Лукашэнка заявіў, што беларусы інвестуюць у крыпту, а інвестыцыі ў краіну не вяртаюцца
Аляксандр Лукашэнка хоча паскорыць працу над рэгуляваннем крыптавалют і лічбавых знакаў. Пра гэта ён казаў на сённяшняй нарадзе па тэме, паведамляе яго прэс-служба.
Лукашэнка заявіў, што даваў такія распараджэнні два гады таму, але вынікаў так і не дачакаўся.
«Дай бог, каб у нас атрымалася гэты трэнд задаць і ў гэтым плане не паставіць калёсы наперадзе каня. Задача дзяржавы ў такіх умовах — вызначыць зразумелыя, празрыстыя правілы гульні і механізмы кантролю ў дадзенай сферы. Гэта важна, паколькі гэта новы для краіны напрамак. Менавіта таму яшчэ ў 2023 годзе мной дадзены шэраг даручэнняў па забеспячэнні комплекснага рэгулявання сферы лічбавых знакаў, крыптавалют. Аднак дагэтуль узгодненых дакументаў у мяне на стале няма», — сказаў ён.
Лукашэнка нагадаў, што зараз стварэнне, эмісія і куплі-продаж токенаў у многім рэгулюецца ПВТ. Але праверкі КДК паказваюць, што палова грошай, укладзеных у токены і крыпту, не вяртаецца ў краіну.
«Як мне дакладвае Камітэт дзяржкантролю, вынікі пазапланавай праверкі аператараў крыптаплатформаў сведчаць аб неабходнасці нейкай больш тонкай ці тоўстай надбудовы такой дзейнасці. У прыватнасці, устаноўлены парушэнні пры рэгістрацыі фінансавых аперацый. … Грашовыя сродкі беларускіх інвестараў, выведзеныя за мяжу, у палове выпадкаў не вяртаюцца. Так справа не пойдзе», — адзначыў палітык.
Па яго словах, сёння лічбавае жыццё апярэджвае рэгулюючыя яе нормы і стварае неабходнасць у новых галінах права. Ён хоча «выразна вызначыць задачы дзяржаўных органаў і ПВТ у сферы крыптатэхналогій». І яшчэ пазначыць ключавыя моманты рэгулявання, каб інвестары маглі і «далей спакойна працаваць у нашай лічбавай гавані».
Читать на dev.by