Чаму айцішнікам варта паглядзець «Апенгеймера»
У пракат выйшла драма Крыстафера Нолана «Апенгеймер» — пра стваральніка атамнай бомбы Роберта Апенгеймера і першыя выпрабаванні ядзернай зброі. Рэжысёр нават назваў гэтую гісторыю «самым драматычным момантам» усіх часоў. Чаму варта паглядзець карціну ўсім і — асабліва — айцішнікам?
Фільм пра знакамітага фізіка журналісты ўжо паспелі ахрысціць галоўнай карцінай Нолана. Пры тым, што рэжысёр паспеў зняць «Памятай», «Пачатак» і «Довад». Гісторыя Апенгеймера на працягу многіх гадоў захоплівала брытанца: яго ўражвала сама ідэя, якая аб’яднала тысячы людзей. Каманда навукоўцаў спрабавала звязаць свае тэорыі з рэальным светам, які змяняўся ў іх на вачах. Сапраўдная авантура: фізікі не былі ўпэўненыя, што верагоднасць знішчэння гэтага свету роўная нулю пры выпрабаванні бомбы. «Усё ж яны націснулі на кнопку», — нагадвае рэжысёр і бачыць у гэтым самы драматычны момант у гісторыі.
«Апенгеймер» працягвае кінатрадыцыю, якая паказвае стварэнне ядзернай зброі як праяву гэткага сусветнага зла. Нядаўні прыклад — трэці сезон «Твін Пікса» Дэвіда Лінча, дзе ёсць адсылка да той жа гісторыі. Выпрабаванне ядзернай бомбы ў Нью-Мексіка ў 1945 годзе ў Лінча ломіць сусветную гармонію і спараджае Боба — злога духа, які пазней захопіць Лору Палмер. Галоўны герой Ноланавага фільма перажывае пасля бамбаванняў Хірасімы і Нагасакі асабістую этычную катастрофу, усвядоміўшы жах таго, што здарылася.
Нолан прызнаецца, што для яго гэтая карціна збольшага біяграфічная: у яе ён уклаў страхі свайго пакалення, якое вырасла ў эпоху Халоднай вайны. Перад прэм’ерай рэжысёр размаўляў пра гэта са сваім калегам Стывенам Спілбергам — і досвед двух майстроў выявіўся падобным. Нолан вырас у Лондане 1970-х, Спілберг — у Агаё 1950-х. і той, і другі сталелі ў атмасферы ядзернай пагрозы, калі здавалася, што апакаліпсіс можа пачацца ў любы момант. «У гісторыі чалавецтва былі перыяды, калі небяспека ядзернай вайны была настолькі адчувальнай і бачнай для нас, што мы вельмі добра яе ўсведамлялі», — згадвае рэжысёр.
Гэтая гісторыя яшчэ некалькі гадоў таму не здавалася настолькі актуальнай. Калі Нолан расказаў пра сваю задумку сыну, той толькі адказаў: «Але ніхто больш пра гэта не хвалюецца». Праз два гады ўвесь свет сур’ёзна абмяркоўвае магчымасць хуткай ядзернай вайны. Сучаснасць дагнала сюжэт — і цяпер страхі Апенгеймера зразумелыя гледачу. Рэжысёр заўважае, што паралелі з сённяшнім днём відавочныя: узяць хаця б штучны інтэлект. З’яўленне новай, рэвалюцыйнай тэхналогіі плодзіць асцярогі пра яе непрадказальныя наступствы.
«Я нядаўна быў на канферэнцыі TED ў Ванкуверы. Адной з найцікавейшых сесій выявілася серыя дакладаў пра генератыўны АІ. Вельмі многія з выступоўцаў згадвалі атамную бомбу, ядзерную зброю. Апошнім спікерам быў тэхнолаг, які вырас у Лос-Аламасе. Ён казаў пра непазбежны рост выкарыстання АІ у зброі. Пры канцы выступу навуковец сказаў, што адзіны спосаб захаваць сусветны парадак — гэта мець найлепшую АІ-зброю. Што гэта было б фактарам стрымлівання», — кажа Нолан.
Амерыканец на канферэнцыі слова ў слова паўтарае рыторыку, знаёмую з часоў Халоднай вайны. Пра гэта ж гавораць і самі распрацоўшчыкі штучнага інтэлекту. Яшчэ ў красавіку Ілан Маск і тысячы экспертаў у галіне АІ заклікалі індустрыю прыпыніць распрацоўкі хаця б на паўгода і падумаць пра рэгуляванне тэхналогіі. Ніхто да закліку не прыслухаўся — і ў першую чаргу сам Маск, які паспеў заснаваць кампанію xAI, каб канкураваць з Google і OpenAI.
Нолана можна злавіць на скептычным стаўленні да прагрэсу. Рэжысёр шырока вядомы тым, што па магчымасці пазбягае камп’ютарных эфектаў. Нават свой апошні фільм ён зняў без выкарыстання лічбавых тэхналогій: па-старому, на грувасткія плёначныя камеры. Фанаты Крыса жартавалі, што той загуляўся ў праўдападабенства і падарваў у пустыні Нью-Мексіка сапраўдную атамную бомбу. Сам аўтар прызнаецца, што дзеці называюць яго дома лудытам. Пра старамоднасць Нолана ведае ўвесь Галівуд: ён не карыстаецца смартфонам — замест звыклага айфона тэлефон-складанчык, а ягоны камп’ютар, на якім рэжысёр піша сцэнары, не падключаны да інтэрнэту.
Не верыць ён і ў лічбавы свет. Нолан лічыць, што асноўнай праблемай АІ-тэхналогій з’яўляецца сыход ад адказнасці іх стваральнікаў. «Калі мы падтрымліваем пункт гледжання, што АІ усемагутны, мы таксама падзяляем думку, што ён можа зняць адказнасць з людзей за іх дзеянні. Самая вялікая небяспека АІ палягае ў тым, што мы прыпісваем яму гэтыя богападобныя характарыстыкі і таму дазваляем сабе сарвацца з кручка», — заўважае ён. Спробы саміх распрацоўшчыкаў перакласці адказнасць за рэгуляванне на дзяржаву — гэта крывадушнасць, перакананы рэжысёр.
На думку Нолана, ніякая міжнародная структура не зможа кантраляваць развіццё АІ, як гэта ж свайго часу адбылося з ядзернай сферай. Чыноўнікі проста не здольныя зразумець складаную тэхналогію і наступствы яе прымянення. «Акрамя таго, я думаю, што ў ядзернай зброі ёсць дзіўны элемент бяспекі, бо для вырабу бомбы патрэбныя пэўныя інгрэдыенты. Гэта моцна адрозніваецца ад таго, калі мы сутыкаемся з патэнцыялам суперкамп’ютара».
У адрозненне ад ядзернага выбуху, гэтую пагрозу немагчыма візуалізаваць — і фільм «Маск» або «Альтман» выйдзе не пра фізікаў, якія ведаюць сваю справу, а пра распрацоўшчыкаў, якія не ўяўляюць, як насамрэч усё гэта працуе. Роберт Апенгеймер у фільме кажа пра шлях выратавання чалавецтва ад катастрофы: мы мусім дзяліцца інфармацыяй. Шчырасць ён лічыў самым практычным і бяспечным спосабам не знішчаць гэтага свету. І тады наступны раз нікому не прыйдзецца націскаць кнопку.
Читать на dev.by