Гід па Кіпры ад экс-варгеймера: легалізацыя, падаткі, выдаткі

Карысную інфармацыю і парады падрыхтаваў Аляксей Герасімовіч.

4 каментарыя

Аляксей Герасімовіч пераехаў з сям’ёй на Кіпр у 2014 годзе — як Deputy Head of Global Development у кампаніі Wargaming. Цяпер ён жыве ў цэнтры вострава, працуе Chief Production Officer у гульнявой кампаніі Eschatology Entertainment. За 8+ гадоў на Кіпры Аляксей назапасіў прыстойную экспертызу па востраве і дзеліцца ёю ў блогу «Запіскі хамяка Глюка» (увогуле там у асноўным пра кнігі і музыку, але пра жыццё на Кіпры таксама шмат карыснага).

А яшчэ Аляксей напісаў гід па рэлакацыі на Кіпр. Публікуем троху скарочаную версію з дазволу аўтара.

Змест

Як прыехаць на Кіпр грамадзянам Беларусі

Цяпер на Кіпр можна заехаць любым рэйсам, калі ў вас ёсць:

  • Двухразовая або шматразовая шэнгенская віза (аднаразовая не пасуе)
  • Двухразовая або шматразовая віза Харватыі, Румыніі або Балгарыі
  • ВНЖ/ПМЖ ЕС
  • Рэсіпт Кіпра са штампам (дакумент з аддзела міграцыі аб тым, што вы звярнуліся за дазволам на жыхарства або іншым легальным статусам: сам факт падачы ўжо дастатковая падстава для знаходжання на востраве)
  • Нацыянальная віза Кіпра.

Падрабязней пра ўсе віды ўезду можна паглядзець на сайце амбасады Кіпра ў Мінску

Паколькі Кіпр — гэта востраў, прасцей за ўсё трапіць на яго самалётам (іншы варыянт — па вадзе: сёлета аднавілася паромнае злучэнне з Грэцыяй). 

Асноўныя хабы, з якіх звычайна лятаюць на Кіпр, — гэта Лондан, Афіны, Дубай, Каір, Тэль-Авіў, Ерэван, Бейрут, Франкфурт, Парыж ды інш.

ВАЖНА!!! Не спрабуйце патрапіць у Рэспубліку Кіпр праз аэрапорт Эрджан (Эркан) на Паўночным Кіпры. Урад Рэспублікі Кіпра лічыць гэта грубым парушэннем закону. То-бок калі вы вырашылі прыляцець у Стамбул, а адтуль — у аэрапорт Эрджан, каб затым перабрацца на тэрыторыю Рэспублікі Кіпр, у вас будуць вялікія праблемы: вас не толькі не прапусцяць на КПП у буфернай зоне, але вы можаце атрымаць забарону на наведванне Рэспублікі Кіпр і ў будучыні.

Абмежаванні ў сувязі з COVID-19

Ад 1 чэрвеня 2022 года Кіпр скасаваў усе абмежаванні на ўезд у сувязі з COVID-19. Як і масачны рэжым. На самім востраве маскі і сертыфікат пра вакцынацыю (або тэст) могуць запатрабаваць у пэўных установах (напрыклад, у бальніцах).

Падрабязнасці пра старыя правілы і іх скасаванне — на афіцыйным сайце.

Легальныя спосабы пражываць на Кіпры

У гэтым раздзеле я не бяруся апісаць усе магчымасці, але толькі тыя, якія даступныя амаль любому спецыялісту. Асобных выпадкаў з інвестыцыямі, купляй нерухомасці і адкрыццём кампаніі я пакуль не разглядаю, паколькі гэта патрабуе ўкладанняў, якія мае далёка не кожны чалавек, што жадае цяпер прыехаць на Кіпр.

Турыст

На востраў можна прыехаць у якасці турыста, правілы ўезду апісаныя вышэй, час знаходжання таксама залежыць ад краіны:

  • Грамадзяне РБ — залежыць ад выдадзенай візы.
  • Грамадзяне Украіны — да 90 дзён.

Аднак пасля гэтага тэрміну вы абавязаныя пакінуць востраў. Таксама вы не маеце права працаваць на востраве, будучы турыстам.

Працоўная віза

Працоўная віза — гэта права жыць на Кіпры, працуючы супрацоўнікам канкрэтнай кіпрскай кампаніі. То-бок няможна проста прыехаць і самому падаць запыт на такую візу, гэта робіцца кампаніяй, якая вас наймае, толькі пасля атрымання візавага дазволу ад Migration Office, прычым запыт ідзе на канкрэтнага чалавека ў канкрэтную кампанію.

Пры атрыманні працоўнай візы сямейнікі атрымліваюць магчымасць атрымаць візітарскія візы — гэта тып непрацоўных віз. Пад сямейнікамі разумеюцца сужэнец і непаўналетнія дзеці. Ад 2022 года сужэнцы таксама атрымалі магчымасць працаваць, атрымліваючы візу тыпу Spouse Employee. 

У выпадку, калі вы спыняеце працу ў гэтай кампаніі (з уласнага жадання або ж з ініцыятывы кампаніі), то ў вас ёсць усяго адзін месяц, на працягу якога вы мусіце альбо пакінуць Кіпр, альбо знайсці іншую працу на востраве, або зрабіць сабе і сям'і візітарскую візу.

Для атрымання візы патрабаванні высоўваюцца хутчэй да кампаніі, чым да падаўца, але іх таксама карысна ведаць:

  • У кампаніі павінны быць дазвол на працаўладкаванне грамадзян трэціх краін
  • Заробак супрацоўніка павінны быць не меншым за 2500 еўра да выліку падаткаў
  • Патрэбная даведка аб несудзімасці
  • Сужэнец уладальніка працоўнай візы можа працаваць на Кіпры
  • Для сямейнікаў будзе неабходна аформіць гарантыйны ліст у банку (страхавы ўзнос у памеры 550 еўра на чалавека + кошт гарантыйнага ліста)

Дэталёва пра візу ад дырэктара кампаніі Consulco. 

Візітарская віза

Дадзены тып візы дазваляе жыць на Кіпры, аднак вы не маеце пры гэтым права працаваць на востраве. Апошняе важна, паколькі пры гэтым цалкам можна працаваць на кампанію па-за Кіпрам. Або атрымліваць прыбытак ад нейкага свайго бізнэсу за мяжой.

Віза выдаецца на заяўніка і яго сямейнікаў (сужэнца і непаўналетніх дзяцей). Выдаецца на год і патрабуе штогадовага падаўжэння.

Для атрымання візы неабходна:

  • Уласнае жытло або дагавор арэнды мінімум на 1 год
  • Падаць дакументы ў Migration Office
  • Адкрыць рахунак у банку і пакласці страхавы дэпазіт у памеры 550 еўра на кожнага сямейніка
  • Аформіць гадавую медыцынскую страхоўку
  • Пералічыць на рахунак у кіпрскім банку суму ў памеры 10 тысяч еўра на заяўніка і па 4,5 тысячы еўра на кожнага сямейніка (утрыманца). У далейшым гэтыя грошы можна будзе выкарыстоўваць для жыцця на Кіпры
  • Даведка аб несудзімасці

Важна: сужэнцы ўладальніка візітарскай візы не маюць права працаваць на Кіпры.

Разгляд заявы на візітарскую візу займае ад 6 да 12 месяцаў, аднак адразу пасля падачы дакументаў у вас ужо ёсць легальнае права жыць на востраве і нават пакідаць яго і вяртацца на падставе атрыманага талона ад міграцыйнай службы (аб атрыманні дакументаў на візітарскую візу). Што праўда, пакідаць востраў няможна на тэрмін, які перавышае тры месяцы.

Нават калі вам яшчэ не выдалі дазволу, а прайшло ўжо 11 месяцаў, трэба зноў падаваць дакументы — ужо на наступны год.

Дэталёва пра візу ад дырэктара кампаніі Consulco. 

IT Nomad-віза (віза лічбавага качэўніка)

Гэты тып віз на Кіпры з’явіўся ўвесну 2022 года. Іх могуць атрымаць ІТ-спецыялісты, якія жадаюць працаваць аддалена, пражываючы на Кіпры. Але колькасць такіх віз абмежаваная: ад 3 сакавіка 2022 года вызначаны ліміт — 500 на год.

Для атрымання такой візы вы павінныя:

  • Працаваць на кампанію/кліента па-за межамі Кіпра, выконваючы свае абавязкі з дапамогай тэлекамунікацыйных тэхналогій (чытай — аддалена праз інтэрнэт)
  • Пацвердзіць, што ў вас будзе стабільны і дастатковы штомесячны даход у памеры не меншым за 3500 еўра чыстымі (то-бок пасля выплаты ўсіх падаткаў)
  • Даведка аб несудзімасці
  • Для сямейнікаў будзе неабходна аформіць гарантыйны ліст у банку (страхавы ўзнос у памеры 550 еўра на чалавека + кошт гарантыйнага ліста).

Што дае такая віза:

  • 1 год афіцыйнага знаходжання на Кіпры з магчымасцю падаўжэння на наступныя 2 гады
  • Права пражывання для сужэнца і непаўналетніх дзяцей 
  • Сужэнцы не могуць працаваць на Кіпры
  • Калі вы жывяце на Кіпры больш за 183 дні на год, вы становіцеся падатковым рэзідэнтам Кіпра ў пазначаным годзе і абавязаныя выплачваць мясцовы падаходны падатак (гл. раздзел ніжэй), калі толькі вы не пацвердзіце статус падатковага рэзідэнта ў іншай краіне.

Час на атрыманне такой візы цяпер ацэньваецца ў 5-7 тыдняў. Пры гэтым вы можаце афіцыйна знаходзіцца на Кіпры ад моманту падачы заяўкі на такую візу.

Дэталёва пра візу ад дырэктара кампаніі Consulco. 

Заробкі і выдаткі на Кіпры

Няма ніводнай крыніцы, якая давала б дакладныя заробкі па ўсіх магчымых прафесіях. Па ІТ-індустрыі больш-менш рэлевантныя даныя ёсць тут.

Але трэба разумець, што гэта таксама «сярэдняе па бальніцы», і ў кожнай кампаніі могуць быць свае стаўкі. Некаторыя гіганты плацяць нашмат больш за сярэдняе. Таксама часта ўзровень зп можа залежаць ад таго, дзе на востраве знаходзіцца галоўны офіс кампаніі — так, кошт жыцця ў Лімасоле вышэйшы, чым у Пафасе або Ларнаке.

Па кошце жыцця і выдаткам таксама няма нейкага аднаго ўніверсальнага адказу. Самы дарагі для жыцця горад — Лімасол, дзе засяроджаная большасць рускамоўных ІТ-кампаній. Нікасія таннейшая, Ларнака і Пафас — яшчэ таннейшыя. Плюс маладая пара на жыццё можа выдаткоўваць менш, чым пара з двума дзецьмі (школы, гурткі і іншае). 

Вельмі сярэднюю ацэнку можна атрымаць на гэтым рэсурсе. Інфармацыя там прыблізная, але, параўноўваючы яе з ацэнкамі і рэальнымі выдаткамі ў вашым цяперашнім горадзе, можна вылічыць каэфіцыент і на яго аснове прыкінуць будучыя выдаткі.

Ёсць яшчэ такі сайт — найбуйнейшая «барахолка» Кіпра, дзе насамрэч можна і жытло ў арэнду знайсці, і аўтамабіль купіць. Для стартавага разумення ўзроўню коштаў цалкам неблагі рэсурс.

Падаткаабкладанне на Кіпры

Калі чалавек пражывае на востраве не менш за 183 дні на год, ён аўтаматычна становіцца падатковым рэзідэнтам Кіпра, то-бок абавязаны выплачваць падаходны падатак са свайго прыбытку.

Падрабязная і самая актуальная інструкцыя па падаткаабкладанні на Кіпры ёсць на сайце PwC, вось тут — на рускай мове.

Але самае важнае — гэта ўласна падатак з фізічных асоб. Ён на Кіпры прагрэсіўны:

Акрамя таго, ёсць вылікі з абкладанага даходу, з якіх самымі істотнымі з’яўляюцца:

  • Калі вы працаўладкаваліся ў кіпрскую кампанію (працоўная віза) не раней за 2012 год і гэта вашае першае месца працы на Кіпры, то вы атрымліваеце 20% выліку (але не больш за 8550 Еўра) на працягу першых 5 гадоў, пачынаючы з наступнага года, з якога пачалася праца. Дзейнічае да 2030 года.
  • Калі вы працаўладкаваліся ў кіпрскую кампанію (працоўная віза) не раней за 2012 год і гэта вашае першае месца працы на Кіпры, пры гэтым ваш гадавы даход не меншы за 55 тысяч еўра, то вы атрымліваеце 50% выліку на працягу першых 17 гадоў, пачынаючы з наступнага года, з якога пачалася праца.
  • Таксама могуць вылічваць унёскі на страхаванне жыцця, пенсійныя фонды (лічбы па спасылцы).

Пра льготы я таксама падрабязна пісаў у сваім блогу

Ёсць некалькі неблагіх анлайн-калькулятараў па падатках:

  • Income Tax Calculator — разлік падаходнага падатку. Але ён не ўлічвае названых вышэй вылікаў у 20% і 50%. 
  • Payroll Cost Calculator — гэта ўжо хутчэй для кампаній, каб разумець, колькі кампаніі будзе абыходзіцца супрацоўнік з пэўным gross-заробкам
  • Dividend Tax Calculator — калі вы адкрываеце сваю кампанію і хочаце выплачваць сабе дывідэнды, тут можна палічыць, колькі атрымаеце на рукі, а колькі яшчэ даплаціце падаткамі

Асаблівасці афармлення ў сувязі з вайной ва Украіне

  • Паводле распараджэння ЕЦБ ад 9 сакавіка 2022 грамадзянам Беларусі няможна мець на рахунках у сукупнасці больш за 100 тысяч еўра. Усё, што звыш гэтай сумы, будзе альбо замарожанае банкам, альбо адхіленае пры спробе папаўнення рахунку.
  • Для расійцаў такое абмежаванне ўвялі раней — 28 лютага 2022 года. 
  • Афіцыйна забароны на адкрыццё рахункаў грамадзянам Беларусі і Расіі няма, але любы банк можа перастрахавацца. Тым не менш пры наяўнасці афіцыйнага статусу знаходжання на Кіпры банкі наўрад ці вам адмовяць у адкрыцці рахунку.

Карысныя спасылкі

Пры складанні дакумента я выкарыстаў матэрыялы, падрыхтаваныя ў супольнасці CypRus_IT і асабіста яго стваральнікам Алегам Рашэтнікавым, іншых чатаў, а таксама ўласныя веды і асабістыя рэкамендацыі ад кіпрскіх юрыстаў.

Таксама раю паглядзець:

  • гэты артыкул Алега Рашэтнікава. Некаторыя даныя састарэлі, не з усімі пунктамі я згодны на 100%, тым не менш гэта даволі добры матэрыял;
  • падрабязнейшую інфармацыю пра візы і варыянты эміграцыі на Кіпр;
  • ReloGame Wiki — дакумент пра рэлакацыі ў розныя краіны, у тым ліку на Кіпр, створаны супольнасцю менеджараў і HR GameDev-індустрыі;
  • некаторыя аспекты жыцця на востраве ў маім блогу.
Падрабязны гід па жыцці ў Сербіі — краіне з 30-дзённым бязвізам
Па тэме
Падрабязны гід па жыцці ў Сербіі — краіне з 30-дзённым бязвізам
Очень подробный гид по Израилю. Документы, жильё, налоги, репатриация
По теме
Очень подробный гид по Израилю. Документы, жильё, налоги, репатриация
Падрабязны гід па жыцці ў Грузіі з асабістага досведу
Па тэме
Падрабязны гід па жыцці ў Грузіі з асабістага досведу
Очень подробный гид по жизни в Польше из личного опыта
По теме
Очень подробный гид по жизни в Польше из личного опыта

Читать на dev.by