Пасля пераезду вырашылі размаўляць з дзецьмі на новай мове. І як?
Некаторыя айцішнікі ў новых лакацыях гутараць з дзецьмі на беларускай мове, каб тыя «не забываліся, хто яны і адкуль».
Ёсць і тыя, хто перайшоў на мову новай краіны.
Змест
Польшча (2 гісторыі пра польскую з рознымі высновамі)
«Па-польску сын размаўляе лепей за мяне — i цяпер я вучуся»
— Да пераезду ў Польшчу дома размаўлялі ў асноўным па-руску плюс па-беларуску.
Пасля рэлакацыi недзе праз два-тры месяцы мы з жонкай зразумелi, што польскай у школе сыну-сямiгодку недастаткова — таму я пачаў размаўляць з iм толькі па-польску. Трэба ўдакладнiць, што сам я нямецка-польскага паходжання i пачынаў не з нуля.
Тры складнікі нашага поспеху:
- заняткі ў школе;
- дадатковыя заняткі ў школе ў першым класе для іншаземцаў;
- толькі польская мова дома — каб дзiця размаўляла, займацца трэба штодзённа.
Нашы вынiкi: сыну цяпер 8, i па-польску ён размаўляе лепей за мяне — i цяпер я ад яго вучуся, а не наадварот.
Жонка яшчэ на польскую цалкам не перайшла, але вучыцца і вучыць з намі.
Першыя 2 месяцы было вельмi складана ўсiм нам, урокi з сынам мы рабiлi праз Google translate. Цяпер беларускiя i рускiя словы ў нашых размовах амаль не з’яўляюцца. Мы вывучаем польскую мову па падручнiках плюс глядзiм серыялы на Netflix.
У мяне ўзровень fluent, праз некаторы час буду здаваць экзамен. У сына, мабыць, A2. Аднак ён вучыцца і жыве ў польскім моўным асяроддзі, глядзiць блогераў i Netflix па-польску. Болей за тое, у яго не будзе такога акцэнту, які маю я.
Я ў дзяцiнстве амаль не чуў рускай мовы, толькi беларускую, польскую i трасянку, рускую вывучаў у школе, але так i не навучыўся размаўляць без акцэнту. Я б хацеў, каб пазней мой сын у жыццi авалодаў беларускай мовай — для сябе. Але гэта будзе ўжо яго выбар.
Цi патрэбныя яму руская і беларуская ў жыцці? Хутчэй, не. Ён ужо трэцi год паволі займаецца англійскай. Калі захоча паехаць у іншую еўрапейскую краіну, то вывучыць яе мову.
«Думаю, рашэнне размаўляць з дзецьмі на польскай было памылкай»
— Мы пераехалі ў Польшчу на пачатку 2022 года. Нашаму сыну тады было 3 гады і 10 месяцаў, дачцэ — 1 год і 8 месяцаў.
Так як старэйшае дзіця адразу пайшло ў дзіцячы сад, для лепшай адаптацыі вырашылі размаўляць з ім па-польску. Гэта вельмі дапамагло ў моманце, але, на мой погляд, такое рашэнне ўсё ж было памылкай.
Сын досыць хутка адаптаваўся, праз месяц-два ўжо падтрымліваў размову з іншымі дзецьмі. Але паколькі ён бавіць у польскамоўным асяроддзі больш часу,ніж дома, мы сутыкнуліся з тым, што ён увесь час цяпер гаворыць па-польску — і дома, і ў садзе. Па-руску выдатна разумее, але не размаўляе.
Дачка, якая да пераезду амаль не гаварыла (максімум — асобныя словы), таксама цяпер цалкам гаворыць па-польску.
Бывае, што ў маўленні дзяцей праскоквае нешта не зусім зразумелае нам — і тады мы просім растлумачыць па-іншаму, і часцей за ўсё тлумачэнне зводзіцца да агучвання таго ж слова, але на рускай мове. Ёсць разуменне, што размаўляць на дзвюх мовах яны будуць, але крыху пазней. Думаю, калі б ад самага пачатку мы не размаўлялі з імі па-польску дома, гэта б ужо адбылося.
Наш з жонкай узровень польскай на момант пераезду: я хадзіў у касцёл у Беларусі, жонка скончыла двухмесячныя курсы мовы. Наш узровень цяпер: я ўсё разумею, размаўляю на бытавыя тэмы з суседзямі, чытаю кнігі па-польску, здаў экзамен на карту паляка, думаю, каля В1 будзе. А жонка працуе лекарам у польскай лякарні, пацвярджала дыплом на польскай мове, здавала медыцынскія экзамены, напэўна, у яе ўзровень бліжэйшы да B2.
Першы час зносіны па-польску ў побыце даваліся нам досыць няпроста, асабліва са з’яўленнем у сына пытання «Чаму?» («Dla czego?») і бясконцай гульні ў чамучку.
Думаю, і на рускай будзе няпроста растлумачыць дзіцяці, чаму трава зялёная ці чаму птушка памерла, і як чарвяк арыентуецца, куды яму паўзці, і г. д. На польскай я нярэдка заходзіў у тупік. Ад гэтага моманту пачалі старацца размаўляць па-руску з дзецьмі. А паміж сабой з жонкай па-польску ніколі не размаўлялі.
Яшчэ прычынай вярнуцца да рускай было назіранне за дзецьмі таго ж узросту, што і нашыя, але чые бацькі размаўлялі з імі па-руску дома. Дзеці спакойна ў зносінах з маімі дзецьмі гавораць па-польску, дарослым адказваюць на рускай — мае так не ўмеюць.
Пры гэтым я хацеў бы дадаць, што не хацеў бы, каб руская мова стала для маіх дзяцей асноўнай мовай камунікацыі ў жыцці.
Партугалія (англійская)
«Перайшлі на англійскую ў побыце. Спачатку дзіцяці было цяжка, яно ўпарцілася»
— Мы пераехалі ў Партугалію паўгода таму — і мой васьмігадовы сын пайшоў вучыцца ў брытанскую міжнародную школу. Там настойліва рэкамендавалі размаўляць з ім па-англійску, глядзець мульцікі, чытаць — каб дзіця хутчэй вывучыла мову.
Узровень англійскай у сына на той момант — пару слоў, я ж ведаю мову добра (я сэйлз у ІТ), дый мой хлопец — англічанін.
Мы перайшлі на англійскую ў побыце. Спачатку дзіцяці было цяжка, яно ўпарцілася, не хацела мяняць мову ў гутарках са мной. Але потым, калі пайшло ў школу, стала ахвотней размаўляць па-англійску і дома. Праз 3 месяцы яно размаўляе на гэтай мове, пачало пісаць, цяпер дорыць мне паштоўкі і малюнкі, падпісаныя па-англійску, а не па-руску.
Што да партугальскай, то ў гэтай краіне яна патрэбная, каб паступіць ва ўніверсітэт, нуй калі праца звязаная з Партугаліяй. А так тут усе размаўляюць па-англійску. Дзяржшколы вядуць навучанне на партугальскай мове, а міжнародныя — на англійскай, партугальская выкладаецца 2 разы на тыдзень. Маё дзіця вывучаць партугальскую адназначна будзе, бо мы хочам атрымаць пашпарт гэтай краіны.
Ці патрэбная майму дзіцяці руская ў будучыні — я думаю, што так.
Каментар: «Дзеці прасцей адаптуюцца»
Кансультант па псіхалогіі камандных працэсаў Дзяніс Іскорцаў сам пераязджаў чатыры разы. Спыталі ў яго, якую стратэгію варта выбраць, каб дапамагчы дзіцяці хутчэй і прасцей адаптавацца ў новай краіне.
— Перад маімі вачыма ў эміграцыі прайшло некалькі сем’яў: хтосьці пераязджаў ужо з дзецьмі, а ў кагосьці яны нарадзіліся ў новай краіне.
Яны выбіралі розныя стратэгіі: адныя абрывалі ўсе сувязі з краінай, адкуль прыехалі, — і пераключаліся на новую мову; іншыя захоўвалі родную мову ў хатніх зносінах.
Што варта знаць бацькам — дык гэта тое, што дзеці прасцей адаптуюцца да новай мовы.
Па-першае, у іх менш «праблем»: яны не парацца з нагоды граматыкі або з нагоды таго, што ім «не даюцца мовы, няма здольнасцяў да іх вывучэння» (што нярэдка спыняе дарослых). Іх асноўная гісторыя — гэта паўтарэнне і гульня: і калі яны аказваюцца ў асяроддзі, дзе могуць назіраць за іншымі і паўтараць, — то гэтага дастаткова, каб яны адаптаваліся (і значна хутчэй за дарослых).
Па-другое, дзеці ідуць у школу і садок — і, адпаведна, трапляюць у моўнае асяроддзе, прычым асяроддзе, наладжанае на тое, каб навучыць іх іншай мове.
А вось дарослы (дапусцім, ён айцішнік) пераязджае са сваім камп’ютарам з Новай Баравой на вуліцу Мінскую ў Варшаве — і для яго нічога не мяняецца: праца тая ж, з тымі ж, і ўсё на той жа англійскай. Неабходнасці вучыць мову няма, а яшчэ няма ўмоў. Таму ўсё трэба рабіць самастойна: самому ствараць сабе матывацыю, маўляў, «мне гэта цікава», «хочацца інтэгравацца», — штурхаць сябе ў спіну, каб вучыць мову. Дзецям жа гэтага не трэба рабіць: само асяроддзе стымулюе іх гаварыць.
Калі дзіця яшчэ маленькае (да 7 гадоў), то многія рэчы ў новай краіне яно спазнае ўжо на новай мове — і тады ў сям'і ўзнікае «разрыў».
Што рабіць з «разрывам»?
Кожны вырашае сам. Можна нічога не рабіць, такія гісторыі я таксама назіраў: дзеці жывуць са сваёй мовай, бацькі — са сваім. Размаўляюць на нейкай сумесі з дзвюх моў, але ў выніку і тата з мамай не ведаюць мовы новай краіны, і дзіця — мовы сваіх продкаў.
Калі сям’я хоча, каб дзіця было білінгвам, то трэба прыкладаць намаганні. Я назіраў гэта ў сям'і рускамоўнай мамы і бацькі-немца: мама размаўляла з дзіцем толькі па-руску, тата — выключна па-нямецку. Дзіця выдатна размаўляла і на рускай, і на нямецкай — без акцэнту, і лёгка перамыкалася з адной мовы на другую.
А што, калі мова новай краіны, — гэта наогул трэцяя мова, якую дзіця асвойвае толькі ў школе або ў дзіцячым садку?
Гісторыя будзе падобнай.
Наогул правіла такое: дзіця будзе выкарыстоўваць тую мову, на якой яму прасцей размаўляць. Калі 50% свайго часу ён бавіць у школе, дзе размаўляе па-польску, то і дома ён будзе спрабаваць размаўляць на польскай. Пакуль не будзе сфармаваная звычка: дома трэба камунікаваць на рускай або беларускай, а ў школе — па-польску.
Цалкам магчыма, што нейкі перыяд дзіця будзе «каўбасіць», яно будзе спрабаваць праціснуць сваю мову зносін. Аднаму з бацькоў у такой сітуацыі я рэкамендую прытрымлівацца свайго плана: вы хочаце, каб дзіця ведала сваю родную мову — тады трэба пацярпець; не — тады можна ісці за сынам/дачкой.
Ці могуць бацькі трапіць у такую «пастку», калі яны абралі новую мову ў якасці мовы зносін са сваім дзіцем, каб таму было лягчэй адаптавацца, а потым вымушаныя даганяць малога, і дзіця іх не разумее?
Не, каб бацькі і дзіця не маглі зразумець адно аднаго, ім трэба нейкі час пажыць паасобку, а потым з’ехацца (смяецца).
Бацькі і дзіця так ці інакш сінхранізуюць сваю мову зносін. Магчыма, гэта можа будзе дзіўная мова — нейкая свая, дзе палова слоў будзе на роднай, а яшчэ палова — на новай, але яны будуць адно аднаго разумець.
Раскажыце пра свой досвед у каментарах.
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам, увагай і данатамі.
І яшчэ крыптой, тут кашалькі.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by