Замежніку ў Польшчы адмовілі ў карце рэзідэнта праз доўгі адпачынак
Не змог пацвердзіць рэгулярнасць даходу. Якія патрабаванні?
dev.by даведаўся пра кейс, калі грамадзяніну Украіны ў Польшчы адмовілі ў карце рэзідэнта ЕС праз тое, што ён браў трохмесячны адпачынак без утрымання. На жаль, нам не ўдалося звязацца з героем гісторыі, каб распытаць пра ўсе падрабязнасці, аднак нам вядома, якая матывіроўка ляжала ў аснове гэтага рашэння.
Што такое карта рэзідэнта ЕС
Пастаянны дазвол на жыхарства доўгатэрміновага рэзідэнта ў ЕС, які выдаецца ў тым ліку Польшчай. Дае права ў краіне, якая яго выдала, бестэрмінова жыць і працаваць без дадатковых дазволаў. НЕ дае права знаходзіцца ў іншай краіне Шэнгенскага пагаднення больш за 90 дзён у паўгоддзі без атрымання нацыянальнай візы/ДНЖ іншай краіны.
Для каго
Для замежніка, які знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Польшча легальна і бесперапынна на працягу не менш як 5 гадоў непасрэдна перад падачай заяўкі на выдачу гэтага дазволу і сукупна выконвае наступныя ўмовы:
- мае стабільную і рэгулярную крыніцу даходу, дастатковага для пакрыцця выдаткаў на яго ўтрыманне і ўтрыманне сямейнікаў, якія знаходзяцца на яго апякунстве;
- мае медыцынскую страхоўку ў разуменні закона ад 27 жніўня 2004 года пра медыцынскае абслугоўванне, якое фінансуецца з грамадскіх сродкаў, або пацверджанне кампенсацыі страхоўшчыкам выдаткаў на лячэнне на тэрыторыі Рэспублікі Польшча;
- мае пацверджанае веданне польскай мовы (узровень не ніжэйшы за B1).
Гэты дазвол выдаецца на нявызначаны тэрмін.
Юрыдычная падстава — закон ад 12 снежня 2013 года аб іншаземцах — арт. 211-212 — разам з выканаўчымі актамі.
Хоць мінімальны тэрмін легальнага і бесперапыннага пражывання ў Польшчы перад падачай мае быць не меншым за 5 гадоў, даход заяўніка ацэньваецца толькі за апошнія тры гады (калі заяўнік — высокакваліфікаваны спецыяліст / мае Blue Card, то за два гады).
Што вядома пра кейс
Грамадзянін Украіны на працягу тых двух або трох гадоў у Польшчы, за якія ацэньваецца даход заяўніка, браў на працы адпачынак без утрымання. На тры месяцы. Улады расцанілі гэта як невыкананне ўмовы пра стабільную і рэгулярную крыніцу даходу і адмовілі яму ў статусе рэзідэнта.
Як матывавалі адмову ў Варшаве
(хутчэй за ўсё, гаворка вядзецца пра Упраўленне ў справах замежнікаў у Варшаве, якое разглядае апеляцыі па адмовах)
Там падкрэслілі, што згодна з art. 211 ust. 1 pkt. 1 і 2 (закона аб іншаземцах — dev.by) трэба даказаць наяўнасць стабільнай і рэгулярнай крыніцы даходаў, а таксама медстрахоўкі ў кожным месяцы за гэты перыяд.
Ведамства спаслалася на рашэнне Ваяводскага адміністрацыйнага суда Варшавы (sygn. akt IV SA/WA 532/15 Lex nr. 2050617), згодна з якім «стабільная крыніца даходаў» значыць «крыніца, якая не змяняецца на працягу доўгага часу, вяртаецца ў стабільны стан пасля часовых перабояў, паўтараецца ў дакладна пазначаных або аднолькавых часавых прамежках».
І яшчэ на адно судовае рашэнне — Вышэйшага адміністрацыйнага суда (sygn. akt II OSK 726/21 Lex nr. 3346465), які прызнаў, што 3-месячны перапынак у даходах на падставе адпачынку за свой кошт з’яўляецца падставай для адмовы ў выдачы карты рэзідэнта.
Здавалася б, перапынак у даходах не мае быць праблемай, калі папярэднія/наступныя паступленні перакрываюць неабходныя ліміты. Але не. Ведамства мяркуе, што дакументы пра гадавы даход (напрыклад, дэкларацыя PIT-37) не пацвярджаюць даходу ў канкрэтным месяцы. Таму вырашыць праблему простым дзяленнем гадавога заробку на 12 не атрымаецца. Тут таксама ідзе адсылка да прэцэдэнту ў ваяводскім адміністрацыйным судзе Варшавы (sygn. akt IV SA/WA 832/31 niepubl.).
Мараль
Будзьце пільныя, калі рыхтуецеся да падачы на карту рэзідэнта ЕС. Нават месячны перапынак у даходах можа стаць праблемай.
Вось тут можна пачытаць FAQ пра карту рэзідэнта ЕС ад Упраўлення ў справах замежнікаў, у тым ліку пра патрабаванні да даходаў.
З афіцыйнага тлумачэння Упраўлення ў справах замежнікаў на gov.pl:
Што азначае, што крыніца даходу — «стабільная і рэгулярная», а даход — дастатковы? Як ацэньваецца даход пры разглядзе справы аб даванні дазволу на знаходжанне доўгатэрміновага рэзідэнта ЕС?
Закон аб іншаземцах патрабуе давання дазволу на знаходжанне доўгатэрміновага рэзідэнта ЕС, каб даходы, атрыманыя замежнікам, адпавядалі крытэру законнасці (што азначае, што яны не могуць быць атрыманыя ў парушэнне закона), стабільнасці і рэгулярнасці (такім чынам, яны маюць характарызавацца нейкай устойлівасцю і паслядоўнасцю іх атрымання), і каб яны былі дастатковыя для пакрыцця выдаткаў на ўтрыманне замежніка і асоб, якія знаходзяцца на яго ўтрыманні (то-бок каб перавышалі парог, які дае права на атрыманне сацыяльнай дапамогі).
Такім чынам, гаворка вядзецца пра адносную стабільнасць даходу, якая аналізуецца ў доўгатэрміновай перспектыве (2 гады — у выпадку высокакваліфікаваных работнікаў, 3 гады да моманту падачы заявы — у астатніх выпадках). Такі аналіз мінулых даходаў дазваляе выказаць здагадку, што іншаземец будзе атрымліваць даход у будучыні і не стане цяжарам для дзяржаўнага бюджэту. Пры гэтым нязначныя ваганні даходу не маюць стаць прычынай адмоўнай ацэнкі магчымасці атрымання неабходнага даходу ў будучыні.
Читать на dev.by