«Годзе ныць і наперад працаваць!» — заявіла СЕО супрацоўнікам на пытанне пра бонусы. І стала зоркай інтэрнэту
У сеціве завірусілася відэа, у якім кіраўніца мэблевай кампаніі MillerKnoll Андрэа Оўэн экспрэсіўна выказала супрацоўнікам усё, што думае пра тое, дзе ўзяць матывацыю, калі яны застануцца без прэмій.
Відэа было знятае ў сакавіку падчас гадзіннага ўсеагульнага сходу. Оўэн кажа супрацоўнікам перастаць пытацца пра бонусы і засяродзіцца на фінансавых патрэбах кампаніі і на тым, што ў іх руках.
«Не нармальна быць у той сітуацыі, у якой мы цяпер, але гэта не назаўжды. Усё наладзіцца, так што падайце прыклад, стаўцеся да людзей добра, размаўляйце з імі, будзьце зычлівымі — і наперад!», — выгукнула яна.
«Годзе пытацца: „Што нам рабіць, калі мы не атрымаем бонусу?“ Дастаньце нам чортавы $26 мільёнаў, выдаткоўвайце свой час і свае сілы на тое, каб думаць пра патрэбныя нам $26 мільёнаў, а не пра тое, што вам рабіць, калі не атрымаеце бонусу, добра? Я хачу хоць трохі адказнасці!» — выпаліла далей Оўэн.
Прадстаўнік MillerKnoll растлумачыў Insider, што згаданая лічба — гэта ўнутраная метрыка, і лёс бонусаў супрацоўнікаў (уключна з гендырэктаркай), залежыць ад дасягнення гэтай мэты. Вырашацца яна будзе пры канцы фінансавага года ў маі.
«Быў у мяне бос, неяк ён сказаў: „Льга адведаць краіну спагады, але нельга жыць там вечна“. Народ, пара выбірацца з краіны спагады і ўзяцца за справу», — заклікала яна.
Твіт набраў амаль 27 млн праглядаў і выклікаў пераважна абурэнне. Хоць некаторыя каментатары на Reddit і ў TikTok знайшлі словы салідарнасці.
Паводле слоў прадстаўніка MillerKnoll, Оўэн «адчайна верыць у каманду» і ў тое, што кампанія можа дасягнуць разам. Ён дадаў, што ейная пазіцыя не зменіцца праз тое, што вырваны з кантэксту ролік разышоўся па сацсетках.
MillerKnoll займаецца вытворчасцю эрганамічнай мэблі, Оўэн узначальвае кампанію ад 2018 года. Па выніках 2022 фіскальнага года заробак Оўэн з улікам усіх бонусаў і акцый склаў каля $5 млн.
Читать на dev.by