«Поўны фарш, а кошт як у пустой Tesla». Чым (не) задаволеныя ўладальнікі кітайскіх электракараў
Якія плюсы і мінусы ў кітайскіх электрамабілях бачаць іх уладальнікі ў Беларусі?
Яшчэ некалькі гадоў таму электрамабілі для большасці беларусаў заставаліся рэдкай цікавосткай. Асобныя нумары для такога транспарту з’явіліся ў Беларусі толькі летам 2020 года, і спачатку машыны з імі прыцягвалі ўвагу мінакоў і суседзяў па заторах. Да 2025 года электрамабілі сталі звычайнымі, з’явіўшыся ледзь не ў кожным мінскім двары. А ў лістападзе была навіна пра тое, што ўладальнікаў электрамабіляў, якія пазбавіліся флёра экзатычнасці, у Беларусі прыраўняюць да астатніх аўтаўладальнікаў і абкладуць транспартным падаткам. Але пазней ільготу ўсё ж падоўжылі на 2026 год.
Вясной мы ўжо збіралі водгукі беларусаў пра іх Tesla.
А ў гэты раз пагутарылі з уладальнікамі электрамабіляў іншых марак не толькі пра самі машыны, але і пра тое, наколькі выгадна і зручна валодаць электрамабілямі ў сучаснай Беларусі.
«Бюджэтны электракітаец»
Для Максіма* электрамабіль стаў яго першым аўтамабілем:
— У мяне Dongfeng Box. Гэта электракітаец, можна сказаць з бюджэтнага класа. Гэта наша першае з жонкай аўто. Купілі яго год таму.
Спачатку мы выбіралі б/у аўтамабіль з рухавіком унутранага згарання (РУХ) па кошце каля $10 000. Але за такую суму ў РБ можна купіць толькі дзесяцігадовае старое з прабегам пад 200 тысяч км. Завіхацца з прыгонамі з-за мяжы таксама не хацелася, ды і не тая сума.
Неяк раз мы выпадкова праехаліся ў Box’e як пасажыры і наважыліся ўкласціся ў яго. Першы ўнёсак у лізінгу з растэрміноўкай як раз абышоўся ў $10 000. Уся сума атрымалася $20 000 на 2 гады пад 0% у далярах ($17 000 аўто + $3 000 допы: каско, зімовая гума, зарадка, антыкор, плёнкі і г.д). А зараз мы ўжо выкупаем яго, каб не плаціць ПДВ у 2026 годзе, калі заканчваецца дзеянне закона аб нулявым ПДВ на электрамабілі.
Запас ходу ў боксіка каля 300 км летам і каля 200 км зімой, у залежнасці ад хуткасці язды і працы кандыцыянера. Зараджаюся на хуткіх «Маланках». Па грубых падліках так выходзіць танней, чым для РУЗ, у два-тры разы. Тым, хто зараджаецца дома, гэта выгадней разоў у пяць, чым запраўляць аўтамабіль з РУЗ.
У Мінску інфраструктура зарадак даволі развітая. Але ў родным горадзе з зарадкамі пакуль што сумна — ёсць усяго пара штук хуткіх. На трасах паміж абласнымі гарадамі зарадак таксама не густа, адна-дзве хуткіх на ўсю дыстанцыю. Адпаведна, паездкі ў іншыя гарады абавязкова трэба планаваць.
Але цешыць, што кожны год з’яўляюцца новыя зарадныя станцыі. На выпадак непрадбачаных сітуацый важу з сабой кабель з зарадкай ад звычайнай разеткі і кабель для зарадкі на павольных зарадках (на якіх ёсць толькі разетка, без кабеля). Часам бываюць праблемы са стартам зарадкі — напрыклад, запускаецца з пятага разу ці не запускаецца наогул. Але ў мяне такое адбываецца не часта.
Год таму Box быў самым танным электрамабілем у РБ, які можна купіць у афіцыйным салоне. Цяпер з’явіліся канкурэнты ад Geely, і калі б я купляў машыну цяпер, вывучыў бы яшчэ і іх.
Па ўражаннях кітайскі электрамабіль — гэта планшэт на колах. Розныя асістэнты кіравання і паркоўкі, камеры на 360 градусаў, куча прыколюх на кітайскіх маркетплэйсах, годная якасць. За такія грошы сярод новых РУЗ у Беларусі ў яго проста няма канкурэнтаў, толькі «лада» на механіцы ці самая танная geely.
Цяпер пра мінусы.
- Доўгая зарадка ў параўнанні з запраўкай аўтамабіля з РУЗ. Прыкладна гадзіну +/- 30 хвілін трэба зараджацца.
- Хацелася б пабольш батарэю, каб можна было праехаць 400-500 км летам і 300-350 км зімой.
- Невядома, што будзе з кузавам праз два-тры гады, бо гэтые аўто вырабляюць нядаўна. У некаторых ужо ёсць узбугрэнні фарбы на зварачных швах і з’яўляюцца ачагі іржы.
- Доўгае чаканне па кузаўных работах. Аўто даволі добра прадаюцца, амаль ва ўсіх ёсць каско і па любых касяках усе звяртаюцца да дылера. Перафарбоўку дзвярэй можна чакаць два месяцы.
- Для працы CarPlay і Android Auto трэба дакупіць асобную афіцыйную прыстаўку, якая ўстаўляецца ў usb.
«Пакуль што гэта выгадна»
Мінчанка Алеся* валодае кітайскім электрамабілем BYD Dolphin (рэстайлінг 2025 года).
— Пачнем з зарадных станцый. Па дзесяцібальнай сістэме ацэньваю зарадныя станцыі ў Беларусі на 6+. Але цешыць, што ў абласных гарадах адкрываецца ўсё больш і больш зарадных станцый. Паток электрамабіляў не змяншаецца, попыт на такі транспарт дакладна ёсць. У Мінску асабліва вылучу таксі, кіроўцы якіх любяць пазаймаць усе свабодныя зарадныя станцыі.
Звычайна зараджаю на станцыях у Мінску. І раз у месяц, калі наведваю сваякоў, стаўлю на павольную зарадку ў гаражы (у іншым маленькім горадзе). На жаль, каля маёй працы нічога такога няма. А вельмі хацелася б мець што-небудзь побач, пажадана павольную зарадку.
Кожны месяц я езджу па трасе 250 км. Перад такімі паездкамі важна не прапусціць рэдкую станцыю зарадкі на трасе, асабліва калі не атрымалася выехаць са стопрацэнтным зарадам. Пакуль вялікіх праблем з гэтым не было, калі не лічыць, што можна захраснуць на запраўцы, пакуль зараджаецца іншая машына.
Станцый за межамі Мінска паступова робіцца больш. Але скажу як уладальнік электрамабіля: пакуль гэтага дакладна недастаткова для такой колькасці кітайскіх электрычак. Кітайскія электрамабілі захапілі свет, і каб на такіх машынах можна было паўнавартасна падарожнічаць па Беларусі, трэба рабіць больш зарадак з кітайскімі партамі GB/T. Рабіце больш такіх партоў, людзі будуць радыя і ўдзячныя за гэта.
Раней у мяне была бензінавая машына на аўтамаце. На старой машыне мае штомесячныя паездкі па 250 км у два бакі абыходзіліся мінімум у 100 рублёў. Цяпер выходзіць каля 55-65 рублёў. Эканомія, вядома, адчуваецца, як і камфорт у новай машыне.
Але часта за гэтую эканомію прыходзіцца «плаціць» часам. Пастаяць на станцыях, пачакаць, пакуль вызваліцца патрэбны порт, пачакаць зарада аўто. А яшчэ трэба рэгуляваць хуткасць аўтамабіля для эканоміі зараду. Зарадка па-ранейшаму каштуе выгадней запраўкі аўто, але кошт не стаіць на месцы, павольна павышаецца.
Пакуль што гэта выгадна. Я езджу на машыне каля года, і з іншых выдаткаў пакуль была замена масла (150 рублёў разам з працай). У салоне рэкамендавалі рабіць яе раз на 10 тысяч кіламетраў прабегу. Гэтую адлегласць я «накатала» за шэсць месяцаў. Яшчэ былі пакупка зімовых шын, антыкор, усялякія пахучкі, дыванкі. Але гэта базавы мінімум любой машыны.
Больш пытанняў з машынай не было. Увогуле ніякіх непрыемных момантаў. Спадзяюся, і не будзе. А яшчэ ў Мінску ёсць крутыя прывілеі для электрамабіляў. Няма дарожнага падатку, бясплатныя паркоўкі, права праезду па аўтобуснай паласе. Вельмі прыемныя плюшкі ад дзяржавы, за гэта дзякуй.
Не пашкадавала аб пакупцы ні разу. За свае грошы гэтая машына з такімі нерэальнымі функцыямі ўнутры — проста самалёт. Кожнаму раю паспрабаваць пракаціцца на электрамабілі і пасля гэтага ўжо вырашаць самому, ці падыходзіць яму такі варыянт. Хтосьці ж павінен ездзіць на машынах з РУЗ, а то зарадныя станцыі не гумавыя.
Зімой бывае крыху складаней, але нічога крытычнага дакладна няма. Зніжаецца запас ходу так, але не ў два разы, як звычайна кажуць. З правільным кіраваннем атрымліваюцца зусім іншыя лічбы.
«Усё ёсць, а каштуе як пустая Tesla Model 3»
Сяргей* год таму купіў кітайскі электракросавер BYD Yuan Up — і нядаўна замовіў другі:
— У РБ з інфраструктурай для электрамабіляў па Мінску і асноўных напрамках усё нядрэнна. Нават добра. Нейкі час я жыў у Латвіі, такога там дакладна няма. Асноўныя ўладальнікі электрамабіляў у гэтай краіне — гэта ўладальнікі ўласных дамоў. Ды і электрамабіляў яны там ставяць на ўлік няшмат, недзе па 1000 у год [для параўнання, у Беларусі ў 2025 годзе ўстаноўленая Еўразійскай энергетычнай камісіяй квота для бяспошліннага ўвозу электрамабіляў у 15 000 штук была амаль цалкам выбрана ўжо да канца верасня].
Зараджаю аўтамабіль у гараж-боксе, які ўзяў у арэнду. Ад звычайнай павольнай разеткі за ноч машына зараджаецца напалову, што нармальна для прабегу 15к у год. У машыны рэальны запас ходу каля 300 км. 270 км да Мазыра яна даязджае спакойна толькі з дазарадкай. Запраўкі па дарозе ёсць, часам прыходзіцца чакаць сваёй чаргі, але ў цэлым норм. У Мазыры іх адна-дзве. Пакуль было нямнога, але годна.
Другую машыну бяру з запасам ходу на 450 рэальных кіламетраў, каб можна было спакойна даехаць туды ў адзін бок. Большая частка праблем вырашаецца большай батарэяй, але трэба думаць як зараджаць. Добра, што разетку 220В у прынцыпе знайсці не складана. Аб пакупцы не шкадаваў асабліва. Суадносіны кошт/якасць/опцыі бярэ сваё: пры кошце $20 000 за новую машынку, у якой прыемней чым у лексусе, павінны быць кампрамісы.
Раней у мяне былі аўтамабілі з РУЗ, таму ёсць з чым параўноўваць. За два апошнія месяцы язды на электрамабілі я заплаціў 120 рублёў — гэта адзін раз бензіну заліць. Калі запраўляць дома, па тарыфе для фізасоб, выходзіць танней. На платных зарадках па трасе атрымаецца даражэй.
Абслугоўванне плюс-мінус тое ж самае, што і ў звычайных машын. Як і каско: гэтак жа машыну трэба ганяць да дылера, каб што-небудзь раз у год памяняць, як і з любой новай.
А яшчэ па раніцах я вязу дзіця ў гімназію па праспекце. І кожны раз цешуся, пралятаючы затор па аўтобуснай паласе.
Калі ў вас ёсць свая разетка ў доступе, якая дазволіць не марнаваць час на паездкі да зарадных станцый — электрамабіль можна браць. Зіма нічога асабліва не змяняе, проста часцей ставіш на зарадку (два-тры разы ў тыдзень замест аднаго-двух разоў). Зноў жа, калі ёсць свая разетка ці сваё месца (бокс, паркінг, гараж, дом, праца) — гэта няважна.
Але калі няма такой даступнай разеткі — то вас чакаюць смутак і марока. Я так паўгода ездзіў на грамадскую запраўку, пакуль не ўзяў гараж у арэнду.
Перавагі электрамабіля маёй мадэлі — гэта суадносіны кошту, якасці і опцый. Добра сабраная, нафаршыраваная машына па кошце ў два разы ніжэй, чым яны прапануюцца ў Еўропе. Параўнайце афіцыйныя кошты на ўмоўны BYD Sea Lion /Seal і гэтак далей — яны там рэальна ў два разы вышэй. Я гляджу на гэтую пакупку менавіта так: машына на 50%-й зніжцы. Таму ўсё вельмі радасна.
Што тычыцца менавіта маёй мадэлі, BYD Yuan Up — гэта адзін з самых даступных на нашым рынку электрамабіляў. Ён прыемны і прасторны ўнутры, але з невялікім запасам ходу. Машыны маркі BYD у цэлым добрыя, можна браць любую — там усё плюс-мінус адно і тое ж. Галоўнае, каб батарэя была пабольш. Я чакаю BYD Han L: $40 000, поўны прывад, разгон да 100 км/г за 3 секунды, батарэя 80 квт/г (запас ходу 500 км), скура, масаж на чатыры сядзенні. Праекцыя, лідар — проста ўсё, што можна прыдумаць за $40 000. Усё ёсць, а каштуе як пустая Tesla Model 3.
* — імя апавядальніка зменена
Читать на dev.by