Як размеркаванне платнікаў + 5 гадоў адпрацоўкі паўплываюць на ІТ і айцішнікаў? Спыталі ў датычных

Распыталі наймальнікаў, выкладчыкаў, будучых абітурыентаў і студэнтаў тэхвузаў, як на іх і ІТ-галіну паўплывае ідэя размяркоўваць платнікаў + павялічыць тэрміны адпрацоўкі да 5 гадоў. 

46 каментарыяў
Змест
Што адбываецца — коратка

На мінулым тыдні на нарадзе ў Лукашэнкі абмяркоўвалі ад’езд каштоўных спецыялістаў і тое, як гэтаму процідзейнічаць.

Вырашылі (пакуль у тэорыі) падоўжыць тэрмін адпрацоўкі па размеркаванні для выпускнікоў ВНУ, а яшчэ зрабіць адпрацоўку абавязковай не толькі для бюджэтнікаў, але і студэнтаў-платнікаў. Бо платнай адукацыі ў краіне няма, ёсць «паўплатная».

— Сёння платнік пакрывае не больш за 50-70% ад кошту свайго навучання, — заўважыў міністр адукацыі Андрэй Іванец. — Фактычна ў рэспубліцы няма платнай вышэйшай адукацыі — гэта паўплатная адукацыя, якую субсідуе альбо ўніверсітэт, альбо дзяржава. Мы гэтую праблему бачым, яе нам неабходна вырашаць. Да гэтага ўжо прыступілі.

Лукашэнка прапанаваў таксама павялічыць тэрмін адпрацоўкі і ўвесці «забаронныя меры»:

— Наконт адпрацоўкі мы вызначыліся, — рэзюмаваў ён. — Тэрміны (ужо цяпер трэба насельніцтва акуратна інфармаваць пра гэта) мы павялічваем. Мы рыхтуем для сябе спецыялістаў. Мы падрыхтавалі, даем табе першае працоўнае месца — ідзі і працуй. Вось туды трэба, мы цябе туды накіроўваем. Я таксама праходзіў праз размеркаванне, дый многія тут сядзяць, і нічога.

Куды размяркоўваліся студэнты БДУІР у 2022

З аднаго боку, у «тэхнічных» студэнтаў, у адрозненне ад многіх іншых, усё яшчэ ёсць опцыя адпрацоўкі ў камерцыйных ІТ-кампаніях, і гэтай опцыяй яны ўсё яшчэ масава карыстаюцца. Нават цяпер, у разгар шматслойнага крызісу, калі рынак вакансій прабівае гістарычнае дно, а «джуны не патрэбныя», з гэтым усё не так дрэнна.

Напрыклад, на сайце БДУІР ёсць спіс, куды ў 2022 годзе на кафедры ПАІТ размеркавалі 97 студэнтаў ФКсіС. Пераважная большасць — 88 студэнтаў — прынеслі індывідуальныя заяўкі ад кампаній і папоўнілі іх штат. У спісе фігуруюць EPAM, ISsoft, SoftTeco, Itechart, Yandex і іншыя. 9 чалавек размеркавалі на прадпрыемствы: чацвярых з іх забраў інфармацыйна-вылічальны цэнтр Мінфіна, траіх — «Беларускі дарожны інжынерна-тэхнічны цэнтр», і яшчэ двух — сам БДУІР. У дзяржаўных арганізацыях працуюць 15 выпускнікоў: адзін на атамнай электрастанцыі, двое — у «Беларусбанку», яшчэ адзін у Мінскім упраўленні магістральных газаправодаў, чацвёра — у ВНУ. Заводы і буйныя прадпрыемствы ў спісе на размеркаванне не фігуруюць. 

Можна меркаваць, што нават у складаным 2022-м размеркаванне студэнта-айцішніка ў камерцыйную распрацоўку — гэта пытанне матывацыі, і шмат у каго яна выявілася досыць высокай.

Але як зменіць сітуацыю размеркаванне яшчэ і платнікаў, а таксама больш як 2-гадовыя тэрміны адпрацоўкі? Верагодна, канкурэнцыя за месцы (сёння і без таго нешматлікія) у камерцыйных кампаніях будзе ўсё больш жорсткай, як і парог уваходу ў галіну і ўмовы для джуноў. Тыя, хто не зможа задзейнічаць дастаткова намаганняў/рэсурсу/сувязяў/фарту, стануць «новымі бюджэтнікамі» ў школах і на прадпрыемствах. У любым выпадку, у дынамічнай ІТ-галіне прывязка да першага працоўнага месца на 5 гадоў (а ступень жорсткасці і ўмовы прывязкі будуць залежаць, падобна, у асноўным ад чалавечых якасцяў наймальніка), — такі сабе старт.

І хоць кампаніі і выпускнікі напэўна адаптуюцца і прыдумаюць новыя «мыліцы» (як, напрыклад, цяпер размеркаванне не перашкаджае самым ініцыятыўным рэлакавацца з кампаніямі), стымулаў аддаць перавагу менавіта беларускай тэхнічнай адукацыі — прынамсі для самых мабільных абітурыентаў — гэта не дадасць і стане +1 фактарам адтоку талентаў. А ў тандэме са скасаваннем адтэрміноўкі ад войска для студэнтаў замежных ВНУ — адтоку літаральна беззваротнага. 

Што кажа экс-выкладчык БДУІР

«Малады спецыяліст на размеркаванні ў разгар працоўнага дня ў адкрытую спаў на стале»

Папрасілі аўтарытэтнага ў адукацыйным асяроддзі экс-выкладчыка БДУІР разабраць ініцыятыву ўладаў:

— Размеркаванне на 5 гадоў (што платнікаў, што бюджэтнікаў) асабіста ў мяне выклікае больш пытанняў, чым адказаў. Юрыдычныя моманты, напрыклад, парушэнне дамоў як у платных, так і ў бюджэтных студэнтаў, пакінем для юрыстаў. Аднак акрамя відавочнай непапулярнасці дадзенай «рашучай ініцыятывы» ў студэнтаў і іх бацькоў, можна яшчэ згадаць аб працадаўцах. 

Так, у адзін з маіх візітаў у адзін вядомы беларускі навукова-вытворчы канцэрн я бачыў карціну алеем: малады чалавек у разгар працоўнага дня ў адкрытую спаў на стале ў лабараторыі. На маё нямое пытанне ў вачах: «Што гэта такое?» — прагучаў кароткі адказ загадчыка лабараторыі: «Малады спецыяліст на размеркаванні». 

Дзяржаўныя мужы чамусьці думаюць, што яны могуць адной універсальнай пастановай ахапіць усе магчымыя сітуацыі працоўных адносін паміж працадаўцам і маладым спецыялістам.

Насамрэч відавочна, што колькасць падобных радыкальных выпадкаў — як немагчымасці прымусіць якасна працаваць расчараванага маладога спецыяліста, так і змены месца размеркавання праз самадурства асобных працадаўцаў, будзе толькі павялічвацца. 

Ну і ў цэлым, тэрмін пяць гадоў у 22-23 гады — гэта вельмі працяглы перыяд часу, у які ў многіх маладых людзей адбываецца маса падзей. Спроба фіксацыі іх status quo (нават частковая) у іх самы бурны перыяд жыцця, калі яны маюць метадам спроб і памылак знайсці сваю палавіну, прызначэнне і месца ў жыцці, відавочна ненатуральная і ні да чога добрага ў стратэгічным плане прывесці не можа.

Што кажа працадаўца

«Раней ІТ вымывала кадры з іншых галін. А цяпер людзі самі гатовыя плаціць за першае працоўнае месца». 

Абмеркавалі тэму з менеджаркай буйной кампаніі (з сусветнага топу), а ў мінулым — выпускніцай ФКСіС БДУІР з досведам працы ў тым ліку на дзяржслужбе.

— Прызнаюся: я і сама адпрацоўвала па размеркаванні, што праўда, было гэта амаль 20 гадоў таму. І гэты досвед не быў бескарысны: кіраўнікі, якія працавалі разам са мной, сапраўды былі людзьмі, з якімі хацелася (і маглося) працаваць. Пра такіх кажуць: «Няма таго, што раньш было…»

Чаму цяпер можна навучыцца ў дзяржструктурах — не ведаю. 

Што ж тычыцца самой ідэі размеркавання, то я наогул яе не разумею. Як у ІТ-галіне наогул можна ўтрымліваць людзей гвалтоўна? Гэта ж высокаканкурэнтнае асяроддзе! 

Калі некалькі гадоў таму мы казалі пра тое, што ўвайсці досыць лёгка ў ІТ з вуліцы пасля параўнальна невялікага навучання, то цяпер сітуацыя змянілася: нават дасведчаныя спяцы марнуюць ад паўгода да года на тое, каб знайсці працу. Раней ІТ вымывала кадры з іншых галін — рэзідэнты ПВТ забіралі ўсё найлепшае. А цяпер ёсць прыклады, калі людзі самі гатовыя заплаціць за першае працоўнае месца. 

Як можна рэалізаваць размеркаванне на 5 гадоў? Дапусцім, я — дырэктарка ІВЦ Мінфіна. Мне трэба ўзяць чалавека ў штат і гарантаваць яму працу на працягу 5 гадоў (хай заробак будзе сярэднім па краіне). Але няма ж ніякіх гарантый, што як дырэктар я забяспечу прадпрыемству загрузку і плацежаздольнасць на гэтыя 5 гадоў. 

І зноў жа, калі браць новых выпускнікоў, то куды падзець старых спецыялістаў? 

ІТ-галіна не можа жыць ва ўмовах планавай эканомікі і дзяржплана СССР. 50 гадоў таму была ілюзія, што «ЭВМ нам дапамогуць» — праграмы вызначаць, каго куды, і замацуюць на месцах. Але чым усё скончылася, мы ведаем — крахам планавай эканомікі і самога СССР.

Плюс яшчэ адная праблема — людзі. Усе даследаванні кажуць, што тыя, каму сёння 20, зменяць сваю прафесію 5 разоў за жыццё. Сёння чалавек адвучыўся на праграміста, а праз 3 гады пойдзе і вывучыцца на пілота або паступіць у мед, каб стаць мікрахірургам — і гэта нармальна.

Вы расплануеце жыццё маладога чалавека на 5 гадоў наперад — і ён будзе пакутаваць, бо на ФКСіС яго мама з татам прымусілі паступіць, і ён не мог дачакацца, калі скончыць яго. Не ўсе выпускнікі БДУІР застаюцца праграмістамі. Мая дваццацігадовая дачка адмовілася ісці ў ІТ — катэгарычна. І, азіраючыся назад, я думаю: як добра, што я не настаяла.

Я не бачу ніякіх перадумоў для рэалізацыі ідэй размяркоўваць усіх і ўся (і надоўга) ані з боку патэнцыйнага працадаўцы, ані з боку студэнтаў. На мой погляд гэта чарговая дэкларацыя, а на выхадзе будзе пшык.

І, тым не менш, выкажам здагадку, што яе рэалізуюць. Ці прывядзе гэта да 2-3Х канкурэнцыі сярод студэнтаў за месцы на размеркаванне ў камерцыйных кампаніях?

А ці будуць заяўкі ў камерцыйныя кампаніі? Давайце абапірацца на адкрытыя крыніцы, ці шмат вакансій на тым жа devby.io?

Камерцыйныя кампаніі знаходзяцца ў стане скарачэння і рэструктурызацыі штатаў, і на гэты момант няма ніводнай перадумовы для росту. Прычым калі б гэта быў толькі лакальны трэнд, то можна было б з гэтым нешта рабіць. Але на сённяшні момант ён з’яўляецца часткай агульнасусветнага крызісу.

Беларускае ІТ (калі не лічыць распрацоўшчыкаў прадуктаў для ўнутранага спажывання, якіх усяго 10%, калі не памыляюся) — гэта аўтсорс. Колькасць праектаў у аўтсорсе скарачаецца, іх замарожваюць.  

Акей, у любым выпадку ўзмоцніцца канкурэнцыя за гэтыя нешматлікія месцы — а значыць, і парог уваходу ў прафесію, і ўмовы…

А вось тут я вам раскажу, як былая чыноўніца, як усё будзе: гэтая «указіўка» пойдзе на Мінадукацыі. Мінадукацыі пачне думаць, як пераразмеркаваць адказнасць, нейкія лічбы паказаць. Людзі, якія жывуць у рэжыме планавай эканомікі, створаць план для ВНУ — і тыя пачнуць фэйкаць статыстыку. Хутчэй за ўсё гэта гісторыя прыстройвання тых, каго трэба. Найлепшыя ўсё роўна не перамогуць у гэтай неканкурэнтнай барацьбе. Адная з маіх улюбёных фраз: талентам трэба дапамагаць, бясталентныя праб’юцца самі. Вось паверце, у кожнага няздары будзе фэйкавае месца, да якога ён выявіцца прымацаваным. 

Я проста не бачу ніякага разумнага эканамічнага стымулу для рэалізацыі гэтай ініцыятывы.

Ці ўзмоцніцца адток самых таленавітых — яшчэ на стадыі выбару ВНУ на карысць замежжа? Прычым хлопцы з’едуць надоўга?

Не, гэта не так. Я згадваю свой паток, на якім было 98% хлопцаў, і прыкідваю, у каго б бацькі маглі б сабе дазволіць адпусціць іх — такіх, ну, 5%. Адпраўляючы дзяцей вучыцца за мяжу, бацькі разумеюць, што трэба не толькі аплаціць навучанне, але і забяспечыць пражыванне, харчаванне і гэтак далей. Пры ўзроўні жыцця ў Беларусі гэта даступна 3-5% насельніцтва, якія і так хутчэй за ўсё ўжо з’ехалі. 

Плюс, на жаль, у нашай рэальнасці любая ВНУ разглядаецца як легальны сродак адтэрмінаваць службу ў войску. Сёння ні БДУІР, ні ФПМІ БДУ не з’яўляюцца месцам здабыцця прафесіі. Месца здабыцця прафесійных ведаў — гэта Coursera ды іншыя.

Для айцішніка гэта дрэнны старт кар’еры — калі цябе на 5 гадоў прыбілі цвікамі да аднаго працадаўцы. Для галіны таксама дрэнна — недарагая бяспраўная рабочая сіла…

ІТ — гэта крэатыўная галіна: ёй патрэбны талент, незалежнасць, свабода мыслення, крытычнае мысленне, ну якія могуць быць рабы ў ІТ? Толькі здаровая канкурэнцыя і добрая воля могуць спараджаць рост. 

Добра, вось прыбілі мы «цвікамі» маладога чалавека да кампаніі (хай нават камерцыйнай). Але ці ўяўляеце вы, колькі трэба сіл, каб учорашняга студэнта БДУІР ператварыць у спецыяліста. «Паперка», калі ты нідзе не працаваў, — гэта пшык. Праз маё жыццё прайшла такая колькасць спецыялістаў рознага ўзроўню, што я ведаю дакладна: не дыплом вызначае айцішніка. Іншага чырвонадыпломніка яшчэ 2 гады мае цягнуць старэйшы таварыш, пакуль ён «дойдзе да гатоўнасці». 

І другі момант: як яго прадаць кліенту, каб той не страціў прытомнасці? Наш прыбіты цвікамі англійскую наогул знае? Вось з гэтага давайце пачынаць.

Што думаюць студэнты тэхнічных ВНУ

«Ці не прыгледзецца да ВНУ ў суседняй краіне»

— На мой погляд, ідэя з павелічэннем тэрмінаў адпрацоўкі студэнтаў-бюджэтнікаў і размеркаваннем платнікаў жудасная. Асабіста мяне як будучага абітурыента гэта ўжо прымусіла задумацца: а ці варта наогул атрымліваць вышэйшую адукацыю на радзіме.

Раней я разглядаў варыянты паступлення ў БДУІР або ў БДУ і быў упэўнены, што застануся тут. Цяпер жа такой упэўненасці няма. Думаю, ці не прыгледзецца да ВНУ ў суседняй краіне. Што жахае мяне ў перспектыве адпрацоўваць пасля ўніверсітэта — тое, што я наўрад ці набуду карысны досвед, а ўмовы працы хутчэй за ўсё будуць такія сабе.

«Лічу, нашая адукацыя і так не вартая тых грошай, якія мы за яе плацім»

— Вучуся ў БДУІР на ФКСіС — паступіў сёлета, пры гэтым ужо працую на камерцыйным праекце. 

Да рашэння размяркоўваць платнікаў (я сам на «платцы») + павялічыць тэрміны адпрацоўкі да 5 гадоў стаўлюся негатыўна: з якой нагоды я мушу адпрацоўваць 2 гады за 700 рублёў у нейкай вёсцы, калі мог бы вырасці і на пасадзе, і па заробку ў разы?!

Разумею, што патрэбныя кадры, якія будуць працаваць за капейкі, як рабы. Але ў чым тады сэнс вучыцца на «платцы»? Я паступаў на платнае, каб атрымаць «свабодны дыплом». Шкада, але цяпер хутчэй за ўсё яго ўжо не будзе. І калі так здарыцца, то я пакіну Беларусь. Калі ж з’ехаць не атрымаецца, паспрабую размеркавацца да сябе ж у кампанію.

Варыянта яшчэ заплаціць за «свабоду» я не разглядаю. Лічу, што нашая адукацыя і так не вартая тых грошай, якія мы за яе плацім. Праграмы вельмі састарэлыя. Цяпер мы вучым C++, але бачым, што ў працы гэта наўрад ці каму-небудзь з нас прыдасца. 

Адзінае, што важна і добра — гэта тое, што тут вялікае кам’юніці такіх жа, як і ты. Ёсць, быццам бы, нядрэнныя стажыроўкі ў бігтэхах Беларусі, але ўсё гэта не каштуе 4+ тысяч рублёў на год, якія даводзіцца плаціць студэнтам з дзённага аддзялення. Хаця, калі выбіраць з таго, што ёсць — БНТУ, БДТУ, і іншых, —  то лепш БДУІР, ён па-ранейшаму лідар сярод ВНУ.

У сакурснікаў настроі плюс-мінус такія ж, як і ў мяне — станоўчых эмоцый навіны пра размеркаванне не выклікалі. Хтосьці нават сур’ёзна падумвае забраць дакументы. 

«Заплаціўшы 20К за навучанне, я мушу пайсці на ўмоўны «Інтэграл»

— Я вучуся на першым курсе БДУІР, факультэт — ФІТіК. Паступіў на платнае, першапачаткова не было жадання адпрацоўваць па размеркаванні пасля навучання. Постфактум высветлілася, што на бясплатнае і не прайшоў бы — не хапіла б аднаго бала. 

Цяпер думаю: цікава атрымліваецца — заплаціўшы каля 20К за навучанне, я ўсё ж мушу пайсці адпрацоўваць на ўмоўны «Інтэграл», БелАЗ і падобную да іх кампанію, звязаную з ІТ толькі ўскосна. А чаму — ды таму што яшчэ каля 40% сумы (са слоў міністра адукацыі Андрэя Іванца, каля 50-30% — заўв. рэд.) уносіць дзяржава. Мяне гэта абурае!

Не, я магу зразумець логіку ўладаў (хоць і лічу яе некарэктнай) і нават веру, што нейкую частку майго навучання аплачвае дзяржава. Але ў чым праблема падняць кошт навучання, каб студэнт ўносіў поўную суму?! Гэта ж грошы ў казну.

Калі гэта спосаб прыцягнуць кадры на прадпрыемствы, то я веру ў тое, што яны маюць на роўных канкураваць за спецыялістаў з усімі астатнімі кампаніямі. Да таго ж я бачу, што ёсць праблема: у нас рыхтуюць інжынераў-праграмістаў, а на прадпрыемствы больш патрабуюцца ўмоўныя сісадміны, а не праграмісты. Я сам працую ў школе інжынерам-праграмістам, хоць мая праца палягае больш у адміністраванні парку машын на Windows і запраўцы прынтараў. Аднак у нас не рыхтуюць больш вузкіх спецыялістаў — прынамсі, у БДУІРы я вузкай спецыялізацыі па сістэмным адміністраванні не бачыў. 

Атрымліваецца, што ўмоўны студэнт ідзе ва ўніверсітэт, каб пасля працаваць праграмістам, а па размеркаванні трапляе ва ўмоўную школу (мінулы сісадмін так і трапіў да нас). Я лічу, той, хто аплачвае сваё навучанне, мае выбіраць, дзе яму працаваць на жаданне, а не па ўказцы.

Які ў мяне план: магчыма, я змагу знайсці працу па профілі і неяк уладкавацца на адпрацоўку туды. Але сама перспектыва [адпрацоўваць] не радуе. 

У нас ва ўніверсітэцкай групе навіны рэдка абмяркоўваюць (не ведаю, чаму: альбо аднакурснікі баяцца выносіць свае думкі ў публічную прастору, альбо іх гэта не моцна хвалюе). Некалькі чалавек, з якімі ў мяне была размова пра гэта, ужо маральна рыхтуюцца адпрацоўваць. У цэлым агульная рэакцыя хутчэй негатыўная. 

Цікава, што хлопцаў больш хвалюе тое, што платнікаў могуць прымусіць адпрацоўваць размеркаванне, чым павелічэнне тэрміну адпрацоўкі для бюджэтнікаў.


dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам, увагай і данатамі.

Праз Patreon. 

З Беларусі — праз Donorbox.

І яшчэ крыптой, тут кашалькі.

Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.

Платнікаў прымусіць адпрацоўваць, тэрмін адпрацоўкі павялічыць. У Лукашэнкі — нарада пра адукацыю
Па тэме
Платнікаў прымусіць адпрацоўваць, тэрмін адпрацоўкі павялічыць. У Лукашэнкі — нарада пра адукацыю
Як айцішнікі рэлакуюцца пасярод размеркавання (і што за гэта можа быць)
Па тэме
Як айцішнікі рэлакуюцца пасярод размеркавання (і што за гэта можа быць)
В России предложили распределять студентов-бюджетников в оборонку на 5 лет
По теме
В России предложили распределять студентов-бюджетников в оборонку на 5 лет

Читать на dev.by