Шчаслівага Дня падзякі: Twitter урэзаў заробкі падрадчыкам, звольніў інжынераў у перадсвяточны вечар
Twitter зрэзаў пазасталым кантрактарам плату за працу ў святочныя дні. Пра гэта паведаміла рэдактарка Platformer Зоі Шыфер. Навіна пачынае дзейнічаць ад гэтага Дня падзякі — ён адзначаецца ў ЗША сёння і з’яўляецца выходным.
Нагадаем, на пачатку месяца сацсетка скараціла 80% падрадчыкаў. Пра тое, што яны больш не працуюць на Twitter, яны даведаліся па заблакаваным доступе да працоўных акаўнтаў.
Акрамя гэтага, у сераду ўвечары напярэдадні Дня падзякі некаторыя інжынеры Twitter атрымалі імэйлы, у якіх ім паведамілі пра звальненне — бо дрэнны код. Яшчэ некаторых у лісце папярэдзілі, што працаваць трэба эфектыўней, і папрасілі «вярнуць нам веру ў вас і прадэманстраваць свой унёсак» у камандную справу.
У аўторак Ілан Маск загадаў усім распрацоўшчыкам Twitter штотыдзень дасылаць фрагменты свайго кода для справаздачнасці. Звольненым у сераду прапанавалі месячны заробак у абмен на скасаванне дамовы і адмову ад будзь-якіх прэтэнзій. Як падкрэслівае The Verge, гэта тыя супрацоўнікі, якія перажылі першую хвалю скарачэнняў (тады Twitter выгнаў палову штату) і пагадзіліся працаваць на «хардкорных» умовах Маска. Два дні таму мільярдэр казаў, што са звальненнямі — усё і кампанія чакае ўсіх, хто ўмее класна кодзіць.
Пры гэтым сёння бізнэсовец напісаў, што карыстальнікі мусяць заўважыць, што праграма стала троху — а ў кагосьці нават нятроху — хутчэйшай, асабліва карыстальнікі па-за межамі ЗША.
Читать на dev.by