Яшчэ ў адной кампаніі праблемы. Але каманда згадзілася папрацаваць без грошай
Працаўнікі Eon Games адмовіліся ад грошай за верасень у сувязі з узніклымі ў кампаніі фінансавымі складанасцямі. Дазналіся падрабязнасцей.
У Eon Games працуе каля 100 чалавек. Частка каманды ў Беларусі, частка ў іншых краінах — у прыватнасці, Грузіі, Польшчы, на Кіпры.
Паводле слоў супрацоўнікаў Eon Games, кампанія, як і іншыя ІТ-бізнэсы ў Беларусі, сутыкнулася са складанасцямі.
— Кампанія страціла інвестараў і засталася без неабходных фінансавых рэсурсаў. Працаўнікі ўвайшлі ў становішча і адмовіліся ад гарантаванай заработнай платы ў гэтым месяцы, але працягваюць распрацоўваць прадукт, — расказаў адзін з супрацоўнікаў. Паводле яго слоў, «гэта было калектыўным рашэннем. Калі з’явяцца інвестары, то нашую працу, хутчэй за ўсё, аплацяць».
Паводле слоў іншага супрацоўніка, цяпер асноўны праект студыі — гульню Last Outlander — дэманструюць на канферэнцыях, абмяркоўваюць аналітыку і паказчыкі з патэнцыяльнымі інвестарамі.
— Усе разумеюць сітуацыю, пры гэтым кампанія нікога не звальняе. Што праўда, не ўсе маюць дастатковую падушку бяспекі на выпадак, калі пошукі інвестара зацягнуцца.
Частка каманды (і абодва нашыя суразмоўцы) шукаюць новую працу на выпадак, калі інвестар не знойдзецца.
СЕО: «У нас фантастычная каманда»
Нам удалося звязацца з CEO і кафаўндарам Eon Games Кірылам Максімавым. Ён пацвердзіў, што ў кампаніі ўзніклі фінансавыя праблемы. Зараз топ-менеджмент заняты пошукамі інвестыцый.
— У Eon Games, як і ў многіх іншых кампаній, узніклі складанасці. Фінансавы крызіс, рынак асеў, стала складаней знаходзіць інвестыцыі. Мы не гублялі інвестараў, а не змаглі атрымаць ад іх новы раўнд. У сувязі з гэтым мы вымушаныя прыпыніць выплаты заробкаў, пакуль не атрымаем новага раўнда. З новага раўнда ўсе даўгі па заробках пагасім.
Большасць супрацоўнікаў паставілася з разуменнем да ўзніклай сітуацыі. У нас фантастычная каманда, гатовая дзеля веры ў прадукт працягваць укладаць намаганні. Не бясконца, натуральна. Разлічваем найбліжэйшым часам закрыць пытанні і працягнуць працу.
Геймдэў у крызісе
Eon Games не адзіная ў Беларусі геймдэў-кампанія, якія сутыкнулася з праблемамі.
Мінскі гэмблінг-распрацоўшчык «Скайвінд Тэк Бай» яшчэ ўлетку апавясціў частку каманды пра пераход на 4-гадзінны працоўны тыдзень і зніжэнне ім заробку на 90%. Кампанія патлумачыла, што была вымушаная прыняць такое рашэнне праз пандэмію, жорсткую канкурэнцыю на рынку і санкцыі ў дачыненні да Беларусі.
Праблемы з выплатай заробку праз санкцыі ўзніклі ў WannaPlay. Кампанія таксама вырашыла скараціць штат. Некаторым супрацоўнікам прапанавалі дапрацаваць да канца кантракта за мінімальны ў Беларусі заробак — 481 рубель.
Буйныя мабільныя распрацоўшчыкі таксама былі вымушаныя рэагаваць на санкцыі і крызіс у свеце. Звальненні прайшлі ў Playgendary і Playrix. Belka Games звольніла супрацоўнікаў у Беларусі, Расіі і Літве.
Eon Games — распрацоўшчык мабільных гульняў. Кампанія заснавана ў 2013 годзе. У 2016 годзе гульня геймдэў-студыі Fold The World стала найлепшай у конкурсе індзі-распрацоўшчыкаў у Амстэрдаме. Цяпер асноўны прадукт кампаніі — прыгодніцкая ролевая гульня Last Outlander. Рэйтынг гульні ў Google Play — 4,5.
Читать на dev.by