11 кампаній за 9 гадоў. Пагутарылі з «конікамі», якія мяняюць працу амаль штогод

Тры гады таму рэкруцёраў у LinkedIn абураў рост «конікаў» — кандыдатаў з «ірваным досведам працы», якія не затрымліваюцца ў адной кампаніі больш як на паўгода-год. 

devby.io пагутарыў з такімі людзьмі і высветліў, як сёння эйчары ставяцца да іх «скачкоў» — і ці падымаюць наогул тэму «ірванага досведу» на гутарках. 

120 каментарыяў

Эйчары кажуць: «Фокус моцна зрушыўся з пабудовы кар’еры ўнутры кампаніі на індывідуальнае прафесійнае развіццё». І ўсё ж «калі хтосьці ўвесь час працуе па 2-3-4 месяцы ў чарадзе кампаній — то гэта нават не званочак, а набат па чыёйсьці кар’еры». 

«Кампанію было шкада пакідаць. А з другога боку я сышоў — і вырас»

Раман, QA-інжынер, досвед у ІТ — 4 гады, 4 кампаніі на рахунку:

— У першых дзвюх кампаніях я працаваў менш, чым па годзе, у трэцяй — 7 месяцаў (звольнілі праз памылку ў камунікацыі, я не ўлічыў ментальнасці амерыканцаў). Цяпер працую ўжо ў чацвёртай — і калі мне не падымуць заробку, пайду праз паўгода-год.  

Што не задавальняла ў першай кампаніі — заробак і стэк тэхналогій. Рост быў, але слабы — мне прапаноўвалі плаціць $800, а я хацеў $1000-1200. Калі загаварыў пра гэта з менеджарам, пачуў ад яго, што я — «ненадзейны». Кантракта са мной не працягнулі. 

Наступная мая кампанія ліквідавала офіс, і стаяў выбар — альбо падпісаць вось проста цяпер кантракт на год у Польшчы з наступным афармленнем, альбо шукаць штосьці яшчэ. Я тады рызыкнуў — і не пралічыўся

Кампанію было шкада пакідаць, вядома. Добрая каманда была. Я пайшоў — і вырас.

Бывае, рэкруцёры пытаюцца, як так атрымалася, што ў аніводнай кампаніі я не затрымаўся нават на год. Я кажу як ёсць. Не выключаю, што нейкія эйчары праз гэта ж адсейваюць мяне яшчэ на этапе вывучэння рэзюмэ. Але наш СЕО ў UpsilonIT казаў вось што:

— У аўтсорсе часта даводзіцца анбордзіць людзей у каманды — гэта доўгі і балючы працэс. Плюс мы заўважылі такую тэндэнцыю: людзі, якія нарадзіліся пасля 1990 года, «міленіумы», рэдка заседжваюцца на адным месцы працы даўжэй за год-два. Пры гэтым анбордзінг можа займаць да паўгода, то-бок час, які чалавек паўнавартасна працуе, зусім невялікі. 

Гэта не папрок, гэта канстатацыя факта. Хоць на апошнім месцы працы, калі я стаў цесна працаваць з эйчаркай, пачуў, што яе бянтэжаць частыя змены кампаній.

«Спыталі, кім бачу сябе праз 5 гадоў, — гэта будзе залежаць ад таго, ці дадуць яны мне расці»

Ян, франтэнд-распрацоўшчык, досвед у ІТ — 5 гадоў, 7 кампаній на рахунку:

— Вось ніколі не разумеў, навошта сядзець гадамі на адным і тым жа месцы, калі штосьці не задавальняе. У мяне 5 гадоў досведу ў ІТ — і я змяніў ужо 7 кампаній. Я лічу так: не падабаецца праект — мяняй (не знойдзецца ў тваёй бягучай кампаніі, дык знойдзецца ў іншай), не задавальняе зарплата — ідзі размаўляй з менеджарам пра павышэнне або шукай іншую кампанію. 

У чацвёртай кампаніі мяне не задаволіла каманда, а дакладней, тое, як менеджар усіх душыў — а яны ўспрымалі гэта як належнае. І я сышоў на выпрабавальным тэрміне, сказаў проста: «Мы не спрацуемся!» А ўжо праз тыдзень выйшаў у іншую кампанію — як раз «дабег» офер ад яе. 

Я бачыў, як паступаюць працадаўцы, якім ты каштоўны як спецыяліст: цябе і павышаюць своечасова, і з аднаго праекта на іншы без праблем перавядуць — хіба што троху пачакаць прыйдзецца. 

Калі я звальняўся з другой кампаніі, мне прапанавалі контрофер (але ён не перабіваў оферу) — аднак я ўжо не пагадзіўся працаваць там. Месяцам раней я прасіў дадаць нават менш, і вы мне адмовілі — так што «Дзякуй! Бывайце!» 

«Конікі» — упершыню ад вас чую гэта вызначэнне. Не, мяне так не называлі. Ды і ў цэлым ніхто ж нікому нічога не павінен: «у багацці і беднасці, хваробе і здароўі… да труны». Задача бізнэсу — зарабіць на табе і тваіх уменнях, твая задача — забяспечыць сабе існаванне, і лепш нябеднае. 

І, дарэчы, эйчары не пытаюцца, чаму ў мяне досвед у кожнай кампаніі меншы за год, — іх больш цікавіць, з якой прычыны я звольніўся адтуль: Я адказваю, што ўпёрся ў «столь» — там па зарплаце, там па тэхналогіях. Адзін раз спыталі, кім я бачу сябе праз 5 гадоў у іх кампаніі, — я пасмяяўся і сказаў, што гэта будзе залежаць ад таго, ці дадуць яны мне расці. Оферу не атрымаў.

Дарэчы, мой старэйшы калега расказваў, што ў «тлустыя» часы ён хадзіў на на сумоўі — проста каб не «застойвацца» (як хобі ў яго было), і так некалькі разоў змяніў працу. 

«Ай-ай-ай, як так? Нікуды не возьмуць! Лухта! Калі вы „шарыце за гэтую кухню“, то возьмуць»

Максім, software engineer, досвед у ІТ — 9 гадоў, 11 кампаній на рахунку:

— У мяне досведу — 9 гадоў, а месцаў працы — 11, уключаючы цяперашняе. Але я ўжо «пасталеў»: з бягучай кампаніяй супрацоўнічаю больш за тры гады.

У некаторых месцах я не тое што менш за год — наогул менш за 3 месяцы пратрымаўся. Напрыклад, яшчэ на пачатку кар’еры я працаваў за $700, а мне прапанавалі $1700. Зразумела, мой працадаўца не змог «перабіць» — але і палак у колы не ўстаўляў. 

Яшчэ ў адной кампаніі я неяк падзяліўся з менеджарам у курылцы, што мне ў іншым месцы прапанавалі вышэйшы заробак. Ён кемлівы мужык, сказаў: «Класная прапанова, мы столькі не зможам даць», — і я спакойна перайшоў да новага працадаўцы, дапрацаваўшы колькі трэба было. Дарэчы, гэта адзіная кампанія, якая стала ў мяне «паўторкай» — амаль праз 3 гады я туды зноў вярнуўся ўжо на 1,5 года (так што, як бачыце, у бізнэсе няма паняцця «здраднік», «зваліў ад нас» — той менеджар сам мяне і ўзяў без сумоўя, асабіста напісаў мне). А адтуль я з’ехаў за мяжу ў FAANG. 

Але я сыходзіў не толькі праз грошы, сітуацыі розныя былі: аднекуль сышоў, бо быў незадаволены перспектывамі (гаворка пра тэхналогіі), а са стартапаў, бо яны каманды скарачалі. А на адным месцы мяне нават падманулі: паабяцалі адныя грошы плаціць, а пасля выпрабавальнага я атрымаў зу-у-усім іншыя (а я туды яшчэ і размеркаваўся). 

Скажу яшчэ, што я пакінуў і кампанію з FAANG праз 13 месяцаў — на ўласнае жаданне, бо зразумеў, што мне бігкорп наогул не пасуе, я аддаю перавагу стартапам. 

Раней эйчары, бывала, задавалі пытанні, чаму я ў кожнай кампаніі працаваў так няшмат, але я спакойна тлумачыў сітуацыю — заўсёды ўсё было акей. А з пэўнага моманту ўрэзаў сваё CV — пакідаю 3-4 апошнія месцы працы і оther ехреrіеnсе, у якім паказваю сумарна, што было «да». 

Папрокі з гэтай нагоды, здаецца, я чуў у свой адрас, але вельмі рэдка. Можа разок. Часцей знаёмыя казалі штосьці накшталт: «Ай-ай-ай, як так? Нікуды не возьмуць!» Лухта! Калі вы «шарыце за гэтую кухню», то возьмуць.

Я сам ані разу не пашкадаваў аб тым, што «скакаў» — атрымаў бясцэнны досвед, паглядзеў, як працуюць у розных кампаніях, папрацаваў і пазнаёміўся са мноствам людзей. Ну і так, пераходы прыносілі мне даплаты да заробку — усе, акрамя аднаго былі ў плюс.

Я не заклікаю ўсіх гэтак жа «скакаць» — проста хачу сказаць, што ў гэтым няма нічога дрэннага. Вядома, сыходзіць за +$200 кожныя паўгода — гэта red flag, але калі гаворка ідзе пра тое, што вашая зарплата памнажаецца на 1,5-2 — камон. Не верце ў гэтыя байкі: «мы — сям’я»! Вашая сям’я — гэта толькі вашы родныя. А кампанія — гэта працадаўца, з якім вы робіце бізнэс. Вы хутчэй «племя», у якога ёсць агульная мэта. Калі вы захандрите, вашая сям’я вас падтрымае, а вось псеўдасям’я, яна ж кампанія, выставіць на мароз, калі толькі адчуе «слабіну» — як у сапраўдным племені.

Не трэба быць ганарыстым, самаздаволеным і эгаістычным, вядома: у бізнэсе вельмі важныя ўзаемапавага і персанальны брэнд. 

Чым апошняя кампанія трымае мяне ўжо больш за 3 гады:

  • прыемныя людзі;
  • поўнасцю аддаленая праца, стартап-атмасфера;
  • магчымасць уплываць на прыняцце рашэнняў у кампаніі (я працую ў якасці head of technology);
  • персанальны ўзаемны давер з уладальнікам кампаніі;
  • вельмі добрая фінансавая кампенсацыя.

Першае — вельмі важна, бо па сутнасці з 24 гадзін мы спім, застаецца 16 (не лічачы выходных), з якіх 8 мы працуем. Гэта амаль палова свядомага жыцця. Не варта марнаваць яе на непрыемных людзей. Тут ужо лепш не весціся ні на якія грошы, нават х2.

«Узнаём, почему ушёл с каждого предыдущего места». Беларуские HR о «кузнечиках»
По теме
«Узнаём, почему ушёл с каждого предыдущего места». Беларуские HR о «кузнечиках»
Пасля 12 гадоў у ІТ стаў кур’ерам. Айцішнік шукае працу — просіць супольнасць дапамагчы
Па тэме
Пасля 12 гадоў у ІТ стаў кур’ерам. Айцішнік шукае працу — просіць супольнасць дапамагчы

Читать на dev.by