Google масава скараціла супрацоўнікаў, якія займаліся распрацоўкай галасавога асістэнта
Група супрацоўнікаў падраздзялення Google Assistant у панядзелак даведалася, што кампанія ў іх больш не мае патрэбы. Пра гэта піша Insider са спасылкай на дасведчаныя крыніцы і ўнутраны дакумент, у якім адсочваюцца звальненні, якія адбываюцца ў Google.
Дакладная лічба звольненых невядомая, але, паводле даных дакумента, гэта да 20 чалавек, якія былі дата-саентыстамі. Таксама ў дакуменце адзначаецца, што некаторыя са звольненых былі пераведзеныя ў каманду асістэнта з каманды Bard у мінулую пятніцу і праз некалькі гадзін атрымалі запрашэнне на сазвон з нагоды новай пасады.
Дакумент курыруюць самі супрацоўнікі Google. У яго збіраюць як унутраную, так і публічную інфармацыю аб звальненнях. Паводле яго, адная са звольненых — у дэкрэтным адпачынку, а яшчэ адзін — хворы на рак.
У тых, хто трапіў пад скарачэнне, ёсць 60 дзён на пошук новай працы ў кампаніі. Пасля гэтага ім прыйдзецца сысці.
Прадстаўнік Google у каментары Insider адзначыў, што тая аптымізуе структуру сваіх каманд, зыходзячы са сваіх найвышэйшых прыярытэтаў, і рэарганізавала пазначаную каманду так, як гэта будзе лепш для стратэгічных бізнэс-мэтаў кампаніі.
Раней Google казала, што плануе дадаць у свой галасавы памочнік функцыі на базе генератыўнага АІ, і нейкія нават пачала выкочваць. У жніўні кампанія абвясціла, што ў сувязі са зрухам фокуса звольніць «невялікую колькасць» супрацоўнікаў. Ці звязаныя цяперашнія звальненні з тым анонсам, незразумела.
Google скараціла 12 тысяч супрацоўнікаў на пачатку года. Ад таго часу ва ўсёй кампаніі паступова праходзілі невялікія стратэгічныя скарачэнні, напрыклад, у Google Навінах і медтэх-падраздзяленні Verily.
Читать на dev.by