо гэта несумленна і ўскладніць пошук новай працы для супрацоўнікаў.
Читать на dev.by