Чалавек-бадзішоп. Як айцішнік з Мінска ўладкоўвае джуноў у розныя кампаніі сеньёрамі
У лінкедзіне абмяркоўваюць выкрыццё: распрацоўшчык-сеньёр з Мінска ўладкоўваўся на працу, але, відаць, у шэрагу выпадкаў працавалі за яго джуны-менці.
Усё выявілася, калі адзін з падманутых працадаўцаў выпадкова ўбачыў пост аднаго з падманутых джуноў.
Гісторыя джуна: дамовіўся наконт працы з ментарам — і застаўся без аплаты
Пост распрацоўшчыка-джуна Аляксандра з Магілёва паклаў пачатак зрыву покрываў.
Калі коратка: ён убачыў у лінкедзіне аб’яву ад Android/Flutter-распрацоўшчыка і ментара Льва Красоўскага (цяпер старонка профілю выдаленая або заблакаваная). Той шукаў джуна на праект для энергетычнай кампаніі ў Чувашыі — рабіць праграму для абходчыкаў.
— Дамовіліся аб аплаце, аб рэжыме працы, аб тым, як трэкаць што зроблена […] Праз 12 дзён [пасля пачатку працы] мне паведамілі, што праект прыкрыюць і трэба збілдзіць рэлізную зборку. Зборку збілдзіў, усё апісаў, далей яшчэ пару дзён адказваў на пытанні тэхліда. Пыталіся так, быццам я на гэтым праекце ўвесь час працаваў і напісаў яго з нуля. У выніку сказалі, што разлічацца на пачатку чэрвеня.
Аляксандр удакладняе, што паўнавартасна прапрацаваў 17 дзён — «па зп мусіла выйсці нармальна».
Але раптам ментар забаніў свайго падапечнага ў тэлеграме і лінкедзіне.
Аляксандр кажа, што «гэты чалавек увесь час набірае людзей у праекты, магчыма, усіх гэтак жа кідаюць».
У тэлеграм-канале Job for Junior ёсць вакансія ад Льва Красоўкага на праект у сферы медыцыны — ад 2 лютага. Спасылка на вакансію вядзе ў лінкедзін і ўжо не працуе.
Мы пагутарылі з Аляксандрам. Ён ад самага пачатку ведаў, што на праекце выконвае працу за Льва — але пагадзіўся з гэтым, бо знайсці працу ў ІТ цяпер няпроста. Дамовы не падпісвалі — былі толькі вусныя дамоўленасці.
Аляксандра падкупіла, што Леў называў сябе ментарам. Да яго ў распрацоўшчыка-пачаткоўца быў толькі адзін ментар — падчас вучобы ў RS School, і ўражанні ад узаемадзеяння з ім самыя лепшыя.
А яшчэ Аляксандру важна было праявіць сябе на рэальным камерцыйным праекце, які можна дадаць у партфоліа. А потым і іншых — ментар абяцаў, што працы будзе шмат.
Леў выступаў пасярэднікам паміж камандай і нашым суразмоўцам. За два тыдні Аляксандр, паводле яго слоў, занурыўся ў праект, рэалізаваў новую фічу, вырашыў праблему, якой доўга не маглі даць рады, — спадчына ад папярэдняга распрацошчыіка. А потым праект закрылі — і за гэтым прыйшоў бан ад Льва.
Гісторыя кампаніі: нанялі Льва з 5 гадамі досведу, а ён выявіўся Арцёмам з досведам 1,5 года
Пост Аляксандра ўбачылі ў кампаніі, у якую нядаўна ўладкаваўся спецыяліст па імі Леў Красоўскі.
Так з’явіўся працяг — ужо ад эйчаркі Вікторыі.
Яна расказала, што некалькі тыдняў таму на вакансію іх кампаніі на hh.ru адгукнуўся 23-гадовы распрацоўшчык з добрым рэзюмэ. Малады чалавек упэўнена прайшоў тэхнічнае сумоўе і фінальнае інтэрв’ю — і атрымаў офер на пазіцыю Senior Android dev.
— Мы не сочым за супрацоўнікамі і глядзім толькі на вынікі, нам не важна, дзе і як вы працуеце, але калі ёсць задача — яе трэба выканаць (максімальны давер з нашага боку = максімальная сумленнасць з вашага). Леў у першы дзень сказаў, што ён часам ментарыць, для нас гэта акей. У другі дзень узяў выходны (асабістыя абставіны, з кім не бывае) — акей.
За 3 тыдні ў кампаніі новы распрацоўшчык не паказаў асаблівых вынікаў, піша Вікторыя, чаго ніяк «не чакалі ад сеньёра з нармальнай зп». І ў каманды «пачалі закрадвацца сумневы, ці не працуе Леў на кагосьці яшчэ».
Якраз у гэты час у лінкедзіне з’явіўся пост Аляксандра. І нехта з кампаніі яго ўбачыў.
— Мы сталі збіраць пазл і запусцілі працэс звальнення, на фінальным сазвоне Леў выявіўся Арцёмам з досведам 1,5 года ў Android. На пытанне, чаму хлопец сам не прыйшоў да нас, ён адказаў, што мы б яго не ўзялі (мяркуючы з узроўню выкананых задач, ён меў рацыю).
Вы спытаеце, як мы не заўважылі, што перад намі іншы чалавек. Адкажу: мы не прымушаем [нікога] уключаць камеры, у каманды закраліся сумневы праз тыдзень, што голас змяніўся, але ўсё звалілі на якасць сувязі.
Леў вырашыў, што яго пяцігадовага досведу хопіць, каб адкрыць свой аўтсорсінг і нікому пра гэта не казаць. Ён знаходзіў кампаніі, атрымліваў працу, а потым знаходзіў джуноў, якія мусілі рабіць за яго ўсю працу. Праблема ў тым, што ў нас не 10 000 чалавек, і перформанс кожнага навідавоку, а джун (як бы яго ні ментарылі) не можа закрыць сеньёрскія таскі, — піша эйчарка.
А ці быў наогул Леў? Здаецца, быў: у кампанію ён падаў скан свайго пашпарта і нумар рахунка, а яшчэ падпісаў NDA.
Ад карыстальнікаў: «І ў нас ён засвяціўся, павісеў мёртвым грузам пару тыдняў»
Пад пастом Вікторыі 85+ каментароў.
- Некалькі чалавек праводзілі сумоўі з тым самым Львом — але распрацоўшчык ім не падышоў.
- У кагосьці ён паспеў папрацаваць: «І ў нас ён засвяціўся, павісеў мёртвым грузам пару тыдняў — і ў захад».
- Нямала карыстальнікаў бачыла пасты, у якіх ён зазываў джуноў на праекты («А ж я думаў, у чым сакрэт: чалавек ледзь не штомесяц шукае джуноў. Ён есць іх ці што?»)
- Хтосьці прапануе напісаць заяву на Льва ў міліцыю. Вікторыя адказвае, што ў кампаніі няма юрыдычнай асобы ў Беларусі, але яны падалі звесткі аб заробку распрацоўшчыка ў падатковую.
- А хтосьці наракае на Вікторыю, маўляў, самі вінаватыя — узялі на працу «сеньёра 23 гадкоў», аджа па ўзросце ён у найлепшым выпадку мідл. На што дзяўчына адказвае, што пачаць можна і ў 18+ — і добра прапампавацца за гэты час.
Многія абмяркоўваюць фінальнае пытанне эйчаркі — дзяўчына пытаецца, як давяраць супрацоўнікам на аддаленай працы і даваць ім поўную свабоду.
Карыстальнікі сыходзяцца на тым, што тайм-трэкеры ўводзіць не варта, а вось камеры на працоўных мітах, відаць, патрэбныя.
Юрыст: «Нядобрасумленныя грамадзяне могуць карыстацца прававой мешанінай і хаосам»
Чытачы devby.io памятаюць падобную гісторыю летась: кампанія з беларускімі каранямі наняла кандыдата-ўкраінца, той выйшаў на працу — і выявілася, што сумоўі праходзіў не ён, перапіска ў тэлеграме — не з ім, ІП і рахунак, на які кампанія мелася налічваць яму заробак — таксама не яго. І наогул ён расіец.
Спыталі ў адваката і заснавальніка ініцыятывы «Юрысты Беларусі: Незалежнасць і Супрацоўніцтва» Антона Гашынскага, якія могуць/маглі б быць наступствы для Льва і тых, хто ідзе па яго слядах, у гэтай гісторыі:
— Толькі рэпутацыйныя. Як і для кампаніі, якая яго наняла і выявіла «падмену».
Так, малады чалавек падманваў свайго наймальніка — працаваў не сам. Але важна разумець, з якой мэтай: калі мэта ў дачыненні да юрыдычнай асобы — бязвыплатна завалодаць яе грашовымі сродкамі, мы можам казаць пра махлярства. У дадзеным выпадку праца выконвалася, хоць рабіў яе і іншы чалавек, — а працадаўца яе прымаў. Крымінальна каральнага дзеяння тут няма.
Вы скажаце, што ашуканыя яшчэ і джун, а канкрэтна — той чалавек, які расказаў пра гэта ў лінкедзіне. Ён мог бы напісаць заяву на свайго «ментара». Скажу адразу: ён атрымае адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы за адсутнасцю складу злачынства.
Гэта праблема ІТ-сферы: на адным праекце могуць працаваць людзі з 10 кампаній — і часта мала хто з іх разумее, як кампаніі паміж сабой афіляваныя. А нядобрасумленныя грамадзяне могуць карыстацца такой прававой мешанінай і хаосам — як у гэтай сітуацыі.
Што яшчэ важна: калі б Леў наўмысна ўводзіў джуноў у зман, называючыся прадстаўніком кампаніі, а потым адмаўляўся аплаціць іх працу — гэта было б махлярства. Аднак ён называе сябе ментарам: знайшоў праект, абяцаў дапамагаць у працэсе працы — тут падману няма, грамадзянска-прававой адказнасці таксама.
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 210 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі.
У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў.
Дапамагчы нам можна праз Patreon.
І яшчэ крыптой, тут гаманцы.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by