На рэпетытара Лівянта і яго сямейнікаў завялі крымінальную справу
Яны ў СІЗА.
Супраць кіраўніка адукацыйнага цэнтра «100 балаў», рэпетытара Яўгена Лівянта, ягонай жонкі Юліі Лівянт, дачкі Ганны Лівянт, яе мужа Мікіты Дразда і таксама супраць саўладальніка цэнтра «100 балаў» Аляксея Іванова завялі крымінальную справу паводле арт. 342 КК РБ (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), паведамляюць незалежныя медыя.
Лівянта, яго сямейнікаў і Іванова перавялі ў СІЗА на Валадарскага.
Яўгена Лівянта затрымалі пры канцы снежня 2022 года. З ім запісалі відэа, на якім рэпетытар казаў пра свой удзел у так званых масавых беспарадках 2020 года і сяброўства ў Каардынацыйнай радзе. Яго двойчы асудзілі па адміністрацыйным артыкуле — на 14 і 10 сутак. Спачатку ён утрымліваўся на Акрэсціна.
Там жа, на Акрэсціна, былі спачатку і сямейнікі Лівянта — іх таксама абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах.
Аляксею Іванову таксама для пачатку прысудзілі 14 сутак адміністрацыйнага арышту. На відэа ён прызнаўся ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе.
Читать на dev.by