Ужо 9000 вакансій. Пагутарылі са стваральнікам «забойцы LinkedIn» — пашукавіка працы для рускамоўных
Стваральнік пашукавіка вакансій Jobr Ku…a для рускамоўных рэлакантаў Андрэй Палканаў працягвае яго прасоўваць у LinkedIn і ўжо намякае на манетызацыю.
Вывучылі профіль Андрэя і трохі заблыталіся: вучыўся ў МДУ, ад 2016 года жыве і працуе ў Мінску, а лаецца як рэлакант у Польшчы. Няма актуальнага месца працы, акрамя ўласнага праекта, пры гэтым джобра-сэрвіс бясплатны. Вырашылі распытаць пра ўсё напрамую.
«Мне здавалася, я стану мегазапатрабаваным спецыялістам. Агага!»
— Я родам з Расіі, але ўжо амаль восем гадоў жыву ў Мінску. Паклікалі Haxe-праграмістам у Playtika. Там я прапрацаваў больш за пяць гадоў, за гэты час прапампаваў менеджарскія скілы і стаў цімлідам. А два гады таму звольніўся, каб занурыцца ў свет АІ-тэхналогій.
Playtika — цудоўная кампанія, і гэта велізарны шанцунак, што мне давялося там папрацаваць.
Пры гэтым я адчуваў, што ідзе нейкая магутная хваля, звязаная з нейрасеткамі, хоць наогул не разумеў, што гэта такое.
Вельмі хацелася разабрацца, таму я пайшоў вучыцца на бясплатныя курсы ад МФТІ на Stepik-е (там два паўнавартасныя семестры). Ужо ў часе навучання прагрымелі Lensa з яе Magic Avatars, Midjourney, ChatGPT і незаўважаны для рускамоўнай публікі ашаламляльны Cicero ад Meta.
Скончыўшы курсы, я мінулай восені беспаспяхова пахадзіў па сумоўях. Мне здавалася, што калі да майго досведу і ўжо наяўных кампетэнцыяў інжынера-праграміста і менеджара дадаць трэці аспект — разуменне нейрасетак і АІ-тэхналогій — то я стану мегазапатрабаваным спецыялістам. Агага, як жа я памыляўся! Такое адчуванне, што ўсім патрэбныя крутыя менеджары, абавязкова з веданнем тэорыі і за цану тэсціроўшчыка з досведам 2 гадоў пасля курсаў.
Вядома, я не мог з такім мірыцца і крыж на сабе ставіць не збіраўся. Бачачы, які змрок вакол у цэлым і на рынку працы ў прыватнасці, я вырашыў зрабіць іміджавы праект, які будзе дапамагаць тым, хто шукае працу па-за межамі СНД. Так, бліжэй да зімы я пачаў распрацоўку агрэгатара кампаній для рускамоўных рэлакантаў WayOut.
«Уладкавацца ў такія кампаніі будзе меркавана прасцей»
WayOut — гэта самастойны праект ці толькі аснова для пашукавіка вакансій? Як наогул складаўся спіс умоўна рускамоўных кампаній?
WayOut і Jobr Kur…a — гэта дзве асобныя, але ідэйна звязаныя праграмы: каталог кампаній і — лагічны працяг — пошук вакансій ад гэтых кампаній.
Першапачаткова WayOut быў спісам з усяго-ткі 60-70 кампаній, які я склаў у Google Sheets, калі сам шукаў працу. А далей я выкарыстоўваў розныя падыходы, каб знаходзіць рэлевантныя кампаніі — пісаў «распаўзальныя» скрыпты, аналізатары аўдыторый, прыкручваў аўтаматызацыю, дзе было магчыма, для паскарэння працэсу валідацыі кампаній. У мяне нават была ідэя навучыць нейронку пад гэтую справу —можа, вярнуся да яе яшчэ.
Аднойчы мне параілі спіс нейкага HR-агенцтва. Там выявілася шмат нерэлевантнага, але ўсё роўна нейкую частку кампаній, якіх у мяне яшчэ не было, я зацягнуў — дзякуй складальнікам за іх працу.
Цяпер у WayOut-каталогу больш за 500 кампаній, якія наймаюць па-за межамі СНД і/або даюць аддаленую працу, і якія, так гістарычна склалася, маюць адчувальную колькасць рускамоўных работнікаў. Гэта значыць, што ўладкавацца туды меркавана значна прасцей, патрабаванні да англійскай мовы будуць не такія высокія і на адрозненні ў менталітэце будуць заплюшчваць вочы.
Агрэгатар дазваляе шукаць кампаніі па лакацыях і спецыялізацыях. Сам па сабе спіс падыходных для рэлакацыі кампаній — гэта карысная рэч, але я вырашыў пайсці далей.
Пашукавік?
Так. Увесну WayOut і яго напаўненне былі гатовыя, і я задумаўся пра значна больш складаны і амбіцыйны праект — пошук вакансій кампаній з гэтага каталога. Працоўная назва прыйшла ў галаву па аналогіі з мемам пра бабра. У Jobr Kur…a я ўбачыў адразу некалькі аспектаў:
- само слова Jobr намякае, што гэта штосьці пра працу;
- не зусім цэнзурнае спалучэнне слоў адлюстроўвае ўсе тыя эмоцыі, што адчуваюць суіскальнікі;
- адсылка да польскага мему — як даніна той акалічнасці, што пераважная большасць маіх калег і знаёмых апынуліся ў Польшчы.
Але самі вы чамусьці не ў Польшчы.
У мяне мара жыць на цёплым моры. Я вельмі пакутую зімой, таму Польшча не асабліва вабіць.
Калі прататып пошуку быў гатовы і я рукамі змог памацаць і пераканацца, як файна гэта працуе, то ўжо не змог утрымацца і зарэлізіў альфу з хуткім брэндынгам на працоўную назву. Спачатку я не быў упэўнены, што гэта добрая ідэя, але цяпер у мяне няма ніякіх сумневаў, што Jobr Kur…a — гэта траплянне проста ў кропку.
Ці спатрэбіўся досвед у АІ для распрацоўкі пашукавіка?
Так, без яго я б не справіўся — там куча тэхналогій і моў, АІ я выкарыстоўваў нават у некаторых частках пайплайну ў WayOut.
Цяпер праграма змяшчае больш за 9000 вакансій ад прыкладна 60 кампаній, і спіс будзе паступова пашырацца. Шукаць можна па загалоўках вакансій, лакацыях, рэжымах працы (remote, hybrid, onsite). Ёсць падтрымка выключэнняў і лагічных аператараў.
Зразумела, не ўсе вакансіі ад гэтых кампаній падыходзяць менавіта для рускамоўных працаўнікоў, бо на дадзеным этапе ў базу падгружаюцца абсалютна ўсе аб’явы дададзеных кампаній. У далейшым буду дадаваць розныя фільтры, каб было менш «смеццевых» вакансій — напрыклад, з лакацый у Індыі.
У той жа час бясспрэчны плюс пашукавіка ў тым, што база апдэйціцца раз на гадзіну, а значыць, у карыстальнікаў самая аператыўная інфармацыя па новых вакансіях.
«Адзіны шанец выжыць — прыкруціць манетызацыю»
Ці вы цяпер пры працы, ці цалкам у Jobr-e? Ці ўдалося знайсці вакансію для сябе?
Абодва гэтыя праекты настолькі паглынулі мяне, што пакуль я іх рабіў, то і думаць забыўся пра тое, каб шукаць працу — зрэдку толькі адгукаўся на вакансіі ў самых цікавых для сябе праектах. Вядома, я гляджу цяпер, якія вакансіі ёсць у Jobre-e па маіх напрамках, але гэта хутчэй для таго, каб пераканацца, што ўсё працуе, і мець план на чорны дзень.
Дарэчы, пра чорны дзень. Вы ж два гады без працы, якія ў вас планы на манетызацыю? Акрамя 100 еўра за даданне кампаніі ў агрэгатар WayOut.
Так, ужо пару гадоў я праядаю «падушку». Пра 100 еўра — гэта была хохма, каб адсеяць халяўшчыкаў і не паўтарацца кожны раз. Але, безумоўна, адзіны шанец Jobr Kur…a выжыць — гэта прыкруціць манетызацыю. У праекта няма спонсараў, пры гэтым аб’ём работ каласальны. Пры гэтым прадукт сам сабою вельмі нішавы, а значыць, няма адкуль браць вялікі ахоп аўдыторыі — такім чынам, бессэнсоўна спрабаваць выжыць за кошт рэкламы.
Адзіны варыянт, які я бачу — гэта падпіска. Думаю, 20 еўра на месяц з бонусамі за опт. Здаецца, гэта цалкам даступная і сумленная цана за сэрвіс, які эканоміць гадзіны (насамрэч дні і тыдні) пошукаў адпаведных кампаній і іх вакансій. І яна супастаўная з гадзінным рэйтам тых вакансій, якія карыстальнікі шукаюць. Ну, важны фактар пры пошуку працы цяпер —хуткасць водгукаў на вакансіі, а Jobr у гэтым плане прыгажунчык.
Ці ўжо вядома, калі скончыцца халява?
Можа быць, праз месяц — не магу пакуль дакладна сказаць. Трэба зрабіць нармальную рэгістрацыю, выбраць плацежныя сістэмы, зарэгістраваць юрыдычную асобу не ў РБ, каб працаваць з імі. Я такім ніколі не займаўся, для мяне гэта чорная скрыня.
Читать на dev.by