Meta просяць дадаць беларускую мову ў Instagram і Threads. Можаце далучыцца да петыцыі
На сайце change.org з’явілася петыцыя, у якой кампанію Марка Цукерберга заклікалі дадаць беларускую мову ў дзве яе сацсеткі.
«Мы, народ Рэспублікі Беларусь, просім кампанію Meta дадаць беларускую мову ў Instagram і Threads, для нас гэта вельмі важна», — гаворыцца ў тэксце.
Аўтары адзначаюць, што словы «Belarusian» і «Russian» гучаць падобна для англамоўных людзей, але насамрэч адносяцца да дзвюх зусім розных рэчаў. Яны падкрэсліваюць, што Беларусь — асобная еўрапейская краіна з доўгай гісторыяй і ўласнай мовай, якой не адна сотня гадоў.
«Беларуская мова не дыялект і не падвід рускай ці ўкраінскай — гэта асобная самастойная паўнавартасная мова, якая заслугоўвае прысутнасці ў міжнародных сэрвісах», — працягваюць аўтары петыцыі.
Паводле іх слоў, беларусы актыўна карыстаюцца Instagram і Threads, але вымушаныя задавальняцца рускай, украінскай ці англійскай. Гэта не толькі нязручна для некаторых юзераў, але і «стварае ілюзію непаўнавартаснасці нашага народа як сярод саміх беларусаў», так і сярод замежнікаў. Ды і проста несправядліва, кажуць стваральнікі звароту: Instagram існуе ўжо 15 гадоў, але так і не абзавёўся беларускай версіяй. Пакуль для беларусаў лакалізаваны толькі Facebook — і тое часткова.
Аўтары сцвярджаюць, што гэта будзе выгадна і самой кампаніі, бо павысіць лаяльнасць мясцовай аўдыторыі — беларусы нярэдка аддаюць перавагу сэрвісам, у якіх ёсць родная мова.
Читать на dev.by