Як прапаганда кліча айцішнікаў назад у Беларусь

Пры канцы 2022 года Лукашэнка правёў нараду па пытаннях развіцця ПВТ, у выніку якой было вырашана «перагарнуць старонку»: не мяняць рэжыму працы Парка і дараваць айцішнікаў «памылкі» 2020 года. Тады ж Лукашэнка заявіў: айцішнікі, якія з’ехалі, вяртаюцца ў Беларусь. Ад тых часоў тэзіс пра вяртанне расчараваных замежжам «збеглых» сталі паўтараць дзяржканалы з нарастальнай інтэнсіўнасцю.

dev.by рызыкнуў вывучыць пытанне. 

173 каментарыя
Змест

«На загад замежных заказчыкаў», або чаму айцішнікі рванулі з Беларусі (паводле версіі дзяржавы)

У лістападзе мінулага года, праз некалькі дзён пасля нарады пра ІТ у Лукашэнкі, на тэлеканале АНТ выйшла праграма, у якой «простай мовай» расказалі, што такое ПВТ і чаму айцішнікі з’язджаюць.  

Паводле версіі аўтараў праграмы, Лукашэнка стварыў ПВТ, каб перадухіліць уцечку мазгоў з Беларусі ў нулявыя гады — «як гэта было ў Літве і Латвіі». Ад тых часоў ПВТ моцна змяніўся: раней кампаніі працавалі на замежных заказчыкаў, цяпер «пішуць праграмы для сваёй краіны», бо ў Беларусі з’явіліся «гарады і вытворчасці з робатамі».      

— Масавыя ўцёкі айцішнікаў — раскручаны міф, — кажа вядоўца АНТ.

І ў доказ прыводзіць лічбы пра прырост рэзідэнтаў у ПВТ (са спасылкай на 2021 год — +180 кампаній. Пры гэтым у 2022 колькасць кампаній-рэзідэнтаў, паводле даных сайта Парка, не змянілася. — Заўв.) і экспарт ІТ-сферы (больш за $2 млрд за першыя 9 месяцаў мінулага года). 

Пра тое, чаму паспяховая, на першы погляд, фінансавая статыстыка ПВТ за год не зняпраўджвае «міфа» пра масавы рэлакейт, мы пісалі тут:  

  1. Рост адлічэнняў ІТ-кампаній у бюджэт у 2021 годзе быў звязаны з павелічэннем стаўкі падаходнага падатку для працаўнікоў ПВТ ад 9 да 13%. На падатковы рэкорд першага квартала мінулага года маглі паўплываць рост заробкаў праз курсавыя ваганні (у лютым сярэдні заробак у ІТ у рублях павялічыўся амаль на 50%) і выплаты рэлакейт-бонусаў.
  2. Шматлікія рэлаканты, пакідаючы Беларусь, нейкі час працягваюць працаваць на беларускую юрыдычную асобу і плаціць падаткі ў Беларусі. Ва ўмовах, калі за кароткі тэрмін у іншую краіну пераязджае шмат супрацоўнікаў, кампаніі не паспяваюць аператыўна перааформіць іх у замежны офіс. Вынікі нашага анкетавання (5000+ удзельнікаў) у першай палове 2022 года казалі пра тое, што 27% з 1169 рэлакантаў, якія пераехалі пасля 24 лютага, працягвалі працаваць на беларускі офіс.  

Але ўсё ж такі некаторыя айцішнікі, паводле версіі вядоўцы АНТ, пакінулі краіну. Не са сваёй волі, а на патрабаванне заходніх заказчыкаў: 

«Каб націснуць на Беларусь санкцыямі і навесці мітусні ў грамадстве, некаторыя краіны Захаду запатрабавалі, каб супрацоўнікі даччыных прадпрыемстваў або тыя, хто піша для іх праграмы, выехалі з Беларусі. У гэтым выпадку ў айцішнікаў не было выбару — яны не рваліся нікуды з’язджаць. Ім давялося гэта зрабіць на патрабаванне заказчыка. <…> Меншая частка тых, хто з’ехаў, пакінула Беларусь з уласнай волі, але цяпер шмат хто вяртаецца. Яны, як сказаў прэзідэнт, паспрабавалі замежжа на зуб: пазнаёміліся з падаткамі і адлічэннямі, пераканаліся, што ў Беларусі ім стварылі спрыяльныя ўмовы, што нашыя дзіцячы садкі і медыцынскае абслугоўванне — прывілей, пра які большасць жыхары Еўропы і не марыць».   

Тэзіс пра тое, што заказчыкі прымушаюць айцішнікаў з’язджаць, прагучаў і ў іншым шоу — «Гэта іншае» на тэлеканале «Беларусь 1». 

У праграме ўзяў удзел айцішнік Уладзіслаў Прахін, які рэлакаваўся ў Грузію ў 2022 годзе. 

— Нам сказалі, што калі супрацоўнікі знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, то, магчыма, яны стануць непажаданымі для кампаніі, бо не ўсе заказчыкі захочуць з намі працаваць. Абяцалі таксама бонусныя выплаты тым супрацоўнікам, якія захочуць пакінуць Беларусь, — расказваў айцішнік вядоўцы праграмы. 

— Ультыматыўная, свайго роду, форма была? — удакладняе вядоўца.

— Ну…

— Альбо застацца без працы, альбо з’ехаць.

— Можна сказаць, што так. У прынцыпе, так.

У праграме не ўдакладнілі, у якой кампаніі працуе айцішнік. Чалавек з такім імем і прозвішчам ёсць у базе затрыманых (арыштаваны ў жніўні 2022 года, а праграма на «Беларусь 1» з удзелам Уладзіслава Прахіна выйшла ў верасні). Далейшы яго лёс невядомы. 

«Пры найменшай магчымасці вяртаюцца дадому», або чаму айцішнікі едуць у Беларусь (паводле версіі дзяржавы)

Ад студзеня 2023 года наратыў пра тое, што айцішнікі, якія з’ехалі, актыўна вяртаюцца ў Беларусі, стаў усё часцей з’яўляцца ў дзяржСМІ. 

Адным з першых гэтую навіну агучыў намеснік дырэктара ПВТ Кірыл Залескі: 

— Цяпер мы бачым вельмі выразную тэндэнцыю, што пры ўсіх вымушаных перасоўваннях нашых праграмістаў за межы краіны большасць з іх пры найменшай жа магчымасці вяртаецца на радзіму. Тут у іх дом, тут у іх годны ўзровень жыцця, адукацыі, медыцынскага абслугоўвання і гэтак далей.

На канале АНТ айцішнікаў, якую смуткуюць за пакінутай радзімай, абмяркоўвалі ў свежай студзеньскай праграме «Аб’ектыўна»: 

— Многія, хто з’ехаў, усвядомілі: ім было б лепш у Беларусі. Жыццё ў Беларусі ні ў якім разе не горшае, ніж у Еўропе. І самае галоўнае: ён тут з’яўляецца грамадзянінам, абароненым па многіх параметрах. 

Чыноўнікі, якія выступаюць у дзяржСМІ, грамадскія дзеячы і журналісты не спасылаліся на лічбы або іншыя даныя, якія пацвярджалі б версію пра масавае вяртанне айцішнікаў. 

Як насамрэч

Няма ніякіх даных, якія сведчылі б, што вяртанне айцішнікаў — гэта трэнд, а не прыватныя выпадкі. Нават калі абапірацца толькі на крупінкі дзяржстатыстыкі. 

Толькі паводле даных Белстата, за 11 месяцаў 2022 года адток спецыялістаў з ІТ-сферы склаў 15 тыс чалавек. У лістападзе-снежні адток «стабілізаваўся» — мінус 1000+ супрацоўнікаў на месяц.

Яшчэ адзін параметр з афіцыйнай статыстыкі — сярэднеспісавая колькасць супрацоўнікаў у розных галінах. Гэта колькасць працаўнікоў, якія лічыліся ў кампаніях у названыя перыяды, паводле даных Белстата. Памеры кампаній, уключаных у статыстыку агульнай колькасці персаналу, невядомыя. У ІТ у лістападзе 2021 сярэднеспісавая колькасць была 54,5 тысячы, а ў лістападзе 2022 (апошнія вядомыя даныя) — 43,4 тысячы.

У 2022 колькасць рэзідэнтаў ПВТ, мяркуючы з даных на афіцыйным сайце, ніяк не змянілася (1065 кампаній). Гэта беспрэцэдэнтна ў гісторыі Парка і ўскосна паказвае на адток кампаній і людзей. 

Паводле даных нашага рэсёрчу (лета-2022), 39,8% удзельнікаў (з 5000+) паведамілі пра пераезд. Паводле падлікаў рэдакцыі (лета-2022), ад восені 2020 года Беларусь маглі пакінуць да 20+ тысяч айцішнікаў. Свежымі данымі мы падзелімся пазней.

Чаму дзяржава сумуе за айцішнікамі

ІТ — адзін з нешматлікіх драйвераў беларускай эканомікі. Доля ІТ-сектара (нават пасля падзення) — 6,6% ад ВУП, якія стварае каля 100 тысяч (верагодна, ужо менш) чалавек. Гэта сумерна з сельскай гаспадаркай, больш, ніж нафтаперапрацоўка. 

Беларуская эканоміка ўпала за мінулы год амаль на 5%. ІКТ-сектар упершыню за доўгі час адмоўна паўплываў на дынаміку ВУП. Для параўнання, па выніках 2021 года галіна выявілася адным з драйвераў росту эканомікі, забяспечыўшы прырост ВУП на 0,7%.

За мінулы год знізілася і доля сектара «інфармацыя і сувязь» у структуры ВУП. Калі за 2021 год яна склала 7,4%, то па выніках 2022 года — ужо 6,6%.

Пры гэтым упершыню за доўгі час упала і валавая дадатковая вартасць ІКТ-сектара (розніца паміж выдаткамі на вытворчасць і канчатковым коштам прадукту — Заўв.). За мінулы год — мінус 2,2%.

Пры гэтым грошы недаатрымлівае не толькі бюджэт, але і сфера паслуг, якая губляе тысячы кліентаў з заробкам у 5-6 разоў вышэйшым за сярэдні ў краіне. 

Усё гэта следства закрыцця многімі ІТ-кампаніямі бізнэсу і сыходу з Беларусі, а таксама рэлакейту спецыялістаў. 

Як дзяржава кліча айцішнікаў назад

Ніяк, дакладней толькі вербальна. 

У 2022 анансаваліся «аператыўныя меры» падтрымкі ПВТ, але далей за анонс не пайшло. У красавіку ўрад зацвердзіў комплексны план падтрымкі эканомікі, адным з пунктаў якога з’яўляецца прадастаўленне рэзідэнтам ПВТ «даступных ільгот і прэферэнцый па аналогіі з мерамі, прынятымі ў Расійскай Федэрацыі», у тым ліку права на адтэрміноўку ад прызыву на вайсковую службу. Меркавалася, што да 1 ліпеня выйдзе адпаведны ўказ. Не выйшаў.

А яшчэ раней, у сакавіку, адміністрацыя ПВТ сама пачала рыхтаваць праект па змене ўмоў працы рэзідэнтаў.

Цікава, што мяркуючы з водгукаў нашых чытачоў, многія айцішнікі чакалі гэты ўказ. Асабліва перажывала моладзь: нас некалькі разоў прасілі напісаць, «калі ўжо будзе адтэрміноўка ад войска». У сакавіку палова праанкетаваных намі айцішнікаў верыла, што ініцыятыва ПВТ спрацуе. Асаблівыя спадзевы ўскладалі на легалізацыю дыстанцыйнай працы (увогуле, яе легальнасць і так ужо пацвердзілі дзяржорганы. — Заўв), вяртанне стаўкі падаходнага падатку 9% і адтэрміноўку ад прызыву.

Адкату стаўкі падаходнага назад да 9% таксама не адбылося. 

Затое будзе камісія для павяртанцаў праз пакаянне 

24 студзеня на нарадзе з сілавікамі Лукашэнка зноў закрануў тэму эмігрантаў з Беларусі:  

— Кожны, хто стаў на шлях выпраўлення і хоча загладзіць сваю віну, павінны мець шанец на разуменне і літасць. Гэта тычыцца толькі тых, хто заслугоўвае гэтага прабачэння. Ну, а хто свядома парушыў закон, паставіў пад пагрозу чалавечыя жыцці, пры падтрымцы заходніх спецслужбаў працягвае дэструктыўную дзейнасць супраць нашай краіны, будзе адказваць перад законам. Закон мы прывялі ў адпаведнасць і дастаткова пастрожылі. 

Па выніках нарады было прынятае рашэнне стварыць камісію «для працы з ахвотнымі вярнуцца на радзіму».

Генпракурор Андрэй Швед падзяліўся планамі наконт працы камісіі. Ён назваў яе «крокам гуманізму».     

Паводле слоў пракурора, камісія будзе створаная спецыяльным законам. Праект закона яшчэ прапрацоўваецца. Камісію ўзначаліць сам генпракурор, у яе ўвойдуць кіраўнікі сілавых структур, грамадскія дзеячы, дэпутаты, прадстаўнікі СМІ. Эмігрант, які пажадаў вярнуцца ў Беларусь, зможа накіраваць у камісію заяву і копію пашпарта. Камісія праверыць яго і прыме рашэнне.

Станоўчае рашэнне на вяртанне ў Беларусь змогуць атрымаць тры групы грамадзян: 

  • «Тыя, хто шчыра памыляецца ў тым, што дзяржава мае да іх прэтэнзіі». Яны без праблем атрымаюць індульгенцыю для вяртання ў Беларусь.   
  • Тыя, хто здзейсніў «нязначныя ўчынкі»: напрыклад, адміністрацыйныя правапарушэнні; або выпадкі, калі скончыліся тэрміны даўнасці правіны, або мера стрымання не звязаная з абмежаваннем або пазбаўленнем волі. 
  • Тыя, хто здзейсніў сур’ёзнейшыя злачынствы, але «раскаяўся». Паводле слоў Шведа, «раскаянне мае на ўвазе магчымасць публічнай заявы». Такіх людзей чакае адказнасць, не звязаная з абмежаваннем або пазбаўленнем волі. 


Людзям, якія прайшлі камісію, абяцаюць «гарантыі бяспечнага вяртання» і «падпісаны службовай асобай дакумент, з якім можна перасякаць дзяржаўную мяжу Беларусі».  

На пытанне, ці паступалі ўжо запыты ад тых, хто з’ехаў, Швед адказаў адмоўна: 

— Запытаў пра вяртанне ў Беларусь у органы пракуратуры пакуль не паступала. Казаць, што гэта масавая гісторыя, не выпадае.       

Затрыманні пасля перасячэння мяжы

52 чалавекі (або прыкладна па адным на тыдзень) затрымалі пры спробе ўехаць у Беларусь у 2022 годзе праз «прыкметы дачынення да экстрэмісцкай дзейнасці», паведаміў памежны камітэт Беларусі.

Сярод іх некалькі выпадкаў затрымання супрацоўнікаў ІТ-кампаній, якія вярталіся ў Беларусь пасля працяглага знаходжання за мяжой.

У ліпені 2022 года стала вядома пра затрыманне Кацярыны Глінскай, якая працавала ў літоўскім філіяле EPAM. Яе арыштавалі разам з сястрой. Пазней праваабаронцы паведамілі, што дзяўчыну асудзілі на 2 гады калоніі паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).

Пры канцы мінулага года разам з сям’ёй затрымалі Ганну Лівянт — супрацоўніцу польскага офіса EPAM і дачку вядомага рэпетытара Яўгена Лівянта. Яе асудзілі на 14 сутак.

«Я тебя породил…». Как менялось отношение Лукашенко к айтишникам
По теме
«Я тебя породил…». Как менялось отношение Лукашенко к айтишникам

Читать на dev.by