«У ІТ-офісах — магутныя генератары. Калі што, там можна нават жыць з сям'ёй». Аповед з замярзаючага Кіева
Як выглядае жыццё і праца зімой, калі цэнтралізаванае электра- і цеплазабеспячэнне разбурана ракетнымі ўдарамі.
Як выглядае жыццё і праца зімой, калі цэнтралізаванае электра- і цеплазабеспячэнне разбурана ракетнымі ўдарамі.
Як выглядае жыццё і праца зімой, калі цэнтралізаванае электра- і цеплазабеспячэнне разбурана ракетнымі ўдарамі.
Слупкі кіеўскіх тэрмометраў у апошнія некалькі дзён павольна паўзуць уверх. Тэмпература паветра ў замярзаючай сталіцы Украіны, якую расійскія дроны і ракеты зноў і зноў пазбаўляюць цяпла і электрычнасці, больш за два тыдні па начах стабільна апускалася ніжэй за -10 градусаў. Але ў найбліжэйшыя дні сіноптыкі абяцаюць дзённыя тэмпературы каля нуля і нават невялікі плюс. Праўда, працягнецца гэтае пацяпленне нядоўга: ужо з 30 студзеня ў Кіеве, верагодна, зноў пахаладае.
Дзіўна, але ў мегаполісе з лопнутымі ад марозаў батарэямі, лёдам у пад’ездах, нефункцыянальнымі ліфтамі і разбітымі ад выбухаў дронаў вокнамі працягваюць жыць і працаваць людзі. Ёсць сярод іх і беларусы. Адна з іх — Вольга Кузеева, у мінулым спецыяліст па сувязях з грамадскасцю hoster.by, а зараз PR-менеджарка тэхналагічных праектаў, якая працуе ў адной з буйных украінскіх кампаній у сферы воблачных тэхналогій і AI.
Пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну Вольга засталася ў Кіеве. Два гады таму яна ўжо распавядала аб тым, як выглядае яе жыццё ва ўмовах вайны. Тады, у лютым 2024 года, у яе доме ўжо некалькі дзён не адключалі электрычнасць, з’явіліся ўстойлівы інтэрнэт і гарачая вада, а ў горад пасля татальнага блэкаўта вярнулася вулічнае асвятленне.
Як выглядае кіеўскае жыццё беларускі зараз, яшчэ праз два гады вайны?

— Цяжка апісаць сітуацыю, бо яна змяняецца некалькі разоў на тыдзень. Здавалася, усё пачало наладжвацца, як Расія зноў нанесла ўдар па тых жа энергетычных аб’ектах. І замест чатырох гадзін электрычнасці ў суткі мы атрымліваем толькі дзве гадзіны. Або да трох сутак праводзім увогуле без святла.
У параўнанні з некаторымі іншымі раёнамі Кіева мне (адносна) пашанцавала. У нашым доме ёсць уласная кацельня, таму мы не залежым ад цэнтральнага ацяплення. Але, нават нягледзячы на гэта, праблемы з ацяпленнем ёсць і ў нас. ПБЖ (прылада бесперабойнага жыўлення) у кацельні проста не паспяваюць зараджацца падчас кароткачасовых падач электраэнергіі. І кацельня перыядычна пераключаецца паміж ПБЖ і генератарам. Усё гэта адбіваецца на магутнасці катла. У кватэрах холадна, але хаця б не замярзаюць радыятары. У цяперашніх умовах гэта ўжо добра.
У цэлым сітуацыя не занурае мяне ў адчай. Гэта не першы сур’ёзны блэкаўт у Кіеве. Усё, што можна, ужо забэкапіравана, зарэзервавана і раскладзена па розных кошыках. У доме з’явілася куча паўэрбанкаў, невялікая газавая плітка, запасная газавая гарэлка, спальны мяшок, якасная тэрмабялізна і тэрмаадзенне, розныя ліхтарыкі, вялікі запас свечак. «Трывожны» набор рэчаў з пачатку вайны ніяк не змяніўся.
Зрэшты, мы з сябрамі іранізуем, што варта было б дадаць у яго, напэўна, свісток. Занадта часта ракетныя ўдары прыходзяцца на жылыя дамы. Таму актуальнае пытанне аб тым, як хутка цябе знойдуць пад заваламі — і добра, калі будзе чым падаваць гук.
Пры працяглай адсутнасці святла мы з суседзямі гатуем ежу на мангале ў двары, саграваючыся глінтвейнам. На вокнах дамоў усё яшчэ засталіся навагоднія гірлянды: яны працуюць ад батарэек, і іх выкарыстоўваюць як дадатковыя крыніцы святла.
Трэба аддаць належнае тэлекамправайдэрам і нязломнаму ўкраінскаму бізнесу: мабільны інтэрнэт і сувязь стабільныя, а дастаўка гарачай ежы з кафэ, вады, прадуктаў і іншых тавараў будзе выканана пры любых акалічнасцях, што б там з неба на нас ні падала.
Вы, магчыма, здзівіцеся, але ў суседнім доме без перабояў працуе кафэ для сабак. Нягледзячы ні на што, кожны дзень людзі запускаюць генератар і гатуюць свежыя кармы для гадаванцаў з бараніны, ялавічыны, курыцы, рыбы, індычкі. Усё заўсёды свежае і ёсць у наяўнасці.
— Так, гэта ўсё халерна складана. І жыць, і працаваць у такіх умовах — ненармальна. Але прытрымліваемся прынцыпу: лепш зіма з генератарамі, чым усё жыццё з дэгенератарамі.
Псіхалагічна я ўжо перабудавалася. Прыйсці ў офіс на працу ў непрасаванай вопратцы, без макіяжу або з нясвежай прычоскай для мяне не праблема. І так, я выбіраю працу ў офісе. Гэта робіць маё жыццё больш структураваным у хаосе вайны.
Яшчэ з 2022 года большасць кампаній сталі кшталту пунктамі незламанасці для супрацоўнікаў. Там, як мінімум, ёсць магутныя генератары і магчымасць зарадзіць усе свае паэурбанкі. У нас, акрамя таго, ёсць душ з гарачай вадой, пральная машына і нават створаны ўмовы для пражывання. Таксама ёсць прасторная кухня і буфет з гарачай ежай. Мне яшчэ не прыходзілася ўсім гэтым карыстацца, але я ведаю, што ў крайнім выпадку проста вазьму вопратку, сабаку і паеду ў офіс.
Для эмацыйнай разрадкі ёсць спартыўны пакой, якім можна карыстацца без абмежаванняў і графіка. У любы момант працоўнага часу можна ўстаць і пайсці патрэніраваць душэўную раўнавагу. У любое надвор’е і пры любым асвятленні туды ж прыходзіць трэнер па фітнесе і ёзе.
Офіс абсталяваны такім чынам, што можа стаць часовым жыллём і для сем’яў супрацоўнікаў. Ёсць нават асобны кабінет на той выпадак, калі родным супрацоўнікаў спатрэбіцца бясплатны каворкінг.
Рэлакацыю ў кампаніі ніхто не разглядае. На пятым годзе вайны ў ёй працуюць людзі, якія застаюцца ва Украіне свядома.
Большасць кіеўлян і многія жыхары Кіеўскай вобласці засталіся без электрычнасці, ацяплення і водазабеспячэння на некалькі сутак пасля чарговага расійскага маштабнага ўдару ракетамі і дронамі ў ноч на 9 студзеня 2026 года. Гэта супала з рэзкім пахаладаннем, падчас якога тэмпература ў сталічным рэгіёне Украіны апускалася да -20 °C. Нягледзячы на моцныя маразы, расійскія атакі па энергасістэме Украіны, у тым ліку Кіева, працягнуліся.
З блэкаўтамі, выкліканымі расійскімі ўдарамі, сутыкнуліся ў студзені і іншыя ўкраінскія мегаполісы: Днепр, Харкаў, Адэса, Запарожжа. З-за мэтанакіраванага знішчэння расіянамі энергетычнай інфраструктуры Украіны ў перыяд моцных маразоў у гэтай краіне тыднямі ў страшнай сцюжы застаюцца мільёны чалавек, у тым ліку дзеці і сталыя людзі. Па аналогіі з Галадаморам (масавым голадам ва Украіне ў 1932–1933 гадах, арганізаваным савецкім кіраўніцтвам) гэтыя падзеі атрымалі назву «Халадамор».
