«Выгляд моцна змяніўся». Кампанія наняла QA і зразумела, што сумоўе праходзіў не ён
Цімлід паскардзіўся ў лінкедзіне: яго кампанія больш за два месяцы не можа наняць QA — пару офераў прыйшлося адклікаць, так як высветлілася, што досвед кандыдатаў не адпавядаў заяўленаму імі ў рэзюмэ.
Трэці кандыдат, які задаволіў каманду, выйшаў на працу — але выявілася, што гэта зусім не той чалавек, які праходзіў сумоўі.
«Новы супрацоўнік задаваў мала пытанняў — а калі штосьці пытаўся, голас быў іншы»
Гісторыя ад топікстартара такая: працэс наймання QA доўжыцца ад ліпеня. За гэты час кампанія зрабіла тры оферы. Але два адклікала — на жаль, высветлілася, што досвед кандыдатаў не адпавядаў заяўленаму імі ў рэзюмэ.
Трэці чалавек выйшаў на працу. І вось што было далей, паводле слоў аўтара паста:
— Анбордзінг пачаўся толькі ўчора праз затрымку з дастаўкай карпаратыўнага ноўтбука (паводле слоў пачаткоўца, свой ён здаў у рамонт). Сёння была чарговая сесія, і майго калегу, які займаўся анбордзінгам, насцярожыла, што новы супрацоўнік задаваў вельмі мала пытанняў — а калі ўсё ж такі нешта пытаўся, голас быў іншы.
Я папрасіў калегу дадаць мяне на сустрэчу, каб акуратна праверыць гэтую гіпотэзу. Калі мы папрасілі пачаткоўца ўключыць камеру, ён спытаў, як выбраць фон для відэа. Я патлумачыў яму, як гэта зрабіць, і праз хвіліну ён уключыў камеру, рэзка адкінуўшыся на крэсле. Мы працягнулі размову, чакаючы, што ён сам растлумачыць сітуацыю, але ён маўчаў.
Я папрасіў яго наблізіцца да камеры і спытаў, ці не хоча ён нешта нам сказаць, на што ён толькі ўдакладніў: «напрыклад?». Я патлумачыў, што быў на фінальным этапе інтэрв’ю і запомніў яго выгляд — ён моцна змяніўся. Праз пару секунд ён выключыў камеру і выйшаў з сазвону.
Пазней у асабістых паведамленнях пачатковец папрасіў прабачэння і прызнаўся, што папрасіў сябра прайсці сумоўе за яго, бо сам не вельмі моцны ў тэорыі, але вельмі хацеў трапіць у кампанію. Мы ініцыявалі працэс скасавання дамовы.
Топікстартір робіць здагадку, што прычына здарэння ў тым, што пачаткоўцам не даюць шанцу праявіць сябе, патрабуючы ад джуноў 2-3 гады рэальнага досведу ў кампаніі — вось яны і звяртаюцца да такіх брудных метадаў атрымання працы.
«У часе сазвону было чуваць, як суіскальніку хтосьці дыктуе адказы»
Пад пастом — 70+ каментароў. Некаторыя падпісчыкі таксама сутыкаліся з падобным:
— Мы сутыкнуліся з такой жа сітуацыяй. На сумоўі кандыдат быў цудоўны, але калі ён пачаў працаваць, нешта пайшло не так. Задаваў вельмі мала пытанняў і яны былі вельмі дзіўнымі для чалавека такой кваліфікацыі. Задачы вырашаў нядрэнна, але таксама ў нейкім дзіўным рэжыме: забіраў задачу і знікаў на паўдня — потым прыходзіў з рашэннем.
Калі пры адладцы выяўляліся памылкі, ён вельмі доўга іх выпраўляў, хоць папраўка ў чалавека, які пісаў код, мае займаць хвіліны. Мы западозрылі нядобрае і сталі настойліва прызначаць сустрэчы па парным праграмаванні, але ўсё нешта не складалася. У выніку рассталіся — і на сустрэчы чалавек сказаў толькі: «Акей, я ўсё разумею», — ніякіх пытанняў, скаргаў або незадаволенасці, што заўсёды бывае, калі хтосьці няўдала прайшоў выпрабавальны тэрмін.
— Сутыкаўся з падобнай сітуацыяй, праводзячы інтэрв’ю ў сваю каманду. У часе сазвону было чуваць, як суіскальніку хтосьці дыктуе адказы.
Карыстальнікі ўпэўненыя: «Такіх выпадкаў будзе ўсё больш», бо фільтры эйчараў «як быццам спецыяльна наладжаныя на пошук неадэкватаў». А гэта азначае, што чаканні працадаўцаў не зусім адэкватныя.
— Я больш за месяц шукаў працу. Вельмі розныя сумоўі пабачыў. Я думаю, што многія працадаўцы не заўсёды ведаюць, як выбраць. Прыкладна, як чалавек з вуліцы не ўмее выбіраць будаўнікоў для рамонту кватэры.
Ведаю кейс, калі на адную пазіцыю сумовіліся мідл і трэйні. І працадаўца абраў трэйні, бо ён змог лепш адказаць на пытанні па тэорыі.
— Не накручваю досведу, але ўсё часцей бачу, як іншыя гэта робяць, проста таму, што «рынак цяпер такі» — і я іх разумею.
Так, вы маеце рацыю, працадаўцы не даюць пачаткоўцам шанцу. І шукаюць пад канкрэтны стэк цяпер, хоць не бачу цяжкасці разабрацца з Next.JS/Nest.JS, напрыклад, калі я ведаю React. Для мяне наогул не праблема разабрацца: напрыклад, я напісала full-stack праграму з нуля за тры тыдні, быўшы франтэнд-распрацоўшчыцай, разабралася нават з бэкам, — у фрэймворку ўжо разабрацца не цяжэй.
Многія пішуць пра тое, што цяпер з’явілася цэлая індустрыя «дапамагатарства». Камусьці прыходзілі прапановы ад агенцтваў і прыватнікаў. А хтосьці і сам у гэтым удзельнічаў як «дапамагатар».
— Я — тэсціроўшчык-пачатковец, шукаю працу, але праз адсутнасць камерцыйнага досведу ўвесь час атрымліваю адмовы. А дзе яго ўзяць, калі шанцу мне не даюць? У асабістыя пры гэтым паступае куча варыянтаў [ад «дапамагатараў»].
— У мяне быў досвед на UpWork: заказчык — індус, ён хацеў зрабіць пэўную задачу, але не даваў лагінаў. Трэба было зайсці на яго комп па цімв’юверу.
Я зайшоў і трохі абмеркаваў з ім задачу — і ў мяне сківіца адвалілася: гэта быў карпаратыўны комп Deloitte, а таварыш ні ў зуб нагой па тэме. Як ён туды прайшоў? Як усё яшчэ трымаецца? Плаціў ён нядрэнна — 50$ на гадзіну. Цяпер я такіх заказаў не бяру з прынцыпу.
— Сутыкалася з прапановай ад кадравага агенцтва. Прапаноўвалі паднатаскаць у тэорыі, намаляваць досвед і дапамагчы прайсці сумоўе. Я адмовілася, бо невялікі досвед ёсць. Але нават з ім нерэальна знайсці працу — калі толькі кароткія праекты.
Так што, хлопца магу зразумець. [Кампаніі] патрабуюць зашмат. Пачаткоўцаў браць ніхто не хоча — нават на стажыроўку за тры капейкі. І калі ніхто не будзе ісці насустрач, такіх кулібіных будзе больш і больш.
Читать на dev.by