Крэмніевая даліна паставіла на Трампа і прайграла. Цяпер ёй пагражаюць расследаванні дэмакратаў
Мільярдэры Крэмніевай даліны змарнавалі сотні мільёнаў долараў на падтрымку рэспубліканцаў, але не змаглі прадухіліць перамогу дэмакратаў. Цяпер індустрыю могуць чакаць расследаванні Кангрэсу і перагляд адносін з уладамі.
Мільярдэры Крэмніевай даліны змарнавалі сотні мільёнаў долараў на падтрымку рэспубліканцаў, але не змаглі прадухіліць перамогу дэмакратаў. Цяпер індустрыю могуць чакаць расследаванні Кангрэсу і перагляд адносін з уладамі.
Тэхналагічныя мільярдэры патрацілі больш за $600 мільёнаў на падтрымку рэспубліканцаў на прамежкавых выбарах у ЗША. Аднак Дэмакратычная партыя атрымала большасць у абедзвюх палатах Кангрэсу, а кандыдаты, якія выступалі за больш жорсткае рэгуляванне ШІ, дасягнулі важных перамогаў.
Найбуйнейшым донарам стаў Ілан Маск, які накіраваў на падтрыманне рэспубліканцаў больш за $470 мільёнаў. Сярод іншых спонсараў былі прэзідэнт OpenAI Грэг Брокман, інвестары Марк Андрысэн і Бэн Гароўіц, а таксама прадстаўнікі крыптаіндустрыі.
Бігтэх узляцеў пасля перамогі дэмакратаў у ЗША, а акцыі дата-цэнтраў абрынуліся. Чаму?
Паводле падлікаў Wired, да ранку 4 лістапада кандыдаты, якіх падтрымліваў палітычны камітэт Маска America PAC, прайгралі ў 20 гонках і перамаглі толькі ў адной. Вынікі яшчэ 21 на той момант заставаліся невядомымі. Асабліва балючым вынік аказаўся для Маска ў Тэхасе. Нягледзячы на вялікія расходы на падтрыманне рэспубліканцаў, дэмакрат Джэймс Таларыка выйграў выбары ў Сенат, а Джына Інагоса стала губернатарам штата, дзе размешчаны буйныя прадпрыемствы Tesla і SpaceX.
Але магчымыя наступствы для тэхналагічнай індустрыі гэтым не абмяжоўваюцца. Як адзначае The Guardian, збліжэнне кіраўнікоў бігтэху з адміністрацыяй Дональда Трампа цяпер можа абярнуцца сур’ёзнымі палітычнымі рызыкамі. Кампаніі, якія разлічвалі на камфортнае рэгуляванне і падтрыманне Белага дома, сутыкнуцца з нашмат больш жорсткім кантролем Кангрэсу.
Галоўная рызыка — расследаванні
Паводле дадзеных Bloomberg, пасля ўступлення новага складу Кангрэсу ў паўнамоцтвы ў студзені 2027 года дэмакраты змогуць выкарыстоўваць парламенцкія камітэты для праверкі дзейнасці тэхналагічных кампаній і іх кіраўнікоў. Яны атрымаюць магчымасць патрабаваць унутраныя дакументы, выклікаць кіраўнікоў на слуханні і вывучаць адносіны бізнесу з адміністрацыяй Трампа.
Сярод магчымых напрамкаў — дзяржаўныя кантракты SpaceX, удзел Маска ў працы ўрада, фінансаванне палітычных ініцыятываў і патэнцыйныя канфлікты інтарэсаў.
Reuters адзначае, што асаблівую ўвагу могуць прыцягнуць кампаніі, уладальнікі якіх фінансавалі рэспубліканцаў і адначасова атрымлівалі дзяржаўныя кантракты. Для іх магчымыя праверкі азначаюць дадатковыя юрыдычныя расходы і рэпутацыйныя рызыкі.
Не выключаны новыя слуханні з удзелам кіраўнікоў Meta, Google і найбуйнейшых ШІ-кампаній. Дэмакраты могуць запатрабаваць тлумачэнняў наконт бяспекі ШІ, выкарыстання персанальных дадзеных, рынкавага ўплыву тэхналагічных гігантаў ды іх сувязей з адміністрацыяй прэзідэнта.
Другі напрамак — абмежаванні для ШІ і дата-цэнтраў
Вынікі выбараў паказалі расце незадавальненне амерыканцаў будаўніцтвам дата-цэнтраў. Як паведамляе The Verge, у 33 з 45 мясцовых галасаванняў, вынікі якіх былі вядомы да 4 лістапада, перамаглі прыхільнікі абмежаванняў.
На гэтым фоне аналітыкі чакаюць узмацнення жорсткасці патрабаванняў да новых аб’ектаў: ад перагляду падатковых ільгот да абавязацельстваў самастойна аплачваць дадатковую энергетычную інфраструктуру. Асабліва важны вынік выбараў у Тэхасе, Джорджыі і Агаё, дзе перамаглі палітыкі, якія выступалі за мараторыі або ўзмацненне кантролю над будаўніцтвам дата-цэнтраў.
Угода года ў тэхнасферы: чыпмэйкер купляе вытворцу аптычных кампанентаў за палову сваёй капіталізацыі, інвестары ў паніцы
Але маштабная рэформа рэгулявання ШІ на федэральным узроўні пакуль малаверагодная. Як тлумачаць эксперты, дэмакраты разыходзяцца ў поглядах на дапушчальныя абмежаванні для нейрасетак, а Дональд Трамп захоўвае права накласць вета на новыя законы.
Таму ў бліжэйшыя два гады расследаванні і парламенцкія слуханні могуць аказацца больш дзейсным інструментам ціску, чым прыняцце новых федэральных правілаў.
Тэхкампаніі ўжо рыхтуюцца да змены курсу
Паводле дадзеных TechCrunch, OpenAI спрабуе сфарміраваць новую палітычную павестку перад прэзідэнцкімі выбарамі 2028 года. Дырэктар кампаніі ў глабальных пытаннях Крыс Легейн прапанаваў палітыкам шукаць кампраміс паміж імклівым развіццём ШІ ды неабходнасцю абараніць інтарэсы працаўнікоў і мясцовых супольнасцяў.
Сярод ягоных прапановаў — меры для падрыхтоўкі супрацоўнікаў да зменаў на рынку працы, абарона дзяцей, кантроль над прасунутымі ШІ-сістэмамі і новыя падыходы да будаўніцтва дата-цэнтраў. Эксперты бачаць у гэтым змяненне рыторыкі OpenAI, якая раней рабіла большы акцэнт на паскораным развіцці тэхналогіі ды ліквідацыі рэгулятарных бар’ераў.
Аднак палітычнае лабіраванне не спыніцца. TechCrunch указвае, што аб’яднанне Leading the Future, якое падтрымліваюць Брокман і Andreessen Horowitz, планіруе працягваць фінансаванне кандыдатаў на выбарах 2028 года.
Эксперты падкрэсліваюць: вынікі выбараў не азначаюць, што амерыканцы галасавалі выключна супраць тэхналагічных кампаній. На зыход кампаніі ўплывалі кошт жыцця, эканамічная палітыка, вонкавапалітычныя пытанні і стаўленне да адміністрацыі Трампа. Тым не менш, для Крэмніевай даліны скончыўся перыяд, калі блізкасць да Белага дома магла здавацца дастатковай гарантыяй спрыяльных умоваў для бізнесу.
Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.
"ограничения для ИИ и дата-центров" -
понятно, эстафета окончательно переходит Китаю
а китай что, ресурсы из воздуха брать будет?