Meta зрэжа прэміі супрацоўнікам і будзе часцей праводзіць перфоманс-рэв'ю
Meta плануе паменшыць некаторыя бонусы супрацоўнікам, а таксама часцей праводзіць ацэнку іх прадукцыйнасці. Пра гэта паведамляе Wall Street Journal са спасылкай на ўнутраную карпаратыўную нататку, якая была разасланая менеджарам кампаніі ў панядзелак.
Супрацоўнікі, якія атрымаюць ацэнку «апраўдаў большасць чаканняў» па выніках перфоманс-рэв’ю за 2023 год, атрымаюць меншы бонус і менш апцыёнаў у сакавіку 2024-га. Грашовая прэмія будзе складаць 65% асноўнага даходу замест цяперашніх 85%.
«Мы разумеем, што гэта значнае змяненне можа некаторых знерваваць, але яно адпавядае нашаму пастаяннаму імкненню падтрымліваць культуру высокай прадукцыйнасці», — гаворыцца ў нататцы.
Акрамя гэтага, Meta цяпер будзе праводзіць перфоманс-рэв’ю не раз на год, а два разы. У нататцы адзначаецца, што дадатковая пераатэстацыя ў сярэдзіне года не звязаная з будучай рэструктурызацыяй і патрэбная для справядлівага разумення прадукцыйнасці людзей. Працэс пачнецца ў чэрвені і завершыцца ў ліпені.
У лютым Марк Цукерберг абвясціў 2023 год «годам эфектыўнасці». У рамках скарачэння выдаткаў кампанія звальняе супрацоўнікаў, закрывае непрыярытэтныя праекты і скарачае сярэдні менеджмент для выраўноўвання арганізацыйнай структуры.
Читать на dev.by