Падзялілі бізнэс: як цяпер маюцца каманды Andersen (заходні рынак) і Aston (расійскі)
Змест
Warning!
Гэты цыкл публікацый — падборка свежых водгукаў аб працы ў розных ІТ-кампаніях у 2022-2023 на рынку, які змяняецца. Тут няма інфармацыйных нагод. Гэта суб’ектыўны досвед і ўражанні супрацоўнікаў з розных офісаў, якія пажадалі выказацца.
Спадзяемся, кампаніі таксама знойдуць фідбэк карысным. Калі кампанія захоча даць каментары, мы дадамо яе пазіцыю.
У 2021 годзе Andersen уваходзіла ў топ-10 найбуйнейшых ІТ-кампаній Беларусі па памеры штату. У кампаніі працавала амаль 1000 супрацоўнікаў. На дадзены момант, мяркуючы з профіляў у лінкедзіне, у штаце ў Беларусі працуе 500+ супрацоўнікаў.
У сакавіку 2022 года Andersen абвясціла, што спыняе працу ў РФ і разрывае партнёрскія адносіны з расійскімі кліентамі. У Расіі ў Аndersen было 3 офіса — у Санкт-Пецярбургу, Казані і Растове. Станам на пачатак 2022 года там працавала каля 670 чалавек.
Andersen засяродзілася за праектах з заходнімі заказчыкамі. Расійская частка бізнэсу перайшла да расійскай кампаніі Aston. На сайце Aston у пераліку лакацый з’явіліся офісы Andersen у Мінску, Гомелі, Полацку і Віцебску. У маі 2022 года ў офісе па суседстве з «Андэрсенбел» была зарэгістраваная «Астан Софт».
Плюсы і мінусы працы ў Andersen/Aston (суб’ектыўныя!)
Плюсы
- «Стабільнасць, адсутнасць масавых скарачэнняў. Толькі падчас кавіду скарачалі, у асноўным, стажораў. Заробкаў ніколі не паніжалі».
- «Калектыў. Усе, хто затрымаўся ў кампаніі больш як на два гады, звычайна валодаюць класнай экспертызай і ім можна даверыцца, калі здараецца ўсё, што магло здарыцца».
- «Кампанія падтрымлівае рост супрацоўнікаў (курсы, сертыфікаты і г. д.). У Andersen заўсёды ёсць куды расці, калі цябе задавальняе кампанія. Як прыклад: пасля працы на праектах „пад ключ“ твае скілы павялічваюцца, ты становішся вельмі канкурэнтным спецыялістам».
- «Магчымасць разабрацца не толькі ў тэхнічнай частцы, але і ў даменнай. Адзін з апошніх праектаў быў звязаны з фінтэхам. Лід бэкэнду меў ступень доктара (PhD) эканамічных навук. Пасля гэтага мне захацелася працаваць толькі на фінтэх-праектах і глыбока разбірацца ў банкаўскай сістэме. Думаю нават у выпадку выхаду на рынак я буду вельмі канкурэнтаздольны для банкаў».
- «Рэлакейт і магчымасць атрымаць візы».
- «Добрае стаўленне калег і менеджменту, працу ў задавальненне і без перапрацовак. Наяўнасць сацпакета (бальнічныя, страхоўкі, мультыспорт). Гнуткі працоўны графік і магчымасць выбраць працаваць рэмоўт/афлайн».
Мінусы
- «Нізкія заробкі адносна рынку. Каб павысіць заробак, трэба браць дадатковыя актыўнасці. Выбіць павышэнне становіцца ўсё цяжэй, але гэта праз крызіс».
- «Топ-менеджмент. Вельмі шмат што робіцца як ініцыятыва і не заўсёды прыносіць плён. Хацелася б бачыць больш структураваны падыход да змен і іх укаранення. Чуў, што цяпер якраз фіксуюць гэты працэс».
- «Мікраменджмент. У працэсы могуць лезці людзі, якія наогул не цямяць у сферы і спецыфіцы тваёй працы. Гэта вельмі збівае, пачынаеш распыляцца і не паспяваеш рабіць тое, што ад цябе патрабуюць. А ўсім трэба хутчэй і цяпер».
- «Пінгі і паведамленні ў непрацоўны час».
- «Вялікія страты сеньёрскага/мідл+ складу».
- «Амаль няма магчымасці развівацца ўнутры кампаніі як спецыяліст. Ёсць рэдкія тэхнічныя мітапы і старыя курсы з вонкавых рэсурсаў у лакальным сховішчы».
- «Недастатковы сапорт пры папяровых пытаннях (ДНЖ, падаткі і г. д.). У асноўным усё даводзіцца пазнаваць самому па-за кампаніяй».
- «Адсутнасць карпаратаў, грашовых бонусаў, мерчу, забеспячэння сучаснай тэхнікай для рэмоўт-працаўнікоў або іншых расходаў на арганізацыю хатняга воркспэйсу. Няма бясплатных карпаратыўных курсаў англійскай для ўзроўню В2. Хацелася б, каб дадатковыя працоўныя акцівіці аплачваліся суадносна выдаткаваным сілам/часу».
Беларусь
Рэлакейт
— Летась кампанія дапамагала рэлакантам вырашаць усе пытанні з легалізацыяй. Візы выдавалі вялікімі пачкамі разам з неабходнымі дакументамі. Увесь працэс пераезду абкаталі ў самым пачатку, калі «адпраўлялі» сэйлзаў.
Праграма рэлакацыі дагэтуль засталася, але ўсё залежыць ад пажаданняў супрацоўніка. Частка бягучых праектаў не абавязкова мае на ўвазе рэлакацыю. Але калі ты менеджар, то вялікі плюс, калі ты знаходзішся ў Еўропе.
Пры пераездзе выплачваецца рэлакейт-бонус — каля 1,5 тысячы долараў. Але яго атрымліваюць не ўсе. Гэта залежыць ад магчымасцяў праекта і вырашаецца індывідуальна.
Некаторыя заказчыкі згодныя на павышэнне заробку, калі чалавек пераязджае. Кампанія звычайна пераглядае заробкі тым, хто атрымлівае прыкладна да 2 тысяч долараў. Калі заробак вышэйшы, то яго перагляд залежыць ад ступені патрэбнасці супрацоўніка.
Калі супрацоўнік пераязджае разам з сям’ёй, то заробак таксама пераглядаюць (у тым ліку і тым, хто атрымлівае больш за 2 тысячы долараў). Калі ты малады і адзін, то верагоднасць перагляду заробку нізкая. Мне пры рэлакацыі з Беларусі летась павысілі заробак больш як у паўтара разу. Але гэта быў прыватны выпадак, і мой заробак быў не такі вялікі.
Andersen — Aston
— Пасля падзелу кампаній у Andersen засталіся тыя, хто ўжо працаваў на існых англамоўных праектах. Дарэчы, там апынулася вялікая колькасць сеньёраў або моцных мідлоў, бо высокі ўзровень англійскай у джуна сустрэнеш вельмі рэдка. Ён падцягваецца як правіла пазней, у працэсе працы на англамоўных праектах і курсах. У Aston засталіся тыя, хто працаваў на рускамоўных праектах.
Фармальна на жаданне была магчымасць трапіць у Andersen, але толькі з вельмі добрым узроўнем гутарковай англійскай. З супрацоўнікаў, якія працуюць на расійскіх праектах, такіх было мала. Акрамя таго, перспектыва сысці з праекта і трапіць на нявызначаны перыяд на бэнч у Andersen мала каго прыцягвала.
Пра Andersen, калі яшчэ была адная кампанія, казалі, што ён «выязджае» на расійскіх праектах. Расійскія заказчыкі — гэта буйныя банкі, сеткі крам і г. д. Цяпер, наколькі я разумею, у Andersen па частцы новых праектаў справы ідуць не так добра, як у дакавідныя сытыя часы.
Першапачаткова менеджмент Andersen пры падзеле кампаніі стараўся данесці, што карпаратывы і іншыя радасці будуць агульнымі, заўсёды застанецца магчымасць перайсці з Aston у Andersen. Праз пэўны час новае кіраўніцтва заявіла, што цяпер Aston і Andersen — дзве розныя кампаніі. Афіцыйна было заяўлена, што пераходаў з адной кампаніі ў іншую не будзе, сумесных карпаратываў таксама (іх наогул не стала).
Максімальна знізілі магчымасць камунікацыі паміж супрацоўнікамі, нават падзялілі чаты. Пакінулі вячоркі на кухні, радзей — у якім-небудзь мясцовым клубе, часам ёсць дробныя мясцовыя актыўнасці накшталт майстар-класаў, сплаву на байдарках.
Офісы да восені гэтага года былі сумесныя, але туды мала людзей хадзіла. Усе працавалі дыстанцыйна. Пару месяцаў таму офісы перанеслі на розныя паверхі.
Заробкі/асэсмент у Aston
— Пасля падзелу Andersen на дзве часткі ў 2022 годзе ў кампанію прыйшоў новы менеджмент. Нам пастаянна пісалі ў чатах пра новыя дэманды, пра тое, як мы выдатна расцем і развіваемся. На агульных сазвонах з СЕО нам расказвалі пра новыя магчымыя перспектыўныя рынкі, як кампанія выдатна пачуваецца фінансава.
Да падзелу наш заробак быў прывязаны да долара. Пасля ўсім супрацоўнікам Aston заробак прывязалі да расійскага рубля. На любое пытанне аб кампенсацыі заробку праз курсавыя страты адказвалі, што пераглядаў не будзе.
Напрыклад, мой заробак за два гады (з улікам усіх павышэнняў) знізіўся амаль удвая і стаў меншы за 2 тысячы долараў у эквіваленце. Але ўсім незадаволеным проста прапаноўвалі ісці пашукаць на рынку новую кампанію.
Раптам з’явіліся «заробкавыя дыяпазоны» для кожнай пазіцыі, але канкрэтна суму дыяпазонаў дазнацца было немагчыма. Калі справа даходзіла да абмеркавання новага заробку, казалі, што шмат прасіць няможна, не заслужыў. Упрэшся ў «дыяпазон» і наогул заробак парэжуць замест прыбаўкі.
Асэсменты адвязалі ад павышэння заробкаў. Пры бягучым падыходзе асэсменты з павышэннем узроўню сеньёрнасці — раз на паўгода, павышэнне заробку — раз на год. У выніку атрымліваецца «сеньёр» за тры гады, якога можна прадаць заказчыку як рэальнага сеньёра, з заробкам на рынку па верхняй планцы ў джуна. Думаю, што гэта больш-менш тыповыя паводзіны аўтсорсу. Але праз такі падыход у кампаніі значна парадзеў (можна сказаць, што амаль нікога не засталося) «залаты» сеньёрскі склад.
У дакрызісныя часы ў Andersen праходзілі разнастайныя мітапы і канферэнцыі і сапраўды было чаму павучыцца. За гэты год быў адзін мітап па франтэндзе, 1-2-па бэкэндзе і пара-тройка па мабілках. Астатнія —матывуючыя мітапы пра тое, як дамагчыся поспеху на праекце. Матывуючыя мітапы выдатна настройваюць на працу з борздым запалам, але ведаў, напрыклад, у распрацоўцы, наогул не дададуць.
Праекты, найманне, бэнч у Aston
— Распрацоўшчыкаў з рынку набіралі мала. Была цікавая тэндэнцыя ў мінулым годзе, у гэтым — менш, калі шукалі на рынку свабодных распрацоўшчыкаў, праводзілі ўваходнае сумоўе, але ў выпадку паспяховага праходжання не падпісвалі кантракта, а казалі чакаць, пакуль не знойдзецца праект. І кантракт падпісвалі толькі ў выпадку праходжання распрацоўшчыка на праект. А чакаць можна было па чатыры месяцы. Пры гэтым праект атрымлівалі не ўсе.
Лабаранты пасля стажыроўкі маглі і па восем месяцаў сядзець без працы. Некаторыя не чакалі і сыходзілі самі. Некаторых выганялі пасля таго, як яны не праходзілі сумоўі [на праектах].
Знаю пару кейсаў, калі людзі хацелі пераехаць з Беларусі, ім прапаноўвалі працягнуць далейшае супрацоўніцтва з кампаніяй, абяцалі працу. Пасля пераезду іх не працаўладкоўвалі.
Бэнч, наколькі вядома (большасць распрацоўшчыкаў знаходзіцца на аддаленай працы), невялікі, але так проста сядзець, займацца сваімі справамі (вучыць новыя тэхналогіі) не будзеш. Цяпер распрацоўшчыкі адпрацоўваюць заробак, атрымліваючы кучу заданняў па праўцы кода на навучальных праектах, бясплатна праводзяць інтэрв’ю ды іншае. Пры гэтым у любую хвіліну трэба быць гатовым да званка і сумоўя на праект. І ўсё гэта пад пільным наглядам з некалькіх ПМ і дбайным трэкінгам часу ў Jira. Такая сабе перспектыва.
Andersen vs Aston
— Я працаваў у Andersen. Пасля пачатку вайны і падзелу кампаній прайшоў сумоўе да расійскага заказчыка і мяне аўтаматам перавялі ў Aston.
У першую чаргу змяніўся заробак, які я стаў атрымліваць у расійскіх рублях. У працэсах усё капіявалі з Andersen, таму ў гэтай частцы асаблівых змен няма. Невялікія заробкі, на жаль, таксама скапіяваліся. Хоць гэта мэтавая палітыка кампаніі — не мець надта дарагіх супрацоўнікаў, бо гэта не выгадна. Ёсць, вядома, пэўны пул архітэктараў і сеньёраў, але ён невялікі. Бо ў асноўным працуюць з заказчыкамі, прадаючы мідлоў або мідлоў+, сеньёраў трохі радзей.
А ў астатнім усё нармальна. Стала больш івэнтаў, Aston цяпер добра ўкладваецца ў маркетынг. Таксама стала больш заказчыкаў і праектаў.
Заробкі ў Andersen
— Узровень заробкаў у Andersen ніжэйшы, ніж прапаноўваюць канкурэнты на рынку, а стаўленне [некаторых] рэсурсных менеджараў проста жудаснае.
Была сітуацыя, калі калега хацеў звольніцца праз тое, што яму прапанавалі ўдвая большы заробак, але Andersen не хацеў яго звальняць. Сказалі, што сыдзе толькі па артыкуле, а кампанія ўсюды разашле рэкамендацыю, што ён нядобрасумленны супрацоўнік. Прапаноўвалі прагульваць, каб звольніць па артыкуле, альбо заставацца і працаваць далей. Праз месяц дэбатаў калега атрымаў выдатныя водгукі ад тэхліда з праекта, узгадніў асабіста з ім сыход і змог дамовіцца аб звальненні на пагадненне.
Праекты і найманне ў Andersen
— Сітуацыя з праектамі ў Andersen цяжкая. Бэнчу амаль не трымаюць, адразу прапаноўваюць звольніцца на пагадненне бакоў, калі раптам нешта не выйшла з праектам або ён раптам скончыўся. Калі ты прымаеш усе ўмовы менеджменту, то рэсурсныя менеджары пішуць рэкамендацыйны ліст, а калі не прымаеш, то садзяць на аклад, які складае 15-20% ад рэальнага заробку. Акрамя таго, спрабуюць «пакараць за нелаяльнасць», звольніць па артыкуле.
Кампанія актыўна звальняе, бо ўвесь час спрабуе знайсці кагосьці танней і прадаць даражэй. Вельмі распаўсюджаная мадэль, калі лабаранта актыўна рыхтуюць да інтэрв’ю з заказчыкам. У апошні час звольнілі шмат сеньёраў, але прыцягнулі на добрыя пазіцыі джуноў, якія толькі выйшлі з лабараторыі.
Звальненні ў Andersen
— У Andersen апошні год быў фрыз performance review. Кожныя тры месяцы яго падаўжалі яшчэ на тры месяцы. Пачатак фрызу выпаў на мой асэсмент. Кіраўніцтва запэўнівала, што гэта часова, але пасля паўгода такой сітуацыі я вырашыў паглядзець, што прапаноўваюць іншыя працадаўцы. Атрымаў офер на вялікую суму, прыйшоў з ім у Andersen з размовай аб павышэнні, так як быў каштоўным супрацоўнікам і працаваў у ключавой камандзе на сваім праекце.
У выніку мяне сталі прымушаць рэлакейціцца пад праект. Спачатку я не хацеў, але ў выніку мы дамовіліся па ўмовах, мне трохі паднялі заробак і прапанавалі кампенсацыю жытла ў памеры 300 еўра на перыяд майго рэлакейту. Месяц я жыў з думкай пра рэлакейт і пошук жытла. Але раптам нам паведамляюць, што заказчык на праекце скарачае выдаткі, у сувязі з чым адмаўляюцца ад усіх аўстаф-спецыялістаў.
Я падумаў, што змагу працаваць на іншых праектах. Але праз нейкі час да мяне прыйшоў рэсурсны дырэктар і сказаў, што мяне не будуць разглядаць на іншыя праекты. Ім не патрэбны супрацоўнік, які можа прынесці офер, працуючы на праекце, і наогул я нелаяльны да кампаніі супрацоўнік.
Праз калег я даведаўся, што кампанія проста захацела больш зарабіць і пачала набіраць на новы праект кандыдатаў з рынку з таннейшымі рэйтынгамі. Усіх, хто працаваў са мной у аддзеле і трапіў пад стоп праекта, проста папрасілі напісаць заяву на ўласнае. Акрамя таго, мне прапанавалі кампенсацыю ў памеры тыднёвага заробку за «нечаканы збег абставін» і згадалі, што тым самым кампанія ідзе мне насустрач.
Я адмовіўся сыходзіць на такіх умовах і запатрабаваў аплаціць месяц працы. Але мне паведамілі, што рашэнне ўжо прынятае: альбо мне плацяць тыднёвы заробак, альбо садзяць на бэнч выконваць «творчыя задачы». Я пагадзіўся сядзець на бэнчы і чакаць новага праекта. На бэнчы пабыў крыху менш за тры тыдні, з якіх большую частку часу вёў перамовы аб сваім сыходзе. У гэты перыяд я атрымліваў 20% ад маёй рэальнай заработнай платы. Дарэчы, на бэнчы мне далі задачу з нуля зрабіць дастаткова складаную праграму з эстымэйтам у два дні, хоць рэальная эстымацыя каля 3 месяцаў працы.
Па выніку я сышоў на камфортнейшых для сябе ўмовах, але мне ўсё роўна не выплацілі поўнага месячнага заробку. Пры гэтым я пазбавіўся оферу з выдатнымі ўмовамі, так як у іншай кампаніі на той момант пазіцыю закрылі.
Польшча
Праекты, бэнч
— Мяркуючы са штомесячных зводак, новыя праекты ў Andersen прыходзяць, але моцнага прыросту няма. Звальненняў, здаецца, няма пакуль. Бэнч ёсць, але ён пад кантролем.
— Праектаў хапае. Усіх, хто на бэнчы, здаецца, даволі хутка прыстройваюць. Вядома, калі чалавек 5 месяцаў на бэнчы, то хутчэй альбо сыходзіць сам, альбо з ім развітваюцца. Скарачалі ў асноўным адміністрацыйны персанал.
Заробкі
— Павышэнне заробку я абмяркоўвала яшчэ пры рэлакацыі. Але мне адказалі, што проста канвертуюць заробак з еўра ў злотыя — вось і ўвесь перагляд. Наколькі я ведаю, перагляд цяпер размарозілі, але не для ўсіх аддзелаў і пазіцый. Дакладна пераглядаюць джуноў. Многія працуюць без перагляду больш за год. Дамагчыся перагляду вельмі цяжка.
— У кожнага ўзроўню свае планы пераглядаў. Але цяпер усё крыху памянялася. Працэс перагляду падзяліўся на два этапы. Першы этап — гэта асэсмент для праверкі ведаў, другі этап — гэта перфоманс рэв’ю, дзе збіраюцца фідбэкі з праекта, разглядаецца вынік асэсменту і прымаецца рашэнне павышаць або не. Раней гэта ўсё было адначасова, цяпер гэта розныя працэсы.
У мідлоў звычайна асэсмент быў раз на паўгода і перагляд заробкаў таксама. Цяпер асэсмент раз на паўгода, перфоманс раз на год. Мне не пераглядалі заробку ўжо год.
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам, увагай і данатамі.
І яшчэ крыптой, тут кашалькі.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by