Замежныя ІТ-кампаніі з «недружалюбнага» спісу сыходзяць з Беларусі
20+ ІТ-кампаній запусцілі працэдуру ліквідацыі бізнэсу ў Беларусі за апошнія паўгода.
Сярод іх некалькі офісаў амерыканскіх і брытанскіх кампаній, якія трапілі ў «недружалюбны» спіс юрыдычных асоб — іх акцыянерам забаронена адчужаць акцыі без дазволу Мінфіна.
Што за спіс?
Гэта пералік юрыдычных асоб з акцыянерамі з «недружалюбных краін». Паводле рашэння ўрада, такім акцыянерам забаранілі адчужаць долі (акцыі) у статутных фондах юрыдычных асоб у РБ, якія належаць ім, без спецыяльнага дазволу Мінфіна.
Першая версія спісу з’явілася яшчэ летась у ліпені — у мэтах выканання ўказа «Пра дадатковыя меры забеспячэння стабільнага функцыянавання эканомікі». У спіс уключылі 190 кампаній, у тым ліку з ІТ-сектара: «ЭПАМ Сістэмз», «Гейм Стрым», IBA Gomel Park, ТАА «АйЦіСапортМі».
Увосень ініцыятыва ўладаў атрымала працяг. Новым указам Лукашэнкі № 386 ад 31 кастрычніка акцыянерам «з недружалюбных дзяржаў» забаранілі рэарганізацыю юрыдычных асоб і выхад з іх.
А сёлета ў студзені ўрад пайшоў далей і новай пастановай № 54 пашырыў спіс у 10 разоў — да амаль 1900 кампаній. У ім апынуліся і невялікія кампаніі (са штатам да 20 чалавек), і некалькі дзясяткаў вядомых буйных і сярэдніх ІТ-кампаній.
Поўны змест новай пастановы ўрад схаваў пад грыфам «для службовага карыстання».
Вядомыя ІТ-кампаніі са спісу юрыдычных асоб з акцыянерамі з «недружалюбных» краін
- АндэрсэнБел
- Апалон Апс
- Бамбу Груп
- БайБамбу Груп
- Вайбер Медыя
- Вайзар Геймз
- ІВА-Гомель-Парк
- Ізібрэйн
- Інтэлектсофт Бел
- Інтэцікс Бел
- Кажыгульні
- Кайрыба Інжынірынг
- КактусСофт
- Касея БЛР
- Клэвэтура
- Лабараторыя Касперскага БЛР
- Лінгванекс
- Майкрасофт Софтвер Бел
- Мамбу Геймс
- Рокетбодзі Тэхноладжыз
- СВЭГ МАША
- Сістэмныя тэхналогіі
- СолбегСофт
- Софтэк Дэвелапмент
- СОФТКЛУБ — цэнтр распрацоўкі
- СОФТКЛУБ
- ТангаМі
- Таргетпроцэс
- Тэхартгруп
- Эксадэл
- Эпам Сістэмз
- Яндэкс Дэліверы Бай
- ЯндэксБел
Магчыма, пашырэнне спісу было ў тым ліку рэакцыяй уладаў на масавы сыход ІТ-кампаній з Беларусі летась.
Пры гэтым для ліквідацыі кампаній са спісу ніякіх абмежаванняў няма.
Так, яшчэ летась у снежні ліквідацыю кампаніі ў Мінску запусціла амерыканская Apptio, якая набыла ў 2021 годзе беларускую прадуктовую кампанію Targetprocess. Паводле слоў экс-супрацоўнікаў, яшчэ ўвесну 2022 года мінскую каманду рэлакавалі ў Польшчу — у кракаўскі офіс Apptio. Частка супрацоўнікаў працуе аддалена з іншых польскіх гарадоў.
Ад красавіка гэтага года яшчэ адная вядомая амерыканская кампанія, Softeq Development, таксама афіцыйна ліквідуе беларускую юрыдычную асобу. У мінскім офісе працавала каля 280 спецыялістаў. Паводле слоў супрацоўнікаў, закрыць офіс распрацоўкі ў Мінску топ-менеджмент Softeq Development вырашыў пасля 24 лютага 2022 — пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.
Амерыканцы і брытанцы закрываюць бізнэс
Мы знайшлі і іншыя кампаніі са спісу, якія вырашылі закрыць бізнэс у Беларусі і сысці з краіны. Дарэчы, гэтых кампаній больш няма ў спісе рэзідэнтаў ПВТ.
«Кайрыба Інжынірынг»
Офіс распрацоўкі амерыканскай Kyriba — міжнароднага правайдара воблачных рашэнняў у галіне фінансавага кіравання. Сярод кліентаў Kyriba — вядомыя транснацыянальныя карпарацыі, у прыватнасці, Amazon, Uber, Tesla, Auchan.
R&D офіс Kyriba ў Мінску з’явіўся ў 2018 годзе. Яго стварылі на базе падраздзялення кампаніі, адкрытага сумеснага з Belhard у 2017 годзе. У беларускім офісе працавала каля 100 чалавек. У ліквідацыі — ад снежня 2022.
«Тэаліум Бел»
Офіс распрацоўкі амерыканскай кампаніі-аднарога Tealium (ацэнка 1,2 мільярда долараў).
Асноўны прадукт — big data-платформа, якая дапамагае сэрвісам і арганізацыям збіраць і аналізаваць даныя сваіх кліентаў з дапамогай вэб-, мабільных, аўтаномных прылад і прылад IoT. Сярод партнёраў кампаніі: Facebook, Sony, T-Mobile, Hulu, Uber, American Airlines.
Падраздзяленне ў Беларусі з’явілася ўзімку 2020 года. На працягу двух гадоў кампанія збіралася наняць да 8 інжынерных каманд. Усяго ў Беларусі працавала каля 70 супрацоўнікаў. Каманда займалася распрацоўкай вэб-платформы для кіравання інфармацыяй пра наведвальнасць сайтаў кампаній. У ліквідацыі — ад красавіка 2023.
«Дэльтатрэ»
Цэнтр распрацоўкі брытанскай «Дельтатрэ Груп Лімітэд».
Кампанія распрацоўвае софт для арганізацыі і абслугоўвання прамых трансляцый міжнародных спартовых мерапрыемстваў. У Беларусі кампанія працавала над платформай AXIS. Яна дазваляе хутка разгортваць серверы для абслугоўвання кліенцкіх праграм, апрацоўкі карыстальніцкіх даных, размеркавання медыя кантэнту. У ліквідацыі — ад лютага 2023.
«Віякод Бел»
Цэнтр распрацоўкі амерыканскай VIAcode.
Кампанія займаецца распрацоўкай бізнэс-праграм і софту. Асноўным заказчыкам з’яўляецца Microsoft. У Беларусі працавала каля 20 чалавек. У ліквідацыі — ад сакавіка 2023.
«Фрэшлі Дата»
Цэнтр распрацоўкі софту амерыканскай кампаніі Freshly.
Распрацоўвала софт для аўтаматызацыі бізнэс-працэсаў у сферы электроннага гандлю з выкарыстаннем воблачных тэхналогій і штучнага інтэлекту. У Беларусі працавала каля 25 чалавек. У ліквідацыі — ад лютага 2023.
«Сайдвэйс 6 Дэвелапмент»
Распрацоўшчык SaaS платформы, якая дапамагае буйным арганізацыям шукаць інавацыйныя ідэі аптымізацыі працы, зніжаць страты і знаходзіць новыя крыніцы даходу. У кампаніі ёсць офісы ў Нью-Ёрку і Лондане. У Беларусі працавала каля 20 чалавек. У ліквідацыі — ад сакавіка 2023.
«Інэвэйт Юрап»
Цэнтр распрацоўкі міжнароднай групы кампаній ENAVATE. Кампанія распрацоўвала рашэнні для аўтаматызацыі бізнэс-працэсаў. У Беларусі працавала каля 20 чалавек. Сёлета ў маі была цалкам ліквідаваная.
Беларусы — таксама
Бізнэс закрываюць не толькі замежныя кампаніі з «недружалюбнага» спісу юрыдычных асоб, але і беларускія кампаніі, для якіх няма абмежаванняў.
«Філін Дзіджытал»
VR-кампанія, займаецца распрацоўкай прадуктаў з выкарыстаннем VR/AR і real-time 3D-графікі. Сузаснавальнікам і дырэктарам кампаніі з’яўляецца Павел Фірсаў, які раней паспеў папрацаваць на беларускім ТБ і ў Wargaming.
У мінскім офісе кампаніі працавала 20+ супрацоўнікаў. У 2020 годзе VR-праект беларусаў атрымаў узнагароду ў намінацыі Best Game на штогадовым форуме VR Days у Амстэрдаме. У 2021 годзе праект трапіў на Канскі кінафестываль. У ліквідацыі — ад мая 2023.
«Джэт Бі Ай»
Распрацоўшчык софту, воблачных рашэнняў і сэрвісаў. Офісы кампаніі адкрытыя ў Польшчы, Украіне, Ірландыі. У Беларусі працавала каля 80 чалавек. У ліквідацыі — ад сакавіка 2023.
«Кіндэрсонг»
Распрацоўшчык мабільных праграм і софту на заказ. У ліквідацыі — ад снежня 2022.
«ПЦІ Салюшнс»
Кампанія займалася распрацоўкай софту. Яе стварыў экс-дырэктар мінскай PandaDoc Зміцер Рабцэвіч. На пачатку верасня 2020 года яго разам з трыма іншымі супрацоўнікамі кампаніі затрымалі па справе PandaDoc. Пасля выхаду з СІЗА ён зарэгістраваў новую кампанію. Юрыдычны адрас «ПЦІ Салюшнс» супаў з юрыдычным адрасам PandaDoc (была ліквідаваная ў 2021-м). Пра «ПЦІ Салюшнс» няма ніякай інфармацыі (штат, праекты, планы), за выключэннем сферы дзейнасці. У ліквідацыі — ад лютага 2023.
«Хітбокс»
Распрацоўшчык гульнявых free-to-play праектаў для платформаў iOS і Android. Кампанія супрацоўнічала з такімі вядомымі паблішарамі як Voodoo, SayGames, TabTale, ZPlay. У Беларусі працавала больш за 10 чалавек. У ліквідацыі — ад студзеня 2023.
Хто яшчэ ліквідуецца
«Бі Ізі»
Распрацоўвала мабільную праграму для сну і агульнага здароўя пажылой аўдыторыі для кампаніі Fitsia Holdings LTD (Кіпр). У ліквідацыі — ад лістапада 2022.
«ВентарТэх»
Распрацоўшчык софту. Кампанія спецыялізуецца на аўтаматызацыі бізнэс-працэсаў на базе Odoo — модульнай ERP-сістэмы з адкрытым кодам для малога і сярэдняга бізнэсаў. У Беларусі працавала каля 10 супрацоўнікаў. У ліквідацыі — ад снежня 2022.
«ЭджЦэнтр Бел»
Цэнтр распрацоўкі G-CoreLabs — сусветнага правайдара воблачных і edge-рашэнняў са штаб-кватэрай у Люксембургу. Беларускае падраздзяленне распрацоўвала платформу ContentDeliveryNetwork, якая дазваляе палепшыць працу правайдараў пры вялікім наплыве карыстальнікаў. У беларускім офісе працавала 20+ чалавек. У ліквідацыі — ад лістапада 2022.
«Ньюпэкс»
Уваходзіць у групу кампаній «NWP». Распрацоўшчык рашэнняў для аўтаматызацыі бізнэс-працэсаў. У ліквідацыі — ад лістапада 2022.
«ОПИНОВ8»
Распрацоўшчык софту са штаб-кватэрай у Вялікабрытаніі. У Беларусі працавала каля 15-20 чалавек. У ліквідацыі — ад красавіка 2023.
У сакавіку супрацоўнікі кампаніі расказалі dev.by на ўмовах ананімнасці, што ўласнікі прынялі рашэнне закрыць офіс у Мінску, бо кампанія не можа пераказваць грошы з Вялікабрытаніі. Супрацоўнікам прапанавалі альтэрнатыву — пераезд у Грузію або звальненне. 90% прынялі рашэнне з’ехаць.
«Тачлайн»
Распрацоўваюць мабільныя прадукты для стартапаў, малога і сярэдняга бізнэсаў на амерыканскі і еўрапейскі рынкі. Напрыклад, праграма Racefully для бегуноў, праграма Watcher для адсочвання месца знаходжання блізкіх і сваякоў, El expreso — пошук і купля квіткоў у ЗША і Мексіцы. У Беларусі працавала больш за 20 чалавек. У ліквідацыі — ад лістапада 2022.
«Х’юманс АйЦі»
Беларускі офіс распрацоўкі нью-ёркскага сэрвісу Humans.net. Асноўны прадукт кампаніі — анлайн-платформа для фрылансераў любых прафесій і кліентаў. У ліквідацыі — ад мая 2023.
Раней мы таксама расказвалі пра ліквідацыю офісаў кампаній EgoSecure, Gurtam, Akveo, Softeq Development, Verv.
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 210 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі.
У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў.
Дапамагчы нам можна праз Patreon.
І яшчэ крыптой, тут гаманцы.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by